На ютуб выйшаў лайв гурта «Сербскі нож» і гутарка з удзельнікамі
Гасцямі чарговага выпуску ютуб-праекта K6 live сталі музыкі постпанк-хардкор-гурта «Сербскі нож».
K6 live створаны музыкамі і прадзюсарамі Антонам Шніпам (Irdorath, Serdce, Olia Shnip Music, LÖS) і Стасам Мурашкам (The Toobes, Soyuz, Noсne Ptaki, Vvaxplay, LÖS). Раней гасцямі праекта былі гурты LÖS, Kmit-ansambl і Lubber Louie.
У чацвёртым выпуску музыку раздаваў «Сербскі нож». Частка яго ўдзельнікаў знаёмая чытачам 34mag.net у кантэксце андэграўнд-суполкі КШТАŁT, якая ладзіць не толькі музычныя, але і паэтычныя імпрэзы ў Варшаве. У дыскаграфіі «Сербскага нажа» – тры поўнафарматныя альбомы і больш за дзясятак сінглаў. Самая свежая кампазіцыя – беларускамоўная «Плошча Багушэвіча»), яе сярод іншых можна паслухаць у канцэрце на K6 live.
Таксама ў выпуску змешчаная гутарка з выканаўцамі пра андэграўнд у эміграцыі, супрацу з калегамі, стварэнне аўтарскіх масак і КШТАŁT.
