«Pramzona» – музыкальная серыя, запісаная на занядбанках
Менскі музыка Віктар Сямашка пачаў публікаваць серыю рэлізаў пад агульнай назвай «Pramzona».
Аўдыясесіі адбываліся на працягу розных гадоў у Менску, Ракаве, Мазыры і польскай Гайнаўцы. У праекце акрамя самога Віктара ўзялі ўдзел каля дваццаці інструменталістаў. Цікава, дзе і ў якіх умовах ствараліся запісы: «Для супольнага грання ў рэжыме строгае сакрэтнасці абіраліся пераважна прамысловыя аб’екты рознае ступені занядбанасці, лакацыі мусілі мець адметную акустыку і спадручнае для здабывання гуку начынне».
У першай частцы гучаць сольныя імправізацыі Віктара на флейце, кларнеце, трубе і футбольным свістку ў розных пунктах Менска ад метро да даху БДУ. У другой прадстаўлены септэт на базе фолк-гурта Essa, запісаны ў прамысловым ангары ў Ракаве.
Візуал праекта выканаў Юрка Асеннік. Фота: Вольга Кастрамінава, Леанід Нарушэвіч, Хрыстафор Ангельчык, Фрыдрых Самотны, Уладзь Лянкевіч.