Выйшаў новы рэліз сучаснай беларускай акадэмічнай музыкі
Камерны аркестр Arsis Nova прадставіў новы запіс сучаснай беларускай акадэмічнай музыкі «Not Here Yet Not There Anymore». Рэліз складаецца з твораў Кацярыны Ланеўскай і Васіля Веляцінскага.
Для стварэння запісу больш за дваццаць прафесійных музыкаў сабраліся ў Варшаве, каб працаваць цягам насычаных трох дзён разам пад кіраўніцтвам дырыжора і сузаснавальніка Arsis Nova Івана Касцяхіна.
«Прошча, або Пазамежжа» Кацярыны Ланеўскай (у перспектыве гэта музыка да балета) звяртаецца да беларускай міфалогіі і вобразаў, звязаных з месцамі моцы, памяццю, станам экзістэнцыйнага парога, прасторай трансфармацыі. У праекце прадстаўлены тры фрагменты-нарысы: Млын як партал у іншасвет і месца, з якім легенда звязвае зараджэнне Менска; Пушча-дрымушча, населеная Пушчавікамі і Лоймамі; свет русалак з яго гульнёй, прыгажосцю і небяспекай. Рэальнае і міфалагічнае тут суіснуюць і перацякаюць адно ў адно, ствараючы ўласную музычную геаграфію.
«Зіхценні карставага лабірынта» Васіля Веляцінскага трактуюць лабірынт як прастору пераходу. «Лабірынт выступае метафарай лімінальнай прасторы – памежжа паміж страчаным старым і яшчэ не знойдзеным новым», – тлумачыць аўтар твора. Асобныя блікі і водгукі харала, народных найгрышаў, фрагментарна – джаза складаюцца ў калейдаскапічную кампазіцыю, дзе ніводная тэма не становіцца дамінуючай. З множнасці фактур і фрагментаў паўстае хаос, а з яго – імпульс да новага пачатку.
Дырыжор Іван Касцяхін: «Праекты такога кшталту – не толькі даволі няпростая з прафесійнага боку і надзвычай хвалюючая справа, але і вялікая асалода. Той рэдкі выпадак, калі ты так ці інакш датычны літаральна да ўсяго, што адбываецца, да ўсіх працэсаў. Ідэя – а яна ў нас, як мне падаецца, сапраўды сучасная і ў той жа час вечная, беларуская, але таксама агульначалавечая, – павінна пасля нараджэння свайго быць асэнсаваная і сфармуляваная. Павінна пераканаць у сваёй жыццяздольнасці тых, хто можа яе падтрымаць, натхніць кампазітараў, а затым і музыкаў, кожны з якіх – суцэльны мастацкі свет. Павінна адгукнуцца слухачам. Каб кожны з нас адчуў, як узнікла раптам паміж усімі намі – па абодва бакі мяжы – прастора, дзе захоўваецца мінулае, жыве сучаснае і паволі ствараецца будучае».
«Not Here Yet, Not There Anymore» – ужо другі вялікі аркестравы рэліз Arsis Nova, заснаванай дырыжорам Іванам Касцяхіным і культурнай менеджаркай Вольгай Цяшкевіч. Першы рэліз – «Hidden Place | Secret Life» – быў прадстаўлены ў 2024 годзе.