Лайтовы і Андрэй Курс выпусцілі EP да дня хіп-хопу

Альбом на пяць трэкаў назвалі «Лайтовы Курс – гэта шлях, а не мэта».
11 жніўня – сімвалічная дата, калі адзначаюць дзень нараджэння хіп-хопу: у гэты дзень у 1973 годзе ямайскі дыджэй Kool Herc на нью-ёркскім кватэрніку звёў дзве плыткі, вылучыўшы і ўзмацніўшы ўдары барабанаў – «брэйкі», і пачаў выкрыкваць каментары і назвы трэкаў пад біт.
«Для мяне гэта падзея значная і сімвалічная, – адзначае Лайтовы. – Хіп-хоп-культура мяне выгадоўвала – з ранняга дзяцінства і да цяперашняга дня. У мінулым годзе мы з Курсам вырашылі аддаць ёй сваю даніну і выпусціць ЕР, якое б было наколькі гэта можна “класічным” – з сэмпламі вялікіх, скрэтчамі ды рэпрэзентамі».
Сёлета гісторыя займела працяг, але ў альбоме «Лайтовы Курс – гэта шлях, а не мэта» артысты робяць крок у бок фанку, джазу і драмлес-біту, хоць і не пакідаюць старых добрых скрэтчаў. Лірыку з кучай пасхалак можна разбіраць на цытаты: «Я раней казаў “з богам”, а цяпер кажу “споко”», «Самы цяжкі трук на скейце – гэта з’ехаць ад бацькоў», «Самае галоўнае, што я сам у сябе ё».
***
Менская прэзентацыя адбудзецца 11 жніўня ў 20:00 на «Найлепшай вуліцы» (пр-т Незалежнасці, 95).