Анастасія Рыдлеўская выпусціла альбом «Alchemia»
Аўтарка песень і музычная прадзюсарка Анастасія Рыдлеўская стварыла чацвёрты ў сваёй дыскаграфіі поўнафарматны альбом: яе «Alchemia» распавядае пра траўму, пераадоленне сораму і вяртанне асабістай жаночай сілы.
Структурна альбом пабудаваны вакол класічных этапаў алхіміі – нігрэда, альбеда, цытрынітас і рубеда – і сімвалізуе жорсткую псіхалагічную трансфармацыю чалавека пасля траўмавальных адносін. Слухаючы гэтую плытку, мы праходзім шлях поўнага перараджэння гераіні: ад расціснутасці здрадай і таксічнай прывязанасці да нараджэння бязлітаснай багіні адплаты Ліліт.
«Alchemia» – адзін з самых музычна разнастайных рэлізаў Рыдлеўскай. Электроніка змяняе форму – ад мінімалізму Стыва Райха і жорсткага, змрочнага трып-хопу брыстальскай фармацыі да халоднага пячорнага трайблу і нават хуткаснага бязлітаснага эйсід-тэхна.
«Alchemia» цалкам ствараўся як незалежны DIY-праект, без удзелу музычных лэйблаў, менеджараў ці PR-каманд – Рыдлеўская самастойна напісала, спрадзюсавала і запісала ўвесь альбом у сваім пакоі, а таксама выканала асноўную частку звядзення і мастэрынгу, запрасіўшы свайго сябра Аляксандра Карнейчука (KorneJ) для фінальнай паліроўкі трэкаў. Гэтая абсалютная аўтаномія падкрэслівае галоўны пасыл альбома – поўны кантроль над уласным голасам, межамі і сваёй гісторыяй.
***
На сінгл «I’m Freaking Crazy» ў артысткі раней выйшаў кліп:
