Юрый Тарэеў

У новым выпуску «Візуала» мы зрабілі падборку (а гэта было складана, бо файных прац дахалеры) плакатаў Юрыя Тарэева – дацэнта кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Не хвалюйся: сур’ёзная пасада не замінае мастаку ствараць выдатныя злабадзённыя работы. Упэўненыя, што напрыканцы матэрыялу слова «плакат» зайграе для цябе новымі колерамі і перастане асацыявацца з мастэрпісамі «За будущее независимой Беларуси».

 

Юрый Тарэеў пагружаны ў творчасць з самага дзяцінства: спачатку школа з мастацкім ухілам, затым мастацкае вучылішча і, нарэшце, Акадэмія сам здагадайся чаго. Пасля заканчэння БДАМ мастака адразу запрасілі застацца ў якасці выкладчыка – і з 1992 года ягоная працоўная кніжка ляжыць толькі там. Але дзейнасць Тарэева гэтым не абмяжоўваецца: па-за асноўнай працы ён стварае аўтарскія, конкурсныя, культурныя, сацыяльныя, палітычныя плакаты.

 

 

На стварэнне сацыяльных і палітычных работ Юрыя матывуюць гучныя падзеі, як, напрыклад, тэракт у рэдакцыі Charlie Hebdo, Майдан ці 11 верасня – здарэнні, на якія рэагуюць дызайнеры з усяго свету. Калі ва Украіне неабгрунтавана арыштавалі дызайнера Антона Стогава, ягоныя калегі з розных краін тут жа адгукнуліся, правёўшы міжнародную акцыю «Свабоду Антону Стогаву». Яны стварылі постары, якія пазней былі раздрукаваныя ў адзіных асобніках і з якімі людзі выходзілі на плошчы. Юрый таксама прыдумаў працу на гэтую тэму.

 

 

 

 

Тарэеў удзельнічаў і ў нямецкім конкурсе «Мужнасць гневацца», мэта якога – паказаць самыя вострыя сацыяльныя ці палітычныя плакаты. Праца Юрыя «Tolerance» у 2013 годзе ўвайшла ў лік 30 пераможцаў, была раздрукавана і развешана ў розных нямецкіх гарадах у рамках плакатнай акцыі. Постары, якія прайшлі строгі адбор, а таксама перамаглі ў конкурсах і біенале, захоўваюцца ў калекцыях музеяў – яны лічацца творамі мастацтва.

«Плакат – гэта асаблівая мова выказвання, якая не замяняецца нічым іншым. Ён можа быць рэзка запатрабаваны ў грамадстве, калі хутка і востра патрапіць у цэль, асабліва ў сацыяльна-палітычнай сферы», – кажа творца.

Адзін з плакатаў атрымаў срэбра ў тайваньскім біенале. Гэтая праца была прысвечана абароне дыпломных работ кафедры графічнага дызайну БДАМ: кожны год Тарэеў стараецца зрабіць плакат, які анансуе гэтую падзею.

 

 

Таксама дызайнер перыядычна робіць афішы для спектакляў Купалаўскага тэатра. «Тэатральныя плакаты – адзін з самых цікавых і свабодных жанраў, дзе ты можаш максімальна па-мастацку выказацца. У пачатку працы неабходна пагаварыць з рэжысёрам і галоўным мастаком, прачытаць п’есу. Пасля гэтага ідзе пошук эскізаў і таго адзінага варыянту, які б задаволіў і тэатр, і мяне як аўтара. У выніку трэба здолець лаканічна перадаць сэнс п’есы мовай вобразаў, метафарамі з’яў, каб маё візуальнае паведамленне спыніла позірк гледача і прымусіла яго думаць. Зрэшты, не толькі тэатральныя плакаты так будуюцца, а ўсе постары: гэта не іканічны малюнак аб’ектаў, а сімвалічная візуалізацыя сэнсу, якую трэба дэшыфраваць. Калі сімвалы не дэшыфруюцца, то плакат не функцыянальны. Плакат – гэта знак, які жорстка, эмацыйна і дакладна перадае паведамленне», – тлумачыць мастак.

Юрый Тарэеў у асноўным працуе ў камп’ютарных графічных рэдактарах, але часта выкарыстоўвае рукатворную графіку, фатаграфію і калаж, якія скануе і потым апрацоўвае на камп’ютары. «Інструмент не павінен быць бачны, толькі калі гэта не зроблена знарок», – кажа мастак.

 

Больш прац Юрыя Тарэева глядзі на ягоным афіцыйным сайце.