Анонс новага 34 Media Day: маркетынг краін

  • 01.11.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 7321

Досвед Грузіі, піяр Бразіліі і неверагодныя перспектывы Беларусі – новы 34 Media Day мы вырашылі прысвяціць маркетынгу тэрыторый, турыстычнаму патэнцыялу роднай старонкі і таму, як можна прасоўваць за мяжой цэлыя краіны. Пачынаем цёркі 5 лістапада а 14:00 у адукацыйнай прасторы .PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а).

 

 

Што такое 34 Media Day?

Афлайн-фармат ад 34mag.net: збіраемся самі і клічам экспертаў, каб у нязмушанай атмасферы вольнай гутаркі абмеркаваць важныя для нас тэмы. Пілотны выпуск 34 Media Day адбыўся ў межах фэсту Vulica Brasil і быў прысвечаны ўзаемадзеянню горада і медыя. Вось тут ты можаш прачытаць караценечкую справаздачу.

 

 

 

 

А што мы будзем абмяркоўваць 5 лістапада? Гэтым разам гутарым пра «маркетынг краін», то-бок пра тое, як рэкламуюць і прасоўваюць сябе за мяжой цэлыя краіны.

Перад тым як перайсці да вольнай размовы пра родную Беларусь, прапануем табе паслухаць пра досвед Бразіліі і Грузіі.

Жыццесцвярджальным уступам да папулярнай тэмы стане выступленне Мілы Коткі, прадзюсаркі Vulica Brasil, супрацоўніцы бразільскай амбасады ў Менску і «бразільскай беларускі», як яна сама сябе кліча. Краіна, якая знаходзіцца недзе за акіянам, у кароткі тэрмін стала брэндам для менчукоў і гасцей сталіцы. Як? Даведаемся ў Мілы. Таксама высветлім, якія каштоўнасці яднаюць бразільцаў і беларусаў праз тысячы кіламетраў.

Спецыяльны госць 34 Media Day прылятае да нас наўпрост з Тбілісі – супрацоўніца аддзела брэндынгу Адміністрацыі турызму Грузіі, грузінскі local guru на Like a Local Guide Дар’я Халадзіліна. Яна патлумачыць, як Грузія літаральна за некалькі год стала самым удалым і яркім прыкладам турыстычнага маркетынгу, у колькі разоў павялічылася колькасць візіцёраў у краіну і на што Грузія робіць стаўку цяпер.

«А што адбываецца з турызмам у нас?» – лагічнае пытанне, на якое афіцыйная Беларусь і ўсе зацікаўленыя ў тэме імкнуцца адказаць ужо не першы год. Які вобраз краіны мы будуем у вачах замежных турыстаў? Чаму мы дагэтуль не скасавалі візы? Ці патрэбныя нам наогул турысты? Абмяркуем гэтыя пытанні разам з удзельнікамі дыскусіі і гасцямі 34 Media Day. Прыходзь, калі ёсць што сказаць.

 

 

 

 

Расклад 34 Media Day.

14:00 – 15:30. «Make Brasil great again: Vulica Brasil ды іншыя прыклады».

Спікер: Міла Котка, куратарка фестывалю Vulica Brasil, культурная агентка Бразіліі ў Беларусі.

 

 

15:30 – 17:00. «Больш за сонца і віно: як Грузія распавядае пра сябе за мяжой?»

Спікер: Дар’я Халадзіліна, супрацоўніца аддзела брэндынгу Адміністрацыі турызму Грузіі, грузінскі localguru на Like a LocalGuide, трэвел-блогерка.

 

 

17:00 – 18:30. Дыскусія: «Як “прадаць” Беларусь: які вобраз краіны мы будуем у вачах замежных турыстаў?»

 

Удзельнікі:

 

Артур Клінаў – мастак, пісьменнік, аўтар канцэпцыі «Горад Сонца» і рамана «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца».

Іра Гардзіенка – кіраўніца аддзела маркетынгу Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь.

Наста Ероха – шэф-рэдактарка анлайн-часопіса 34travel.by.

Марта Чарнова – ілюстратарка, сааўтарка праекту Heta Belarus Dzietka!

Мадэратар:
 
 
Антон Кашлікаў – рэдактар 34mag.net.

 

 

Падзея на Facebook! Адзначайся.