Навошта людзям інтэрнэт?

Працягваем у рубрыцы «Дыял-ап» гутарыць з прадстаўнікамі розных прафесій і сацыяльных груп пра тое, як інтэрнэт змяняе нас і як змяняем яго мы. Сёння наш герой – Мікіта Ляшкевіч, адзін са стваральнікаў папулярнага VK-пабліка «Чай з малинавым варэннем» і рэдактар сацсетак Onliner.by, – распавядае пра будні мем-прадзюсара і ягоны погляд на магчымасці інтэрнэту.

 

Мемы, малюнкі і «Чай»

Давай пачнем з цябе.

Я з Менску. Рос каля Камароўкі. З інтэрнэтам пазнаёміўся праз нумар 8-гудок-600-100, цудоўную беспарольку. Зараз працую ў кампаніі Onliner.by, займаюся там камерцыйнымі пытаннямі і трохі медыясправамі, вяду сацсеткі, дапамагаю рэдакцыі з новымі каналамі: Periscope, мэсэнджары і гэтак далей. У вольны час займаюся рознымі рэчамі ў інтэрнэце, гэта маё хобі, як бы дзіўна гэта ні гучала. Калісьці выдаваў фанзін пра хардкор-панк. Ну і таксама маю дачыненне да інтэрнэт-дэбошу «Чай з малинавым варэннем».

 

Твая адукацыя неяк звязана з IT і інтэрнэтам?

Не, вучыўся ў Беларускім інстытуце правазнаўства на юрыста. Але ніколі не працаваў па прафесіі. Калі скончыў вучобу, пайшоў у транспартную лагістыку, а потым заняўся інтэрнэтам.

 

Як з'явіўся «Чай з малинавым варэннем»?

У расійскім інтэрнэце існуе суполка «Лентач». Усё пачыналася са старой каманды выдання Lenta.ru, калі некалькі чалавек вырашылі рабіць паблік і таксама посціць у ім смешныя малюнкі. Але справа не ў саміх малюнках. Сутнасць – у больш простай падачы інфармацыі. Калі ты пішаш не строгім журналісцкім тэкстам, а проста ад сябе. Хочаш рабіць добра – перакажы навіну сваімі словамі, як быццам расказваеш яе суседу.

«Інтэрнэт – гэта не штосьці выдранае з кантэксту чалавечых адносін. Проста новы ўзровень гэтых адносін і спосаб распаўсюду інфармацыі»

Потым у рэдакцыі адбыліся вельмі дрэнныя рэчы [зняцце з пасады галоўнага рэдактара Галіны Цімчанка, следам за якой звольнілася больш паловы супрацоўнікаў – 34mag]. Калі адтуль сыходзілі людзі, якія займаліся VK-суполкай «Ленты», яны дамовіліся з новай рэдакцыяй, што забіраюць паблік сабе, і перайменавалі яго ў «Лентач». Адзін з людзей, які на той час займаўся «Лентачом», быў з Менску. Мы з ім пазнаёміліся, калі тусілі разам з Султанам Сулейманавым – стваральнікам «Лентача» – і іншымі хлопцамі адтуль. У нейкі момант яны вырашылі зрабіць нешта рэгіянальнае ў Беларусі і прапанавалі мне ў гэтым паўдзельнічаць. Я з задавальненнем пагадзіўся.

Першапачаткова мы хацелі зладзіць бунт: сабраць жартаўнікоў з розных выданняў. Але хтосьці адваліўся, камусьці не хапала часу. У выніку застаўся толькі я. А цяпер у нас ёсць яшчэ некалькі чалавек і нават супрацоўнік адной дзяржаўнай газеты. Але ў асноўным гэта альбо падпісчыкі, альбо людзі, знаёмыя нам з іншых праектаў.

 

 

Ці можна прадбачыць, што стане паспяховым мемам?

Можна, але складана. Праца буйных інтэрнэт-выданняў у гэтым і заключаецца: разумець, што людзі будуць чытаць, а што не будуць. І нейкія рэчы, накшталт зубра Валеры або «трох махіта», сыходзяць у народ.

А калі казаць менавіта пра малюначкі, тут усё вельмі проста: мы гэтыя мемы робім разам. Нас 10 чалавек у чаце, і калі ўсе смяюцца, то напэўна будзе смешна і для іншых. З «Анлайнерам» складаней: я сяджу адзін і думаю, атрымаецца ці не. Фактараў вельмі шмат, тут важна добра падабраць момант. І, зразумела, гарантавана заўсёды ў цэль не пападзеш. Вось ты раніцай не з той нагі ўстаў, захварэў, палаяўся з катом, ды што заўгодна – і жарт ужо не лепіцца. А падпісчыкі пішуць: «Вы што, пікчара змянілі? Вярніце старога!» І людзям жа не патлумачыш.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«Недарэчна думаць, што сайты змогуць глабальна нешта змяніць або памяняць людзей. Школа не змагла, інстытут не змог, сябры не змаглі, а сайт тут возьме і нешта зменіць?»

Этыка, цэнзура i Kyky

Што такое інтэрнэт-этыка?

Ёсць проста выдавецкая этыка, якая не моцна адрозніваецца ад чалавечай. Калі ты выкарыстоўваеш плён працы іншага чалавека, то лепш пакінуць спасылку на яго работу. Калі гаворка пра фоташоп і перапрацоўку малюнкаў, то ў гэтым няма сэнсу: 350 чалавек ужо зрабілі свой варыянт. А калі мы гаворым пра інфармацыю, то заўсёды трэба пакідаць аўтарства. Што яшчэ? Не паліваць канкурэнтаў лайном. Ды і навошта гэта рабіць?

Карацей, звычайная чалавечая этыка. Інтэрнэт – гэта не штосьці выдранае з кантэксту чалавечых адносін. Проста новы ўзровень гэтых адносін і спосаб распаўсюду інфармацыі.

 

Ці патрэбна ў інтэрнэце цэнзура?

Я свабодалюбівы чувак. Не думаю, што цэнзура наогул павінна існаваць. Ёсць нейкія дэструктыўныя рэчы, але іх забарона не мяняе сітуацыю да лепшага. Калі людзей торкаюць кепскія рэчы, праблема менавіта ў іх. І яна не будзе вырашана выдаленнем кантэнту з адкрытага доступу.

 

Ці можа ў нас адбыцца сітуацыя, аналагічная гісторыі старой рэдакцыі «Ленты»?

Яшчэ як можа. Толькі сцэнар у нас будзе нашмат прасцейшы. Краіна ў дзясяткі разоў менш, тут няма сэнсу рабіць гэтыя перастаноўкі ў рэдакцыі. У нас прасцей проста закрыць сайт – і ўсё. Калі заўтра закрыецца частка найбуйнейшых сайтаў, людзі праз пару месяцаў аб гэтым забудуць і будуць далей жыць сваім жыццём і чытаць нейкія іншыя сайты. Хай гэта і гучыць дрэнна і сумна.

 

Узяць сітуацыю, якая адбылася з Kyky.org. Ці можа такое адбывацца ў цывілізаваным грамадстве?

Добрае пытанне. Я не ўпэўнены наконт прэцэдэнтаў, як менавіта гэта рэгулюецца ў іншых краінах. Але, шчыра кажучы, рэгуляванне інтэрнэту ў нейкай ступені ёсць ва ўсім свеце. Іншае пытанне, што пры гэтым рэгулятар патрабуе? І наколькі ты можаш абапірацца на юрыдычную сістэму краіны, у якой жывеш?

Рэспубліка Беларусь ведае свае прэцэдэнты. Закон кажа: выданне можа атрымаць два папярэджанні, пасля чаго будзе закрыта. Бывалі выпадкі, калі выданні атрымлівалі два папярэджанні адначасова – і ўсё, да пабачэння. У блакаванні Kyky няма нічога незвычайнага. Ёсць нейкія патрабаванні дзяржавы, яны хочуць, каб іх выконвалі.

Трэба па-іншаму будаваць пытанне: наколькі менавіта гэты артыкул з'яўляецца разумнай прычынай закрываць сайт і наколькі блакіроўка ўпісваецца ў юрыдычныя механізмы? Калі б я вырашаў гэтае пытанне, то наогул не чапаў бы Kyky. Мне здаецца, яны з гэтага закрыцця атрымалі нашмат больш профіту: многія даведаліся, што такі сайт наогул існуе.

 

Ці ёсць спосабы змагацца?

Я паўтаруся: цэнзура і рэгуляванне ёсць усюды. Трэба разумець, што ўсё кантралюецца і рэгулюецца. І я ўпэўнены, што з ніадкуль гэта не бярэцца. Мы ўсе разумеем, што жывем у краіне, дзе 22 гады нічога асабліва не мяняецца. І, уласна, чаго вы хочаце? Калі не браць у разлік інструменты прапаганды, то гэта адлюстраванне таго, што адбываецца ў грамадстве. Па вялікім рахунку, і навіны, і артыкулы пішуцца на падставе запытаў чытачоў, заведама арыентуюцца на патрэбы аўдыторыі. Недарэчна думаць, што сайты змогуць глабальна нешта змяніць або памяняць людзей. Школа не змагла, інстытут не змог, сябры не змаглі, а сайт тут возьме і нешта зменіць?

 

 

 

Адукацыя, каментары i байнэт

Інтэрнэт уплывае на тое, як і ў якой колькасці чалавек успрымае інфармацыю. Атрымліваецца, што інтэрнэт калі не змяняе грамадства, то наўпрост уплывае на яго выхаванне.

Я магу сказаць дакладна: у доўгатэрміновай перспектыве людзі пачынаюць з меншым адарваннем успрымаць некаторыя тэмы. Проста таму, што для іх гэта становіцца штодзённым і больш звыклым. Дзядзька Пеця з суседняга пад'езда не разумеў, што гэтая баба набіла сабе на цела. Праз два гады ўсё абмяркоўваецца нашмат спакайней: ён усё яшчэ не разумее, але гэта робіцца чымсьці звычайным. Насамрэч я не думаю, што гэта звязана з тым, што сайты пра гэта пісалі. Хутчэй з тым, што людзі сталі біць сабе татуіроўкі і выязджаць далей Пухавічаў і Бешанковічаў. Людзі мяняюцца, але я не ўпэўнены, што гэта заслуга інтэрнэту.

 

 

У чым тады галоўная роля інтэрнэту ў сучасным грамадстве?

Распаўсюд інфармацыі. Гэта не азначае, што інтэрнэт фармуе погляды. Хоць нашая ўлада і ўпэўнена, што так. Чаму дзяржава баіцца медыя: раптам яны возьмуць і сфармуюць нейкае меркаванне? Хутчэй, яны могуць сабраць у адным месцы людзей, якія таго меркавання прытрымліваюцца. Гэта дзве вялікія розніцы.

 

Возьмем утапічную сітуацыю: якую ідэальную ролю павінен выконваць інтэрнэт?

Ён ужо адыгрывае вялікую ролю. Інтэрнэт – гэта такі новы друкаваны станок. Мы калісьці перадавалі інфармацыю з вуснаў у вусны ў пячорах. А калі шаман памёр – усё, дупа, веды зніклі. Потым мы навучыліся пісаць і выбіваць інфу на таблічках або натоўпам манахаў перапісваць таўшчэзныя кнігі. Гэтыя веды былі даступныя абмежаванаму колу людзей. Затым быў вынайдзены друкаваны станок, які ўмомант паскорыў распаўсюд інфармацыі. І вось вынайшлі інтэрнэт, які дазваляе не проста перадаваць дадзеныя ад тэрміналу на сервер і спрашчаць многія працэсы, але пры гэтым распаўсюджваць інфармацыю.

«У свеце жыве 7 мільярдаў чалавек, кожны са сваімі прусакамі ў галаве. І тое, што аднаму падасца вялікай праблемай, іншаму падасца праблемай белага чалавека»

Інтэрнэт дае магутныя магчымасці для адукацыі. На «Анлайнеры» некалькі тыдняў таму было добрае інтэрв'ю з адным з заснавальнікаў ЕГУ аб праблемах адукацыі. Не толькі беларускай. У сусветнай традыцыйнай сістэме адукацыі таксама вялікія праблемы – усё той жа інтэрнэт. У 2016 годзе ў заходнім свеце дзве траціны працадаўцаў прынялі дыпломы анлайн-курсаў MOOC. Раней, вядома, ніхто не забараняў так вучыцца, але і на працу асабліва не прымалі. А зараз мы падышлі да такога моманту, калі анлайн-курсы ствараюць нядрэнную канкурэнцыю традыцыйным універсітэтам. Цяпер у нас жа ўсе веды свету наўпрост у кішэні – у смартфоне. І шкада, што абсалютная большасць карыстальнікаў інтэрнэту гэтага не да канца разумее.

 

Iнтэрнэт стварае пачуццё адзінства?

У глабальных маштабах – наўрад ці. У свеце жыве 7 мільярдаў чалавек, кожны са сваімі прусакамі ў галаве. І тое, што аднаму падасца вялікай праблемай, іншаму падасца праблемай белага чалавека. Інтэрнэт дапамагае людзям аб'яднацца ў гурткі па інтарэсах.

 

Наколькі важныя каментары для існавання інтэрнэту?

Каментары – гэта адлюстраванне людзей. Што добра ў інтэрнэце: ён дапамагае пашыраць кругагляд і бачыць іншых людзей з боку. Мы як будуем сваю карціну свету? Па супольнасці вакол сябе! У кожнага з нас у сярэднім па 100 знаёмых, з якімі мы можам падтрымліваць кантакт, але звычайна гэта яшчэ менш – чалавек 60. І вось тое асяроддзе стварае ілюзію існавання пэўнага свету. І калі ты сустракаеш чалавека з боку, кажаш яму, што табе падабаецца вось такая музыка. А ён адказвае: «Не, гэта лайно». І тут пачынаецца: «Як так?!» Каментары дапамагаюць шырэй глядзець на свет. «Вось хто гэтыя каментары піша?» Ну, сябра, свет – вельмі рознабаковае месца з купай людзей са сваімі густамі. І густы многіх – спецыфічныя.

 

 

За той час, што ты працуеш у байнэце, што ў ім палепшылася?

Людзі сталі больш актыўнымі. Гэта цікава. Калі шмат людзей вакол стануць нешта рабіць, усё стане лепш. І інтэрнэт стане лепш, і адносіны людзей да інтэрнэту. Калі людзі нешта робяць – гэта добра, яны не сядзяць на срацы і не скардзяцца. Інтэрнэт дае нам прылады для гэтага. Хочаш новыя медыя? Зарэгіструй паблік і ідзі рабі. І людзі пачынаюць разумець, як гэта працуе.

 

Тры сайты, на якія ты заходзіш кожны дзень.

Reddit, Buzzfeed і твітэр заўсёды чытаю. Я той чувак, для якога святлафоры робяць унізе на асфальце, каб выпадкова не трапіў пад машыну.