Кар’ера Васіля Сямашкі

Што такое кар’ера па-беларуску? Дзе трэба працаваць і як адносіцца да сваёй справы, каб стаць паспяховым? Куды прыводзяць прыступкі кар’ернай лесвіцы? Для таго, каб адказаць на гэтыя пытанні, мы стартуем сёння новую рубрыку, дзе будзем гутарыць з прафесіяналамі з розных сфераў: ад журналістыкі – да палітыкі, ад спорту – да шоу-бізу. Лёс і прафесійны шлях 44-гадовага журналіста Васіля Сямашкі – даволі цікавы і паказальны для беларускай медыяпрасторы. Ад культавай газеты «Імя» да агенцтва «Спутнік», ад ката Барсіка, якога Васіль паспрабаваў зрабіць кандыдатам на прэзідэнта, да паездак на вайну. За апошнюю серыю рэпартажаў з Данбасу, якую Васіль зрабіў разам з фатографам Аняй Івановай, яго цяпер хочуць арыштаваць прадстаўнікі ДНР, а частка беларускіх калегаў абвесціла журналіста «нерукапаціснутым». Слова Васілю Сямашку.
 

 

 

Васіль Сямашка, 44 гады, журналіст, фотакарэспандэнт, відэааператар. Працаваў у «БДГ», агенцтве БелаПАН, пазаштатным журналістам у расійскім міжнародным агенцтве «Спутник». На мінулых прэзідэнцкіх выбарах запомніўся тым, што ледзьве не зарэгістраваў у якасці кандыдата свайго ката Барсіка. Цяпер фрылансіць.

 

 
 
 

 

 

Этапы

– Я навучыўся фатаграфаваць ад сябра майго бацькі, які захапляўся фатаграфіяй і, на вялікі жаль, ужо памёр. Раён сённяшняй вуліцы Мельнікайтэ, дзе я рос, быў унікальны: тады за кінатэатрам «Масква» быў прыватны сектар, старыя хаты зносілі, а нашая дваравая кампанія паліла вогнішчы ды лазіла, дзе толькі было магчыма. Дык вось, я ў гэтым дзіцячым асяроддзі быў адзіны фатограф, што вельмі цанілася іншымі.

Пасля школы я год працаваў на «Беларусьфільме» фатографам у абслугоўванні здымачных групаў. Праз некаторы час паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на тэлеаператара. Вельмі хацеў стаць журналістам, нават хадзіў на падрыхтоўчыя курсы на журфаку БДУ, але на той час у мяне не было публікацыяў і паступіць не атрымалася. У Акадэміі я вучыўся двойчы. З 1993-га да 1997-га – першы раз. Тады мяне выгналі нібыта за прафнепрыдатнасць, але насамрэч палічылі завадатарам ініцыятывы ў замене выкладчыка – і хутка ацэнкі пайшлі на спад. У 2007 г. я вярнуўся ў Акадэмію і ўсё ж такі яе скончыў.

У 1990 г. апублікавалі мой першы артыкул пра нямецкія пахаванні эпохі Першай сусветнай на Нарачы. Тэкст выйшаў у часопісе «Родник», калі яшчэ яго галоўным рэдактарам быў Уладзімір Някляеў.

«Дарэчы, суддзя, які вёў маю справу, пазней зрабіўся праваабаронцам»

Да 1997 г. я супрацоўнічаў з газетаю «Имя». Гэта быў самы цікавы перыяд у маім прафесійным жыцці. Газету друкавалі ў Вільні і дасылалі цягніком у Менск, у першую чаргу яна з’яўлялася ў жанчын-прадавачак у пераходах і мела шалёную папулярнасць. Сапраўдны феномен, цяпер бы такое выданне закрылі на другім нумары. Працавалася там лёгка і прыемна, матэрыялы не адкладаліся да лепшага часу, як гэта робіцца цяпер. У «БДГ», якому «Имя» належала, таксама выходзілі мае вялікія публікацыі.

З 1997-га да 2001 г. я быў у няволі за збіццё суседа пракурора аднаго з раёнаў Менску. Я ж не ведаў, што той чалавек быў ягоным суседам. Карацей, мяне судзілі за хуліганства, але той чалавек сам хацеў пабіцца. Дарэчы, суддзя, які вёў маю справу, пазней зрабіўся праваабаронцам.

Пазней мне здарылася ўляпацца яшчэ раз, пасля чаго давялося пабадзяцца па Еўропе і прасіць прытулак у Германіі, але мяне адтуль дэпартавалі. Гэта быў перыяд паміж 2003-ім і 2005-ым гг. Дарэчы, і сёння можна адшукаць серыю маіх артыкулаў пра той час у сеціве.

З 2006 г., калі мяне ўзялі працаваць у БелаПАН, я вяду бесперапынную журналісцкую дзейнасць. І, калі ў 2009 г. там зрабілі відэасэрвіс, мне прапанавалі працаваць аператарам. Я стаўся першым журналістам, які цалкам рабіў мультымедыйныя матэрыялы: і тэкст, і фота, і відэа.

 

 

 

 

Тэмы

Калі мяне звольнілі з БелаПАНу ў снежні 2015 года, нібыта з эканамічных прычынаў, я амаль адразу атрымаў працу ў агенцтве «Спутнік». Дзіўна, што нідзе больш працы для мяне не знайшлося, бо на БелаПАНе я рабіў дастаткова шмат ды і мне давалі параўнальна складаныя заданні. Я яшчэ разглядаў варыянт працы на TUT.by, але рэдакцыя прапанавала мне ўмовы, на якіх працуюць студэнты, а мне хацелася нейкай сацыяльнай абароненасці ды лепшых умоў, таму я туды не пайшоў.

Як я трапіў у «Спутник»? На першым паверсе «Прэзідэнт-гатэлю», калі там адбываюцца сустрэчы аб Украіне, працуе прэс-клуб, куды прыемна прыйсці паразмаўляць з калегамі ды папіць піўка (калі б яно яшчэ было таннейшае…). Дык вось, там я сустрэўся з Андрэем Качурам, якога ведаў яшчэ да таго, як той атрымаў пасаду кіраўніка агенцтва «Россия сегодня» ў Беларусі. Ён і параіў мне даслаць рэзюмэ ў «Спутнік» [міжнародную медыясетку расійскага агенцтва, якім кіруе адыёзны дзядзька Дзмітрый Кісялёў, з філіяламі ў 30 краінах, у тым ліку і ў Беларусі – 34mag.net], казаў, што ім патрэбныя эксклюзіўныя матэрыялы, што трэба завабліваць чытачоў на сайт. Мяне ўзялі туды пазаштатным журналістам.

Сёння я разумею, што не змог бы доўга працаваць у «Спутніку», бо пазіцыя агенцтва – нікога не пакрыўдзіць. Там цэніцца непрыкметная журналістыка, таму ўсё, што выклікае насцярожанасць, бязлітасна выразаецца. На мае тэксты пачалі скардзіцца рэдактары, маўляў, трэба шмат правіць, а яны ўспрымаюць лішнюю працу як абразу. Я ўжо амаль звыкся з прэтэнзіямі, як на «Свабодзе» апублікавалі інтэрв’ю са мной, якое чамусьці аказалася скандальнае. У выніку я больш не супрацоўнічаю з гэтым выданнем. Дарэчы, лічу, што зрабіў «Спутніку» нядрэнную рэкламу, але кіраўніцтва вырашыла перастрахавацца.

«Журналісты, якія былі на вайне, вельмі адрозніваюцца ад усіх астатніх»

Усе вялікія матэрыялы, з якіх мяне людзі помняць, былі напісаныя для душы з уласнай ініцыятывы. Напрыклад, пра марсіянскія ландшафты пад Менскам, калі мы з Аняй Івановай лазілі па тэрыконах, ці пра падземны бункер каля Белавежскай пушчы. Мне цікава працаваць над арыгінальнымі тэмамі, якія нібыта ляжаць пад нагамі, але якімі б іншыя не заняліся. Зрэшты, яны пазней і становяцца модныя: на тэрыконы пад Салігорскам пасля нас з Аняй паехала шмат людзей рабіць кліпы і фотарэпартажы.

Ці шмат вы знойдзеце журналістаў, якія ныралі з камерай пад лёд ці апускаліся ў менскае сутарэнне? Дарэчы, я не задаволены тым, як на «Спутніку» апублікавалі наш з Аняй матэрыял пра Нямігу. Па-першае, мой артыкул быў значна большы, па-другое, публікацыю разбілі на некалькі частак. Спачатку выйшаў артыкул з архіўнымі фотаздымкамі, праз некалькі дзён – план Нямігі, і толькі пазней апублікавалі серыю фатаграфіяў. У выніку стандарты былі выкананыя: тэкст не большы за 8 тыс. знакаў, не больш як 25 фотаздымкаў, але асобныя часткі аднаго матэрыялу ўжо не мелі запланаванага поспеху. Праз тры тыдні, калі Аня вярнулася з вакацыяў і апублікавала серыю ў сваім блогу, у першы ж вечар тры выданні перадрукавалі матэрыял, але ўжо, вядома, не са «Спутніку».

Я вельмі шчыльна працаваў над тэмаю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, не раз быў у зоне адчужэння, а таксама быў першым журналістам, які аб’ехаў і апісаў усе чатыры пляцоўкі-прэтэндэнта для будаўніцтва новай АЭС. Я лічу, што будаваць атамную электрастанцыю ў Астравецкім раёне – гэта злачынства, бо гэта самы экалагічна чысты закуток Беларусі. Але ж, з іншага боку, апроч мірнага атаму, чалавецтва не прыдумала іншай альтэрнатывы арганічнаму паліву. Зрэшты, я лічу, што Астравецкую АЭС добра будуюць.

Месяца паўтара таму я вярнуўся з Данбасу, куды з уласнай ініцыятывы паехаў разам з вышэйзгаданай Аняй Івановай. Для мяне было важна перадаць ёй свой досвед. Разумееце, журналісты, якія былі на вайне, вельмі адрозніваюцца ад усіх астатніх. Першы раз я быў на Данбасе год таму: вазіў гуманітарную дапамогу ад царкоўнага прыходу. Але тады мяне моцна абмяжоўвалі, бо адказныя за паездку людзі турбаваліся, што я здымаю. Гэтым разам мы таксама ўзялі гуманітарку, але ехалі на сваёй машыне і ўсё зарганізавалі самі. Агулам мы правялі там каля дзесяці дзён і шмат чаго ўбачылі. Уявіце, мы прыйшлі ў спецпадраздзяленне ДНР, амаль спецназ, дзе людзі месяцамі спяць апранутыя, са скрыняй боепрыпасаў пад ложкам, і сказалі: «Мы тут пажывем у вас». Матэрыялы з паездкі публікуюцца на TUT.by.

 

 

 

 

Досвед

Ненавіджу, калі журналісты працуюць скопам над нейкаю навіной. Гэта часцей за ўсё мерапрыемствы, акцыі, на якіх паўтара «змагара» і дзесяць фатографаў. Агулам, беларуская журналістыка перабывае ў заняпадзе. Калі недзе да 2000 г. выданні імкнуліся інтэлектуальна цягнуць чытачоў уверх, цяпер медыі пра гэта не дбаюць. Культывуецца шэрасць, з’явіўся жанр «быдла-журналістыка», як я яго называю. Гэта калі з адкрыцця нейкай піўнухі ці распродажу з’яўляецца семдзесят фотаздымкаў – і людзі, асабліва працаўнікі ў офісах, з задавальненнем гэта спажываюць. Якасць матэрыялу ацэньваецца паводле колькасці клікаў, бо ад гэтага залежыць даход выдання ад рэкламы. А журналісты, каб зарабіць сабе на хлеб, вымушаныя апускацца да ўзроўню гэтых «рэпартажаў з адкрыцця». Я згодны, што такія матэрыялы таксама мусяць быць, але навошта ўсе гэтыя фотагалерэі?

Праца журналіста – цікавая, але са слабай перспектывай росту. Ды і не патрэбная якасная журналістыка ў Беларусі, бо яна патрабуе высокіх выдаткаў на падрыхтоўку матэрыялаў. Напрыклад, паездка ў Данбас, пасля якой я раблю серыю вялікіх публікацыяў, каштуе каля 500 у.а. Рэдактарам выгадней запаўняць месца навінамі-аднадзёнкамі, якія яны чэрпаюць з інтэрнэту. Пра дзяржаўныя медыі казаць увогуле сумна. Дастаткова паглядзець нашыя тэлеканалы ці пачытаць газеты. Калі нешта цікавае трапляецца, то гэта вельмі рэдкія культурна-гістарычныя праекты, а навінаў на тэлеканалах няма – суцэльная прапаганда.

За шматгадовы досвед працы з беларускаю апазіцыяй я расчараваўся ў нашых «змагарах». Я лічу, што менавіта ім больш за ўсіх выгаднае існаванне рэжыму. Палітыка мяне больш не цікавіць.

«Магу яшчэ таксоўцам уладкавацца ці вяселлі здымаць, але я адчуваю сябе не апошнім журналістам у краіне»

На сённяшні дзень у мяне больш як 20-гадовы досвед працы. Магу тэксты пісаць, фатаграфаваць, здымаць на прафесійную відэакамеру, ныраць з аквалангам, скакаць з парашутам, працаваць рэпарцёрам на вайне. Ці шмат вы знойдзеце яшчэ такіх журналістаў? Але ж мой досвед незапатрабаваны.

Складана сказаць, якую прафесію я б абраў, калі мне цяпер было б 18. Напэўна, спрабаваў бы спалучыць задавальненне ад працы з лепшымі заробкамі. Можа, і вырашыў бы стаць журналістам, як цяпер, але жыццё будаваў бы па-іншаму. Магчыма, лётчыкам грамадзянскай авіяцыі ці лекарам, або атамшчыкам: у журналістыцы тэма атамнай энергетыкі аказалася для мяне вельмі цікавая.

Я прыхільна стаўлюся да крытыкі і заўсёды ўдзячны за выпраўленні. Люблю ўступаць у дыскусію і лічу абавязковым для сябе адказваць на каментары і пытанні, калі гэта толькі не тупыя абразы.

Дзе я сябе цяпер бачу? Складанае пытанне. Выбару асабліва няма. У Беларусі медыйны рынак вельмі малы і амаль няма нейтральных грамадска-палітычных выданняў. Я з вялікім задавальненнем пайшоў бы ў рэдакцыі кшталту «Вокруг света» ці National Geographic. Магу яшчэ таксоўцам уладкавацца ці вяселлі здымаць, але я адчуваю сябе не апошнім журналістам у краіне. Шмат таго, што я рабіў, было новае тут, таму сыходзіць з прафесіі не хацелася б.