Ян Папкоў: «На любую музыку ёсць слухач, трэба проста да яго дакрануцца»

Ян Папкоў – беларускі прамоўтар, які ладзіў першыя канцэрты тваіх улюбёных артыстаў, у тым ліку будучых зорак «Еўрабачання»: пераможцаў 2022-га – Kalush, удзельніцы 2024-га – Alyona Alyona, срэбных прызёраў нацыянальнага польскага адбору 2025-га – Sw@da x Niczos, за якіх заўзелі шматлікія беларусы. Таксама Ян – сузаснавальнік стылёвага фэсту беларускай культуры Varušniak, які адбываецца на Каляды і Купалле. Сустрэліся з ім, каб пагутарыць пра фестываль, сакрэты поспеху ў музычнай сферы сёння, пра шчырасць і пра чуйку на тое, што стрэліць заўтра.

 

Формула папулярнасці

– Калі 34mag размаўляў з табой пяць год таму, ты рабіў па 50 канцэртаў за восень. Уражвае.

– Потым таксама было шмат: напрыклад, у жніўні 2021-га – 21 канцэрт. Быў такі момант, калі ўсе кавідныя канцэрты пераносіліся, а паралельна запускаліся іншыя, якія потым даводзілася пераносіць таксама. І потым мы маглі за чатыры дні зладзіць канцэрт «Пошлай Молі» ў Харкаве – на заводзе, дзе трэба было збудаваць сцэну, канцэрт гурта Kalush на Труханавым востраве ў Кіеве, куды давялося за дзве гадзіны наруліць экран у пятніцу; стэндап-фестываль на наступны дзень на тым жа востраве, а пасля яшчэ невялічкі фестываль у парку ВДНГ.

– Насычана.

– Згадваю – і не хачу ў такое вяртацца. Цяпер нічога не раблю, акрамя Varušniak і некаторых канцэртаў.

– А куды скіроўваеш вольны фокус?

– Раблю аплікацыю – гайд для маладых музыкаў. Людзі часта не могуць нічога распачаць, бо думаюць, што гэта складана. Але каб нешта рабіць, трэба проста рабіць. Гайд будзе такой інструкцыяй, калі за цябе ўжо ўсё падумалі. Як візу адкрыць: на сайтах амбасад ёсць усе інструкцыі, але людзі ўсё роўна прыходзяць да пасярэднікаў, каб ім дапамаглі, бо раптам яны самі штосьці зробяць не так або не змогуць самі закрыць моманты тыпу запісацца ў консульства.

 

 

– Але з музыкай усё ж складаней.

– Вырашае колькасць працы. Калі ў цябе не атрымліваецца, то або кантэнт гаўно, або ты мала працуеш. Каб адкінуць першае, трэба папрасіць крытыкі не ў сяброў і сваякоў. А так увогуле на любую музыку ёсць слухач, трэба проста да яго дакрануцца. Цяпер працуюць алгарытмы: чым больш ты робіш якаснага кантэнту, чым больш цікава за табой назіраць, тым больш цябе падымаюць сацсеткі. Галоўнае – перманентна рабіць. Працаваць.

 

«Калі ў цябе не атрымліваецца, то або кантэнт гаўно, або ты мала працуеш»

 

– А між тым яшчэ недзе трэба грошы зарабляць.

– Гэта праблема нашых рэалій. У нармальных краінах культуру падтрымліваюць, і калі ты культурны дзеяч, ты можаш, напрыклад, знайсці грантавую праграму і не думаць пра тое, дзе грошы зарабіць, а потым знайсці яшчэ матывацыю, каб рабіць музыку. Але цяпер шмат маладых артыстаў разумеюць, як зарабляць грошы музыкай, лічаць сябе не музыкамі, а крыэйтарамі, і ствараюць не музыку, а кантэнт. Недзе чатыры гады таму з’явіўся такі жанр – фонк: малыя пачалі яго рабіць і зарабляць грошы, у іх мільённыя праслухоўванні, але ў акаўнтах па 2000 чалавек, а на імпрэзы не прыходзіць ніхто.

– Як так?

– У Gen Z кантэнт суперкароткі і суперхуткі. Трэкі на паўтары-дзве хвіліны, не болей, далей ім нудна становіцца. Калі відэа ў першыя дзве секунды не зачапіла вока – усё, пайшлі далей. З’яўляецца шмат жанраў пад тыкток, і калі нейкае адгалінаванне вірусіцца, то яшчэ больш музыкаў намагаюцца ўскочыць на хвалю. Але калі няма сваёй індывідуальнасці, то за чувакамі нецікава назіраць.

Мы з амерыканскім лэйблам зрабілі ў Польшчы самую вялікую імпрэзу па фонку ў свеце. Прыехалі людзі з 60 краін свету, але гэта было 900 чалавек. Суперзорка жанру там – 45-гадовы ангельскі музыка на досведзе, які разумее, што мусіць быць асабістая фішка і асаблівы стыль, па якім можна зразумець, што гэта тваё музло.

 

«Мы з амерыканскім лэйблам зрабілі ў Польшчы самую вялікую імпрэзу па фонку ў свеце»

 

Да наступнай імпрэзы я падышоў матэматычна. Сабраў чувакоў з розных краін, у якіх па статыстыцы Spotify было агулам 187 000 слухачоў у адной толькі Варшаве, гэта 10% жыхароў. Але прадалі ўсяго 40 квіткоў. Гэту музыку слухаюць звычайна за гульнямі, у тачцы, у мацоўні, і мо нават не ведаюць, чыя яна. А чувакі не разумеюць, што ім трэба прапампоўваць медыйку, выбудоўваць асабісты брэнд, каб было цікава за ім сачыць. Калі ты нясеш зразумелы вобраз і каштоўнасці, распавядаеш пра сябе, то ў цябе толькі 10–20% кантэнту будзе пра тое, што «зацаніце, выйшаў новы трэк».

Бывае суперклёвае музло, але чувакі не ўмеюць яго пушыць. Разлічваць на лэйбл – ок, але лэйбл таксама разлічвае на людзей, якія нешта робяць. Калі я быў канцэртнікам Alyona Alyona, яны з Ванем Кліменкам адкрылі лэйбл, які зараз трымае, можа, 30% украінскай дыстрыбуцыі. На мінулым сваім лэйбле Ваня браў артыстаў без кантракта, але так не працавала: ты ў музыку ўкладаешся, а ён нічога не робіць. І Ваня пачаў браць рабят, якія – адразу бачна – таленавітыя і прадуктыўныя. Напрыклад, Алег Псюк з Kalush даслаў яму 93 дэмкі.

 

 

Varušniak і беларусы, якія робяць стыль

– Раскажы, як паўстаў Varušniak.

– Пачыналася ўсё з чаціка на трох чалавек – з Русяй Shuma і Лёшам Будзько. Усе мы з шоубізу і ўсе хацелі нешта рабіць. Лёха [Аляксей Будзько – заўв. рэд.] у Беларусі рабіў тэхнапраект DERSCHEIN. Разам мы рабілі ў Менску клуб «Маладосць». Вось і ў Варшаве вырашылі зрабіць Varušniak. Цяпер у нас працуюць восем чалавек. Укладаем усё, што ёсць, не спім, паралельна з працай робім Varušniak і намагаемся, каб у выніку кожны раз быў лепшы за папярэдні. Камандай СДУГ-шнікаў мы на ўласнай ініцыятыве робім такі маштабны праект!

– Выглядае цалкам паспяховым праектам.

– Насамрэч на двух апошніх зімовых мы жорстка ўляцелі. Летам адбіваем, але ўзнагарода невялікая адносна таго, колькі сіл укладаем. Аднак ты вайбуеш, прасоўваеш культурны код. Людзі прыходзяць, кайфуюць. Паліцыя прыязджае, афігевае: ніхто не ўтапіўся ў возеры, ніводнага п’янага, які разбіў бы каму пысу.

 

«Камандай СДУГ-шнікаў мы на ўласнай ініцыятыве робім такі маштабны праект!»

 

– А зумеры ходзяць на канцэрты?

– Зумеры цяпер па ўсім свеце не ходзяць на канцэрты, і праз тое начныя клубы закрываюцца. Па-першае, Gen Z не бухаюць, як міленіялы. Па-другое, зумеры міленіялаў баяцца – кажуць, што тыя паводзяць сябе небяспечна. Да таго ж гады, калі ты звычайна ходзіш на канцы і вечарыны, у зумераў прыпалі на кавід, і яны гэта ўсё прапусцілі. Нядаўна рабіў канцэрт маладым артыстам, і чувак з іх калектыву быў на канцэрце раз у жыцці: мама ў дзяцінстве на канцэрт Кіркорава звадзіла. А некаторыя ўвогуле не былі. То-бок яны не ўяўляюць, што гэта такое. На вялікіх зорак ходзяць, але каб пастаянна тусавацца і хадзіць на рэйвы – не.

Цікава яшчэ, што малыя кайфуюць ад старога музла, якога раней не чулі. Ідзе перасэнсаванне 1990–2000-х.

 

 

– Кажуць, што беларусы раней хадзілі на ўсё беларускае, а цяпер менш.

– Калі я пераехаў у Варшаву ў 2022 годзе, то на другі-трэці дзень пайшоў на канцэрт «Пятлі Прыхільнасці». Там было чалавек 450 і я разоў сорак абняўся – столькі знаёмых. Тады, сапраўды, падавалася, што ўсе ходзяць на беларускае, але потым стала шмат музыкаў, якія выехалі, і на ўсё не сходзіш. У Варшаве кожны дзень ёсць што паглядзець, выступаюць сусветныя зоркі і вялікая колькасць цікавых імпрэз адбываецца.

Але шмат беларусаў робяць стыль у электроннай музыцы. Палякі прыходзяць і такія: «Ваў, нашы такое не робяць». Напрыклад, Bassota, Derschein. Міні-клуб Mastak, у іх свой лэйбл, вінілавая крама. Natur – інтэлігентнае клёвае электроннае музло. Shoom Records рабілі ў падвальным памяшканні вельмі андэграўндныя тусоўкі чалавек на 80 – прыйшлі палякі, закаціравалі, клічуць паўсюль выступаць. Карацей, з электроннай музыкай у нас заўсёды ўсё класна.

 

«Шмат беларусаў робяць стыль у электроннай музыцы. Палякі прыходзяць і такія: “Ваў, нашы такое не робяць”»

 

– А што наконт рэпу?

– Калі беларускамоўны, то гэта заўсёды больш дабрачыннасць. Грошай не заробіш, але ў культуру ўкладзешся, гэта крута. Але калі ў цябе ёсць суперфаны, якія цябе падтрымліваюць, ходзяць на канцэрты, купляюць мерч, то яны могуць набыць на Bandcamp твой трэк за два даляры, і з тысячы падтрымліваючых фолавераў ты атрымаеш $ 2000. Цяпер акурат ідзе трэнд супраць стрымінгаў з іх алгарытмамі, якія нешта падсоўваюць. Зумеры купляюць айподы і ганяюць з тэлефонамі-раскладушкамі.

Фарматы змяняюцца, але адно правіла застаецца: ты мусіш рабіць шмат якаснага кантэнту і чымсьці вылучацца. У ідэале – стварыць свой сусвет і трансляваць архетып, якім ты напраўду з’яўляешся.

– А хто ў нас хто па архетыпах, напрыклад?

– Корж раней быў «свой хлопец», цяпер, напэўна, «апякун». Руся – «чараўніца». Чарапко – «творца».

 

 

Каго Ян раіць паслухаць сёння:


На мой погляд, Shuma (Šuma), Iva Sativa i Лера Дэле (Koob) заўсёды былі і застаюцца самымі якаснымі артыстамі, якія могуць выйсці за межы беларускага рынка, транслючы пры гэтым наш культурны код.

Shuma — суперкруты электронны праект, колькі ўжо гадоў за ім сачу. На прэзентацыі рэліза «Bahna» сапраўдная магія адбывалася.

 

Iva Sativa — суперперсанаж, супермузыка, шарыць за стылёк, ведае, што ёй патрэбна ў музыцы і як мусіць выглядаць яе музыка.

 

Koob — суперталенавітая Лера Дэле. Рэкамендую сумесны са Sw@da рэліз «Zubraniatka» і найстылёвейшы кліп «Anjela», дзе галоўным героем выступае Барыс Domsun.

 

Domsun – электроншчына вайбовая і спеў кайфовы. Крута выступае, адчувае сабе на сцэне як дома. Вельмі адчувальныя сінты.

 

SOYUZ – чакаю альбом «Krok», гэта 100% будзе топ.


weeklyn і Jaysset – weeklyn спявае на ангельскай, Jaysset піша музыку і грае на гітары. Раю паслухаць і паасобку, і разам – у хлопцаў вельмі крутая калаба выйшла.

 

bayski – калі хочацца паслухаць беларускамоўны рэп.

 

SAMOTA – круты гайперпоп. 


Nürnberg – беларускамоўны постпанк.

 

ANDROMEDA – малады беларускі phonk музыка, у якога каля 5,5 млн штомесячных слухачоў у Spotify. Кліп на «Montagem Coma» менш чым за месяц набраў ужо больш за 4 млн праглядаў. Відэа рабіў музыка беларускага постхаркоравага гурта Main-De-Gloire – яго слуханіце таксама.

 

 

Жыццё наноў

– Як вы змагаецеся за ўвагу ў Варшаве, дзе столькі ўсяго штодзень адбываецца?

– На Varušniak афігенная атмасфера, усе такія пяшчотныя, і, вядома, культурны кантэкст адгукаецца з’ехалым.

Насамрэч не так шмат людзей святкавалі Купалле ў Беларусі. У мяне была дзяўчына, якая хадзіла ў гістарычны клуб «Княжыч» у Наваполацку, і аднойчы мы з ёй паехалі на Купалле. Чалавек пяцьдзясят было, усе ў народных строях, варылі крупнік на палыне, які так магічна навальваў, гулялі ў падушачку і ў ручаёк – прыглядаліся, хто каму больш падабаецца. Пайшоў моцны дождж, але вогнішча так моцна паліла, што кроплі распускаліся ў паветры. Мы пакарагодзілі вакол агню і пайшлі шукаць папараць-кветку. Вельмі крута было.

Я заўсёды сумаваў за Беларуссю, калі на чужыне быў.

 

 

– Як пачуваешся ў Варшаве агулам?

– Файна. Суперзручны горад. Выйдзеш на вуліцу – і за дзень трох чалавек знаёмых сустрэнеш, такога са мной нават у Наваполацку не здаралася. Да таго ж чалавек у эміграцыі ў 90% выпадкаў будзе нармальны. У іх нізкі ўзровень пазбягання невызначальнасці, яны гатовыя да пераменаў, актыўныя людзі.

 

«Выйдзеш на вуліцу – і за дзень трох чалавек знаёмых сустрэнеш, такога са мной нават у Наваполацку не здаралася»

 

– У цябе ёсць нейкі план на будучыню?

– Час прымусіў не рабіць доўгіх планаў, а жыць кароткімі ўрыўкамі. Буду надалей займацца музлом. Канешне, ёсць шмат спраў, якімі можна займацца, але нафіга, калі ёсць тое, у чым ты добра разбіраешся і большую частку жыцця на гэта паклаў? Хачу рэалізаваць свой музычны праект, стварыць пару аплікацый, зрабіць лэйбл.

– Як ты не губляеш чуйку?

– Мне цікава ўсё. Калі канцэртамі займаўся, то асноўныя грошы зарабляліся тады, калі ты вылоўліваў чувака, які яшчэ не стрэльнуў, але вось-вось стрэльне. Я магу не дарубаць, што з кантэкстам, але бачу, што чувак цікавы.

Бывае, што і памыляешся, такі бізняк. Бывае яшчэ горш: калі ты працуеш з чувакамі, а там маскоўскі падыход да бізнэсу, калі чалавека трэба выдаіць да апошняга. Я заўсёды любіў працаваць шчыра і на адсотак, залаты стандарт – 20/80, вядома, ад профіту. Калі артыст папулярны і ён збірае, рэкламуй ці не рэкламуй – прадасца па-любому. А калі ён не цікавы ці зараз не ў трэндзе, то ніякая рэклама не дапаможа. 

Працую шчыра і з лэйблам. Часта маладых артыстаў падпісваюць на рабскіх умовах: заманьваюць грашыма і падпісваюць паперкі на пяць год. А музычны бізнэс па ўсім свеце такі, што чым больш чувакоў назбіраеш, тым больш шанцаў, што нехта стрэльне. Гэта як венчурны бізнэс, стартапы.

 

 

– Новы этап у жыцці ты адчуваеш як працяг свайго шляху?

– Я нібыта абнуліўся. Калі жыў ва Украіне – былі грошы, канцэрты, абароты. Кавід скончыўся – канцэрты прадаюцца. Потым вайна пачалася, я нейкія грошы паспеў зняць з карткі на Шры-Ланцы ў банкамаце, а потым украінскія банкі ўсё заблакавалі. З рахунка кампаніі раздалі людзям, каму вінныя і каму паспелі, астатняе заданацілі.

Мы стварылі чат у тэлеграме, куды дадавалі музыкаў і менеджэраў. Шмат хто з расейскага рынку праігнаравалі, выдалялі перапіскі, некаторыя пісалі, што баяцца. А потым да мяне звярнуўся менеджар Noize MC па дапамогу – зрабіць дабрачынныя канцы. І мы зладзілі ў Рызе і Вільні канцэрты з Нойзам і Манетачкай. Я ўсё гэта муціў дыстанцыйна са Шры-Ланкі. Далей зрабілі канцэрт Дорна ў Празе, Дорна з Канстанцінам – у Вільні. Потым зладзілі ў Грузіі дабрачынны фестываль. Гэта было складана жорстка. Музыкаў гурта «Луна» выпусцілі з Украіны толькі ў апошні дзень, і квіткі каштавалі недзе $ 8000. Вельмі складана было ў Грузіі: усё на павольным вайбе, асабліва ў Батумі.

Так, бывае складана, але калі размаўляеш з аднакласнікамі з Наваполацка, то разумееш, што ў цябе цікавае жыццё. А калі размаўляеш з людзьмі з Украіны, то разумееш, што такіх праблем, як у людзей бываюць, у цябе няма. Да таго ж праз міграцыі пераацэньваеш каштоўнасці. Разумееш, што табе для жыцця хапае аднаго заплечніка з яго змесцівам.

 

«Разумееш, што табе для жыцця хапае аднаго заплечніка з яго змесцівам»

 

– Як ты адчуваеш, што ў цябе нешта атрымалася?

– Апошнім часам не адчуваю, і гэта адстой. Я столькі ў гэтым бізняку выгараў, столькі нерваў страціў, што нібыта ўсё сцерлася. Але вось быў момант: еду я ў аўтобусе ў Варшаве, размаўляю з мамай па тэлефоне. Мама кажа: «Як там ваш “Варушнік”?» Я кажу: «“Варушняк”, мам, не “Варушнік”. Хочацца, каб людзей больш прыйшло». І ззаду чувакі: «Канешне, прыйдзем!» – і рэспектнулі за Varušniak. Прыемна, калі такая рэакцыя на тое, што ты робіш.

 

Фота: 34mag.net

13 лучших треков июня

13 лучших треков июня

Что слушает Денис «Грязь»?

Что слушает Денис «Грязь»?

11 любимых песен Дениса Астапова.

Островок Свободы на Свободы. «Меломаны» – уже главное место лета-2019

Островок Свободы на Свободы. «Меломаны» – уже главное место лета-2019

Адрес новой площадки Старцева оказался ее идеальным описанием.

Что слушает Deech?

Что слушает Deech?

Электроника, электроника и еще раз электроника: слушаем любимые треки Deech.

Вечеринкам Locals – год. Как прошел их день рождения?

Вечеринкам Locals – год. Как прошел их день рождения?

Как разогнать свои вечеринки с нуля до сотен человек за один год.

10 неочевидных фестивалей на лето

10 неочевидных фестивалей на лето

Все еще не знаешь, куда рвануть летом? Лови полезный гайд от музыканта Олега Гаруса.

Dee Tree выпустили альбом «All is 111» и рассказали нам о нем

Dee Tree выпустили альбом «All is 111» и рассказали нам о нем

Минская соул-группа – о своем дебютном альбоме и работе с «Мастерской».

Одно «Сияние», много безделья – минский Hide знает веселье

Одно «Сияние», много безделья – минский Hide знает веселье

«Сияние» вновь накрыло Октябрьскую.

Это «Дур». Как в Бельгии собрали главный рэп-лайнап лета

Это «Дур». Как в Бельгии собрали главный рэп-лайнап лета

Все еще не знаешь, куда поехать летом? Подобрали лучший вариант для фанатов хип-хопа.