Гульня ў класіку: інтэрв’ю з Марыяй Калеснікавай

Экспрэсіяністы, мінімалісты, дадэкафонія, авангард – лічыш, што класічная музыка неактуальная? Тады табе дакладна трэба пазнаёміцца з Ксенакісам, Кейджам, Штакхаўзэнам і яшчэ добрым стосам сучасных кампазітараў. Мы сустрэліся з беларускай флейтысткай і выкладчыцай Марыяй Калеснікавай, якая правяла нас у свет сучаснага авангарду, а таксама распавяла, чаму ў свеце так мала дырыжорак і як год пісаць оперу, не хвалюючыся пра ежу.

 

Марыя Калеснікава

– менеджарка ў творчым аб’яднанні Artemp, аўтарка цыклу лекцый «Урокі музыкі для дарослых», па-майстэрску валодае флейтай. Зараз жыве ў Германіі, дзе атрымала дзве вышэйшыя музычныя адукацыі. Перыядычна прыязджае ў Беларусь, дзе ладзіць свае авангардныя праекты.

 

 

Пачатак шляху


– Музычная школа, каледж па класе флейты, кансерваторыя – мой шлях быў як ва ўсіх музыкаў. Але ў 25 год я паехала вучыцца ў Германію, каб авалодаць майстэрствам ігры на гістарычных (аўтэнтычных) інструментах, кшталту драўлянай флейты без клапаннай сістэмы. У Штутгарце я пазнаёмілася з сучаснымі кампазітарамі і сучаснай музыкай. У выніку там і атрымала два еўрапейскія магістры – адзін старажытнай, другі сучаснай музыкі.

 

 

Neue Musik


– Я граю авангардную акадэмічную музыку, якую яшчэ называюць сучаснай ці актуальнай акадэмічнай музыкай (neue musik – новая музыка). У акадэмічнай музыцы, як і ва ўсім мастацтве ІІІ тысячагоддзя, адбываецца сінтэз усяго з усім. Свет становіцца вельмі адкрытым і адыходзіць ад кансерватызму, ідзе абмен ідэямі не толькі паміж выкладчыкамі і вучнямі, але і на глабальным узроўні. Напрыклад, я магу ў Facebook напісаць амерыканскаму кампазітару, твор якога чула ў Youtube, папрасіць выслаць мне ноты для выканання – і праз 15 хвілін яны ў мяне на руках. Глабалізацыя – вельмі вялікі плюс для мастацтва.

 

«Я магу ў Facebook напісаць амерыканскаму кампазітару, твор якога чула ў Youtube, і папрасіць выслаць мне ноты для выканання»

 

Засталіся, канешне, класічныя канцэрты, куды ты прыходзіш і слухаеш двухгадзінны твор сучаснага кампазітара, але цяпер практычна заўсёды адбываецца нейкі перформанс: альбо музыкі самі займаюцца сцэнічным (музычным) тэатрам, альбо адначасна адбываецца нейкі хэпенінг і публіка ўцягваецца ў перформанс і становіцца часткай выступлення. Не абыходзіцца без візуальнага шэрагу, светлавых эфектаў, інсталяцый, працы з танцорамі, пластычнага тэатра і тэатра ценяў – усяго што заўгодна. Акрамя таго, з другой паловы 20 стагоддзя актыўна ўжываюцца тэхналогіі, калі прама з планшэта можна кіраваць рознымі эфектамі і рабіць уласнае шоу.

 

 

 

 

 

 

Музычны тайм-менеджмент


– Я, хутчэй, выключэнне з правілаў, бо большасць музыкаў занятыя альбо ў аркестры, альбо ў нейкай арганізацыі. Яны працуюць у першую палову дня, у другую – самастойна рэпетуюць і выступаюць некалькі разоў на тыдзень. Я не залежу ад аркестраў ці інстытуцый, сама сабе менеджар і імпрэсарыа. Раней мяне запрашалі ў праекты, а цяпер я арганізоўваю іх сама і, калі прыязджаю ў Беларусь на некалькі дзён, прысвячаю ім увесь свой час. Дзякуючы гэтаму ў мяне ёсць магчымасць сябе больш поўна выражаць і не залежаць ад нейкіх чужых задум.

Я чэрпаю натхненне з немузычных крыніц. Цяпер мяне вельмі цікавяць сацыяльныя тэмы, у тым ліку звязаныя з музыкай: музыка Халакосту, музыка і палітыка, жанчыны ў музыцы, музыка і тэхналогіі.

 

 

Artemp


Artemp – гэта аб’яднанне творчых людзей, якім цікава ўцягваць слухачоў у свет сучаснага мастацтва праз лекцыі, выставы, перформансы. Да маёй вялікай радасці, Даша Мароз і Марк Прыходзька запрасілі мяне да сябе, і ўтраіх мы з’яўляемся адначасна і музыкамі, і арганізатарамі гэтай міжнароднай ініцыятывы. Міжнароднай, бо ўсе жывем у розных краінах і шмат гастралюем. Сваю дзейнасць мы пачалі перформансам 1 чэрвеня 2017 у галерэі «Ў». У жніўні таксама былі выступы, а цяпер гэта лекцыі. Наша ідэя – не толькі запрашаць на канцэрты, але і прапаноўваць людзям пэўную тэарэтычную падрыхтоўку, бо інфармацыю пра актуальнае мастацтва складана атрымаць наўпрост, калі ты гэтым не цікавішся. Прытым што ў Беларусі гэты пласт абсалютна незаняты.

 

 

Сучасная акадэмічная музыка і Беларусь


– Сучасная акадэмічная музыка ў Беларусі толькі развіваецца, таму мне заўсёды хацелася распаўсюджваць цікаўнасць да гэтага. Але адной гэта рабіць вельмі складана. Я ўдзячна «ЦЭХу», дзе я прачытала вялікую колькасць лекцый за два гады, Гошы Заборскаму з ОК16, клубу інтэлектуальнага вольнага часу «Факультатыў», з якім цяпер супрацоўнічае Artemp. Без дапамогі адзінкавых людзей і арганізацый такія праекты ў нас рабіць немагчыма. Беларусь адрозніваецца ад сусветнага і еўрапейскага кантэкстаў яшчэ і характарам узаемадзеяння мастацтва і грамадства. У нас займацца мастацтвам і прапаноўваць нейкія новыя праекты складана: тут трэба рабіць усё самому. Да таго ж мала салідарнасці, якой у прафесійным і чалавечым асяродку можа быць больш.

 

 

Месца жанчыны ў музыцы


– Да нядаўняга часу музыка, як і іншая дакладная навука, была сферай мужчын. Тут я маю на ўвазе не выкладанне, а высокі прафесійны ўзровень. У постсавецкай прасторы жанчыны ўжо даўно былі ў аркестры, у еўрапейскіх краінах працэнт жанчын павысіўся за апошнія 20-30 гадоў, але ў некаторых аркестрах, відавочна, жанчын меней за мужчын. Ёсць нават паняцце нежаночага інструмента: трамбон, віяланчэль, кантрабас, труба. У Еўропе існуюць цэлыя брас-ансамблі, якія складаюцца толькі з дзяўчат.

 

«Ёсць нават паняцце нежаночага інструмента: трамбон, віяланчэль, кантрабас, труба»

 

З дырыжорамі сітуацыя складаней. У вышэйшай лізе дырыжорак узроўню Даніэля Барэнбойма, Герберта фон Караяна ці Леанарда Бернштэйна пакуль што няма. Зразумела, што сітуацыя змяняецца, бо накопліваецца крытычная маса актыўных жанчын. І гэта цудоўна, але дырыжор – вельмі складаная прафесія ў псіхалагічным і фізічным планах. Каб ім стаць, трэба мець унікальныя веды і шмат сілаў. Дарэчы, першая савецкая дырыжорка была з Беларусі – гэта Таццяна Каламійцава, якая дырыжыравала шматлікімі пастановамі ў Оперным тэатры і сама па сабе ўнікальная асоба. Яна свядома абрала такі шлях і казала: «Альбо – каструлі, альбо –музыка», артыкулюючы праблемы, якія мала хто ўздымае ў нашай спецыяльнасці. Я дырыжую вакальным ансамблем, але для мяне гэта хобі.

 

 

Урокі музыкі для дарослых


– Ці патрэбная музычная адукацыя? Яна неабходная. У любым узросце можна пачынаць займацца музыкай: вывучаць тэорыю, ці проста граць на інструменце, альбо спяваць. Чыста фізіялагічна музыка развівае мозг, эмпатыю і эмацыйны інтэлект, з’яўляюцца новыя нейронныя сувязі, хутчэй вывучаюцца замежныя мовы. Ёсць дадзеныя, што, калі дзеці з пяці гадоў займаюцца музыкай, у іх праз год на 90% слоўнікавы запас большы, чым у іх немузычных аднагодак. А ў дзяцей, якія нават адзін год прысвяцілі музыцы, мазолістае цела (аб’ядноўвае два паўшар’і мозгу) на 20% большае.

Талент тут наогул не мае значэння: усе здольнасці развіваюцца, і самы вялікі стэрэатып – не займацца музыкай з-за адсутнасці слыху. Слых ёсць ва ўсіх. Ён развіваецца, як і пачуццё рытму. Але на гэта патрэбны час.

 

 

Немцы і музыка


– У Германіі 90% насельніцтва валодае музычнай граматай і на культуру выдзяляецца вялікая колькасць дзяржаўных і прыватных грошай. Музычная адукацыя інтэгравана ў школьную праграму, і ў кожнай школе ёсць свой хор ці аркестр. Таму дзеці на Раство і могуць праспяваць каля 40 калядных песень. Там музыка – частка жыцця грамадства.

 

«Стыпендыя па кампазіцыі ў Siemens дазваляе кампазітару год працаваць над стварэннем оперы і не думаць, што есці»

 

Калі ў цябе ёсць ідэя, ты можаш з ёй звярнуцца ў 5-6 мясцовых інстытуцый, якія маюць пэўнае фінансаванне і арганізатарскія паўнамоцтвы. Mercedes, Bosch, Samsung, Siemens – усе маюць фонды, якія падтрымліваюць культуру. Напрыклад, стыпендыя па кампазіцыі ў Siemens дазваляе кампазітару год працаваць над стварэннем оперы і не думаць, што есці. У Германіі таксама не ходзяць па 2000 чалавек на канцэрты сучаснай музыкі, але людзі разумеюць, што мастацтва вельмі важнае. Таксама, як развіццё тэхналогій. Табе можа не падабацца наяўнасць штучнага інтэлекту, але ён ужо ёсць і будзе развівацца. Гэта тое, што ад цябе не залежыць. У цябе ёсць толькі магчымасць падтрымаць гэта, паўдзельнічаць, зрабіць вынік больш якасным.

Шкада часам, што нашы студэнты, якія, па ідэі, павінны быць самымі актыўнымі і авангарднымі, не занадта ініцыятыўныя. У Facebook ты можаш напісаць любому прафесару, і з 99% верагоднасцю табе адкажуць. Мала таго, што ён адкажа мо ў той жа дзень, дык і адказ будзе пазітыўны. Музыкі адзін аднаго падтрымліваюць, асабліва ў Еўропе і Амерыцы. Я звычайна заклікаю ўсіх, каму цікавае сучаснае мастацтва ці хто хацеў бы з ім пазнаёміцца, звяртацца да нас – мы ўсё раскажам, пакажам, чаму гэта важна, як яго развіваць. Бізнэс варты не толькі таму, што зарабляе грошы, але і таму, што паляпшае жыццё грамадства. А мастацтва – гэта тое, што робіць жыццё якасна іншым.

 

 

Сакрэт поспеху


– Важна быць адкрытым свету і спазнаваць усё, што блізка і далёка, каб сябе ўзбагачаць. Паверце, не было ніводнага прафесіянала ў сваёй вобласці, якому б не казалі, што ўсё, што ён робіць, дрэнна і было б лепш, каб ён гэтым не займаўся. Усе праз гэта праходзяць, абсалютна ўсе. Трэба ніколі не спыняцца і проста атрымліваць асалоду, бо, калі праца прыносіць радасць, ты на верным шляху.

 

 

 

Што яшчэ глядзець па сучаснай класіцы:

 

  Гайд ад The Village «Як пачаць разбірацца ў сучаснай акадэмічнай музыцы»

  Аўтарскі гайд для пачаткоўцаў ад філантропа Люка Мюльхаўзэра

  Паблік у VK «E:\music\contemporary classical»

  Інтэрв’ю з Габрыэлем Пракоф’евым, унукам вядомага кампазітара Сяргея Пракоф’ева

  Плэйліст у Spotify з сучаснай класікай

  20 самых прэстыжных адукацыйных музычных праграм у свеце па версіі Online School Center

 

 

Фота – Мікалай Менцюк, Максім Шумілін, Кацярына Нікановіч і Андрэй Калеснікаў

Фанк соул бразерс: интервью с Groove Dealers

Фанк соул бразерс: интервью с Groove Dealers

Молодая рагга-фанк-группа – о том, как играть концерты, после которых вправляют суставы.

Лепшыя кліпмэйкеры Беларусі

Лепшыя кліпмэйкеры Беларусі

Разбіраемся, хто робіць відэа для нашых музыкаў: ад прыхільнікаў якаснага DIY да масцітых маэстра.

Вечное «Сияние» минской «Молодости»

Вечное «Сияние» минской «Молодости»

Чем минские рейвы отличаются друг от друга и какая концепция нового клуба «Молодость» – рассказывает Алена Гайдук, основательница вечеринок «Сияние».

Музыкальный толковый словарик. Выпуск #3

Музыкальный толковый словарик. Выпуск #3

Автотюн, YOLO, эдлиб и еще 13 терминов, которые пригодятся тебе в общении с музыкантами.

Новые альбомы: Black Rebel Motorcycle Club, Camila Cabello и Børns

Новые альбомы: Black Rebel Motorcycle Club, Camila Cabello и Børns

12 свежих пластинок этой недели. Осторожно: много гитарного рока!

34 Mixes #9: Logika Ritma

34 Mixes #9: Logika Ritma

Паўтары гадзіны немэйнстрымнага тэхна ад вядомых музычных падкасцераў.

Пра што марыць хваля: інтэрв’ю з Dlina Volny (BY, RU & EN versions)

Пра што марыць хваля: інтэрв’ю з Dlina Volny (BY, RU & EN versions)

Гутарым з маладым постпанк-гуртом пра натхненне alt-J’ем, незвычайны голас вакалісткі і новы альбом, які выйдзе ўвесну.

Музыкальные тренды 2018 года

Музыкальные тренды 2018 года

Кого мы будем слушать в этом году и что изменится в музыкальной индустрии – гадаем на бараньей лопатке.

Европейские туры музыкантов (обновлено)

Европейские туры музыкантов (обновлено)

Где и каких артистов ловить с концертом ближайшие полгода.