«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

У мінулым артыкуле паводле падкасту «Ікарус: гісторыі электронная музыкі Беларусі» мы назіралі, як зерне клубнай культуры было занесенае ў Менск, сёння ж прасочым за першымі яе парасткамі на беларускай глебе. Ад школьных актавых залаў да рэйва ў тэлестудыі на Макаёнка, ад вечарынак у Альтэрнатыўным тэатры да поўнафарматнага тэхна-клуба – распавядаем, як развівалася беларуская электронная сцэна ў першай палове 1990-х.

 

 

«Інтраверсія» ў школе на Чыгладзэ з гангстарамі на «мерседэсах»

Пасля няўдалай спробы першага менскага рэйву арганізатары, як ні дзіўна, узяліся за вечарынкі з новым энтузіязмам. Так выйшла, што на тым рэйве ў Манежы прысутнічаў бізнэсмэн Ігар Шостак, уладальнік кампаніі «Шо Монополі», і перад новым, 1993 годам ён запрасіў хлопцаў адыграць на сваёй дыскатэцы ў 8-м корпусе палітэху. Там стаяў класны сучасны гук і моднае святло. Потым у лютым прайшла яшчэ адна вечарынка ў бары «Зодчие», дзе светлавік Уладзімір Кустаў уразіў усіх лазерамі, а дыджэй Клаус упершыню адыграў свой сэт.

«У выніку Лёша Смякалін знаёміць мяне з Клаусам і Алікам [Андрэем Афанасьевым і Айратам Хузіным. – заўв. рэд.], – кажа Аляксей DJ I.F.U. Кутузаў, – і прадстаўляе мяне як дыджэя, у якога ёсць цікавая музыка і якую ён круціць у сябе на дыскатэцы. Мы адразу пасябравалі, і яны папрасілі ў мяне перапісаць музыку. Як тады памятаю, я толькі выменяў у Клубе меламанаў кампакт-дыск Coil «Snow EP». Гэта было такое класнае танцавальнае, атмасфернае тэхна 1991 года. У выніку я даў ім яго перапісаць. Яны кажуць: “Едзем у Піцер, будзе вечарынка «Горкі дом», робяць нашыя сябры Іван Салмаксаў, Лёша Хаас. Будуць граць замежныя дыджэі. Паехалі!”

І вось, у прынцыпе, мая першая сапраўдная андэграўндная вечарынка з дыджэямі і музыкай нон-стоп здарылася ў тэатры імя Горкага, таму яна называлася “Горкі дом”. Гэта быў люты 1993 года. Граў тады DJ Pierre, легенда з Бельгіі. Гэта было, вядома, поўнае адкрыццё: лазеры, круты гук. Усе танчаць на сцэне – і на сярэдзіне вечарынкі яна пачынае круціцца. Канешне, мы адтуль вярнуліся пад вялікім уражаннем.

І ўжо наступную вечарынку, якую рабяты рабілі, я ўжо і наведаў, і стаў дапамагаць у арганізацыі. Усё гэта называлася F. U. Entertainment, як філіял расійскага F. U. Entertainment».

Клаус тады сябраваў з Іванам Салмаксавым і жартам прапанаваў напісаць на постары назву арганізацыі, якая займалася правядзеннем вечарынак у Маскве. Так нарадзілася назва першай прома-групы Менска.

«Трэба разумець, што вечарынкі не праходзілі кожны тыдзень, як цяпер, – працягвае Кутузаў. – Яны праходзілі раз на два-тры месяцы. Таму залатая моладзь вельмі моцна чакала гэтага моманту, усе рыхтаваліся да наступнай вечарыны».

Наступная значная вечарынка пад назвай «Інтраверсія» была запланавана на 3 ліпеня 1993-га ў памяшканні Маладзёжнага тэатра на Крапоткіна. Аднак у хлопцаў узніклі пэўныя складанасці.

«Мы арандавалі памяшканне Маладзёжнага тэатра, якое якраз адкрывалася пасля рамонту,распавядае Клаус. – Закупілі неабходныя прадукты і алкаголь у бар, заказалі апаратуру, зрабілі рэкламу, правялі шырокую рэкламную акцыю сярод нефармальнай моладзі нашага горада. І тут, літаральна ў той дзень, калі мелася адбыцца вечарынка (у адзінаццаць вечара быў старт), раніцай патэлефанаваў дырэктар Маладзёжнага тэатра і сказаў, што вечарынкі не будзе, бо не гатовая дакументацыя пасля рамонту і гарвыканкам забараніў правядзенне падобных акцый. Мы вельмі знерваваліся і ўжо было пачалі апавяшчаць людзей аб тым, што вечарынка не адбудзецца, як у мяне ўзнікла думка (бо ўсё ўжо было практычна гатова) проста перанесці ўсё гэта ў нейкае іншае памяшканне.

І зусім выпадкова мы знайшлі ў сярэдняй школе на вуліцы Чыгладзэ [прыватны сектар у раёне Масюкоўшчыны. – заўв. рэд.] сярэднюю школу з прыдатнай актавай залай, перавезлі ўсю неабходную апаратуру, бар, а для людзей, якія прыходзілі непасрэдна да Маладзёжнага тэатра, мы арганізавалі бясплатны аўтобус.

Вечарына, як ні дзіўна, атрымалася даволі ўдалай. Усім сарвала дах! Нароўні з моладдзю, якая ўсё гэта правільна ўспрыняла, прыязджалі яшчэ нейкія гангстары на "мерседэсах" і "БМВ"... Яны пакінулі кучу грошай у барах, а потым паціскалі руку і казалі: "Здорава! Нарэшце і ў нас у горадзе нешта цікавае стала адбывацца ў плане танцавальнага вольнага часу"».

 

«Раніцай патэлефанаваў дырэктар Маладзёжнага тэатра і сказаў, што вечарынкі не будзе»

 

25–26 верасня 1993 года прамоўтар Мікалай Мятліцкі, які меў сувязі з еўрапейскімі тур-агентамі, зладзіў вечарынку Holland Underground Party у Інстытуце замежных моў (цяперашні Лінгвістычны ўніверсітэт), куды запрасіў галандскіх дыджэяў. Яны прывезлі прайгравальнікі Technics, і ўпершыню ў Менску на тусоўках загучаў вініл.

 

 

Альтэрнатыўнае жыццё за 15 даляраў у кішэні

«Пасля мы знайшлі пляцоўку Альтэрнатыўнага тэатра, – згадвае Кутузаў. – Гэта была вельмі добрая прастора, там Сяргей Фяненка паказваў кіно – рабіў такі лікбез: паказваў усяго Грынуэя, Дэвіда Лінча, Джармуша, Джармэна. Уся прагрэсіўная моладзь туды хадзіла, плюс “Беларускі клімат” там рабіў канцэрты.

Мы там аселі і зрабілі 4-5 вечарынак з перыядычнасцю раз на месяц. Туды прыязджалі першыя замежныя дыджэі, прывозіў іх наш даўні таварыш Коля Мятліцкі. Ён сябраваў з British Council і прывозіў такіх артыстаў, як Laibach і Марк Алманд [вакаліста гурта Soft Cell – заўв. рэд.]».

Альтэрнатыўны тэатр стаў унікальным феноменам новай эпохі. Пачынаўся ён яшчэ ў канцы 80-х як тэатральны гурток пры Палацы культуры чыгуначнікаў. Пасля нейкі будаўнічы інстытут прапанаваў ім памяшканне на Крапоткіна, дзе тэатр ужо напоўніцу разгарнуў сваю дзейнасць. Туды сцякаліся зусім розныя людзі: розных прафесій, жыццёвых поглядаў і каштоўнасных арыенціраў. Яны абменьваліся досведам і тут жа прыдумлялі штосьці новае.

На базе Альтэрнатыўнага тэатра была створана агенцыя «Клас-Клуб», якая стала ладзіць творчыя вечары з Ахеджакавай, Жванецкім і Райкіным, а пазней займалася прывозамі сусветных зорак, кшталту Scorpions, Deep Purple і Sting.

Задумка Альтэрнатыўнага тэатра палягала ў тым, што новы клас багатых людзей мусіць падтрымліваць асяроддзе, у якім яны растуць, і мяняць яго. Фармуючую ролю сыграў Альтэрнатыўны тэатр і для электроннай сцэны Менска. Па словах Аляксея Кутузава, ён стаў першым месцам у горадзе, дзе «людзі даведаліся, што такое сапраўднае клубнае жыццё». Вось як вечарыны ў тэатры апісвала газета «Няміга»:

«Штучны сінтэтычны гук, хуткі рытм, нескладаная пабудова, мелодыя, якая вызваляе ўнутраную энергію, – усё гэта музыка сённяшніх дыскатэк і незалежная музыка адначасова. Гэта тэхна. Музыка будучыні. Яна напоўненая эксперыментамі, гнуткая і пругкая, ёй наканавана жыць. І слухаюць яе ўжо новыя людзі, ім цяпер няма і дваццаці, і імя ім – рэйверы. Маючы ў кішэні 15 даляраў, вы можаце выдатна адпачыць на тэхна-вечарыне, якую асацыяцыя F. U. Entertainment двойчы на месяц праводзіць у будынку Альтэрнатыўнага тэатра. Ужо амаль год гэтае месца з’яўляецца апорай моладзі, што мысліць незалежна. Тут можна выпіць, пагутарыць з сябрамі, патанчыць».

 

«Задумка Альтэрнатыўнага тэатра палягала ў тым, што новы клас багатых людзей мусіць падтрымліваць асяроддзе і мяняць яго»

 

 

Мікалай Мятліцкі ў лютым 1994 года прывёз галандцаў на цэлы месяц. Ён зладзіў серыю вечарынак Windmills and Cheese («Млыны і сыр»), куды запрасіў піянераў нідэрландскай клубнай сцэны DJ DNA і MC Buddha разам з саўндсістэмай.

Тады DNA так адгукаўся аб менскай публіцы: «І там, і тут моладзь аднолькавая. Толькі што нашы апранутыя лепш. Але вы ўсе тут і апранутыя, і трымаецеся гэтак жа, як і нашыя ў такіх месцах».

У тэатра была распрацавана сістэма абанементаў: былі абанементы клуба кіно, музыкі. Сваю сістэму клубных карт прыдумалі і F. U. Entertainment.

«Надрукавалі зялёненькія карткі F. U. Entertainment, пранумаравалі іх, – кажа Кутузаў. – З-за таго, што я жыў у цэнтры і ўжо больш-менш ведаў усіх рэйвераў і мяне ўсе ведалі, мяне зрабілі спецыялістам па сувязях з грамадскасцю, што значыла – прадаваць клубныя карты. Ты купляеш яе за $10-15, і яна дае табе права праходу на наступныя чатыры вечарынкі F. U. Entertainment у Альтэрнатыўным тэатры. Як зараз памятаю, я прадаў 92 клубныя карты. У некаторых людзей яны да гэтага часу захаваліся як рэліквія».

Пазней будынак Альтэрнатыўнага тэатра быў выкуплены аўстрыйскім банкам Raiffeisen, які забраў памяшканне, тэатр закрылі, а там адкрылі разлікова-касавае аддзяленне «Прыорбанка». Так скончылася гісторыя першага альтэрнатыўнага клуба Менска.

 

 

F. U. Entertainment у шапіто: «Хлопцы, у нас нястача»

Пасля закрыцця Альтэрнатыўнага тэатра F. U. Entertainment перайшла ў цырк-шапіто, які знаходзіўся на месцы колішняга парка забаў Dreamland. «Там стаяла вялізная цыркавая палатка, дзе ў летнім фармаце адбылося дзве ці тры вечарынкі, – згадвае Кутузаў. – Затым мы зрабілі вечарынку ў Доме літаратараў каля Парка Горкага. Добрае было памяшканне, у іх там быў зімовы сад, там можна было выдатна чыліць. Я памятаю, тады быў прарыў: на вечарынку прыйшло ўжо 300 чалавек. Гэта было ваў!»

Трэба ўлічваць, што тады яшчэ не рабілі афіш – усё ішло праз сарафаннае радыё. Лёша Кутузаў рабіў 4-5 званкоў па спісе людзей з клубнымі картамі і апавяшчаў некалькі розных тусовак. Таксама казаў аб гэтым знаёмым, якіх сустракаў на вуліцы. Адпаведна, не было тады і дыджэйскіх імёнаў, былі нейкія мянушкі. Мянушка Клаус, у Лёшы з'явілася мянушка Ifeelyou – даніна павагі гурту Depeche Mode.

 

«Усё ішло праз сарафаннае радыё»

 

«У цырку-шапіто справы F. U. Entertainment скончыліся не вельмі добра, – працягвае Лёша, – бо ў нас быў дырэктар Алег Рудамінскі – дарослы мужык, нашмат старэйшы за нас, малалетак. Ён у гэтым бачыў фінансавую жылку і відавочна зарабляў нейкае баблішка сабе ў кішэню. Мы тады не думалі пра грошы, проста весяліліся, слухалі музыку, тусаваліся і асабліва не глядзелі на бізнэс-бок вечарынак. У выніку ён нам аб'яўляе: “Хлопцы, у нас нястача, нам не хапае 300 долараў, каб пакрыць арэнду цырка-шапіто, але калі мы пакрыем, то будзем далей рабіць там вечарынкі”. І я, як добры, наіўны і самы малодшы, пайшоў да сваёй мамы, пазычыў у яе 300 долараў і прынёс іх у тусоўку. Мне сказалі: "Лёша, вялікі дзякуй!" І я так зразумеў, што гэтыя 300 долараў у мяне за спінай раздзярбанілі ці Рудамінскі сабе паклаў больш за ўсё. Але ў выніку F. U. Entertainment пасля гэтага разваліліся і, па сутнасці, я ўсім жартам кажу, што брэнд F. U. Entertainment застаўся за мной, набыты за 300 долараў».

 

 

Тэхна ад Міцяя: да дванаццаці і годзе

У 1994-м вечарыны сталі праходзіць і ў ДК трактарнага завода. Іхным арганізатарам стаў Міця Грышанаў aka DJ Міця, які пачынаў яшчэ ў 1991-м з вечарын у інтэрнаце архітэктурнага факультэта палітэху. Яны называліся «Тэхна ад Міцяя» на дыскатэцы «Без цара ў галаве». Можна толькі ўявіць, што там дзеялася. Праз некаторы час міліцыя ўсю гэтую справу закрыла, бо некаторым сем'ям, якія жылі ў інтэрнаце, здавалася, што было вельмі шумна.

«Гэта доўжылася максімум паўгода, – кажа Міця. – Раз на месяц, можа нават раз на два. Але на іх было вельмі весела. Я там граў рэміксы, напрыклад Depeche Mode, Kraftwerk. Карл Барташ выпусціў у праекце Elektric Music шыкоўны альбом “Esperanto”, я тады там прэзентаваў яго – усе моцна танчылі. Bjork тады выпусціла альбом “Debut”. Тамтэйшыя пару трэкаў выдатна пасавалі пад наш настрой.

Пасля гэтага я зразумеў, што трэба рабіць нешта сваё, бо я яшчэ пабываў на вечарынках F. U. Entertainment у Клауса. Я часцяком хадзіў на яго начныя вечарынкі. Пра іх асабліва нікому не казалі, гэта распаўсюджвалася толькі сярод сваіх. Як у Англіі, ведаеш, першыя рэйвы. Толькі па тэлефоне, там недзе нешта, нехта камусьці флаер на вуліцы дасць. Я, здаецца, праз Лёшу Ifeelyou пра іх даведаўся.

І я такі думаю, маўляў, гэта ж класна, я магу такія ж дыскатэкі рабіць, як Клаус. Падзбіраў музыкі, дыскаў, ужо тады кампакт-дыскі з'явіліся. Тады акурат выйшаў альбом Sven Väth, які называецца “The Harlequin, The Robot And The Ballet-Dancer”. І я з гэтай кружэлкай і кучай касет выступіў першы раз у ДК Чыгуначнікаў. Дыскатэкі былі вячэрнія, недзе да 12, але нам хапала. Усе, хто хадзіў на Клауса, сталі хадзіць і на нашыя вечарынкі. У Клауса тусоўкі адбываліся раз на месяц, і людзі потым доўга чакалі, а я палегчыў ім горыч чакання. І сам Клаус прыходзіў таксама. Усе казалі: “Дзякуй, класна, нарэшце нехта з'явіўся яшчэ”».

 

 

Аляксей Кутузаў:

«Пасля гэтага я ўжо сябраваў з хлопцамі па імені DJ Міця і DJ Палёны. Яны хадзілі на нашыя вечарынкі. Мы адразу з імі аб'ядналіся і стварылі прома-групу Intensive Music Club – “Клуб інтэнсіўнай музыкі”».

Міця Грышанаў:

«Палёны дапамагаў мне з транспартам, таксама дамаўляўся, увогуле незаменны чалавек. Мы прыдумалі, што будзем называцца Intensive Music Club. Ён настолькі быў потым на слыху, што некаторыя думалі, што так увогуле называецца ўся гэтая музыка».

 

 

Першы клубны гламур – з фэйскантролем і какаінам

У 1995 годзе адкрыўся клуб-бар пад назвай «Адыс-Абеба». Ён знаходзіўся ў кінатэатры «Піянер». Упор быў на reggae і dub-музыку, але часам праходзілі разнапланавыя вечарынкі. У бары тусавалася менская багема: тусоўшчыкі, рэкламшчыкі, мастакі, фатографы, музыкі кшталту «Ляпис Трубецкой», Drum XTC і ўвесь «Беларускі клімат».

«Гэта было класнае месца, – распавядае Мікалай Мятліцкі. Ён працягнуў галандска-беларускі канэкт і зноў прывёз DJ DNA, а разам з ім нідэрландскую саксафаністку Saskia Laroo. Вечарынка праходзіла ў «Адыс-Абебе», але мела цікавы працяг. – Хтосьці даведаўся, што прылятае галандская трубачка. Дзецюкі на модных аўтамабілях пытаюцца: “Гэта ты прывёз яе? Давай яна ў нас у клубе сыграе. У нас па суседстве ў Доме афіцэраў ёсць клуб, называецца Xantia. Саскія пагадзілася. Вядома, публіка там была зусім іншая, сядзелі там сур'ёзныя людзі ў малінавых пінжаках, з сур'ёзнымі тварамі».

Па словах Кутузава, у Xantia упершыню з’явіўся гламур. Клуб быў названы ў гонар папулярнай тады мадэлі Citroen: напачатку там размяшчаўся аўтамабільны салон, а вечарам круцілі дыскатэкі. Туды сталі падцягвацца бандыты і кактэйльная публіка. Уваход каштаваў 20 даляраў, з’явіўся першы фэйскантроль і какаін. Некалькі разоў там адбываліся перастрэлкі і панажоўшчына.

Клуб знаходзіўся ў рытуальнай залі. Днём там маглі хаваць вышэйшы афіцэрскі склад, а ўначы былі танцы. Антураж – чорны граніт, на сценах – дэкаратыўныя металічныя факелы. У цэнтры залы – прастакутнік белага колеру, куды ставіўся лафет з труной.

 

«Днём там маглі хаваць вышэйшы афіцэрскі склад, а ўначы былі танцы»

 

Клаус пазнаёміўся з галоўным прамоўтарам Xantia Аляксандрам Манышавым і пачаў арганізоўваць штотыднёвыя вечарыны па серадах. Сёння Манышаў адзін з кіраўнікоў кампаніі «Карпарацыя забаў» і Atom Entertainment, пазней ладзіў вялікія камерцыйныя фэсты кшталту Global Gathering і гастролі замежных зорак, напрыклад Depeche Mode.

«Там усё было мармурам абабітае, акустыкі ніякай, такое рэха, што проста... – згадвае Міця. – Але ўсім было нармальна. Там праходзілі папсовыя дыскатэкі, а па серадах граў Клаус. Тыпу серада, некамерцыйны дзень, каму трэба, той прыйдзе. А народу на вечарынках Клауса было проста валам, і нікога не спыняла, што заўтра на працу. Гэта была быццам субота пасярод тыдня».

 

 

The Switch Club: не тэхна і хаўсам адзінымі

«Усё было добра, дружна ў нас праходзіла. Адзінае, што з Міцем і Палёным мы злёгку ў музычным плане разыходзіліся, – працягвае Лёша Кутузаў. – Калі мяне больш цягнула ў андэграўнд, эйсід-хаўс, тэхна, то яны больш імкнуліся ў бок хаўс-музыкі, дыска-хаўсу.

Мы з Ярыкам, будучым дыджэем, паехалі ўдвох адпачываць у Ялту. Там мы зразумелі, што сыходзімся ў музычных густах. І я вырашыў аддзяліцца ад Міці з Палёным, каб яны паралельна займаліся дыска і хаўсам, а мы з Ярыкам прыдумалі лэйбл The Switch Club. Па вяртанні з Ялты мы з Міцем і Палёным добра пагаварылі, нармальна разышліся – і моцна стрэлілі сваім новым лэйблам.

У нас было гучнае адкрыццё ў тэатры “Вольная сцэна”, цяпер гэта Драматычны тэатр на вуліцы Крапоткіна. Мы дамовіліся з тэатрам, што спачатку пакажам спектакль. Пасля ў нас быў канцэрт “Беларускага клімату”, Drum Extasy, Валіка Грышко, The R.A.F. Golf Clubs, HDDn Name, а астатнюю частку ночы, з 12 да 6, граў я».

Пасля гэтай вечарынкі ўвесь прасунуты горад зразумеў, што ўсё сур'ёзна. «Беларускі клімат» і арганізацыя New Faces прапанавалі The Switch Club’у курыраваць культурную частку абмену «Менск – Эйндховен». І восенню 1995 года прыехала наступная дэлегацыя з Нідэрландаў. Больш за 20 чалавек: фатографы, дызайнеры, грамадскія дзеячы, эколагі, віджэі, рэжысёры. Тады таксама прыехаў noise-industrial гурт Zombies Under Stress і рэзідэнт легендарнага клуба Effenaar DJ Rude-E

 

 

Rude-E, вядома, прывёз з сабой гару вінілу і прайгравальнікі. У Менску ў гэты тыдзень упершыню прагучала музыка ў стылях big beat, breakbeat, jungle і drum'n'bass. Гэта перавярнула свядомасць многіх людзей, і ў тым ліку Аляксея Кутузава. Тады ён зразумеў, што techno і house – гэта добра, але стала вельмі цікава паглыбіцца ў ламаныя рытмы.

 

«У Менску ў гэты тыдзень упершыню прагучала музыка ў стылях big beat, breakbeat, jungle і drum'n'bass»

 

 

Рэйв на 1000 чалавек у тэлестудыі на Макаёнка

Завяршыў багаты на падзеі 1995 год рэйв у тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі. Задумаў гэту тусоўку Саша Бальшавік, тагачасны ўладальнік буйной камп’ютарнай фірмы. Ён пазней адкрые клуб «Салют», а тады захацеў пратэсціць паспяховасць ідэі з рэйвам.

«Забраніравалі вялікую студыю на Макаёнка: вялізныя столі, шмат гуку Dynacord, лазеры – усё добра было арганізавана. Планавалася, што адна вечарынка будзе 30 снежня, а другая – 31-га, – згадвае Кутузаў. На той час Міця з Палёным на некаторы час спынілі дзейнасць, а Ярык яшчэ не адкрыў сваю дыджэйскую чакру. Таму прапанова пайграць на рэйве прызначалася толькі Лёшу. – Ярык са сваім сябрам апгрэйдзіў касетныя дэкі "Радыётэхніка”. Яны ўбудавалі туды рэзістары, і можна было круціць колца і падганяць хуткасць – у цябе быў пітч-кантроль на касетным магнітафоне! Мы навастрыліся так зводзіць. І я вось так граў усю ноч».

Рэйв быў поўным адкрыццём для шматлікіх. Па-першае, ён быў бясплатным. Па-другое, ён быў у самай вялікай студыі дзяржаўнага тэлебачання на Макаёнка. У памяшканне забілася пад 1000 чалавек. Міліцыя да гадзіны ночы закрыла ўваход. Шмат людзей проста не трапіла на вечарынку. Адміністрацыя тэлебачання, таксама як і міліцыя, засталася ў поўным шоку! І другі рэйв у саму навагоднюю ноч, нягледзячы на фінансы Бальшавіка, забаранілі. Так скончыўся 1995 год.

 

***

Гэтыя тры гады – з першай Christmas Party у спарткомплексе «Дынама» да маштабных, але ўсё яшчэ стыхійных рэйваў у дамах культуры, школах, тэатрах, актавых залах і тэлестудыях – сталі першай главой развіцця клубнай сцэны Менска. Главой, у якой асноўнымі драйверамі руху выступалі энтузіязм, няспыннае жаданне быць датычнымі да варушняку і прага да культурнай эмансіпацыі ад затхлага саўка.

У сярэдзіне 90-х для беларускіх музыкаў паволі становяцца даступнымі электронныя інструменты – сінтэзатары, сэмплеры, камп’ютары з аўдыякартамі, што адразу нараджае цэлую плеяду першых менскіх электроншчыкаў. Што гэта былі за гурты, а таксама што яны гралі, чытай у наступным тэксце паводле падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі». 

 

 Слухай падкаст у Spotify, SoundCloud і Apple Podcasts 

 

13 лучших треков июля

13 лучших треков июля

Забирай лучшие треки месяца в плейлист.

Группа IC3PEAK все-таки выступила в Минске. Как это было?

Группа IC3PEAK все-таки выступила в Минске. Как это было?

Группа победила все запреты и собрала Re:Public.

34 Mixes #13: Максім Шумілін

34 Mixes #13: Максім Шумілін

Традыцыйны летні мікс ад Максіма Шуміліна.

Будьте так бобры. Как делают главный минский фестиваль этого года?

Будьте так бобры. Как делают главный минский фестиваль этого года?

Почему Little Big – это рок? Какая группа попросила 3,5 миллиона евро за выступление? Когда «Рок за Бобров» растянется на все выходные?

Что слушает Awlnight?

Что слушает Awlnight?

Рэп, соулфул-хоп и неосоул: узнай, что еще слушает Дмитрий Лукойть aka Awlnight.

«Киевский Атлас». Чем был хорош Atlas Weekend – 2019?

«Киевский Атлас». Чем был хорош Atlas Weekend – 2019?

Почему редакция 34 влюбилась в Atlas Weekend 2019?

Премьера на «Першаке». Клип Zui – «Папу уволили»

Премьера на «Першаке». Клип Zui – «Папу уволили»

Драма, уложенная в четыре минуты, – это новый клип Zui.

Что слушает Никита Мастяк?

Что слушает Никита Мастяк?

Американский хип-хоп и русский поп-рок: что слушает Никита Мастяк?

Ну что, пацаны, «Anima»?

Ну что, пацаны, «Anima»?

Мы провели неделю с новым альбомом Тома Йорка и составили для тебя план его прослушивания.