Былы спартсмен зняў кранальны кліп пра мову
Былы гулец моладзевай зборнай Беларусі па футболе ды папулярызатар беларускай мовы Юрый Юрчанка працягвае бударажыць інтэрнэт сваімі музычна-этнаграфічнымі экзэрсісамі.
Раней Юрчанка пад псеўданімам Піліп Беспамылковы прагрымеў кліпамі «Спалі тлушч» і «Мы любім бульбу». Відэа былі створаны ў рамках праекта «Краіна Мараў», накіраванага на развіццё ды падтрымку белмовы праз творчасць. І вось пасля амаль паўгадовага перапынку рудавусы Піліп явіў свету свежы відос.
«Кліп і песня – гэта своеасаблівае прызнанне ў любові да мовы. – тлумачыць для Onliner аўтар. – У тэксце зроблены акцэнт на тое, што “мовы мала”, “так мала, быццам на яе існуе забарона”, што далёка не ўсе разумеюць, навошта яна (мова) у прынцыпе патрэбна. Але ў той жа час для многіх “мова – свабода” і “наркотык”, без якога цяжка жыць і жыццё губляе сэнс. Для такіх людзей пачуць мову – гэта шчасце і радасць. Песня – чарговы заклік не забываць аб мове, атрымліваць кайф ад яе гучання і вымаўлення і распаўсюджваць мову паўсюль, бо гэты “наркотык” прыносiць карысць i задавальненне».