Palina выдала новы альбом – «Ни берега, ни дна»
Тры гады мінула з «Грустных песен» – і вось Palina нарэшце цешыць аўдыторыю новым лонгплэем. «Ни берега, ни дна» мае шанцы затрымацца і ў плэерах аматараў фірмовага Палінінага смутку, і ў тых, хто ў артыстах шануе здольнасць быць рознымі.
«Ни берега, ни дна» атрымаўся разнастайны ва ўсіх сэнсах: стылістычна – тут і сінты, і гітара, і крышачку фолку; моўна – «Mafia» і «Саломкі» запісаныя па-беларуску (другі трэк – на верш Віктара Жыбуля); тэматычна – яно і зразумела, досвед трох гадоў нячаста «на адной ноце» выкладзеш.
– У альбоме сабраныя песні пра розныя адчуванні і перыяды майго жыцця, – кажа Palina. – Ёсць пра млявыя падлеткавыя драмы і тугу па іх. Ёсць пра бессэнсоўнасць, пра сваіх, пра дэсерт, пра саломку. Ёсць пра нейкія дробязі, якія раптам дапамагаюць трымацца і не страціць розум. Чамусьці шмат гітар, труб, сірэн ды сцвярджальных выказванняў пра каханне. Маўляў, жыць, канешне, вельмі складана, але я ўсё роўна гэта люблю і ўдзячная таму, што маю.