Molchat Doma выпусцілі чацвёрты альбом
Molchat Doma выпусцілі чарговы студыйнік – «Belaya Polosa». З часу выпуску LP «Monument», пасля якога да гурта прыйшла сусветная слава, мінула чатыры гады.
«Гэта чароўная музыка адзіноты, якая абсалютна дакладна будзе гучаць на вялізных канцэртах і вечарынках, аб'ядноўваючы тысячы і мільёны людзей, – упэўненыя аўтары канала «КЛІК». – Гэтак жа парадаксальна, як і настальгія па будучыні. І недзе ўнутры пульсуе надзея, што свет зробіць поўны абарот вакол сваёй восі, і такой складанай, прадуманай і шматграннай музыкі стане толькі больш».
Па гучанні «Belaya Polosa» дакладна не расчаруе сталых фанатаў гурта, да таго ж альбом зараджаны на тое, каб прынесці «Дамам» новых слухачоў. Прынамсі, пакуль у трэндзе застаюцца дыстапічныя рэйвы з атмасферай халоднага прытулку для самотных душаў.
Слухаць «Belaya Polosa»:
Альбом запісаны і зведзены ў ЗША, але адмыслова для працы над ім Molchat Doma запрасілі ў Лос-Анджэлес беларускага гукарэжысёра Андрэя Баброўку, вядомага ў прафесійных колах па супрацы з топавымі артыстамі. Саўндпрадзюсар гурта Раман Камагорцаў адзначыў, што ўпершыню на 100% задаволены гучаннем свайго калектыву.
Тры трэкі з новага альбома ўжо атрымалі відэаўвасабленні. Гэта «Сон», «Ты же не знаешь, кто я» і ўласна «Белая паласа».
Новую музыку Molchat Doma можна будзе паслухаць у лайве ўжо гэтай восенню. Гурт выступіць у 17 краінах Еўропы, у тым ліку ў Польшчы, Літве і Нямеччыне. А са студзеня 2025-га музыкі паедуць па гарадах ЗША і Канады: у плане – 31 канцэрт. Даведацца, у чым сакрэт поспеху постпанкаў з Менска, паводле выкладчыка Універсітэта Манчэсцера, можна па лінку.