У Бакея выйшаў альбом «Побег»
Менскі рэп-артыст Бакей, які працуе на стыку хіп-хопа і электронікі, выпусціў сёмы альбом: у LP «Побег» увайшлі 10 трэкаў.
Назва лонгплэя – аманімічная гульня: гэта могуць быць уцёкі ад сябе ці абставінаў, а можа быць парастак новага, свежага. Дваістасць загалоўка прасочваецца ў трэках: месцамі змрочныя біты, агрэсіўная і энергічная чытка з высмейваннем людскіх звычак, расчараванне ў жыцці, пачуццё нерэалізаванасці, а з іншага боку – тэма асабістага росту, надзея на лепшае, усведамленне ўласнай унікальнасці. Карацей, Бакей сталее (з бэнгера «Vi+ik» мінула 10 гадоў, Бакею цяпер 31), але застаецца верным сябе скрозь усю сваю дыскаграфію.
