Таймлайн: 10 гадоў пасля Плошчы

10 гадоў прайшло з таго дня, калі беларусы масава выйшлі на праспект Незалежнасці, каб заявіць: ім патрэбныя сумленныя, адкрытыя выбары. Што было далей? І як усе мы апынуліся ў сённяшняй кропцы? Адно зразумела дакладна: гэта здарылася не ўраз. 34mag.net падрыхтаваў таймлайн-калейдаскоп для тых, хто хоча ўспомніць дзесяцігодку.

 

 19 снежня 2010 года 

У Беларусі праходзяць чарговыя выбары прэзідэнта краіны. Бліжэй да вечара людзі, якія не лічаць гэтыя выбары свабоднымі, разам са сваімі кандыдатамі накіроўваюцца на галоўныя менскія вуліцы. На групу Уладзіміра Някляева нападаюць людзі ў чорным, кандыдат збіты, яму выклікаюць «хуткую». Да 20 гадзін на Кастрычніцкай плошчы збіраюцца тысячы людзей. Яны патрабуюць правядзення новых выбараў без удзелу дзейнага прэзідэнта. Пратэстоўцы на чале з Андрэем Саннікавым, Мікалаем Статкевічам, Віталём Рымашэўскім, Яраславам Раманчуком і Рыгорам Кастусёвым дабіраюцца да ЦВК. На плошчы Незалежнасці пачынаецца мітынг. Прыкладна ў 22:20 група невядомых разбівае дзверы ў Доме ўрада. Праз 20 хвілін спецназ прыступае да разгону прысутных, у ход ідуць дубінкі і светлавыя гранаты. У 23:10 плошча зачышчаная. Праваабаронцы паведамляюць пра больш чым 200 затрыманых. Сярод іх – 7 з 9 альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Хутка пачнецца доўгая крымінальная справа аб масавых беспарадках. Па розных ацэнак у пратэстах узялі ўдзел 30-50 тысяч чалавек.

 

I

 

 

I

 

 

 2011 год 

 11 красавіка.  У 17:56 на станцыі метро «Кастрычніцкая» грыміць выбух. Тэракт забірае жыцці 15 чалавек. Яшчэ 200 – пацярпелыя.

 12–13 красавіка.  Па ўсёй Беларусі людзі збіраюцца разам, каб ускласці кветкі і запаліць свечкі ў памяць пра загінулых у менскім метрапалітэне.

 7 чэрвеня.   Рух па праспекце Незалежнасці моцна запаволены, гул клаксанаў на дзве гадзіны запаўняе прастору. Аўтамабілісты незадаволеныя павышэннем коштаў на паліва. З дапамогай сацыяльных сетак яны сабраліся разам на акцыю «Стоп-бензін».

 8 чэрвеня.  У Менску праходзіць першая акцыя маўклівай салідарнасці. Людзі, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, не робяць нічога, што можна было б назваць «масавым мерапрыемствам». Яны камунікуюць, жартуюць, часам пляскаюць у ладкі. Акрамя сталіцы, выходзяць Магілёў і Берасце. Акцыі паўтараюцца цягам месяца, а таксама ў ліпені.

 

I

 

 

I

 

 2012 год 

 14 красавіка.  Экс-кандыдат у прэзідэнты, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў на свабодзе. Ён правёў за кратамі год і чатыры месяцы.

 4 ліпеня.  Двое грамадзян Швецыі незаконна перасякаюць літоўска-беларускую мяжу на лёгкаматорным самалёце, каб скінуць над Менскам і Івянцом недзе 800 мяккіх цацак з улёткамі за свабоду слова.

 12 жніўня.  Беларусь завяршае горшыя Алімпійскія гульні ў сваёй незалежнай гісторыі. Два «срэбры» ў сціплую скарбонку прыносіць найлепшая спартсменка краіны па версіі 2011-га плыўчыха Аляксандра Герасіменя.

 

I

 

 

I

 

 

 2013 год 

 15 сакавіка.  Краіну атакуе наймацнейшы снежны шторм «Хаўер». Беларусы выяўляюць сябе як вялікія эмпаты: бяруцца падвозіць тых, хто затрымаўся, выцягваюць машыны са снежных завалаў, расчышчаюць гурбы, развозяць гарбату і ежу.

 11 ліпеня.  На YouTube выходзіць першы ролік рабочага МАЗ Руслана Мірзоева з серыі «Хронікі завода». Відэа без прыкрас паказвае, у якіх умовах працуюць беларускія рабочыя.

 14 жніўня.  Павел Дураў прэзентуе мэсэнджар Telegram.

 19 кастрычніка.  Адзін з лідараў партыі БХД, Павел Севярынец, вызвалены з папраўчай установы адкрытага тыпу ў вёсцы Куплін, дзе пасля Плошчы правёў амаль тры гады.

 20 снежня.  У Менску, Берасці і Магілёве праходзіць акцыя «Стоп-падатак». Гэтым разам аўтамабілісты гудуць супраць пошліны, якую дзяржава сабралася спаганяць з кожнага аўтаўладальніка падчас праходжання дзяржтэхагляду. На ходніках збіраюцца салідарныя пешаходы. У Менску акцыя завяршаецца толькі пры садзейнічанні АМАПу.

 

I

 

 

I

 

 2014 год 

 9 траўня.  У Беларусі стартуе чэмпіянат свету па хакеі. Чэмпіёнам стане каманда Расіі.

 13 траўня.  Беларусь – сусветны лідар па ўжыванні алкаголю. Па дадзеных СААЗ, адзін жыхар краіны, старэйшы за 15 гадоў, выпівае цягам года 17,5 літра чыстага спірту.

 18 чэрвеня.  Работнікі РЭС 4 зафарбоўваюць шэрай фарбай накіды графіці, што было задуманае камандай HoodGraff у гонар 90-годдзя Васіля Быкава. Пад вечар на месцы няўдалага арту з'яўляецца надпіс: «Тут быў Васіль Быкаў». У 2017-м мастакі StreetSkills намалююць гранда белліту на трансфарматарнай будцы ў Віцебску.

 5 верасня.  У «Прэзідэнт-гатэлі» падпісваюць Менскі пратакол: дакумент прадугледжвае спыненне агню на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Менскія пагадненні павінны ўрэгуляваць ваенны канфлікт Расіі і Украіны.

 

I

 

 

I

 

 

 2015 год 

 22 жніўня.  На волю выходзяць палітвязні Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юрый Рубцоў.

 27 жніўня.  На сайце «Зручны горад» з'яўляецца першая петыцыя.

 23 красавіка.  Запускаецца краўдфандынгавая платформа Ulej. Крыху раней запусціўся «Талакошт» ад Talaka.by, крыху пазней запусціцца MaeSens.

 8 кастрычніка.  Святлана Алексіевіч атрымлівае Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Камітэт прэміі заяўляе, што «выкарыстоўваючы свой унікальны творчы метад – старанна складзены калаж чалавечых галасоў, – Алексіевіч паглыбляе наша разуменне ўсёй эпохі».

 11 кастрычніка.  У Беларусі праходзяць чарговыя прэзідэнцкія выбары. Самы папулярны альтэрнатыўны кандыдат – жанчына – Таццяна Караткевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Па дадзеных ЦВК, яна набірае 4,44%.

 13 кастрычніка.  На сайце Менгарвыканкама з'яўляецца новы генплан горада. Гараджане аб'ядноўваюцца ў ініцыятыўныя групы, каб адстойваць свае інтарэсы. Асабліва згуртаваліся Грушаўка, Асмалоўка, Сельгаспасёлак, пасёлак авіярамонтнага завода.

 16 кастрычніка.  500 прадпрымальнікаў Полацкага рынку страйкуюць у адказ на масавыя праверкі з боку падаткавікоў і АБЭЗ. Па ўсёй краіне іпэшнікі незадаволеныя прэзідэнцкім указам № 222, які ўскладніць іх працу неабходнасцю мець сертыфікаты на тавары, што ўвозяцца з краін Мытнага саюза.

 3 лістапада.  Графіці грэцкага мастака INO «Man With No Name» на доме па вул. Варанянскага ўваходзіць у топ сусветнага стрыт-арту паводле версіі партала StreetArtNews. Мастак прысвяціў працу тым, хто быў пакараны без віны.

 22 снежня.  Блогер Сцяпан Пуціла выкладвае на ютуб-канале першы каляпалітычны ролік – гэта пародыя на афіцыйнае турыстычнае прома-відэа з лозунгам «Беларусь – краіна для жыцця».

 

I

 

 

I

 

 2016 год 

 25 лютага.  У Беларусі з'яўляецца першы даляравы мільярдэр: Bloomberg піша, што гэта стваральнік Wargaming Віктар Кіслы.

 15 сакавіка.  Па адрасе вул. Веры Харужай, 3, адкрываецца Прэс-клуб Беларусь.

 9 красавіка.  Нефармальны суботнік «Зробім!» прыцягвае рэкордную колькасць удзельнікаў: 22 700 чалавек з 43 беларускіх гарадоў і вёсак знаходзяць час для таго, каб зрабіць свет вакол сябе больш прыемным.

 11 красавіка.  Запускаецца дабрачынная медыяплатформа «Імёны». Гэта першае беларускае медыя, якое цалкам фінансуецца за кошт чытачоў.

 15 траўня.  З ініцыятывы Мікалая Статкевіча ўзнікае Беларускі нацыянальны кангрэс, куды ўваходзяць БСДГ, БСДП (НГ), «Малады фронт», «Еўрапейская Беларусь», незалежны прафсаюз «РЭП».

 

I

 

 

I

 

 

 2017 год 

 17 лютага.  У Менску праходзіць «Марш раззлаваных беларусаў». Маршыруюць каля 2000 чалавек. З яго пачынаецца хваля маршаў супраць Дэкрэта № 3, які абавязвае ўсіх, хто не працаўладкаваны афіцыйна, плаціць падатак «на сацыяльнае ўтрыманне». «Недармаеды» выступаюць за сваю годнасць у сталіцы, абласных, раённых цэнтрах.

 6 сакавіка.  Актывісты згортваюць намётавы лагер у Курапатах і робяць гэта ў добрым настроі. 15 дзён яны пратэставалі супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра ў ахоўнай зоне. Будоўля спыненая.

 15 сакавіка.  Запускаецца кампанія BY_Help – гэта збор сродкаў на падтрымку рэпрэсаваных беларусаў.

 14 красавіка.  Беларусам вяртаюць працы Шагала і іншых гучных мастакоў. У Палацы мастацтва адкрываецца галерэя праекта «Арт-Беларусь», дзе экспануецца калекцыя Белгазпрамбанка. Старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка распавядае СМІ, што купіў «Еву» Хаіма Суціна на апошнім удары малатка.

 21 верасня.  Лявон Вольскі дае ў Менску першы сольнік з 2010 года. Раней Лявон і некаторыя іншыя музыкі – у прыватнасці, «Ляпіс Трубяцкі», Dzieciuki, Зміцер Вайцюшкевіч, Naka – пад рознымі падставамі не дапускаліся на пляцоўкі краіны.

 27 верасня.  На Кастрычніцкай вуліцы запускаецца крэатыўны хаб «Ок16». Яго арт-дырэктаркай стане музыка Марыя Калеснікава.

 

I

 

 

I

 

 2018 год 

 24 студзеня.  Мінінфарм у чарговы раз блакуе апазіцыйны навіновы сайт «Хартыя'97», галоўным рэдактарам якога з'яўляецца Наталля Радзіна, што пасля Плошчы-2010 была вымушаная пакінуць Беларусь.

 21 лютага.  На Ulej запускаецца праект «Галасы Утопіі». Ён паб'е рэкорды беларускага краўдфандынгу ў Беларусі, сабраўшы 231 950 беларускіх рублёў, – грошы пойдуць на выданне кніг Святланы Алексіевіч на беларускай мове.

 25 сакавіка.  Менчукі святкуюць 100-годдзе БНР каля Опернага тэатра. На мерапрыемства збіраецца каля 50 000 чалавек.

 5 кастрычніка.  У адказ на крытыку законапраекта аб супрацьдзеянні хатняму гвалту з'яўляецца кампанія «Маршыруй, дзетка!». Яе мэта – арганізаваць марш за правы жанчын, але Менгарвыканкам не дазваляе такія актыўнасці.

 

I

 

 

I

 

 

 2019 год 

 13 чэрвеня.  Даследчы цэнтр ІПМ публікуе даследаванне каштоўнасцей беларусаў. Аказваецца, колькасць прыхільнікаў рынкавай эканомікі за 10 гадоў вырасла ўдвая.

 22 лістапада.  У Вільні праходзіць цырымонія перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Тысячы беларусаў прыехалі сюды пад бчб-сцягамі.

 7 снежня.  Беларусы вышнуроўваюцца ў ланцуг салідарнасці, выступаючы супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Рупар бяруць у рукі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец. Абыходзіцца без затрыманняў.

 20 снежня.  У Менску зноў пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расіяй. Гэтым разам выходзіць ужо каля 5000 чалавек. Блогер Сяргей Ціханоўскі вядзе чатырохгадзінны стрым у YouTube.

 

I

 

 

I

 

 2020 год 

 8 траўня.  Паведамляецца, што выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня.

Фота: tut.by, delfi.lt, spring96.org, sputnik.by, ulej.by