Света Бень і Яўген Кучмейна выпусцілі альбом «Карова белая»
На ўсіх стрымінгавых платформах з’явіўся сумесны LP Светы Бень і Яўгена Кучмейны, вядомага пад псеўданімам tochka К. У «Карову белую» ўвайшлі 14 песень, напісаных у розны час.
Некаторыя кампазіцыі былі запісаныя нядаўна, іншыя паспелі пражыць канцэртнае жыццё, але ніколі раней не выдаваліся, а некаторыя нарадзіліся падчас працы над «Каровай белай». Яўген Кучмейна аранжыраваў, музыкальна прадзюсіраваў, запісваў і зводзіў увесь альбом. Таксама ў запісе ўзялі ўдзел артысты D. Brizo, Миша Кузнецов, Саша Драгавоз, Ілля Чарапко, Пафнуцій, Міша Радыёнаў і Tobias Link.
«Кожная песня – гэта маленькі фільм з уласнай гісторыяй і сваёй стылістыкай», – заяўляюць стваральнікі. «Агулам альбом пра тое, як жыць – не толькі зараз, але заўсёды, таму што, калі ўнікаць у глыбіню рэчаў, цемра і кашмар не канчаліся ніколі, і іх трэба ўмець выносіць», – падсумаваў пісьменнік Андрэй Дудко ў Facebook.
Прапануем не толькі паслухаць «Карову белую» на стрымінгах, але і падтрымаць артыстаў на Bandcamp.
***
І ўжо можна купляць квіткі на канцэрты-прэзентацыі:
28.08 – Berlin – Haus der Statistik
11.09 – Warszawa – Klub Mechanik
13.09 – Kraków – Alchemia
17.09 – Poznań – Pan Gar
19.09 – Szczecin – Storrady
20.09 – Gdańsk – Czudner Spot
***
Для адпаведнага настрою можна паглядзець, як загалоўны трэк прэзентавалі на ютуб-канцэрце:
***
Дарэчы, раней сёлета Света і Яўген калабіліся для аўдыяспектаклю па творах і лістах літаратаркі Зінаіды Бандарынай «Ператварыўшыся імгненна ў аганёк…». Яго можна паслухаць бясплатна на YouTube і іншых пляцоўках. Зінаіда Бандарына – адна з трох самых выбітных беларускіх паэтак эпохі «Маладняку», але ў яе біяграфіі шмат белых плям, а абставіны яе смерці застаюцца супярэчлівымі. Аўдыяспектакль Светы Бень і Інгі Лізянгевіч бліжэй знаёміць чытачоў з «беларускім Дон Кіхотам».