Анастасія Рыдлеўская выпусціла сінгл «Did You Tell Her?»
Мультыдысцыплінарная артыстка Анастасія Рыдлеўская выпусціла першы сінгл з новага альбома.
«Did You Tell Her?» – гісторыя аб здрадзе і падмане, але трэк зараджаны на падтрымку і выхад з фрустрацыі ў патрыярхальным свеце.
«Гэтая песня – квінтэсенцыя смеласці, цёмнай жаночай сэксуальнасці і нязручнага жаночага голасу, які спрадвеку заглушаўся “абясшкоджвальнымі” ярлыкамі “вар’ятка”, “прастытутка” і “сука”, – распавядае Анастасія. – Любая жанчына, якая выходзіла за межы вобраза святой жонкі, абясцэньвалася, пазбаўлялася экзістэнцыяльнай паўнаты. Ёй забаранялі тое, што заўсёды было даступна і заахвочвалася ў мужчынах: не агрэсія – а сіла, не вар’ят – а неразгаданы геній, не шлюха – а шчодры на любоў».
Анастасія здымае стыгму з архетыпаў witch, bitch і whore, вяртаючы ім сілу. Лірычная гераіня не баіцца (нават не дапускае думкі, што варта баяцца) агучваць праўду, якую яна пражыла, у той агрэсіўнай і шчырай форме, якую яна сама выбірае.
«Did You Tell Her?» – першы сінгл з альбома «Alchemia», які выйдзе ў жніўні. Трэк даступны на ўсіх стрымінг-платформах.
Фота – Аліна Мазавец