Тайны дзетароднасці

  • 13.05.2016
  • 11206
У беларускага пісьменніка Паўла Касцюкевіча, лаўрэата першай Прэміі Гедройца, у сакавіку выйшаў раман «План Бабарозы». Трохі раней нарадзіўся сын. Абедзве справы выклікалі адусюль парады, але пачалі працаваць толькі тады, калі пісьменнік памяняў іх месцамі. Чытай падрабязней пра метад Касцюкевіча.
 

 

 

Біялагічны гадзіннік пісьменніка

Дзіця доўга не нараджалася. Раман ніяк не пісаўся. Біялагічны гадзіннік цікаў. Пісьменніцкая кар’ера, якая, здаецца, ужо пачалася, стаяла-торкалася на месцы.

І, вядома, адусюль на мяне сыпаліся ўсемагчымыя парады. Падыходзілі сваякі ды паведамлялі свае шматмудрыя дзетародныя лайфхакі. Рэкрутар берлінскага выдавецтва Suhrkamp Verlag Катарына Раабе, сабраўшы неяк беларускіх празаікаў у менскім Інстытуце Гётэ, распавядала, чаго чакаюць у Еўропе ад беларускага раману.

Дарэчы, на гэтай сустрэчы высветлілася, што з нашага кутка Еўропа чакае аповед пра нялюдскія зверствы ці неверагодныя дзівосы. Патрабуецца гісторыя пра цывілізацыю палескіх індзейцаў, якія дагэтуль размаўляюць на стараідышы, штодня жэняць Цярэшку ды жывуць у бязмежных рэзервацыях з кракадзіламі ў абдымку сярод Герадотавага мора балотаў. Такі сабе экспартны варыянт нашай краіны, але версія «exotisch». Што-небудзь з прысмакам архаікі ды запеклай крыві.

Я ганарліва адказаў сваякам і Катарыне, што, маўляў, самі з вусамі. Але таемна стараўся кіравацца парадамі. І ў галіне дзіцянараджэння і рамананапісання.

На жаль, выніку не было ні там, ні тут.

З нашага кутка Еўропа чакае аповед пра нялюдскія зверствы ці неверагодныя дзівосы.

І вось, пасля некалькіх гадоў няпоспеху, аднойчы мне прыйшла да галавы ідэя памяняць парады месцамі. Так-так, рэкамендацыі як напісаць раман скарыстаць для зачацця дзіцяці, а парады як нарадзіць – для напісання раману. І гэта спрацавала – і там, і тут.

Пра дзіця я распавядаць не буду – кожны можа намаляваць сабе гэтае відовішча ў галаве ў моц свайго ўяўлення. Мая мэта тут сёння – распавесці, як нарадзіўся раман пры дапамозе дзетародных рэкамендацыяў.

 

 

 
 
Крыху пра «План Бабарозы»:
 
Гісторыя сям’і, пяцёх пакаленняў менчукоў, распаведзеная мужчынам, які хлопчыкам, падлеткам і маладзёнам жыў збольшага ў кватэрах дзядоў і бабуль, дзе гадаваўся, засланёны ценем іхных постацяў. Ягоны свет – гэта дзядоўскі свет. Зачараванае кола сямейных міфаў і паданняў, шчымлівых адкрыццяў, пякучых прызнанняў і салодка-горкіх таямніцаў. «План Бабарозы» – гэта гісторыя Беларусі ХХ ст. на прыкладзе адной мандражнай сямейкі. Раман, які спавіты штудыямі пярэстага менскага ландшафту.

 

 

 

 

Каштоўныя парады

Першая парада, якую даў мне адзін мой шматдзетны палескі сваяк. Ягоны сакрэт плённасці просты – «Доўга стрымліваешся, а потым робіш што дурны».

Я так і паступіў. Далібог, цэлы год я не разменьваўся на калонкі ды апавяданні. Не ўвязваўся ў палеміку з Марціновічам і Аленай Казловай наконт засілля бескультур’я і адсутнасці фемінізму. Не сачыў за выказваннямі міністра культуры.

Я трымаўся з апошняй змогі. З кожным днём ціск нешта напісаць нарастаў. Але я заўважыў, што пакрысе гэты свет кепскіх і вельмі кепскіх навінаў пачаў адыходзіць ад мяне. А вакол маёй макаўкі з’явіліся бясплотныя вобразы, якія кружляюць і шукаюць месца дзе б ім сесці. Героі, сітуацыі ды сюжэты новага раману сталі прыходзіць роўна ў тыя мінуціны, калі зранку звычайна мы сядаем перад кампом і загружаем чарговую порцыю навінаў або садзімся накрэмзаць надзённы артыкул.

Бабароза шчыра перакананая, што яна – Госпад Бог.

Другая парада. Што настойліва раяць пры кожнай сур’ёзнай праблеме ў нашай секулярнай краіне? Канечне, маліцца як след. Я сумленна ўзяўся чытаць малітвы на ўсялякую патрэбу. Потым пераключыўся на псалмы і ўрэшце – на Біблію (асабліва на Стары Запавет). Неўпрыцям дзякуючы штудыяванню Бібліі і нарадзіўся персанаж – галоўная гераіня Бабароза на мянушку Пісьменніца (бо не ўмела чытаць), вялікая шанавальніца Бібліі. Якая шчыра перакананая, што яна – Госпад Бог.

…Бабароза пераехала з беларускай вёскі ў напаўгабрэйскі Менск 20-ых гадоў і ведае Біблію на памяць. У габрэйскіх раёнах сталіцы ў 20-ыя віруюць жарсці, ідзе жывое жыццё, а Бабароза, як прасунуты чытач, усё-ўсенькае ведае наперад. Яна ўжо ў курсе, што ў Яшы і ягонай нялюбай жонкі Ліі з Інтэрнацыянальнай, нягледзячы на выкідкі (усё роўна як у прабацькі Якава і ягонай жонкі, прамаці Леі, такі народзіцца доўгачаканы сын. А іначай быць не можа, кажа Бабароза. Потым, аўтарытэтна прадказвае Бабароза, Лія народзіць яшчэ траіх сынкоў, якіх назавуць Сёмка, Лёўка і Юдаль. І толькі пасля Юдаля шчаслівы бацька прылепіцца да жонкі душою і ўрэшце перастане бегаць да свайго старога кахання, Ліінай роднай сястры, Рахілі з Чырвонай. Усе Бабарозіны прароцтвы спраўджваюцца да апошняе дэталькі. Усе навокал моцна здзіўляюцца Бабарозе, але ёй гэта было ўсё роўна што глядзець серыял паводле прачытанай кнігі. Аднак згэтуль у яе і нараджаецца адчуванне, што яна Госпад Бог.

Потым з’явілася яшчэ некалькі герояў, якіх я ўзяў наўпрост з біблійных гісторыяў. Як, напрыклад, Самуіл Элканавіч, Алканафтыч, – стары габрэй-камуніст, які прарочыць з трыбуны партсходаў не ў лад і не ў склад – усё роўна як прарок Самуіл, сын Элканы, ваяўнічы, але не зусім мудры чалавек.

Я не вялікі прыхільнік нон-фікшну а-ля Алексіевіч і Алеся Адамовіча

Трэцяя парада, як нарадзіць дзіця… то бок напісаць раман: «Не думаць пра гэта – самое прыйдзе». Параіла цешча, мая аптымістычная цешча. Гэта выявілася самаю каштоўнаю парадай. На нейкім этапе я вырашыў не думаць, а пісаць, а, дакладней, запісваць фразы, якія луналі ў паветры. І раман – святая праўда – шмат у чым прыйшоў сам.

Я не вялікі прыхільнік нон-фікшну а-ля Алексіевіч і Алеся Адамовіча, усіх гэтых запісаў «галасоў эпохі». Шчыра веру ў выдуманую з пачатку да канца творчасць. Аднак! Пачаўшы пісаць сямейную сагу прыдуманай сям’і і маючы за фон найноўшую беларускую гісторыю, адмахнуцца ад тых галасоў, сведчанняў эпохі, было немагчыма. Мушу прызнацца, што стопрацэнтова прыдуманы раман нарадзіўся з прыватных расповедаў, падслуханых у электрычках, з ашмёткаў тэлефонных размоваў.

Сакавітых, захапляльных і, канечне ж, праўдападобных. Я ўсё гэта з радасцю перанёс у свой раман. Вядома, змяніўшы імёны і крыху перайначыўшы сюжэты аповедаў.

Гэтак, з чужых расповедаў, я прысабечыў галоўную гісторыю, вакол якой круціцца ўвесь мой раман. Аднойчы я сустрэў п’янага студэнта, які быў тры дні ў запоі, і ён мне распавёў з якой прычыны.

Праблема была ў ягоным прадзедзе. Колісь, пасля пяці гадоў адседкі, прадзед студэнта прыдбаў такую зэкаўскую завядзёнку: перад уваходнымі дзвярыма, проста на кілімок, ён паверху ахайна слаў беласнежную анучу. І цяпер сябры, якія хадзілі да прадзеда ў госці, стаялі перад дылемай: наступіць на анучу ці пераступіць яе. З аднаго боку, здаецца, яе тут і паклалі, каб госці выціралі ногі, і пераступаць яе было прынамсі нявыхавана, з іншага – людзям рабілася шкада і, самае галоўнае, сорамна псаваць яе беласнежнасць. Пасля ж сыходу гасцей прадзед адчыняў дзверы і ўсяляк тую анучу абглядаў. Калі на ёй заставаліся сляды, дык з нейкай такой асалодаю ён цягнуў: «Паску-у-дзіш, сука!». Калі ж слядоў не было, бо анучу пераступілі, дык прадзед з не меншаю ўсцешанасцю выгукаў: «Грэ-э-эбуеш, сука!».

І вось за тры дні да нашай сустрэчы студэнт, чарговы раз пачуўшы гісторыю пра свайго прадзеда і ягоны выбрык, запытаўся ў мамы, у чым цымус і дзе тут было выйсце, як можна было пазбегнуць прадзедавага здзеку. Мама студэнта здзіўлена ўскінула брыво і адказала: «Сынок, а хто табе сказаў, што ў жыцці заўсёды ёсць выйсце?».

Менавіта пасля гэтага мамінага адказу студэнт горка напіўся.

 


COMMENTS (3)

Aleś Plotka | 30.07.2016 15:24

дык усё-ткі байка пра студэнта ці пра ўласны досвед, га?

"А цяпер нібыта прытча. Жыў у нас на лесвічнай пляцоўцы дзед-зэк. Штовыходныя да таго дзеда завітвалі госці. У гэтыя дні, пэўна, паводле нейкае турэмнае завядзёнкі, перад уваходам былы зэк сцяліў замест кілімчыка новую белую анучу. І, значыцца, у завіталага госця быў такі выбар: або наступіць на анучу або пераступіць яе. А дзед высоўваўся і радасна выгукаў: «А, сука, гадзіш!» (гэта калі наведнік наступіў на анучу) ці не менш усцешана гарлаў: «А, падлюк, пагарджаеш!» (калі госць такі пераступіў).

Такая вось прытча.
http://nn.by/?c=ar&i=24337"

0 0
Knuhar KNIHI.BY
Knuhar KNIHI.BY | 17.05.2016 16:42

Замовіць кнігу можна тут:
http://knihi.by/knihi/kasciukievic-paval-plan-babarozy

1 1
Жэўжык
Жэўжык | 14.05.2016 00:21

Палымяна, халера!

4 0 +4