Позірк Першабога

Беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч, адзін з заснавальнікаў менскага «Месяца фатаграфіі» і арт-дырэктар прасторы «ЦЭХ», выдаў чарговую кнігу фатаграфій пад назвай «Паглядзі ў вочы Першабогу». Мы адныя з першых пагарталі выданне і папрасілі аўтара распавесці пра карані беларускай культуры.

 

Нараджэнне Першабога

– Большасць фотаздымкаў была зроблена ў Беларусі, дакладна – у Горадні. Мне пашчасціла пазнаёміцца там з таксідэрмістам – адным з найлепшых у свеце спецыялістам па стварэнні пудзілаў, менавіта ён і паказаў мне цуд пераўтварэння істоты мёртвай у істоту жывую. Я называю гэты працэс цудам, бо жывёліна набывае эмоцыі, якіх раней у ёй не было. Напрыклад, памятаю, як «тварэц» звярнуў маю ўвагу на пудзіла гепарда – з аднаго боку было відаць, як дзікая кошка быццам бы ўсміхаецца. Гэта выклікала ў мяне татальны культурніцкі шок: выявілася, што часам істоты пасля смерці атрымліваюць розныя эмоцыі па левым і па правым бакох «твару».

Раней Ігар, той самы таксідэрміст, працаваў у гарадзенскім гістарычным музеі, але ўжо сышоў адтуль. Я прывёз фон і меў магчымасць фатаграфаваць пудзілы па-за сценамі музея: на старым замчышчы ёсць невялікія кавалкі зямлі – вось там і былі створаны ўмовы для пленэру. Дарэчы, калі я працаваў над кніжкай, у Горадню прывезлі некалькі скураў мядзведзяў з Расіі, каб падрыхтаваць іх і выслаць у адноўлены палац Радзівілаў у Нясвіжы.

Калі гартаеш маю новую кнігу, можна ўпэўніцца, што былі абраныя тыя фотаздымкі, на якіх істоты больш разважаюць, глядзяць на наш свет. То-бок яны былі забітыя, каб па-філасофску, па-будыйску зірнуць на нас. Разумееш, звычайна ваўкі не сядзяць і не глядзяць у далечыню. Хіба што ў мульціках.

 

Гісторыя праекту

– Насамрэч працаваць над кніжкай я пачаў дзесяць гадоў таму і ствараў серыю фотаздымкаў на працягу пяці год. Наогул я лічу, што для мастака вельмі важна «выйсці з праекту», у пэўны момант скончыць думаць пра ўсе колы пераўтварэнняў, напрыклад, пасля выдання альбома. Першыя дзесяць асобнікаў я надрукаваў за ўласныя грошы, каб паказаць на выставе ў Парыжы, амаль усе копіі разышліся па куратарах. І толькі ў мінулым годзе з'явілася нагода вярнуцца да тэмы і магчымасць надрукаваць наклад: я атрымаў грашовую ўзнагароду ў межах «Восеньскага салону» Белгазпрамбанка, палову якой і выдаткаваў на друк. Ніякіх абмежаванняў наконт таго, на што я павінен патраціць грошы, не было, адзінай умовай быў абавязак стварыць новы мастацкі прадукт з дапамогай прэміі.

«Трэба закрываць пэўныя тэмы, бо за імі цягнецца пэўная энергетыка, шэраг выпадкаў і супадзенняў. Проста не хацелася б, каб яны пераходзілі ў паўсядзённае жыццё аўтара».

Я запрасіў да працы польскую дызайнерку кніг Аню Навіцкую, з якой мы разам працуем у калектыве «Спутнік». Аня – вялікая прафесіяналка, мае шмат міжнародных узнагародаў у кніжным дызайне. Я, дарэчы, чакаў яе паўтара года.

Тэхнічная праца над выданнем заняла паўгода. Насамрэч тут ад самага пачатку і да самага канца былі праблемы. Для кнігі «Паглядзі ў вочы Першабогу» была абраная спецыфічная тоўстая папера. Чорнай паперы не існуе, таму трэба было ўсё заліваць фарбай, якая адставала, і спачатку прыйшлося набываць іншы матэрыял. А калі надышоў час забіраць наклад – усё было супер, трэба было толькі наклеіць налепкі на цэлафанавыя кашулі, каб надаць вобраз вокладцы. І вось мы прыязджаем забіраць кнігі – і атрымліваецца, што гэтыя налепкі з янотамі наклеены на ўласна вокладкі асобнікаў. Гэта была катастрофа. У дызайнеркі паніка. Уначы шэсць чалавек, паволі, па адным міліметры аддзіралі гэтых янотаў ад вокладак. Таму я і кажу, што трэба закрываць пэўныя тэмы, бо за імі цягнецца пэўная энергетыка, шэраг выпадкаў і супадзенняў. Проста не хацелася б, каб яны пераходзілі ў паўсядзённае жыццё аўтара.

 

 

 

Мова ў фатаграфіі

– Пад кожны праект выбіраеш сваю візуальную мову. У кнізе «Паглядзі ў вочы Першабогу» намешана шмат пачуццяў, міфаў, у ёй няма рэчаіснасці. Таму, канешне, я абраў стужку, якая, як мне падаецца, адчувае больш. З іншага боку, ёсць вялікая колькасць фатографаў, якія здымаюць на лічбавую камеру так, нібыта робяць гэта на стужку. Я не з такіх.

Я б хацеў вельмі падзякаваць за супрацоўніцтва Валянціну Акудовічу, які ўпершыню пагадзіўся напісаць прамову да фотаальбома. Мысляр напісаў цудоўны тэкст і нават прыдумаў слова, якое дагэтуль не існавала ні ў славянскіх, ні ў ангельскай мовах – «першабог». Шмат часу заняў пераклад адзінага гэтага слова на ангельскую, бо трэба было абраць аналаг, які б трапна тлумачыў кантэксты. Атрымалася – «pre-god». У канцы тэксту Акудовіч піша: «Я гляджу ў вочы Першабогу і яго не бачу». І гэта вельмі моцна, бо вялікі чалавек стварае міф і сам яго знішчае.

 

 

 

Планы на будучыню

– Магу раскрыць некалькі сакрэтаў. Спадзяюся, што ў кастрычніку выйдзе яшчэ адна мая кніга «Бывай, Радзіма» – гэта велізарны праект, які я ствараў таксама на працягу пяці гадоў. Відаць, гэта будзе двухтомнік, выдадзены ў адной скрынцы, бо пакуль што незразумела, як пятнаццаць розных па візуальнай мове, але аб'яднаных агульнай назвай праектаў спалучыць пад адной вокладкай. Зараз ідзе пошук гэткага механізму.

Я радыёфізік з адукацыі і раскладваю працу над праектам на пэўныя адрэзкі, па якіх я бачу, да якога этапу здолею рабіць усё сам і ўласнымі рэсурсамі, а калі спатрэбіцца дапамога спонсараў.

Наклад кнігі «Паглядзі ў вочы Першабогу» – 300 асобнікаў, і ён знаходзіцца ў Еўразвязе. Набыць экзэмпляр можна ў берлінскай кнігарні 25 Books, у Вене, Рызе і Варшаве. У Беларусі кніга, на жаль, прадавацца не будзе, бо тут няма патрэбных матэрыялаў для друку. А калі жадаеш увезці наклад, які ты надрукаваў за мяжой, то трэба прайсці праз сем колаў пекла. Таму ў Беларусі кніга будзе існаваць больш у інфармацыйным полі, а прадавацца – за мяжой. Я думаю, якім чынам прэзентаваць праект: хацелася б, канешне, зрабіць нешта большае, чым проста выставу ў межах «Месяца фатаграфіі».

 

Фота з архіваў героя

 


КАМЕНТАРЫ (1)

хвостовик-затейник
хвостовик-затейник | 23.06.2016 12:35

Фото как фото. Книга красивая, выглядит дорого. Спасибо за видео, просмотрела. Не куплю. Не за чем.
По поводу самого видео... На первый взгляд хорошо, но то , что книга по столу прыгает - это даже не изюминка. И листают страницы не красиво, будто врач больного осматривает. Ай, расстроилась.
Но автору все равно спасибо за труд!

1 1