Гурт NOCHY выпусціў альбом «Надоўга»
У дыскаграфіі індзі-поп-гурта NOCHY папаўненне: да альбомаў «Симбиотически» (2020) і «Ціхі акіян» (2023) дадаўся «Надоўга».
Перад выхадам альбома Юля падзялілася ў сацстках асабістымі перажываннямі і назіраннямі: «Доўгі час мае эмоцыі жылі на мяжы: або гнеў, або цішыня. Я ўмела маўчаць і ўмела крычаць, і крайнасці доўгі час былі маім спосабам выжывання. Сярэдзіны не існавала. Роўны стан падаваўся хлуснёй. Я не верыла ў спакой без болю. У маіх песнях доўгі час не было радасці – той, што трымае. Не было цеплыні, не было надзеі без драмы. Была глыбіня, але не было апоры. З нядаўняга часу я пачала вяртацца да сябе, да больш лёгкага стану, да балансу. І ў гэтым стане я ўспомніла песню, якую напісала даўно. У ёй не было драматычнага надрыву, яна дазваляла проста быць. Як быццам вярнулася да сябе, да эмоцый, на якія забылася. Так з’явілася на музычных платформах песня “Надоўга”, і так будзе называцца наш новы альбом. Гэта не ўцёкі, гэта месца, дзе нарэшце можна застацца».
Альбом NOCHY «Надоўга» даступны на ўсіх папулярных стрымінгах.
Фота: @johnny_cosmic
