На Belsat TV выступіў малады соўл-праект D.Jaza
У свежым выпуску аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна «Belsat Music Live» прагучалі песні маладога праекта D.Jaza. На думку аўтараў тэлешоў, D.Jaza можа стаць адкрыццём года на беларускай сцэне.
D.Jaza – нікнэйм маладой спявачкі Дар’і Ксенафонтавай. У сваёй творчасці яна ставіць перад сабой досыць максімалістскую задачу – «зламаць стэрэатып пра тое, што якасная музыка выконваецца толькі па-ангельску». Цікава, што Дар’я піша песні на беларускай мове, але сама нарадзілася ў Расіі. Спявачка мае профільную адукацыю: яна скончыла Менскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «Мастацтва эстрады».
D.Jaza працуе ў стылях electronic, chill out, soul, pop. Дэбютны EP праекта «Спытай» выйшаў у 2017 годзе.