Як карэктна аглядаць тэму ЛГБТ у СМІ?

 
Як вядома, мова канструюе рэальнасць. Тое, як мы гаворым, адлюстроўвае сацыяльныя нормы і разам з тым умацоўвае іх надалей. Выкарыстанне гендарна неадчувальнай мовы грае не апошнюю ролю ў стварэнні скажонага вобраза ЛГБТ-людзей, што прыводзіць, у тым ліку, да агрэсіўнага да іх стаўлення. Мы паспрабавалі разабрацца ў асноўных моўных сітуацыях і тым, як з гонарам выбірацца з іх людзям, якія жадаюць напісаць пра ЛГБТ.
 
 
Семантыка

  Перш за ўсё трэба асэнсаваць, што мы ўсе – прадстаўнікі адзінага чалавечага роду, адрозніваемся прыроджанымі і сацыяльнымі характарыстыкамі: пол, раса, клас, узрост і інш. Самае галоўнае – гэта не дае падставы для варожасці. Таму, калі ты пішаш пра ЛГБТ-людзей, не варта падзяляць усіх на «мы» і «яны», бо гэта тыя ж самыя людзі з трывогамі, клопатамі і жаданнямі.

  Рабі акцэнт на сэксуальнай арыентацыі героя толькі тады, калі гэта з’яўляецца падставай для дыскрымінацыі, для парушэння правоў. І тое трэба падкрэсліваць, што былі парушаныя правы чалавека, а не правы гея ці лесбіянкі. Гэта знізіць залішнюю сэксуалізацыю медыйнага вобраза ЛГБТ і зніме з парадку дня прэтэнзіі аб прапагандзе гомасэксуальных каштоўнасцяў.

  Не пішы пра лесбіянак, геяў або трансгендарных людзей як пра хворых. У 1990 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасць з міжнароднай класіфікацыі хвароб, якая выкарыстоўваецца і ў Беларусі. Таму ствараць вобраз ЛГБТ-людзей як ахвяраў сваёй арыентацыі – маветон. У першую чаргу звяртай увагу на законы, традыцыі і практыкі, што дыскрымінуюць чалавека і робяць з яго ахвяру.

  Таксама пазбягай залішняй гераізацыі і рамантызацыі ЛГБТ, бо гэта стварае нагоду для новых стэрэатыпаў, што прыводзіць да дыскрымінацыі ўнутры супольнасці: «Ты не такі гей, якім павінен быць гей».

  ЛГБТ-супольнасць не аднародная. Яна ўключае ў сябе геяў, лесбіянак, трансгендарных мужчын, трансгендарных жанчын, асэксуалаў, інтэрсэксуалаў, пансэксуалаў і інш. Абагульняючы, ты можаш абразіць адных людзей, гаворачы пра іншых. Таму перш чым пісаць на гэтую тэму, разбярыся ва ўсёй разнастайнасці ЛГБТ-кам’юніці. Калі ты цытуеш ЛГБТ-актывіста, дакладна называй арганізацыю, да якой ён належыць.

 

Лексіка

  Выкарыстоўвай «гомасэксуальнасць» і «гомасэксуал/ка» замест «гомасэксуалізм» і «гомасэксуаліст/ка». Бо апошнія, па-першае, доўгі час існавалі ў сэнсе медыцынскага дыягназу, па-другое – маюць адценне ідэалогіі. Ні тым, ні другім гомасэксуальнасць не з’яўляецца.

  З пункту гледжання гісторыі няслушна казаць «нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя». Гомасэксуальнасць і бісэксуальнасць існавалі ва ўсе часы і ва ўсіх культурах, а значыць, яны такія ж традыцыйныя, як і гетэрасэксуальнасць.

  Тое ж самае тычыцца «нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў», «нетрадыцыйнага шлюбу» і «нетрадыцыйнай сям'і». У тых выпадках, калі гэта магчыма, не вылучай гомасэксуальнасць пар ці сем'яў, як гэта не робіцца ў дачыненні да гетэрасэксуальных пар або сем'яў. У іншых – можна казаць «аднаполы шлюб» і «аднаполыя сем’і».

  Пішы «сэксуальная арыентацыя» замест «сэксуальная перавага», бо гомасэксуальнасць і бісэксуальнасць – гэта не тое, што чалавек абраў у выніку свядомага выбару, а зразумеў у сабе як рысу.

  «Блакітныя», «ружовыя» і «натуралы» – гэта мінулае стагоддзе.

  Пра трансгендарных людзей лепей казаць, што яны робяць пераход ці карэкцыю пола, чым яго змену. Бо трансгендарны пераход – гэта не разавае мерапрыемства, а комплексны працэс, які ўключае камін-аўт, новую гендарную ролю, змену дакументаў і часам (але не заўсёды) медыцынскія працэдуры.

  Пытайся ў трансгендарнага чалавека, якое імя ён або яна выкарыстоўвае, не забудзься таксама пра займеннік. Калі чалавек робіць пераход ад мужчыны да жанчыны, правільна пісаць «трансгендарная жанчына», і наадварот.

  Лепей пісаць «ЛГБТ» або «ЛГБТ-супольнасць» замест «сэксуальныя меншасці», бо ў ЛГБТ уваходзяць не толькі сэксуальныя, але і гендарныя меншасці. Таксама пераносіцца акцэнт з сэксуальнасці групы на праблему яе дыскрымінацыі і здымаецца пытанне меншасці як чагосьці няважнага і нявартага ўвагі.

  ЛГБТ-актывісты патрабуюць не «асаблівых правоў», а роўных правоў, што гарантуецца 22-м артыкулам Канстытуцыі Беларусі: «Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў».

 

Пры падрыхтоўцы матэрыялу мы выкарыстоўвалі рэкамендацыі для журналістаў Маскоўскай Хельсінкскай групы і дадзеныя брашуры Усходне-Еўрапейскай Сеткі грамадскіх міратворчых арганізацый «Талерантная журналістыка».
 
Ілюстрацыя by Sheeborshee
 

КОММЕНТАРИИ (1)