Вырачаныя часам

Блышыныя рынкі існуюць з даўніх часоў. У 90-я на іх можна было купіць джэмперы з замежнай «лэйбай», эксклюзіўныя навінкі на VHS, рарытэтныя кнігі і салдацкія бляхі з бабуліным сервізам. Зараз можна купіць тое ж самае. Але гандлююць там не з прычыны нажыцца. Насця Шакунова падрыхтавала кранальны рэпорт пра тое, чым жыве зараз гомельская барахолка.

 

На ўваходзе

Калі прыезджыя пытаюць, куды пайсці ў Гомелі, як адчуць яго і зразумець, я прапаную ім схадзіць на барахолку – рынак ужытых рэчаў. Месца, у якім можна знайсці рэчы з мінулай эпохі і адчуць сябе чужынцам у вялікай сям’і са сваімі дзівацтвамі і законамі. Рынак знаходзіцца ў людным месцы – паміж чыгункай і аўтавакзалам, – але яго амаль ніхто не заўважае і мала хто пра яго ведае. Раней на плоце, які глуха хавае барахолку, быў адпаведны надпіс са стрэлкай, але сёлета плот пафарбавалі.

Тое, што там усе існуюць па правілах і ўсе апрыёры абражаныя, разумееш адразу. Я раблю агульны здымак, ні на каго канкрэтна не накіроўваю аб’ектыў, але ўжо адчуваю пытанні старажылаў. «А навошта вы здымаеце нас? – пытае жанчына, якая сядзіць каля ўвахода. – Не, фатаграфаваць не трэба, так па рынку пахадзіце, паздымайце, але мяне не трэба».

Для многіх выходныя на рынку – ужо звычка. Калі на рынак не пойдзеш, усё балець пачынае, а так прыходзіш – і быццам з сябрамі сустрэўся, падзяліўся: на боль забываешся і грошай зарабіў

Гэтая жанчына аказалася цудоўнай экспазіцыяй нашага даследавання. З яе словаў, рынак працуе ўжо 18 гадоў. Спачатку ён існаваў у іншым месцы: побач, на звычайным кірмашы, які называюць «Пятаком». Потым яго, на шчасце ўсіх барахольшчыкаў, перанеслі сюды. І вось, кожныя выходныя, а часам і ў будні, людзі, якія не маюць іншай магчымасці зарабіць, прадаюць, а тыя, хто не мае іншай магчымасці купіць, – набываюць рэчы на барахолцы.

«У добрыя дні і з суседніх гарадоў прыязджаюць, – кажа яна. – Наогул для многіх выходныя на рынку – ужо звычка. Калі на рынак не пойдзеш, усё балець пачынае, а так прыходзіш – і быццам з сябрамі сустрэўся, падзяліўся: на боль забываешся і грошай зарабіў. У мяне тры коткі, іх жа трэба чымсьці карміць. Мне ўжо 73 гады, я тут усіх ведаю, і мы глядзім, каб ніякіх спрэчак не было, – не хочам, каб рынак закрылі».

 

 

Пра рэчы

Аказалася, што сярод прадаўцоў ёсць адзін мужчына, крыху вар’ят, і ён часта абвастрае сітуацыю і скандаліць. У такіх выпадках клічуць «старшых» і спрэчку ўладжваюць. Але ад «элемента» не пазбаўляюцца. Сапраўдная сям’я: усё разумеюць, усіх прымаюць. Нам даюць дабро на шпацыр, і мы з цікаўнасцю пачынаем падарожжа.

Абутак з ног нябожчыкаў, навукова-папулярная літаратура, відэакасеты, джынсавыя спадніцы маёй матулі, акуляры маёй бабулі, сталовыя прыборы, ваза ў форме ружы, сто адзін падгулялы мабільнік, металічная бляшка ад валізкі «луівітон», патэфон і CD-плэер, самотная лялька Барбі, бутэлька з каляровага шкла, чыгунок з дзіркай – былы самагонны апарат, салдацкая каска, савецкія і японскія фотаапараты, пэйджар, тамагочы, керамічнае медзведзяня з васьмідзясятага – і гэта толькі тое, што бачыш тут з першага позірку.

Раптам бачым тэлефон, якім, магчыма карыстаўся прафесар Прэабражэнскі. Нас заўважае прадавец Канстанцін, якому, напэўна, вельмі спякотна, таму ён жадае адцягнуць сваю ўвагу і прапаноўвае нам усё памацаць.

«Разбілася колба ад лямпы? Замяні на бутэльку! Звычайную з-пад гарэлкі, а ўнутр алея сланечнікавага налі. Ой, а што гэта ў цябе за фотаапарат? Мой дзядзька фатаграфіяй займаўся. Сябар ягоны ў музей усе свае апараты здаў – там, праўда, дорага – дваццаць тысяч, але цікава… напэўна. А ты што-небудзь збіраеш? Календары? Сур’ёзна? Заўтра прыходзь – я табе прынясу такія календары, ведаеш, і 80-я, і 70-я, проста так – мне нічога не трэба».

Людзі на барахолцы рэдка ўпрошваюць нешта купіць, таму што часта гэта іх асабістыя рэчы, з якімі расставацца балюча. Але ёсць і спартсменкі, якія ўміг вызначаюць твой памер, хапаюць купальнік «зусім новы» – і ты ўжо амаль на моры

Косця паказаў дарагі керамічны самавар і распавёў, што самавар для аднаго вельмі важнага чалавека прызначаны: «Чалавек гэты часта на рынак заходзіць, усе гаршкі скупіў, проста так, не для справы, для прыгажосці. Дома іх у сябе паставіў, пальмаў у іх насадзіў – прыгожа, я нават не думаў, што так прыгожа будзе!»

Косця мог распавядаць, напэўна, да цемры, але людзі на барахолцы ненадакучлівыя, у сваіх сведчаннях вельмі разборлівыя, вады не льюць – малююцца ў кінематаграфічным стылі.

Тавар амаль усе дазволілі фатаграфаваць, акрамя манетчыкаў і тэлефоншчыкаў. Мы доўга не разважалі і не ўпрошвалі, ішлі на кліч велюравых шортаў і сарафанаў. З прадаўцоў жа здымацца ніхто не хоча, а твары бываюць вельмі кранальныя, добрыя.

Людзі на барахолцы рэдка ўпрошваюць нешта купіць, таму што часта гэта іх асабістыя рэчы, з якімі расставацца балюча. Але ёсць і спартсменкі, якія ўміг вызначаюць твой памер, хапаюць купальнік «зусім новы» – і ты ўжо амаль на моры.

Нам не патрэбна было нічога канкрэтнага, прымяраць нічога не хацелі, таму што вельмі цяжка потым некаторым людзям адмовіць. Бачыш, як яны ўжо абнадзеіліся, а ты саскокваеш, і на твары ў іх такая стомленасць прабіваецца.

 

 

Пра людзей

Тут, асабліва ў пахмурны дзень, здараецца, купіш проста з жалю да самотнага дзядулі зусім непатрэбны швэдар з піксельным катом. Потым гэты швэдар ляжыць у шафе, нагадвае пра сітуацыю. Хочацца ўсіх гэтых старых накарміць маннай кашай з разынкамі. Вось нехта прымярае сарафан проста паміж радамі: ніякіх кабінак і ўвогуле сарамлівасці не заўважна. Мы тут усе на іншую прыступку сталі: на ёй не горш – проста сорам іншы. Ад нуды, нагаварыўшыся, прадаўцы ходзяць глядзець і прымяраць рэчы суседзяў.

«Глядзі-ка, як на табе сэксуальна гэтыя туфлі вісяць! Бяры, не будзеш насіць – перапрадасі», – кажа высокі сур’ёзны мужчына. Ён заўсёды прадае шмат адзення і недарэчнага абутку.

 

 

Увогуле барахолка – гэта латарэя. Можна загадаць нешта, чаго на свеце засталася ўсяго адна штука, і знайсці паміж колам ад скейта і маленькім Леніным. А можна знайсці добрую кнігу па тыпаграфіцы, як гэта зрабілі мы. Мужчына, у якога мы набылі кнігу, калісьці быў мастаком-афармляльнікам. Ён распавёў, якія раней у Гомелі былі прыгожыя крамы. У маладосці ён афармляў вітрыны і рабіў першую ў горадзе навагоднюю елку, якая круцілася. А потым нарадзіліся дзеці – і давялося ісці на завод. На заводзе мастак-афармляльнік зусім не мастаком адпрацаваў 30 гадоў. А зараз вось ён на пенсіі, сядзіць тут з акуратна раскладзенымі, чыстымі і дагледжанымі рэчамі: радыёпрыёмнікамі, кнігамі.

Ты памятаеш дзядулеву кладоўку? Адчуваеш на барахолцы тое ж: спярша прадчуванне скарбаў, а потым разумееш, што амаль усё, што тут ёсць, табе не патрэбна, і зрэдку ёсць той, хто набудзе лысую ляльку, якую а чацвёртай раніцы бамжы дасталі са сметніцы і ўжо а восьмай гадзіне за чвэрць капейкі аддалі барахольшчыкам.

Пастаяннае супрацьстаянне захаплення і гідлівасці, павагі і жалю гоніць цябе ад шэрагу да шэрагу, а потым выкідвае.

Гомель – не адзіны горад, у якім ёсць барахолка, але гомельская такая малая і кволая. Гэта не маштаб і не рэчы, гэта зусім розныя людзі: ад тых, хто апусціўся і забіў на сябе, да інтэлігентных, якім прыемна ўспомніць мінулае і крыўдна з ім развітвацца

Бліжэй да абеду ўсе надзеі на добры заробак знікаюць, рынак пусцее, і першае адчуванне дзядулевай кладоўкі пакідае цябе сярод вечных палітычных спрэчак стомленых людзей. Спрэчак, якія паказваюць, што размаўляць больш няма пра што, якія заглушаюць адчуванне крыўды на гэты свет.

Заўсёды побач з намі ходзяць людзі, якіх нам не зразумець, таму што мы ніколі не жылі іх жыццём. Мы будзем слухаць, спачуваць, не ведаючы, куды падзець рукі, а потым забудзем, таму што нашае жыццё складаецца з іншага вопыту. І гэтым людзям нічый жаль зусім не патрэбны, ім патрэбна распавесці гісторыі, якімі можна ганарыцца.

Гомель – не адзіны горад, у якім ёсць барахолка, але гомельская такая малая і кволая. Гэта не маштаб і не рэчы, гэта зусім розныя людзі: ад тых, хто апусціўся і забіў на сябе, да інтэлігентных, якім прыемна ўспомніць мінулае і крыўдна з ім развітвацца.

Дарэчы, на наступны дзень, калі мы прыйшлі, каб сфатаграфаваць рынак без людзей, нас нагнаў Косця, дзесьці яшчэ за тэрыторыяй убачыў, зрабіў прэзентацыю календароў і даў пару дызайнерскіх парад – прыемны падарунак.

 

Фота і тэкст by Насця Шакунова

 


КОММЕНТАРИИ (2)

Палiна
Палiна | 12.08.2016 17:08

Кранальны артыкул, аўтарка малайчына! Дзякуй)

2 0 +2
Ирина
Ирина | 13.07.2016 09:47

Спасибо за такую приятную и светлую статью. Как-будто еще раз прошлась по барахолке. Там и правда особая атмосфера и своя история за сотнями вещей и десятками людей. Пусть об этом месте узнают больше.

2 0 +2