Хто такія ўцекачы?

У ліпені гэтага года на мяжы Беларусі з Польшчай абвастрылася сітуацыя з уцекачамі. Цяпер па неафіцыйных дадзеных у Берасці да 2 тысяч чалавек чакаюць адпаведнага міжнародным дамовам атрымання статусу ўцекача, а па факце атрымліваюць штампы ў пашпарты пра адмову ва ўездзе ў Польшчу. І ў дадатак – сацыяльныя дыскрымінуючыя штампы з боку грамадства. Спрабуем без забабонаў разабрацца, што з гэтым не так.

 

Хто такія ўцекачы?

 

Паводле вызначэння, замацаванага Канвенцыяй ААН, уцякач – гэта асоба, якая «праз цалкам абгрунтаваныя боязі зрабіцца ахвярай пераследаў па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да вызначанай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў знаходзіцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца абаронай гэтай краіны ці не жадае карыстацца такой абаронай з прычыны такіх боязяў; ці, не маючы вызначанага грамадзянства і знаходзячыся па-за краінай свайго ранейшага звычайнага месцажыхарства, не можа ці не жадае вярнуцца ў яе з прычыны такіх боязяў».

Хоць гэткі панятак выкарыстоўваецца на міжнародным узроўні ў дамовах і дакументах, у паўсядзённым жыцці ён працягвае ўжывацца ў няправільным сэнсе. Напрыклад, у медыя тэрмінам «уцякач» часта называюць эканамічных мігрантаў, людзей, якія перасяліліся праз эканамічныя прычыны. Такая блытаніна толькі спрыяе штампаванню людзей ужо і так загнаных у кут жыццёвымі абставінамі.

 

Дапамагаць уцекачам – сумнеўна, бо ў Чачні вайны няма. Якія тады яны ўцекачы? Палякі маюць рацыю, што не пускаюць іх.

Так, цяпер вайны ў Чачні насамрэч няма. Аднак гэта не робіць спробы чачэнскіх уцекачоў атрымаць прытулак у Польшчы незаконнымі ці неабгрунтаванымі.

Як мы бачым з Канвенцыі, наяўнасць ваенных дзеянняў – не адзіны і не абавязковы крытэр, па якім даецца статус уцекача. Акрамя таго, згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, Міжнародным пактам пра статус уцекачоў, Канвенцыяй пра статус уцекачоў, Дырэктывай Савета Еўрапейскага Звязу 2005/85/EЗ ад 1 снежня 2005, якія падпісала ў тым ліку і Польшча, існуюць мінімальныя стандарты працэдураў, якія дзяржавы-чальцы павінны выконваць падчас прадастаўлення і адмены статусу ўцекача.

На польскай мяжы чачэнскіх уцекачоў як мінімум павінны выслухаць, прыняць і пачаць правяраць абставіны і факты іх прыбыцця ў Польшчу. І ўжо па выніках мусяць вырашыць: прадастаўляць статус уцекача ці адмаўляць у ім.

Насамрэч цяпер адбываецца так: працэдура не толькі не распачынаецца – чачэнцаў нават не выслухоўваюць. Замест гэтага ім ставяць штамп у пашпарце пра адмову ва ўездзе ў сувязі з адсутнасцю візы і адпраўляюць назад. На мяжы пануе атмасфера насміхальніцтва і непрыхаванага грэбавання з боку польскіх памежнікаў. Юрыдычна яны дзейнічаюць неабгрунтавана.

 

Той, хто жадае, становіцца паспяховым дома нават у неспрыяльных умовах, а дармоўнікі рвуцца атрымаць нябеднае жыццё за кошт іншых. Яны – эканамічныя мігранты, якія нахабным шляхам лезуць на шыю працавітаму насельніцтву. Ім проста хочацца у Еўропу.

Гэта тыповая падмена паняткаў. Уцекачы і эканамічныя мігранты – розныя выпадкі. Людзі на мяжы ў Берасці просяць прытулку ў сувязі з палітычнымі пераследамі і катаваннямі, якія над імі чынілі ў Чачні. Адзінае іх жаданне – жыць без страху за сябе і сваіх дзяцей.

Звычка бачыць ва ўсіх, хто просіць прытулку, адно эканамічных мігрантаў толькі ўзмацняе грамадскую непрыязь. Канешне, нельга выключаць, што «пад шумок» у Еўропу будуць спрабаваць трапіць і яны. Аднак для гэтага і існуе працэдура, па якой людзі, што просяць прытулку, пражываюць у лагеры для ўцекачоў на тэрыторыі прымаючай дзяржавы, пакуль праводзіцца праверка доказаў і прымаецца рашэнне. На гэтым этапе і можна выявіць эканамічных мігрантаў.

 

Чаму іх павінны кудысьці проста так пускаць? Няхай атрымліваюць працоўную Шэнгенскую візу і едуць без праблемаў!

Гэта лагічны тупік. Тыя, хто зазнаў пераслед у сваёй краіне, звярнуўшыся ў амбасаду па візу, рызыкуе быць заўважаным дзяржаўнымі ўстановамі Чачні і нарвацца на «асаблівую» ўвагу з боку ўладаў, у тым ліку на допыты, ператрусы, катаванні, знікненне сваякоў.

 

Я з цяжкасцю ўяўляю сабе, што сапраўдны ўцякач можа быць у выдатным скураным абутку з айфонам у руках. Падтрымліваць варта тых, хто мае патрэбу, тых, у каго сапраўды складанае становішча.

Мы прызвычаіліся ўяўляць уцекачоў як людзей выключна бедных, гаротных, выгнаных вайной са сваіх краін. Аднак не толькі вайна спрыяе іх з'яўленню. Гэтак жа ўцекачом можа стаць кожны(-ая), незалежна ад прыбытку і сацыяльнага становішча. Не мае значэння колькасць машын, наяўнасць свайго бізнэсу і прыгожага дома. Як мы ведаем, даволі паспяховыя людзі таксама падпадаюць пад пераслед і катаванні.

 

Чаму праз Польшчу, а не Літву, напрыклад?

Справа ў тым, што едуць праз Польшу, бо там ёсць праграма, якая прадугледжвае іх часовае знаходжанне на тэрыторыі з наступнай рэлакацыяй у Германію, у Польшчы мала хто застаецца. З Літвы так не атрымаецца.

 

Гэтыя чачэнцы – баевікі, тэрарысты і ісламісты, якія адмаўляюцца інтэгравацца і паважаць законы каталіцкай краіны. Навошта Польшчы павялічваць колькасць людзей з культурай гвалту?

Па сутнасці, гэтыя людзі ўцякаюць ад пераследу, катаванняў, баевікоў і тэрарыстаў. А калі яны апынаюцца каля межаў Еўразвязу, іх атаясамліваюць з іх жа пераследнікамі. Ці будуць людзі, якія бягуць ад гвалту, укараняць яго самі?

Найперш уцекачы – гэта тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, у якой не хацеў апынуцца. Многія з іх – сталыя, нават старыя людзі – мусяць кідаць усё і пачынаць уладкоўваць сваё жыццё наноў. Ганарлівыя па сваім менталітэце, цяпер яны залежаць толькі ад дапамогі іншых, жывуць на здымных кватэрах і вакзале. Усей сям’ёй з маленькімі дзецьмі некалькі разоў на тыдзень яны сядаюць у цягнік, які ідзе з Берасця на Польшчу, у надзеі атрымаць сховішча, а замест гэтага атрымліваюць толькі чарговы штамп у пашпарт, дзе сканчаюцца вольныя старонкі.

 

Чаму яны проста не могуць перасяліцца ў іншую частку Расійскай Федэрацыі ці застацца ў Беларусі? Яны проста хочуць у Еўропу!

Уцекачы спазнаюць пераслед па ўсёй тэрыторыі РФ. Гэтаксама ім пагражае небяспека і ў Беларусі, таму што мяжа досыць умоўная для яе перасячэння. Такія абставіны спрашчаюць пераслед людзей з Чачні. Кадыраў уласна заявіў, што накіроўваў сваіх людзей у Берасце «высвятляць сітуацыю».

 

Тэкст by Таццяна Самнікава, валантэрка місіі па дапамозе ўцекачам Human Constanta
Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла Моладзевай Праваабарончай Групе – Беларусь

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


КОММЕНТАРИИ (4)

John Doe
John Doe | 8.12.2016 21:33

"Справа ў тым, што цягнік, які ідзе з Берасця ў Цярэспаль, – адзіны цягнік з Беларусі, на які можна купіць квіток, не маючы візы. "
На любы цягнік , які ідзе з Беларусі , ці ў Літву , ці ў Польшу, можно набыць квіток без візы. Візу вы паказваеце не касірам , а памежнікам , і нават не нашым.
Гэты пункт не адпавядае рэчаіснасці!!!!
Едуць праз Польшу , бо там есць праграмма, якая прадугледжвае іх часовае прыбыванне на тэрэторыі, з наступнай рэлакацыяй у Германію, там мала хто застаецца. З Літвы так не атрымаецца.

2 0 +2
34mag.net | 9.12.2016 11:50

Паправілі, але ці ёсць у вас спасылкі на інфармацыю пра праграмы для ўцекачоў у Польшчы і Літве?

0 0
John Doe
John Doe | 9.12.2016 17:33

Пра праграмму тут мана з майго боку, з-за нядасканалага валодання тэмай, праграмма тут адзіная - набыце статусу учекача.
Рэлакуюцца яны самi , з пунктаў часовага прыбывання з Польшы у Германію, каб запрасіць статус уцекача непасредна там. Гэта пытанне падымаееца у польскай і нямецкай перыёдыке. Гугліце.
Чаму праз Польшу і непасрэдна праз Тэрэспаль - таму што там есць неабходная інфраструктура дзеля іх часовага прыбывання да рашэння аб далейшых дзеяннях. У Кузніцы, і ў Вільні такой інфраструктуры, наколькі я ведаю няма.
Артыкул праўце ізноў).

0 0
АК
АК | 10.12.2016 02:42

У Тэрэспалі няма ніякай інфраструктуры для часовага ўтрымання бежанцаў. Іх накіроўваюць у Бялу-Падляску, а потым размяркоўваюць далей. Можна не правіць)

3 0 +3