Таемны госць: піць будзеш?

Нашага таемнага госця вылічваюць у бары «Хуліган» пры спробе замовіць халаднакроўнае піва. У Вінніцы прадаюць махіта з бочкі, як квас. Парачка цалуецца ў рэкламе кока-колы. А пісьменнік Альгерд Бахарэвіч нарэшце задаецца галоўным пытаннем лета: што ж мы будзем піць у гэтым сезоне?

 

Цяжка быць таемным госцем у пустым бары.

Ну добра, у паўпустым – а кожны паўпусты бар, як вядома, напалову поўны: заўтра лета, а яно хоцькі-няхоцькі робіць з цябе аптыміста.

Заходзіш, напрыклад, па абедзе ў «Хуліган» выпіць халоднага піва. А насустрач табе фотамастак Андрэй Лянкевіч:
«Прывітанне! Герояў для калонкі шукаеце?»
«Ага, – змрочна адказваю я. – Угадалі».

Гэта я наўмысна так сказаў, каб нікога не пакрыўдзіць. Насамрэч, вядома, адзіным героем, якога я шукаў, было златакудрае піва. Можна нават «Аліварыю», але абавязкова каб халоднае: халаднакроўнае, нардычнае, светлае і вытрыманае, як ісцінны арыец. Але прыязная барвумэн сказала, што піва ў «Хулігане» будзе можна толькі пасля пяці.

Больна. Нада.

 

 

 

У развагах, чаму менавіта пасля пяці, я сядзеў на тэрасе, піў зялёную гарбату і глядзеў, як Караткевіч гладзіць коціка. Не той Караткевіч, які Таццяна, а той, які аднойчы прызямліў Хрыста ў Гародні. Хоць Таццяна Караткевіч, напэўна, таксама любіць катоў. Не можа не любіць. Летам хочацца любіць усіх – Караткевіча, Купалу, Куляшова. Нават Петруся Броўку з Паўлам Каэльям. Як можна кагосьці не любіць, калі вецер ганяе па Кастрычніцкай пах свежаскошанай травы, заўтра 1 чэрвеня, а дах тэрасы скрыпіць пра тое, што маладосць, канечне, некалі скончыцца, але дакладна не цяпер. Пасля пяці, не раней.

Зялёная гарбата прыемна дагарала ў нутрох. Пяць гадзін ніяк не надыходзіла. Коцік у руках Караткевіча загадкава ўсміхаўся таемнаму госцю, Андрэй Лянкевіч сеў у машыну і з’ехаў, балярыны каля прыбіральні зрабілі няўлоўнае па.

А я падумаў пра тое, што мы ўсе будзем піць улетку. Да 17.00.

«Яшчэ крыху больш за сто гадоў таму шмат хто з менчукоў піў ваду проста са Свіслачы – і нічога ніякага: ну, халера была, ну, дыфтэрыт з дызентэрыяй, але паглядзіце, як пахарашэла сталіца Савецкай Беларусі ў параўнанні з 1913 годам»

Магчыма, кока-колу. Цяпер увесь горад завешаны яе рэкламай: двое паўголых юных паршыўцаў ліжуць адну на дваіх бутэльку, няўмела робячы выгляд, што цалуюцца. Відаць, мама не казала ім у дзяцінстве, што лізаць бутэльку негігіенічна. Спачатку яе трэба памыць цёплай вадой з мылам! Зрэшты, яны яшчэ маладыя, у іх яшчэ ўсё наперадзе. Кока-кола – сведка шмат якіх гістарычных і прыватных падзей, вось і зараз бутэлька шматзначна блішчыць з рэкламнага плаката: лета – гэта я. І зіма – гэта таксама я. Колазвароты прыроды. І нікуды вам ад мяне не падзецца: раней у гэтым горадзе стаяў «колокольный звон», а цяпер «кока-кольны». Піце маю кроў, ежце плоць маіх бургераў, ліжыце маё шкло. Ці хаця б палюбуйцеся на секундачку маёй сэк… сэк… сэксуальнай, як ікаўка, рэкламай.

Кожны ведае: кола ў Беларусі не тая. За мяжой яна смачнейшая. У мяне з колай звязаная траўматычная гісторыя: калі мне было дваццаць, я выпіў бутэльку гарэлкі ў Доме кінематаграфістаў і запіў яе 0,5 колы. Потым Ілля Сін вёз мяне ў Шабаны на таксі: мая галава высоўвалася з акна і радасна палівала летні менскі асфальт вясёлкавай жыжкай. Але гэты выпадак не зламаў мяне ні маральна, ні фізічна. Я п’ю колу. Я моцны чалавек. Беларус, мужчына, пісьменнік. Яшчэ не прарок і не апостал, але… Лета пакажа.

Кожны ведае: кола бывае розная. Бела-кола, напрыклад, дужа смачны прахаладжальны напой, ад якога хочацца піць так, што Менск нават у непагадзь падасца патанулай у міражным мроіве пустэльняй. Калі ты мянчук – ты з дзяцінства вучышся не верыць словам. Бо часам яны значаць зусім не тое, што можа падумаць наіўны чужаземец.

 

 

 

 

Можа, напоем лета зробіцца махіта? Мы з Юляй надоечы вярнуліся з украінскай Вінніцы, дык там махіта прадаюць на вуліцах проста з бочак, як у нас квас. Вядома, махіта – гэта ўсяго толькі слова, але ідэя добрая. Неяк пачынаеш паважаць сябе, цэдзячы ў спякотны дзень махіта з пластыкавага кубачка за 5 грывень. А што? Можаш сабе дазволіць. Курорт проста з бочкі.

Дарэчы, пра квас. Самы летні і лёгкі з беларускіх напояў. Юля кажа, што ў бочках з квасам жывуць чарвякі. А я квас люблю. Урэшце, тэкіла – таксама напой з чарвячком, так што якая розніца. Гэта ж наш чарвяк, а не мексіканскі. Выпіўшы паўлітра тэкілы на менскім санцапёку, я б ужо ляжаў на роднай зямлі, як выкінуты з акна кактус: беларус, мужчына, пісьменнік… А ад паўлітра квасу нічога не будзе. Нават з раніцы. Нават у Шабанах.

Ёсць, вядома, яшчэ ўсе гэтыя навамодныя напоі: агуркова-мятна-мядовыя з лёдам і яшчэ чорт ведае якія. Разам з прыемным паслясмакам на язык абавязкова вылазіць пытанне кошту. Не той цяпер агурок, і мёд не той, і мята не наша. Не дэмакратычныя. Таталітарныя.

Але нам не прывыкаць. Вольныя людзі наогул запіваюць каву вадой з-пад крана. Менчукі ў гэтым сэнсе шчаслівыя: не кожны горад пахваліцца тым, што ў ім з крана ідзе вада, а не фізраствор. Яшчэ крыху больш за сто гадоў таму шмат хто з менчукоў піў ваду проста са Свіслачы – і нічога ніякага: ну, халера была, ну, дыфтэрыт з дызентэрыяй, але паглядзіце, як пахарашэла сталіца Савецкай Беларусі ў параўнанні з 1913 годам. Узняліся ўвысь заводскія карпусы, красуе зеляніна ў парках, напаўняюцца звонкімі юнымі галасамі новыя школы, бальніцы і ўніверсітэты. Увечары выйдзеш на балкон – і ўдыхнеш на ўсе грудзі вольны пах дражджэй з піўзавода «Аліварыя». І хочацца крыкнуць на ўсё сваё старэчае горла: «Віншую! Лета!»

 

 

Абавязкова пачытай папярэднія часткі праекту!

  Самакаты з вуліцы Бразіл
  Замест віншавання
  Хто такі Джон Голт?
  Асалода па-менску

 

Фота by Gustav Goodstuff
 

КОММЕНТАРИИ (1)

Лагвін
Лагвін | 3.06.2016 01:14

Смачна напісана.

5 0 +5