Што ні кажы, а панк-рок – самая летняя музыка.
Самая сонечная, дэмакратычная і жыццярадасная. Простая, як пяць капеек пасля дэнамінацыі, брудная, як столік у «Цэнтральным», і іранічная, як Эміль Чаран. Пра Чарана – гэта, канечне, занадта, але калі ўжо грашыць параўнаннямі, дык грашыць.
Менская восень – гэта Нік Кэйв.
Менская зіма – гэта Вагнер.
Менская вясна – гэта фальклорны ансамбль на сцэне Дома афіцэраў.
Але менскае лета – гэта геніяльны гітарны рыф да нейкай з песняў Sex Pistols або «Рамонэс».
І нічога з гэтым не паробіш.
Таму: do it yourself, вырашылі мы і выправіліся ў D.I.Y.-бар на Зыбіцкай, каб насалодзіцца класікай панку ад DJ Pogodina. Падлячыцца яе гаючымі гукамі ад подлай менскай тугі.
І вось, стоячы з куфлем піва і завываючы разам з усімі, што «ай таксама ўона бі анархі», я падумаў, што быць панкам у 2016 годзе цяжкавата. Ды ўжо, бадай, і немагчыма.
Не, чыста эстэтычна яно, канечне, можна, а ў Беларусі дык і трэба. «I get pissed, Зелянстрой!» – як пяе Джоні Ротэн. Але ўсё гэта – не больш чым музыка. Проста музыка. Проста мы пакінулі на пару гадзін свае чорныя цені недзе там, на паверхні, у Верхнім горадзе. Хай гэтае грамадства жарэ іх, пакуль мы тут, унізе, будзем слухаць самую летнюю музыку ў свеце. І яно жарэ. Аблізваецца, глыдае, прыцмоквае: у паўзах паміж песнямі чуваць, які ў яго насамрэч звярыны апетыт. А потым мы падымемся па сходах у горад, і яно зноў прымецца за нас, і мы будзем падстаўляць яму самыя смачныя часткі душы. Таму кожнаму з нас варта добра, да ўсрачкі наслухацца панк-року, перад тым як выйсці адсюль, з гэтага бара. Наслухацца – як крэмам ад інсектаў намазацца: калі ад нас будзе смярдзець старой добрай панк-класікай, можа, там, наверсе, у Менску, з нас не адразу вып’юць усю кроў, а?
Мы спажыўцы.
Спажыўцы.
А моладзі ў бары робіцца ўсё болей. Быццам яны і праўда ратуюцца тут ад монстраў простага чалавечага шчасця, якія чакаюць іх наверсе. Дарагая DJ Pogodina, пастаў, калі ласка, яшчэ «пісталетаў», або Ігі Попа, прашу я нячутна, пра сябе, але каму ёсць справа да сівога смешнага дзядзькі, які прытуліўся ля стойкі разам са сваёй цудоўнай цётачкай і п’е другое піва. Ім, гэтым мілым панкам, па дваццаць пяць і ў кожнага вышэйшая адукацыя на лобе напісаная. Не, нашы панкі – гэта не іхныя панкі. Нашыя панкі маюць густ. Нашыя панкі – самыя вясёлыя ў свеце. Прынамсі на гэтыя пяць гадзін. Панк-рок не бывае доўгім, а жыццё бывае.
Не трэба было мне сюды хадзіць, у D.I.Y.-бар. Не трэба было слухаць DJ Pogodina. Не трэба было піць другое «Лідскае» і рабіцца старым казлянём, якое раптам прабіла на ўспаміны.
…Неяк я вырашыў, што не хачу быць вакалістам, і паклікаў у свой гурт прыяцеля Сярожу. І вось мы стаім на сцэне Дома культуры ў Лагойску, і ён раве ў мікрафон: «Ана-а-архія ў Рэспу-у-убліцы Беларусь!», а я рву струны барысаўскай гітары, і бубнач п’яны, і басіст Коля, і я п’яны, і мы робім у Лагойску лета, а перад намі скача натоўп потных паўголых падлеткаў, ад якіх пахне такой гарманальнай нестабільнасцю, што робіцца страшна і соладка адначасова. І я адчуваю, што, калі ім зараз скамандаваць: дэстрой, рабяты! – яны, дарма што ў іх двойкі па ангельскай мове, пойдуць да раённай адміністрацыі – і застанецца ад яе адна толькі шыльда.
І было гэта дваццаць гадоў таму.
«І я адчуваю, што калі ім зараз скамандаваць: дэстрой, рабяты! – яны, дарма што ў іх двойкі па ангельскай мове, пойдуць да раённай адміністрацыі – і застанецца ад яе адна толькі шыльда»
У мяне яшчэ зубы былі свае. І кружэлка першага альбому «Студжыз» была, выпушчаная фірмай «Мелодыя», – яна стаяла ў мяне ў скрыні каля пісьмовага стала, а са сцяны ўсміхаўся Сід Вішэс.
Не, гэтыя цяперашнія дваццацігадовыя нікуды не пойдуць – ні строіць нікога, ні дэстроіць. Усё скончыцца мірна. Панк-рок – гэта весела. Лёгкае прыемнае ўзбуджэнне. Танцы. Самая летняя музыка ў свеце. Але вечнае лета надакучвае, у пэўны момант хочацца Вагнера, а потым фальклору, а потым цішыні. А потым ты ідзеш у бар на Зыбіцкай і трасеш галавой, шчаслівы ад таго, што хоць на некалькі гадзін можаш зноў зрабіцца анархіяй («oh what a name!»). Можа, апошні раз у жыцці.
Панк-рок лечыць.
Ад прэтэнцыёзнай пустаты псеўдаінтэлектуальных вечарынак, ад нуднай зімы паэтычнага пустаслоўя, ад абрыдлага русского рока, ад надакучлівых нацыяналізмаў, ад іхных і нашых ніваў, ад бясконцых бла-бла-бла пра бла-бла-блаславёную культуру. Ад уласнага пафасу. Ад сцягоў і гербаў. Дарэчы, сёння ў Re:Public упершыню ў Менску грае Anti-Flag.
Не пайду. Буду сядзець дома і чытаць Чарана.
Навошта цяпер вышэйшая адукацыя – разважае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч у новай калонцы «Таемнага госця». Абітурыентам на заметку.
У новай калонцы праекту «Таемны госць» Альгерд Бахарэвіч расказвае, як беларускі горад грахоў адмывае сябе ад заганаў.
Кім я буду, калі лета скончыцца? Кім будзеш ты? Таемны госць Альгерд Бахарэвіч кажа лету «Бывай!» – і ўзгадвае ўсё.
«Свабода і няволя бягуць у адным натоўпе, судакранаючыся лакцямі». Альгерд Бахарэвіч назірае за тымі, хто бяжыць менскі паўмарафон.
Как построить не просто бар, но тусовку на районе.
Как построить не просто бар, но тусовку на районе.
Разговор о смыслах большого искусства.
Правила жизни, работы, отдыха.
КОММЕНТАРИИ (2)
адсылка да Жадана ці мне падаецца?
думал ща чтото претензионное почитаю, а тут здорово написано) особенно про Анархия в РБ ))аххах это риал тру бел панк!!!