Slow media: спыніся і пачні!

 

Хэштэгі нашага часу: шалёны рытм, прамая трансляцыя жыцця ў сацсеткі, stream нон-стоп. Рэакцыя на гэтую медыягарачку – slow media. У наступным выпуску рубрыкі Mediascape разглядаем новы рух, які жыве ў тэмпе «памалу едучы, далей заедзеш».

 

Slow media – гэта частка культуры павольнага руху жыцця (slow movement), якую заснаваў італьянскі журналіст Карла Петрыні. У 1989 годзе Еўропу накрыла хваля дэманстрацый і грамадскіх пратэстаў супраць экспансіі Макдональдса. Тады Петрыні заснаваў арганізацыю Slow Food з мэтай папулярызаваць традыцыйныя стравы і мясцовую культуру. І пачалося: Slow TV, Slow Education, Slow Travel, Slow Media.

Варта ведаць, што «slow» у гэтай канцэпцыі – антыпод фаст-фуду, а не проста «запавольванне» (як у «slow down»).

Як і з slow food, slow media – гэта гісторыя не пра хуткае спажыванне інфармацыйнага прадукту, а пра ўдумлівы падбор інгрэдыентаў і стараннае іх прыгатаванне.

Калі праводзіць аналогію, то slow media – гэта ровар. Усе ведаюць, што ровар – гэта класна, якасна і прагрэсіўна. Вядома, ровар не разганяецца настолькі хутка, як аўтамабіль, але ж памалу едучы – далей заедзеш, так?

Уласна, ініцыятыва slow media з’явілася спачатку ў Амерыцы ў 2010 годзе, а ўжо потым у Еўропе. Тры даследчыкі з Германіі – Бенедыкт Кёлер, Сабрыя Дэвід і Ёрг Блумтрыт – нават стварылі і апублікавалі The Slow Media Manifesto. У ім пастулюецца: slow media – гэта канцэпцыя надзейнага і якаснага кантэнту ў адказ на драматычнае прадстаўленне інфармацыі ў шалёным тэмпе. Асноўны кантэнт slow media – якасная публіцыстыка і аналітыка, а не кароткія навіны і сенсацыі. Аўтары прапаноўваюць спажываць інфармацыю асэнсавана і ўдумліва, а не пасіўна і хутка.

 

 

 

Маніфест Slow Media

  Slow media робяць унёсак ва ўстойлівае развіццё. Аснова вытворчасці медыйнай прадукцыі – сыравіна, умовы працы, тэхналагічныя працэсы. Падводныя камяні ўстойлівых медыя – празмерная эксплуатацыя, нізкія заробкі і неабмежаваная камерцыялізацыя. Устойлівае спажыванне – гэта адзін з кітоў slow media.

  Slow media прапагандуюць моназадачнасць. Нельга спажываць іх няўважліва і павярхоўна. Так, ужыванне смачнай ежы прадугледжвае напружанне ўсіх органаў пачуццяў. Прынцып спажывання slow media такі ж: сканцэнтруйся і атрымлівай асалоду.

  Slow media імкнуцца да ідэалу. Аднак гэта не заўсёды найноўшыя дасягненні рынку. Важна, што яны пастаянна ўдасканальваюць інтэрфейсы, іх даступнасць і функцыянал.

  Slow media робяць якасць адчувальнай. Вытворчасць, дызайн і кантэнт адказваюць самым высокім стандартам якасці. Гэта вылучае іх на фоне больш хуткіх канкурэнтаў, напрыклад, высокаэстэтычным дызайнам або прэміяльным інтэрфейсам.

  Slow media прасоўваюць прас’юмераў – людзей, якія вызначаюць, што і як яны хочуць спажываць і ствараць. Актыўны чытач натхняецца кантэнтам для генеравання новых ідэй, пачынае дзейнічаць і выцясняе пасіўнага спажыўца з поля дзеяння slow media.

  Slow media любяць дыскурс і дыялог. Умець слухаць для іх так жа важна, як і ўменне гаварыць. Яны ідуць да сваіх канкурэнтаў, каб уступіць у дыялог. У дадзеным кантэксце «slow» азначае быць удумлівым, ісці насустрач, паважаць і ўмець падвяргаць сумненню сваю пазіцыю.

  Slow media – гэта сацыяльныя медыя, таму вакол іх ствараюцца суполкі людзей. Аўтары абмяркоўваюць з аўдыторыяй актуальныя тэмы. Такія СМІ прапагандуюць ідэю разнастайнасці пунктаў гледжання.

  Slow media паважаюць сваіх чытачоў. Яны ўзаемадзейнічаюць з імі, не глядзяць на чытачоў зверху ўніз і разумеюць іронію, з якой чытачы могуць да іх звяртацца.

  Slow media распаўсюджваюцца праз сістэму рэкамендацый, а не праз рэкламу. Свайму поспеху яны абавязаныя сарафаннаму радыё.

  Slow media не выходзяць з моды. Яны выглядаюць свежымі нават праз дзесяцігоддзі. Як дарагі каньяк, з часам яны толькі паляпшаюцца.

  Slow media маюць асаблівую аўру. Яны выклікаюць пачуццё дачынення і жаданне быць унікальнымі, хоць і вырабляюцца індустрыяльнымі метадамі.

  Slow media прагрэсіўныя, а не рэакцыйныя. Яны абапіраюцца на тэхналагічныя дасягненні і сеткавую структуру грамадства. На фоне паскарэння шматлікіх сфер жыцця наўмысная запаволенасць – ключ да выжывання. Slow media не канфліктуюць з хуткасцю твітара, блогаў і сацыяльных сетак, а наадварот, актыўна выкарыстоўваюць іх перавагі.

  Slow media факусуюцца на якасці як вытворчасці, так і кантэнту. З павелічэннем даступнасці інфармацыі цэніцца майстэрства крытыкі крыніц інфармацыі, іх класіфікацыі і ацэнкі.

  Slow media патрабуюць даверу, але патрэбны час, каб яны заслужылі гэты давер. За slow media рэальныя людзі. І гэта можна адчуць. 

 

 

 

Прыклады слоў-медыя:

 

 

 

  Wired

Амерыканскае медыя пра ўплыў інфармацыйных тэхналогій на культуру, эканоміку, палітыку. Прарыўное, інавацыйнае і перадавое СМІ!

  The Strange Case of the Woman Who Can’t Remember Her Past–Or Imagine Her Future

  Like. Flirt. Ghost: A Journey into the Social Media Lives of Teens

 

 

 

 

 

  Aeon

Часопіс заснаваны ў Лондане ў 2012 годзе. Некамерцыйны партал публікуе правакацыйныя і глыбокія матэрыялы. На важныя пытанні даюць адказы навукоўцы, мастакі, філосафы.

  Nobody is normal

 

 

 

 

 

  Scientific American

Папулярнае ў ЗША медыя, якое цягам 170 год публікуе матэрыялы пра навуку і тэхналогіі. Спачатку гэта была газета з чатырох старонак, дзе друкавалі навіны пра вынаходкі. Цяпер у часопісе можна пачытаць грунтоўныя і аб’ёмныя матэрыялы, якія робяць вучоныя з усяго свету.

  Negative Emotions Are Key to Well-Being

 

 

 

 

 

  «Батенька, да вы трансформер»

Стваральнікі гэтага медыя лічаць сябе самвыдатам, а не СМІ. Усе робіцца сваімі сіламі, без інвестыцый. Тут працуюць маладыя журналісты, мастакі, ілюстратары, дактары, праграмісты, археолагі і людзі розных прафесій, якія знаходзяць сябе ў даследаванні знешняга свету. Іх мэта – вярнуць журналістыцы яе прызначэнне: аб’ектыўна асвечваць падзеі, удумліва вывучаць ход рэчаў і крыніцы росту і развіцця сваіх чытачоў.

  «Почему нас неминуемо убьёт космический мусор»

 

 

 

 

 

  «Имена»

Беларускае медыя, якое фінансуецца чытачамі. Часопіс збірае гісторыі, рэпартажы, публікуе лонгрыды і фотапраекты. Тэмы матэрыялаў вострыя, як лязо. Мэта часопіса – расказваць пра тое, што сёння рэальна хвалюе беларусаў. Ён дае магчымасць ствараць свае праекты ў грамадскім сектары, шукаць аднадумцаў і абменьвацца з імі ідэямі.

  «Гена и героин. Как минский дворник и вчерашний школьник избавились от наркомании»

 

 

 


КОММЕНТАРИИ (2)

Andrei Novikau | 9.02.2017 14:48

https://monocle.com/magazine/

1 0 +1
Violetta Savchits | 9.02.2017 18:06

дзякуй!

0 0