Сіалімскі мост на паперы

  • 27.01.2017
  • Автор: 34mag
  • 6492

Літаратурны дом «Логвінаў» надрукаваў лімітаваным накладам апошнюю кнігу беларускага мастака і пісьменніка Аляксея Талстова «Апоўначы на сіалімскім мосьце». Летась на «Першаку» выходзіла электронная версія, заходзь у кнігарню – параўнай экзэмпляры!

 

«Апоўначы на сіалімскім мосьце» – сіквэл рамана «Валацугі», які таксама выйшаў на «Першаку» ў 2014 годзе. Кніга працягвае распавядаць пра прыгоды бэкпэкера ў Паўднёва-Усходняй Азіі, які калісьці сарваўся ды так і не вярнуўся да «нармалёвага», звыклага для большасці жыцця. Папяровае выданне, якое ты можаш знайсці ў кнігарні «Логвінаў», надрукавана абмежаваным накладам, але on demand. Кошт асобніка – BYN 14.

«Канешне, прыемна, што выйшла. Кожнаму пісьменніку прыемна мець надрукаваную кніжку, – кажа Талстоў. – Выданне літаратуры заўжды вымагае грошай. І дзякуй “Логвінаву”, што яны самі ўкладаюцца і падтрымліваюць літаратуру».

Аляксей Талстоў нарадзіўся ў 1984 годзе. Прымаў удзел у першай беларускай рэгі-групе «Чык-чык», супрацоўнічаў з бэндам «Алёша, гіў мі э чэнс», ладзіў шмат мастацкіх праектаў і выстаў. «Апоўначы на сіалімскім мосьце» – гэта яго чацвёртая кніга, раней выходзілі «Бег», «Мінакі» і «Валацугі». Па словах Талстова, ёсць ідэя наступнай кнігі, якая працягне даследаваць адваротны бок даўншыфтарскай рамантыкі, але з больш сацыяльна-палітычным ухілам. Месца дзеяння – Азія і часткова Еўропа.

Раней сумесна з 34mag у выдавецтве «Логвінаў» выходзілі папяровыя выданні двух частак трэвел-прыгодаў Ромы Свечнікава «Рома едзе» (Кніга 1, Кніга 2), раман-утопія Віктара Марціновіча «Мова», «Валацугі» Аляксея Талстова і меладраматычны раман Антона Кашлікава «Бывшие».