Операфілія

Калі жадаеш адпачыць пасля працоўнай сумятні, оперу неяк не ўспамінаеш у бягучым радку думак. Падаецца, што гэты жанр адпачынку цалкам прасякнуты нафталінавым эстэцтвам і ўрачыстасцю моманту. Рэгулярна ў храм галасістых спеваў сярод непрафесіяналаў ходзяць адзінкі. Тым больш нам цікава было знайсці 19-гадовага хлопца, які за плячыма мае больш за 70 візітаў у Оперны. Чаму на оперу можа хадзіць кожны і як у ёй разбірацца? Мы пагутарылі з юнаком, а пасля завіталі на 4-гадзінную «Аіду» ў Вялікі. Чытай наш рэпорт з паглыбленнем!

 

Выкраслі лішняе: «сэкс», «драгс», «рок-н-рол», «квіткі ў партэр на прэм’еру ў Оперным». Калі ў цябе ўзнікнуць складанасці з гэтым заданнем, напэўна, ты валтарніст з аркестравай ямы ці сарамлівая інстытутка з Глыбокага. Захапленне операй, балетам ці нават тэатрам ідзе неяк уразрэз з уяўленнем «парадыгмы крутасці» сярод пакалення міленіялаў. Звычайная гісторыя. У 20 гадоў першыя тры пункты заўсёды выглядаюць куды больш прывабнымі.

Але ва ўсіх правілах ёсць выключэнні. Часам гэтыя выключэнні цалкам ламаюць твае стэрэатыпы – і тады становіцца яшчэ цікавей. Наш герой – малады хлопец Сева Окунеў. Вучыцца ў БДУ, ганяе па ўпісках, у меру п’янтосіць – усё як па інструкцыі. Акрамя адной цікавай дэталі: за два гады Сева наведаў больш за 70 оперных спектакляў у Вялікім тэатры.

 

 

 

 

Прэпаці

Чувак, яшчэ раз паўтараю, што ў гэтым няма ніякай элітарнасці! Не трэба быць старым тоўстым снобам у пенснэ, каб ва ўсім гэтым разбірацца. Гэта як наркотык. Схадзіў пару разоў, спадабалася, пачаў нешта мінімальна разумець – і ўжо ходзіш, як на працу.

Мы абмяркоўваем надзённыя оперныя справы пад піва з крылцамі ў KFC на Нямізе. Якіх толькі размоваў гэтыя сцены ні чулі, але пра оперу тут нячаста гавораць. Мужык за суседнім столікам нават пачаў прыслухоўвацца.

У гэтым якраз галоўная праблема. Людзі ўспрымаюць оперу як нешта занадта высокае і недасяжнае іх разуменню. Хочацца ўсім даказаць, што гэта не так, але гвалтам жа ў тэатр нікога не зацягнеш. Для кайфу ад наведвання дастаткова густу і нейкай базавай эрудыцыі. Як казаў Пласіда Дамінга: «Опера не падабаецца двум тыпам людзей: тым, хто ніколі там не быў, і тым, у каго на яе няма грошай».

– Ну акей, а сам ты як пачаў гэтым усім цікавіцца?

Гэта наогул выпадкова адбылося. Глядзеў я неяк фільм «Шосты элемент». Як «Пяты», толькі пародыя з Лэслі Нільсанам. Карацей, была там сцэна, дзе яны сцябаліся над трыма тэнарамі. Гэта класічнае опернае трыа Дамінга-Карэрас-Павароці. Ну і я зацікавіўся. Пачаў гугліць, хто такія, лайвы глядзець. І нешта мяне так зацягнула, што вось мы цяпер сядзім і гаворым пра гэта наогул. Дамінга, дарэчы, галоўны для мяне ў гэтай тройцы. Ён мой сапраўдны правадыр у свет оперы.

 

 

 

 

 

«Опера не падабаецца двум тыпам людзей: тым, хто ніколі там не быў, і тым, у каго на яе няма грошай»

– Ты казаў, што сабраў дома цэлую калекцыю вінілу, розных дыскаў...

Так, ад гэтага дабра ў мяне паліцы ломяцца. Ну вось самы любімы якраз – гэта сэт-бокс Дамінга. Круты такі, лімітэд эдышн. У Партугаліі яго сабе купіў. Самы каштоўны ў маёй калекцыі пакуль. Нешта каля 70 еўра каштуе такая скрыначка.

– Нятаннае атрымліваецца хобі. Ці шмат ты марнуеш грошай на квіткі?

Дарэчы, не так ужо дорага квіткі каштуюць у нас у Вялікім. Калі ты, вядома, не хочаш пацешыць адчуванне ўласнай важнасці і не заказваеш VIP-ложу, дзе квіткі больш за сотню каштуюць. У новых рублях, вядома. На балкон звычайна 4-5 рублёў цана. І там, дарэчы, гук самы адэкватны.

 

 

– І часта ў цябе хадзіць атрымліваецца?

– Калі як. Вось цяпер стаханаўскі тэмп трымаю – 2-3 разы на тыдзень. Але так не заўсёды атрымлівалася. Гэта я паўгода таму вельмі ўдала пазнаёміўся з чувакамі з музыкальнага вучылішча. Яны ж бясплатна ганяюць і мяне з сабой упісваюць заадно. А раней шмат сыходзіла грошай: за гэтую вясну два мільёны патраціў на квіткі.

Той самы мужык за суседнім столікам ажно падавіўся. Не ведаю, у чым канкрэтна была прычына, але мне смешна было думаць, што справа ў нашай гутарцы і агучанай лічбе.

– У вас нават нейкая андэграўндная оперная туса ёсць?

– Так. Прычым там не толькі музыканты, што радуе. Там і дзяўчына-біёлаг, і будучыя дыпламаты, і часова беспрацоўныя. Усім якраз гадоў па 20 у сярэднім. Наогул крута, што ў апошні час стала вельмі шмат моладзі хадзіць на оперу. Нават дзіўна.

– А шмат пастаянных «прыхаджан» у оперы?

– Не сказаць каб шмат, але яны ёсць. І мы ўсе ведаем адно аднаго. Ёсць, напрыклад, дзядок-радыёфізік. На кожны спектакль ходзіць. Вітаемся пастаянна, абмяркоўваем, хто са спевакоў лажаў сёння, а хто малайчына.

– Слухай, пры ўсім пры гэтым ты ж кожнае лета працуеш у Віцебску ў дырэкцыі «Славянскага базару». Вось і нафіга з тваімі музычнымі густамі?

– Дык плацяць там добра проста. Як толькі канцэрт пачынаецца, я адыходжу паліць, есці, спаць, што заўгодна рабіць, абы далей быць ад амфітэатра. На дзень «Радыё Шансон» я наогул выжываў як мог: у навушніках хадзіў, людзей рассаджваў.

На гэтай аптымістычнай ноце мы пачалі паволі збірацца. Літаральна праз паўгадзіны мы ўжо мусім сядзець на ўтульным балконе Вялікага тэатра і слухаць арыі з оперы «Аіда». Сева быў натхнёны: калі не ўсім, дык хоць мне ён сёння дакажа, што опера – гэта крута.

 

 

 

 

 

 

«Кітайскія студэнты пастаянна ходзяць на оперу. Яны ціхія, мірныя, ім праўда цікава. Толькі вось курткі гэтыя...»

 

 

 

Тэатр

 

Тупаем ад станцыі «Няміга» да тэатра. У твар дробнымі кроплямі валіць дождж, прымушаючы паскорыць крок. Пры ўсёй павазе да «Аіды», у нейкі момант захацелася вярнуцца дадому, згарнуцца ў клубок і слухаць Radiohead. Але цікаўнасць была мацнейшай за капрызы кастрычніцкага надвор’я.

З-за дрэў паказалася дзецішча Лангбарда. Будыніна збоку нагадвала хутчэй ваенны бункер, чым галоўны тэатр краіны. У трыццатыя гады ўсе пабудовы рабіліся з прыцэлам на магчымую вайну. Тэатр выключэннем не стаў. Кіраўніцтва партыі актыўна ўдзельнічала ў праекце, уносіла праўкі. Спачатку Вялікі мусіў быць яшчэ большым. Але партыйцы вырашылі, што ў такім выпадку ў яго будзе лягчэй трапіць бомбай, і абрэзалі пару паверхаў. Лагічна, практычна, але блюзнерства. Хоць і ў любым выпадку грошай бы не хапіла на беларускую «Ла Скала».

Пакуль Сева глядзеў на афішы каля ўваходу, у мяне быў час ацаніць аўдыторыю. Самы папулярны тып – сямейныя парачкі сярэдніх гадоў. Дама, апранутая ў самы дарагі ўбор з яе гардэроба, моцна нафарбаваная, з лёгкай напышлівай усмешкай на твары. Увесь яе прыкід павінен быў казаць пра тое, што яна тут не ў першы і не ў апошні раз. Муж яе з задавальненнем абраў бы піва і футбол замест гэтага культпаходу. Але некалькі настойлівых «Мы з табой нікуды не ходзім!» – і вось ён ужо вядзе жонку пад руку, думаючы толькі пра тое, як бы ніхто з пацаноў з працы не даведаўся.

– Сёння Франкоўскі Радамэса спявае.

– Гэта дрэнна?

Ну як сказаць. Я Сяргея Валянцінавіча вельмі паважаю. Ён выдатны педагог, добры акцёр і гэтак далей. Калісьці на ім увесь тэатр трымаўся. Але ў гэтым і праблема: ён спяваў усё запар. Так рабіць нельга. У выніку цяпер у яго з голасам такія прыколы адбываюцца. Ён і сам разумее ўсё… Акей, пайшлі, пара ўжо.

Заходзім. Знутры тэатр шмат сімпатычнейшы: ляпніна, калоны, сусальнае золата паўсюль – пафасна, але не пошла. Сева перамяшчаецца па тэатры гэтак жа спрытна, як бейсбаліст па пляцоўцы. Раз – узяў праграмку, два – павітаўся з адміністратарамі залы, тры – аглядная экскурсія па паверхах і балконах.

– Ты амаль з усімі адміністратарамі залаў павітаўся.

– Іх я ўсіх у твар ведаю. Вось, напрыклад, гэтую даму бачыш? З ёй забаўна выйшла. Яна два месяцы запар са мной віталася, выпытвала, як там мая маці ў Германіі, а я слухаў і афігеваў. Потым усё ж сказаў, што яна блытае мяне з кімсьці, а яна адразу прасіць прабачэння стала, было вельмі няёмка. Але мы ўжо так шчыльна раззнаёміліся, што позна было спыняць зносіны.

– Сам не думаў сюды працаваць пайсці?

– Думаў. Але ў адміністратары мужыкоў, аказваецца, не бяруць. Прама адчуў на сабе, што такое дыскрымінацыя па палавой прыкмеце. Затое сяброўцы дапамог тут працу атрымаць.

Паднімаемся на трэці паверх, заходзім на балкон. У нос адразу б'е даволі нетыповы для такіх месцаў душок. Сева ўлавіў палёт думкі.

– Я сапраўды не ведаю, чаму тут пахне заапаркам, сур’ёзна. Драўніна фіговая, можа. На іншых паверхах усё ў парадку. Хоць і было б смешна, калі б у віп-ложах той жа амбрэ лунаў. Я б паглядзеў на разгубленыя твары ўладальнікаў квіткоў за сотню.

Побач з намі размясцілася група кітайцаў. Тры малайцы. На ўсіх спартыўныя курткі Adidas.

– Кітайскія студэнты пастаянна ходзяць на оперу. Яны ціхія, мірныя, ім праўда цікава. Толькі вось курткі гэтыя... Калі хто-небудзь ім заўвагі робіць наконт дрэс-коду, яны кажуць, што тут «сільна хоідна», і працягваюць у іх сядзець. У рэшце рэшт ад іх усё адчапіліся.

Гасне святло. Падымаецца заслона. Пагналі.

 

 

«Аіда»

– Чаму ніхто аркестру не хлопае? Трэба выправіць.

Цішыню разразаюць гучныя пастаўленыя воплескі. У мяне аж левае вуха заклала. Хутка прыкладу Севы туруюць услед спачатку балконы, потым ложы, потым і партэр. Даволі дзіўна знаходзіцца ў эпіцэнтры апладысментаў. Там, дзе яны зараджаюцца.

Для аркестра гэта стала своеасаблівай адмашкай. Цяпер можна. З аркестравай ямы зайграў Вердзі.

На сцэне з'явіўся Радамэс-Франкоўскі. Заспяваў. Я нічога жудаснага, вядома ж, не заўважыў, а вось на тварах Севы і падцягнуўшыся чувакоў з «андэграўнднай опернай тусы» з’явілася грымаса болю. Я паспрабаваў прыслухацца яшчэ пільней. Шчыра хацелася пачуць нешта абуральна храновае, каб не адчуваць сябе нейкім непаўнавартасным. Не атрымлівалася.

«Пры ўсёй павазе да “Аіды”, у нейкі момант захацелася вярнуцца дадому, згарнуцца ў клубок і слухаць Radiohead»

Адбывалася тое, чаго я больш за ўсё баяўся: я зусім ні фіга не разумеў. Па-першае, я практычна не мог уцяміць, хто спявае дрэнна, а хто нядрэнна, у адрозненне ад маіх суседзяў. Але гэта палова бяды. Я зусім забыўся, што спяваць артысты будуць па-італьянску. Што было вельмі глупа з майго боку. Сева ўказаў мне на суфлёр з перакладам для гледачоў і зноў запаў у музычны транс. Гэта крыху спрасціла задачу. Засталося ўспомніць сюжэт арыгіналу – і я буду ў стане адэкватна ўспрымаць тое, што ідзе на сцэне.

 

 

Спачатку было цяжка. Сюжэт павольна завязваўся, а я перажываў культурны шок. Нават засумаваў на імгненне. Каб пацешыцца, пачаў уяўляць, што субцітры агучваюцца гугнявым закадравым голасам з дзевяностых. Валадарскі, хутчэй за ўсе, не ўзяўся б за такую працу, але было б вельмі пацешна.

Але потым заспявала Аіда – і я проста выпаў. Паглядзеў на суседзяў. Яны сінхронным кіўком пацвердзілі – гэта было магутна. Ну вось, хоць нешта я магу зразумець у оперы!

Сева шапнуў:

– Гэта запрошаная Аіда. З Казахстана. Жупар Габдуліна. І яна, аказваецца, вельмі крутая.

З гэтага моманту я слухаў з нашмат большай цікавасцю.

Агулам спектакль ішоў практычна чатыры гадзіны. Даволі працяглы сеанс культурнай тэрапіі. Але я не адчуваў ціск часу, як ні дзіўна. Тое, што адбывалася на сцэне, сапраўды захапляла. Здаецца, бліжэй да канца я ўсё-ткі прасёк нейкую фішку оперы.

 

 

 

 

 

 

 

«Каб пацешыцца, я пачаў уяўляць, што субцітры агучваюцца гугнявым закадравым голасам з дзевяностых»

 

 

 

Афтэпаці

Мы стаім ля ўваходу. Пацаны спрабуюць сцягнуць афішу «Аіды», пакуль ахоўнікі глядзяць у іншы бок. Я ржу ў голас, успамінаючы, як сам не раз рабіў так з афішамі Нойза, Anacondaz і NRM. Можа, не такія ўжо мы і розныя?

Пасля таго як з крыміналам было скончана, мы развіталіся з «андэграўнднай тусай» і пайшлі да загадкавага сёмага пад’езда. Ён жа быў службовым выхадам. Там нас чакала Аня – дзяўчына, якую Сева прапанаваў сюды адміністратарам. Там жа можна было злавіць каго-небудзь з артыстаў.

З іншымі не пашанцавала, затое Аня выявілася вельмі мілай дзяўчынай, і яна, як і абяцаў Сева, распавяла некалькі цікавых інсайдаў, звязаных з яе працай у тэатры.

– Калі ты самы лянівы чалавек на Зямлі – гэтая работа для цябе. У абавязкі адміністратара залы ўваходзіць:

А) Прыходзіць у тэатр за дзве гадзіны да спектакля.

Б) Ставіць птушачкі насупраць выканаўцаў у праграмках (а потым сціраць іх зноў, калі праграмкі не ўдалося прадаць). На гэтую працэдуру сыходзіць недзе хвілін 20.

В) Дапамагаць гледачам знаходзіць свае месцы ў зале.

Усё. За заробак 350 рублёў у месяц. У асноўным адміністратарамі працуюць мілейшага выгляду бабулькі, так што для іх гэта нядрэнная прыбаўка да пенсіі. Зразумела, чаму яны так трымаюцца за свае месцы.

Пасля такога культурнага лонгплэя мы хутка вырашаем пераключыцца на іншыя справы і растаем у адухоўленай цемры горада.

 

 

Тэкст і фота by Аляксандр Лашкевіч

Фота на галоўнай bolshoibelarus.by

 


КОММЕНТАРИИ (4)

Димон
Димон | 20.10.2016 10:33

Не багі гаршкі абпальваюць. З гумарам і легко напісаны курс будучага маладога оперомана.

5 0 +5
Яна
Яна | 19.10.2016 02:06

Лухта нейкая. 34mag, гэта вы?

2 7 -5
Наталья
Наталья | 18.10.2016 21:15

Живо написано,легко читается!

16 0 +16
sasha-by
sasha-by | 18.10.2016 14:57

крута

18 0 +18