Нефармальны фармалізм

На першы погляд працы Наны Хёнінэн падаюцца абсалютна фармалістычнымі, але варта глянуць глыбей – аднекуль выплываюць іншыя сэнсы і разумееш, што за плямамі фарбы стаіць пераасэнсоўванне сацыяльнай рэальнасці, псіхалагічных і духоўных асноў грамадства, увогуле ўсё тое, чым славіцца сучаснае мастацтва. Бясконцыя пытанні пра стасункі чалавека з прыродай, сваім мінулым і светам ды хорар-сторыз цудоўна размясціліся ў працах мастачкі – чэк-чэк.

 

 

 

Нана Хёнінэн нарадзілася ў 1973 годзе ў Фінляндыі, жыве і працуе там жа. Вучылася ў Iнстытуце дызайну ў Лахці, Вышэйшай школе мастацтва і дызайну ў Цюрыху і Універсітэце мастацтва і дызайну ў Хельсінкі. Удзельнічала ў шэрагу персанальных і групавых выставаў, у тым ліку ў «Nordic Art and Design», арганізаванай Christie´s London, і 9-й Веніцыянскай архітэктурнай біенале.

 

 

 

 

New Landscapes

New Landscapes – рэалізацыя сацыялагічнага інтарэсу мастачкі да асобы, якая адчувае, разумее і змяшчае сябе ў знешні свет. Гэта спроба злавіць і кантраляваць небяспечны начны горад і ў той жа час знаходзіцца ад яго на дыстанцыі.

У сваім праекце New Landscapes Нана фатаграфавала вядомыя мегаполісы, будынкі, заводы, могілкі і аэрапорты. Вулічныя агні, архітэктура, рух людзей і машын, знятыя на доўгай вытрымцы, пераўтварыліся амаль у кароткія статычныя фільмы пра жыццё месца, дзе ўсё, расплавіўшыся, зліваецца ў адзіны рытмічны вобраз. Тут табе і адчужэнне аб'екта, і эстэтыка пустэчы. Маштаб, разам з тым, застаецца няясным. У гэтых працах можна ўбачыць прысутнасць людзей і іх дасягненняў, нават калі яны дакладна не паказаны на малюнку.

 

 

 

 

 

 

 

Witnesses of the Others

 

Другі праект Наны звязвае гістарычныя фотаздымкі з сучаснасцю. Хёнінэн даследуе прыватныя тэмы і мінулае сваёй сям’і праз прысвойванне фота. З дапамогай плямаў фарбы мастачка адцягвае ўвагу ад здымкаў 1870–1960-х і стварае новыя сэнсы.

Нана выкарыстоўвала фотаздымкі з калекцыі Музея культурнай спадчыны Куопіа і фота з сямейнага архіва, зробленыя ў Хельсінкі, Вііпуры, Вене, Берліне і іншых месцах. Дарэчы, яе дзед, які з’яўляецца на фотакартках і хлопчыкам, і дарослым мужчынам, сам быў партрэтным фатографам. Гэтая сувязь прафесій – фатографа і мастачкі, якая працуе з фатаграфіяй, – дадае новыя ўзроўні ў праект.

Хёнінэн аналізуе думкі і эмоцыі, якія выклікалі фатаграфіі, а таксама гістарычныя факты пра людзей і падзеі, паказаныя на іх. Хоць увага Наны сфакусавана на асвятленні і ценях, яна кажа, што галоўная мэта – выказванне пачуццяў, што абудзілі фатаграфіі. У гэтым праекце зусім не звязаныя паміж сабой падзеі і асобы міксуюцца, каб стварыць новую гісторыю.

Гэта аповед пра вайну, смерць, дзяцей-сірот, маладых маці, якія павінны адмовіцца ад сваіх дзяцей, медсёстраў і пацыентаў, спробы самагубства, бамбардзіроўкі, Вену і Берлін ХХ стагоддзя, эмігрантаў, якія накіроўваюцца ў Амерыку, багацце і беднасць, выпадковыя сустрэчы.

Досвед перадаецца з пакалення ў пакаленне фрагментамі гісторыі на паперках, глухімі траўмамі або залатымі ўспамінамі. Але з часам прыватнае становіцца ўніверсальным і дазваляе працаваць з дакументальнымі матэрыяламі канцэптуальна. Такое прысваенне здымкаў робіць адчувальным разрыў паміж мінулым і сучаснасцю, з гэтым і працуе Нана, ствараючы свой рамантычны хорар.

 

 

 

 

 

PLANTS/OBJECTS//PAINT

Гэтая серыя падкідвае шмат варыяцый для разумення. З аднаго боку – супрацьпастаўленне штучнай, ненатуральна яркай фарбы і бляклых натуральных кветак, што ставіць пытанне пра адносіны чалавека і прыроды: хто больш на каго ўплывае? З іншага – праект можна разглядаць як фармалістычны дуалізм фатаграфіі і жывапісу ды барацьбу за верхаводства паміж колерам/фарбай і кветкамі.

Так ці інакш, гэта вытанчаная гульня з першасным і другасным, прыцягваннем увагі да пэўных пунктаў. Праз сваю эстэтычнасць і некаторую прастору для асэнсавання серыя стала найбольш папулярнай за межамі галерэй і мастацкіх каталогаў і выйшла на прасторы пінтэрэстаў і тамблера.

 

 

 

Больш прац мастачкі тут

 


КОММЕНТАРИИ (2)

rrr
rrr | 1.10.2016 10:03

да, ужасный формализм, зачем это здесь?

0 1 -1
Кастусь
Кастусь | 29.09.2016 16:19

Цікавая мастачка, дзякуй!

3 0 +3