Модныя Orl’яняты

У мінулы ўік-энд у «Корпусе 8» прайшла буйная лоўфай-вечарына, прысвечаная гадавіне фэшн-пабліка Orlyhall Mag. У лайнапе значылася сем выступаў, у тым ліку тры прывозы, прыйшло шмат народу, аб’яднаных любоўю да олдскульнага адзення і лямпавага гуку – мы не маглі абмінуць гэта сваёй увагай. Мы пагутарылі з Данікам Кацалам, заснавальнікам пабліка, пра вінтажны стыль і як ён упісваецца ў сучасны Менск.

 

Orlyhall Mag – гэта менскі фэшн-паблік, які выглядае, быццам візуальныя развароты з глянцавых часопісаў перакачавалі ў сеціва і зажылі ўласным жыццём. Мы гаворым пра тыя, дзе мадэлі ў мудрагелістых шмотках глядзяць тагасветным позіркам, а фота ствараюць уражанне дадатковага сэнсу, які мы да канца не разумеем, але так да яго імкнемся.

 

 

18-гадовы Данік Кацал год таму стварыў віртуальны шоу-рум вінтажнага адзення, паспеў з ім павандраваць па буйнейшых барахолках горада, а на мінулых выходных зладзіць маштабную лоўфай-вечарыну, куды запрасіў у тым ліку і ключавых прадстаўнікоў расійскай дрым-поп сцэны Parks, Squares and Alleys. «Мне цікава было паказаць аб’ём падобнай музыкі, паказаць розныя гурты з постсаўка, – кажа Данік. – Гэта наша першая вечарына, і хай лайнап выйшаў занадта вялікім, гэта ўсё з-за таго, што я думаў: “Ммм, выдатна было б яшчэ і гэтых хлопцаў прывезці”. І я не проста марыў, а сапраўды пачаў дзейнічаць».

 

 

 

 

 

Запаволеныя рухі, цёплы візуальны складнік, ты быццам накаціў сіропу разам з Asap Rocky, але не слухаеш хіп-хоп і не любіш выё*вацца. Затое любіш Tame Impala, вінтаж і стужкавую фатаграфію. Прыкладна такое ж уражанне ствараюць фотасэты Orlyhall Mag. Для іх Данік шукае па еўрапейскіх сэкандах вінтажныя рэчы і стварае ўласную калекцыю. «Усё адзенне, якое я знаходжу, я выбіраю з думкай, што кожную рэч асабіста б сам і насіў, – працягвае распавядаць хлопец. – З цягам часу асобныя рэчы пачалі складвацца ў лукі. Вясной 2016-га я выставіў сваю калекцыю на маркеце «Open Шкаф» – і панеслася! Дарэчы, лукі я заўсёды раблю аднолькавымі як для хлопцаў, так і для дзяўчат, гэта ж паказваю і на фота».
«Кожныя мае здымкі – гэта спантанны шпацыр з людзьмі, якія згаджаюцца апрануць вопратку Orlyhall і не супраць фотавыбліску збоку»

 

 

Свае фотасэты ён здымае на стужку, спачатку на мыльніцу, а зараз на люстэркаўку. Кажа, што стужка больш пасуе да стварэння стылю. За гэты год ён правярнуў пяць здымак, кожная – пра альтэрнатыўныя бакі Менску. «Я хачу паказаць іншае адзенне, якое б вылучалася на вуліцах горада, – гаворыць Данік. – На здымках я імкнуся захапіць таксама і іншых людзей, каб гледачы бачылі агульную карцінку рэальнасці: людзі, транспарт, вуліцы, дзе больш за ўсё адбываецца руху. Кожныя мае здымкі – гэта спантанны шпацыр з людзьмі, якія згаджаюцца апрануць вопратку Orlyhall і не супраць фотавыбліску збоку». Падобны праект ёсць і ў Маскве, але, як заўжды бывае, добрыя ідэі адначасова прыходзяць у некалькі галоў.
Фэшн-вінтаж увогуле зараз на хвалі ў Менску. Гэта і апдэйтнутыя пацаны з раёна на спартыўках, і VHS-эстэтыка, і хаўс 90-х у стылі «Гостей из будущего». Мы быццам яшчэ раз пражываем тое, што калісьці звярнула не туды. Але з лоўфаем цікава, што вінтаж сюды прыйшоў не звонку, а заўсёды з’яўляўся часткаю сцэны. Як жанр ён аформіўся ў 80-х, але меў дагэтуль увасабленне ў сырых гаражных ці хатніх запісах ранняга року ці панку. Настальгічнае трызненне па бесклапотным душэўным стане, жаданне адправіцца ў летуценны трып на далёкую выспу шчасця ці ва ўтульнае дзяцінства – усё гэта выдатна перадаецца праз цёплы лямпавы гук, зярністыя стужкавыя кадры і олдскульныя фасоны.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«Лоўфай-сцэна ў Менску яшчэ зусім маладая і невялікая, – працягвае пра вечарыну Данік. – Дагэтуль бэнды выступалі або на вялікіх сцэнах, але разам з не-лоўфайшчыкамі, або асобна ў невялікіх барах. Тут жа было аддадзена вялікае значэнне самой атмасферы, дэкарацыям, камфорту. Былі паказаны на двух экранах стужкавыя фільмы, якія спецыяльна мантаваліся пад плэйліст кожнага артыста. Вінтажныя гірлянды, флажкі, пальмавыя галінкі, вялікія свяцільнікі, надпіс на сцяне за сцэнай у пляжным стылі – мы ладзілі фармат такой летняй сёрф-вечарыны».
Цяпер хлопец вучыцца ў ЕГУ на дызайне і, як кажа, усе свае атрыманыя веды адразу ўкараняе ў практыку: «Дызайн, афармленне, стыль, музыка, сама арганізацыя – усё гэта хутка становіцца часткай маёй дзейнасці». Акрамя таго ён цікавіцца сацыяльнай фатаграфіяй, у краме «Ў» ляжыць яго зін «Тое, што застаецца ўбаку» пра родны горад. «У зіне я таксама выкарыстаў свае веды па вёрстцы, кампаноўцы тэкстаў, здымкаў. Мяне вельмі цікавіць узаемадзеянне чалавека і горада, крытычны аналіз, назіранне. Магчыма, калі-небудзь я напішу невялікую кнігу пра Менск у кантэксце ўрбаністыкі і сацыялогіі».

 

 

 

 

 

«Тое, што застаецца ўбаку»

– Праект «Тое, што застаецца ўбаку» ўключае ў сябе серыю фотаздымкаў жыхароў Менска з кароткімі інтэрв’ю. Вы запытаецеся: «Чаму менавіта гэтыя людзі?» – або скажаце: «Нічога незвычайнага, я кожны дзень сутыкаюся з такімі людзьмі». Так, так і ёсць, але я паказаў, што ўсё ж такі ляжыць за першым мімаходзь кінутым позіркам. Мой праект прымушае не проста паглядзець на чалавека, а ўбачыць яго. Адна асоба – адзін кадр. Гэтым я заўсёды кіруюся, здымаючы на стужку, бо веру ў першую ўбачаную карцінку, якая не дазволіла прайсці міма.

 

 

Orlyhall у сеціве:
 

 

 

Фота by Каця Ігнашэвіч

 


КОММЕНТАРИИ (1)

tim
tim | 2016-12-29 12:07:18

Рэспект!
Кацал - малайца!

НАПИСАТЬ КОММЕНТАРИЙ