Менскі #скенк

У гэтую суботу ў Менску пройдзе трэцяя грайм-вечарына Bruuud, на якой брытанскі клубны гук сутыкнецца з менскім рэп-фрыстайлам паводле канцэпцыі «свабодны мікрафон». За міжкультурную калізію адказвае праект «Бассота», які апошнім часам шчыльна запаўняе ўікэнды сталіцы. Гутарым з імі на тэмы пошуку прадзюсараў, практыкі свайго флоў і заняпаду менскай клубнай культуры.
 
 

Як вядома, бэйс-музыка пачыналася з паўднёвых і ўсходніх ускрайкаў Лондану, дзе сярод лабірынтаў бетонных гмахаў ледзь не падлеткі эксперыментавалі з электронным гучаннем на пірацкай радыёстанцыі Rinse FM, вечарынах Forward>> і ў музычнай краме Big Apple Records. Шэрая рэчаіснасць спальных мікрараёнаў дадавала змрочную і цягучую атмасферу ў іхныя экзэрсісы, а дасканалая, ледзь не навуковая праца з нізкімі частотамі ды рытмічнымі малюнкамі рабіла ўнікальным і эксклюзіўным гучанне іхных твораў. Гэтак нараджаўся грайм і дабстэп. Вядома, потым мэйнстрым праглынуў іх, як ненаедны кіплінгаўскі кіт, і Skrillex атрымаў грэмі-статуэткі за свой «бростэп», але ўсё ж такі дух урбаністычных краявідаў захаваў свой саўндтрэк.

 

 

«Усім здарова, пацаны, дзеўкі, гэта Bruuud, другая частка. Гэтым разам прытарабанілі сюды такую гукавую сістэму, што будзем проста сквірціць на зямлю, так што акуратна, не паслізніся, ёў!» – шчыльным радком выпальвае ў мікрафон высокі хударлявы хлопец, пакуль яго больш самавіты напарнік накідвае адзін за адным вініл з усё больш задзірлівым ламаным бітам. Мы ў сутарэнні аднаго з навабудаў у Верхнім горадзе, дзе праходзіць вечарына Bruuud з сакрэтным уваходам і званком на дзвярах.

Мікрафон пераскоквае на танцпол, дзе сярод віру публікі працягваюць адзін за адным фрыстайліць Гарашчы Жыраф з Rap Crew, олдскульны рэпер Safer One і ямайскі адэпт Ofi Blax, затым слоўны батл падхопліваюць менскія хаўс-дзівы Віка Cherry і Даша Jigaboo, дзесьці каля барнай стойкі бачна Мураўя. Хлопцаў за кружэлкамі завуць Ягор Kipah і Fresh Beat. Яны заснавальнікі творчай суполкі «Бассота», якой удаецца зацягнуць менскіх рэпераў на клубны танцпол. Раней рэперы хадзілі толькі на канцэрты.

 

 

«Наш праект вядзе пачатак з 2014 года, – распавядае FB падчас перапынку ў прыцемках клубу. – Тады мы гралі на вечарынах This Is UK, дзе і пазнаёміліся. Я думаў, каб хтосьці ўстаў на майк, у нас ніхто толкам не мог, а Ягор якраз быў у тэме і з падвешаным языком». Ягор гаворыць вельмі жвава, часцяком пераходзіць са звычайнай гутаркі на чытку, суправаджаючы яе энергічнымі жэстамі. «У нас атрымаўся original UK style, – кажа ён. – Звычайна ўсё суправаджалася музыкаю і «скенкам» людзей вакол, а тут дадаўся яшчэ адзін энергетычны фактар. Атрымаўся такі дуплет: DJ + MC. Тэма стрэльнула – і панеслася».

Улетку 2014-га хлопцы сабралі дыджэйскую ўстаноўку, прыехалі ў тагачасны «ЦЭХ» на Акадэміі навук, цішком прабраліся на чацвёрты закінуты паверх, падключыліся да разеткі і зладзілі невялікую вечарыну для сваіх: «Два дыджэі, адное месца. У кожнага па трыццаць хвілінаў сэту, на выхадзе – відэападкаст. Аналогія з Boiler Room, але калі Boiler Room запісваецца з вечарыны, то ў нас больш аўтэнтычная атмасфера, то бок чувакі граюць музыку ў закінутым будынку, пад мостам ці на даху шматпавярховіку. Акцэнт тут больш на аўтэнтычнасць, чымся на тусоўку на заднім фоне».

 

Апроч вечарынаў і гарадскіх вылазак, хлопцы таксама ладзяць наўпроставыя трансляцыі дыджэй-сэтаў і запісы сяброўскіх падкастаў. «Але мы хутка сутыкнуліся з тым, што ў нас скончыліся дыджэі, – працягваюць яны аповед. – Да нас прыйшло разуменне, што беларускай бэйс-сцэны няма. То бок ёсць лакальныя дыджэі, якія на адной вечарыне сыграюць, на другой, а такога кам’юніці, каб былі ўсе аб’яднаныя, каб можна было выпускаць супольныя кампіляцыі, рабіць сустрэчы, такога, па сутнасці, няма. Мы падумалі: хто, калі не мы, – і стварылі ўласную віртуальную пляцоўку». У выніку амаль за два гады існавання «Бассота» выпусціла дзве кампіляцыі Curry і Wasabi, кожная з іх мае, так бы мовіць, прысмак: Curry шчодра пасыпаная індыйскімі сэмпламі, Wasabi торкае японскаю атмасферай. На падыходзе трэцяя. Таксама на іхным рахунку некалькі тузінаў трэкаў, рэміксаў і калабарацыяў з беларускімі ды расійскімі музыкантамі.

Стылістычна «Бассота» мае некалькі адгалінаванняў: «Бассота цёмная» распрацоўвае змрочны, даркавы гук з глыбокімі басамі; «За гаражамі» валіць па олдскульнаму гэрыджу; «Бассота фьючар» знаёміць публіку з футурыстычнымі эксперыментамі ў жанры. Значную частку сваёй калекцыі Паша мае на вініле, які ён замаўляе наўпрост з Брытаніі. Часта рэліз пачынаецца з перадпродажу, які разыходзіцца за лічаныя хвіліны. Калі паспеў, то ты шчаслівы ўладальнік адной з трохсот кружэлак эксклюзіўнага ўва ўсім свеце рэлізу.

 

Цяпер «Бассота» – гэта музычнае кам’юніці, якое не столькі сканцэнтраванае на вечарынах, колькі на пошуках беларускіх дыджэяў і прадзюсараў. «Праблема заключаецца ў тым, што большасць беларускіх прадзюсараў, у асноўным, робяць сваю музыку ў стол, – гаворыць Кіпа, – хоць сярод іх шмат эксперыментатараў, якія б маглі сябе пазіцыянаваць на сусветным узроўні. З апошніх для мяне адкрыццяў – гэта DJ Shlag, былы бітмэйкер гурта «Нестандартный вариант». На нашую вечарыну «За гаражамі» ён прынёс нейкі дэвайс для ігры, уключыў Virtual DJ – і проста ўзрываў танцпол, робячы rewind мышкай».

«Бассота» заставалася б яшчэ адною прома-групай Менску, якая раз-пораз ладзіць вечарыны, запісвае міксы, кампіляцыі ды нават падцягвае прадзюсараў з іншых краінаў, калі б яна не рабіла аднаго цікавага структурнага кроку. Апроч таго, што яна прыўносіць у менскую хіп-хоп культуру значны імправізацыйны складнік: рэперы выходзяць са сваёй зоны камфорту на тэрыторыю выкліку, – яна робіць гэта не на звыклым для менскага рэпера музычным субстраце – брытанскім грайме, які, па-першае, праз іншую рытміку адкрывае новыя шляхі для эксперыментавання са сваім флоў, па-другое, праз глыбокія сувязі з клубнаю культурай кідае выклік беларускім электронным прадзюсарам і запрашае іх да незвычайных калабарацыяў.

«Гэтае скрыжаванне адбылося спантанна, – гаворыць FB. – На леташняй вечарыне, прысвечанай дню народзінаў Makka Nastra, мікрафон перахапіў Гарашчы Жыраф, потым Муравей – і панеслася. Усім укаціла, і мы вырашылі, чаму б не паспрабаваць».

 

Што такое #скенк?

Скенк – з англійскага skeng – значыць «нож, лязо». Skengman – тое ж самае, што і badman.

Менскі скенк – бязлітасны адрыў, выкліканы жаданнем пакінуць цела і зліцца з атмасфераю, якая пануе на танцполе.

 

«Для мяне паняцце «рэпер» – гэта Eminem, які, калі грае дзе-небудзь хіп-хоп інструментал, падбяжыць да мікрафону і лішні раз прагоніць свае тэксты або пафрыстайліць, – разважае Ягор. – У нас жа можна пералічыць па пальцах усіх тых, хто не саромеецца падыходзіць, браць мікрафон і валіць свае тэксты. Ёў, рэперы, 140 – гэта тыя ж 70! Ёсць знакамітыя хлопцы, да якіх увесь Менск прыходзіць на канцэрт, а яны стаяць сабе ціхенька, папіваюць півасік: я адзначыўся, я прыйшоў. Дык вазьмі майк і пакажы, што ты прыйшоў. Зачытай, як ты па лесвіцы ішоў. Гэта лішняя практыка, лішні раз разагнаць свой флоў. У працэсе, можа, яшчэ пару фішачак новых прыдумаеш».

Увогуле музыкі лічаць, што паўнавартасная бэйс-сцэна ў Менску яшчэ не склалася: «Мы літаральна па крупінках збіраем публіку. Кагосьці цікавім з рэп-тусоўкі, крыху хіпстэраў падцягнулася, крыху панкаў. У ідэале, крута, калі б быў які-небудзь клуб, не бар, а менавіта клуб, дыскатэка, дэнс, рэйв».

 

 

«Мы лічым, у нас няма клубнай культуры. Яна, па сутнасці, вымерла. Цяпер актуальныя бары, дзе любы музон закатвае: тэхна не тэхна, дыпхаус. Усё пакуль што манімэйкінг. Я спадзяюся на пляцоўкі «Корпус 8» і арт-прастору «Верх», дзе будзе маза рабіць спраўныя рэйвы, спраўныя, не баюся гэтага слова, дыскатэкі, як у старой добрай «Юле» ці «Бліндажы», калі ты проста прыходзіш патусіць, пасвістаць у свісткі ды адарвацца. Людзі прыходзяць на тусоўку, і ты хочаш – не хочаш, ідзеш на бар і бухаеш. Бар – гэта для тых, каго адпускае. Калі ты актыўна танчыш, з цябе выходзіць вадкасць, табе трэба яе вярнуць назад. Для кагосьці гэта бухло, для кагосьці – мінералка, кактэйль ці гарбата. Гэта і ёсць профіт».

 

 

 

Парады прамоўтарам ад «Бассоты»:

 

– Максімум кэшу ўкладайце ў рэкламу, бо вам жа выгадней, калі на вашую тусу прыйдзе шмат людзей. Чым больш бар атрымае грошай, тым больш верагоднасць таго, што ты дадому паедзеш не на метро.

– Перастаньце плаціць установам арэнду. Гэта няправільна. Вы прыходзіце са сваёй шоу-праграмаю, са сваймі артыстамі, вы робіце шоу. Бары павінны мусяць вам кэш. Вы мусіце прыводзіць бару народ, які бухае на бары і тусуецца, і бар мусіць плаціць вам бабос і арандоўваць гук.

 

 

 

P.S. 23 красавіка, у суботу, у DIY Bar адбудзецца трэцяя вечарына Bruuud, дзе ты зможаш убачыць усё на свае вочы, а перад ёй зазірні на Storytelling Showcase у Burlesque Club, дзе адбудзецца канцэрт Murovei, «Братубрат», Rap Crew, Minskwood ды іншых, каб убачыць менскіх рэпераў перад тым, як яны ператворацца ў арыджынал рудбояў на танцполе Bruuud’а.
 

Каардынаты «Бассоты»: 

Vk   |   Instagram   |  Telegram @bassotas   |   Soundcloud   |   Mixcloud   |   Mixlr

 

Фота: Poliakowa


КОММЕНТАРИИ (3)

Чип
Чип | 22.04.2016 23:20

Цiкава!

8 0 +8
Justice
Justice | 22.04.2016 14:53

Супер, и вёрстка супер!

11 0 +11
34mag.net | 22.04.2016 23:18

Дзякуй!

8 0 +8