Магічны рэалізм

  • 24.01.2017
  • Автор: 34mag
  • 12080

Музычныя факіры Shaman Jungle працягваюць сваю трансцэндэнтную гісторыю. Напярэдадні выхаду альбома Amazing прэзентуем іх дэбютны кліп на свежую песню Nagavor. Містычныя замовы, Налібоцкая пушча, метамарфозы сну – шукай некалькі новых лічбаў Фібаначы ў зразумелай тканіне рэчаіснасці.

 

Shaman Jungle – музычны гурт, існуе з 2010 года. Пачынаўся як барабаннае трыа Free Beat, да якога пазней далучыліся дыджэрыду, віяланчэль, клавішныя, бансуры, дудук, флейта і вакал. У 2012-м на Ultra-Music гурт выдаў дэбютную плытку Sky Bathyscaph, у 2016-м на «Першаку» – другую кружэлку Deeper. Выступалі на расійскіх фэстах Space Camp Gathering, Trimurti, літоўскім GAIA і беларускім «Караване». Рыхтуюцца выдаць наступны альбом Amazing, на песню з якога – Nagavor – музыкі знялі дэбютны кліп. Глядзім!

 

 

 

 

Юлія Холева – галоўная гераіня кліпа і рэжысёрка
Аліса Селішчава – аператарка-пастаноўшчыца
Прадзюсар – Юрый Данскоў
Аператар коптара –
Вячаслаў Мазай
Грым – Яўгенія Качала
Дызайн гнязда – Хелен Машчэнка
Будавалі і дапамагалі – Іван Кавалёў і хлопцы з Shaman Jungle

 

 

 

 

 

Тэкст замовы:
Іду на хвоту
Ва чыстае поле
Цераз парогі
Ружовыя дарогі
Там звер у варотах
На сінім моры
На беражочку
На жоўтым пясочку
А на беражочку, на жоўтым пясочку,
Стаіць дуб зялёны, к зямлі нахілёны
А з таго дуба як узнімаліся шуры-буры, ветры кавуры
Як наганялі, нанасілі гусей і вутак, малага птаства, лісіц і зайцаў, ласей і дзікаў мяне на патрэбу
Ой, ляціце, шэрыя вуткі, бяжыце, лісы, зайцы, дзікі, на маю стрэльбу, а мая стрэльба ручоная-вучоная, каб маху не давала, усялякай жывёлы жывота шмат давала.

 

 

Чаму вы выбралі замову на паляванне? Які сэнс укладаеце ў «паляванне»?

Вольга (вакалістка): Тут «паляванне» хутчэй не забава, а «ахвота», то-бок жыццёвая патрэба. Яна мацней за няволю: тое, што ты не можаш не рабіць, тое, да чаго ты непахісна імкнешся. У гэтай песні ўсе апісанні і алегорыі – пра чалавечыя спадзяванні і жарсці. Яе невычэрпная энергетыка вельмі супадае з нашымі музычнымі пошукамі: мы таксама без стомы імкнемся натхняць слухачоў сваёй творчасцю.

Як і дзе праходзілі здымкі?

Юрый (барабаншчык і лідар гурта): Мы вырашылі здымаць у Налібоцкай пушчы, таму што калі ты там знаходзішся, адчуваеш, што ўсё вакол жывое: кожная травінка, рака, дуб, воблака. Мы ехалі менавіта туды, каб уся каманда пачувала сябе шчырай, а не старалася ствараць неабходную атмасферу. У нас не было загадзя падрыхтаваных лакацый і раскадроўкі, шмат цудоўных планаў і ідэй нарадзіліся наўпрост на месцы. Гэта і ёсць магія творчасці.

Якія далейшыя планы ў Shaman Jungle?

Юрый: Адразу пасля кліпа мы выпусцім наш новы альбом Amazing, у які ўвойдзе і гэты трэк, а затым 11 сакавіка прэзентуем плытку ў клубе «Брюгге». Альбом выйдзе ў незвычайным выглядзе, што адпавядае яго «прыроднаму» і «сырому» гуку.

 

 

 

Сачыць за гуртом у сацсетках:

VK   Soundcloud   FB   Сайт


Слухаць і пампаваць Deeper на «Першаку»

 

 

 

 

 

 

Фота by Таня Капітонава

 


КОММЕНТАРИИ (1)

Лиза
Лиза | 24.01.2017 12:17

качественно! качово!

4 0 +4