Калгас life is alive

  • 12.11.2016
  • Автор: 34mag
  • 9184
Табе калі-небудзь прыходзіла ў галаву думка ехаць па творчае натхненне ў калгас «Ждановічы»? Лічыш, што сённяшняя калектыўная гаспадарка страціла сваю прывабнасць і савецкую рамантыку? Гэта ты дарма. Група аўстрыйскіх студэнтаў з Універсітэта мастацтва і дызайну Лінца прывезла ў Менск каля пяцісот кг мастацкіх работ, што былі створаны пад уражаннем ад наведвання самых працавітых беларускіх калгасаў. Гутарым з мастакамі пра іх сённяшнюю выставу, Беларусь, натхненне ад самаробных лебедзяў ды малако з цэменту.

 

Першы researchtrip рабят у Беларусь адбыўся яшчэ ў красавіку: на працягу трох дзён ім ладзілі экскурсіі па буйнейшых беларускіх калгасах, давалі спрабаваць вытворчую прадукцыю, а мясцовыя дзеці з калгаснага арт-цэнтру паказвалі канцэрты і свае мастацкія вырабы. Усё гэта адбывалася ў межах беларуска-аўстрыйскага праекту «Калгасніца», што быў арганізаваны Сымонам Мразам – дырэктарам Аўстрыйскага культурнага форуму ў Маскве.

Гэтым разам адзінаццаць студэнтаў аўстрыйскага ўніверсітэта вярнуліся не з пустымі рукамі. Натхніўшыся ўбачаным вясной, яны трансфармавалі свае ўражанні ў чысцюткае мастацтва, якое будзе прадстаўлена сёння а 19-й у «ЦЭХу». Тэкстыль, перформанс, фота, скульптура і выяўленчае мастацтва – агулам дзевяць прац – і ўсе пра калгас!

 

 

Алекс, Ата, Фелікс і Штэфан прыехалі загадзя, каб добра падрыхтавацца да выставы і пазнаёміцца з некалгаснай Беларуссю. Мы прыйшлі да замежных гасцей і адразу запыталі ў лоб: «Ну як вам?»

Гасцінна расклаўшы на стале міску з арахісам, шакалад «Сталічны», чыпсы «Анега» і размясціўшы ў самым цэнтры гарэлку «Бульбаш», яны былі гатовыя размаўляць.

 

 

 

 

Штэфан: «Гэта мой другі трып па беларускіх калгасах, але я ўсё роўна не магу сказаць, дзе сістэма гаспадаркі лепшая – у Беларусі ці Аўстрыі. Напрыклад, Маша, што з Украіны і вучыцца разам з намі, сказала, што якасць вашых прадуктаў вельмі высокая і расейцы вельмі іх любяць. У Аўстрыі складана знайсці якасныя фермерскія прадукты. Людзі, якія працуюць у вашых калгасах, падаліся нам задаволенымі і шчаслівымі. Было бачна, што яны вельмі ганарацца тым, што робяць. Сведчаннем таму былі дыпломы гонару на сценах і фота самых паспяховых працаўнікоў. Усе людзі, якія нам тут сустрэліся, былі вельмі цёплымі і прыязнымі, але мне падаліся яшчэ і вельмі акуратнымі ў дачыненні да таго, як паводзіць сябе пры нас і што нам паказваць.

Я думаю, сэнс гэтага праекту ў тым, каб паказаць нам рэальнае калгас-лайф. У мінулы раз мы былі ў калгасе, дзе не было вады і ацяпляльнай сістэмы, а туалет быў на вуліцы. Мне гэта прыйшлося даспадобы! У гэты раз нам паказалі буйны агракамбінат “Снов” з усімі тэхнічнымі штучкамі і нават сваім мастацкім цэнтрам, і мне падалося, што гэта была больш афіцыйная версія калгаснай гаспадаркі на Беларусі».

 

 

 

«Беларусь мне вельмі нагадвае Фінляндыю, – падзяліўся фін Ата, што вучыцца мастацтву і дызайну ў Лінцы. – Тут я адчуваю сабе больш дома, чым у Аўстрыі: той жа ландшафт, прырода, архітэктура, нават менталітэт вельмі падобны. Я быў у розных краінах былога сацыялістычнага лагера, а ў Беларусі вось ужо другі раз. Мне яна падаецца крыху застылай у часе: усё тая ж чысціня, савецкія архітэктура, фрэскі і скульптуры. Нават гэтыя спецыяльныя знакі-сімвалы, што стаяць пры ўездзе ў калгас, яны нібыта сведчаць: мы калгаснікі, мы робім малако і гэтым ганарымся. Я быццам апынуўся ў машыне часу. Гаспадарка ў Беларусі больш традыцыйная, чым у Фінляндыі, дзе кароў кормяць кукурузай замест травы і дзе калектывізацыі ніколі не было. У асноўным мы наведвалі малочныя фермы, таму разам з Алекс я пакажу перформанс, дзе будуць выкарыстаны менавіта малако і цэмент. Мы таксама будзем рабіць малако з цэменту».

«Я закаханы ва ўсю гэту савецкую рамантыку, – расказвае Штэфан, любоўна паказваючы фота са сваіх падарожжаў па беларускіх калгасах. – Гэтую ідэю калектыўнага і індывідуальнага я даследую ў сваіх скульптурах разам з Феліксам. Але маё галоўнае пытанне да скульптуры такое: гэта прылада працы ці твор мастацтва?»

 

 

«Так, калі Штэфан толькі вярнуўся з Беларусі, – падхапіў Фелікс, – ён быў вельмі натхнёны тым, што ўбачыў. Асабліва рознакаляровымі вясковымі агароджамі, гэтымі DIY-дэкарацыямі, якія мелі ў аснове паловы пластыкавых бутэлек, таксама самаробнымі лебедзямі на размаляваных шынах у клумбах, цікавымі па форме сметніцамі і вырабамі, якія паказвалі дзеці. Гэтыя элементы вы пабачыце ў нашай інсталяцыі. Штэфан прыехаў і заразіў мяне сваімі ўражаннямі. Так мы і вырашылі рабіць скульптурны праект разам».

«На жаль, я не наведвала калгасы разам з хлопцамі, − кажа Алекс, якая прыехала вучыцца ў Лінц з Германіі, − але мяне заўсёды ўражвала эстэтыка савецкіх будынкаў, матэрыялы, з якіх яны былі пабудаваны. Мяне вельмі натхняюць масавыя пабудовы і бетон. Вы пабачыце водгукі савецкай архітэктуры ў нашым з Ата перформансе. Ну і малако, канешне».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ата: «Мы ведаем, што паралельна з нашай выставай у “ЦЭХу” Беларуская акадэмія мастацтваў праводзіць сваю, прысвечаную тэме калектыўных гаспадарак на Беларусі. Спачатку мы думалі, што зможам аб’яднаць нашыя працы ці зрабіць штосьці разам, але калі мы наведалі Беларускую акадэмію, змянілі погляд. Іх мастацтва нам падалося вельмі тэхнічным. У тых працах, што мы пабачылі, былі відавочныя спробы як мага больш дакладна перадаць рэчаіснасць. У заходнім мастацтве, наадварот, важныя не сродкі, а ідэі. Тут розніца ў менталітэце. Калі я намалюю нейкую ерась і скажу выкладчыку, што гэта кот, – гэта будзе кот, і ніхто не зможа спрачацца са мной. Мастацтва накіраванае якраз на тое, каб навучыцца бачыць рэчы з розных бакоў, каб выпрацаваць у сябе ўменне ўспрымаць рэальнасць так, як яе не бачылі да цябе».

Фелікс: «А я лічу, што абсалютна ўсялякае мастацтва мае права быць. Як тэхнічнае, так і ідэйнае. Кожнаму свая публіка. Вы ж не чакаеце выканаўцу рок-н-ролу на канцэрце класічнай музыкі».

Штэфан: «Адна са студэнтак нашага ўніверсітэта, якая таксама прадставіць свае працы ў суботу, вучылася паўгода па абмене ў вашай Акадэміі. Ёй не вельмі спадабалася. Яна адзначыла, што значная частка часу адводзіцца на дасканалае авалоданне тэхнічнымі навыкамі. У нас таксама ёсць варкшопы па тэхніцы і анатоміі, якія і нашыя студэнты не вельмі вітаюць, але іх не так шмат і на гэта не вельмі засяроджваецца ўвага. Скажам так: калі вы хочаце зрабіць пяціметровую скульптуру лебедзя, вельмі падобнага да рэальнай птушкі, Менск будзе прыдатным месцам для вучобы. Калі вы хочаце навучыцца думаць у новым кірунку і знаходзіць новыя шляхі рэалізацыі сваіх думак, тады Лінц падыдзе вам больш».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Як зрабіць нашае мастацтва больш свабодным?

Штэфан: «Дайце яму свабоды! Дайце яму магчымасць выражаць сябе так, як яму хочацца».

Фелікс: «Важна таксама не забывацца на сваю гісторыю. Не губляць свае карані. Рабіць па-свойму. Вельмі доўга фокус быў накіраваны на захад, на Амерыку. Гэта мае дрэнны ўплыў, бо мастацтва губляе самабытнасць. Гэта праблема не толькі ў вас, яна паўсюль. Важна ведаць сваю гісторыю мастацтва і шукаць шляхі, як яго можна рухаць наперад».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У аўторак пройдзе яшчэ адно цікавае мерапрыемства: тая самая Маша з Украіны, якую згадваў Штэфан, прапануе ўсім жадаючым добра паёжыцца ў Засковічах (20 км ад Маладзечна). Рабяты спецыяльна для гэтага набылі ў babushka вязаныя шкарпэткі.

Вось яшчэ бясплатная выстава Акадэміі мастацтваў.

Даведацца пра іншыя беларуска-аўстрыйскія мерапрыемствы можна тут.

 

 

Тэкст by Надзея Прасвірава
Фота by Таня Капітонава

 


КОММЕНТАРИИ (1)

Жанна document.write('')
Жанна document.write('') | 22.01.2017 21:32

Цiкава

2 0 +2