Гвалт is all around

Напрыканцы лістапада ў байнэце з’явілася «Мапа гвалту» – праект пра негатыўны вопыт жанчын у сценах уласнай хаты або на вуліцы. Кожная пацярпелая можа адзначыць на мапе месца, дзе з ёй абышліся дрэнна, паскудна ці балюча, распавесці сваю гісторыю і стаць адным з галасоў у плыні жудаснай споведзі. Мы знялі mannequin challenge відэа, каб ты мог(магла) у дэталях разглядзець сцэны хатняга гвалту і прадухіліць з’яўленне такіх сітуацый.

 

Сённяшняя беларуская статыстыка па хатнім гвалце толькі пацвярджае сусветную: кожная трэцяя жанчына ў краіне пакутуе ад маральнага ці фізічнага прыгнёту ў сям’і і толькі 30 адсоткаў з іх звяртаюцца па дапамогу. «Мапа гвалту» – гэта фемінісцкі і актывісцкі праект, створаны грамадскім аб’яднаннем «Радзіслава», якое ўздымае веды пра праблемы гендарнага гвалту на іншы ўзровень.

На сайце мапы табе прапаноўваецца зазірнуць у акенца шматпавярховіка, каб прачытаць рэальную гісторыю жанчыны, якая апынулася ў жудаснай сітуацыі без дапамогі. Гэта вельмі горка, калі глядзіш на мапу, напрыклад, Менска і бачыш, што ў суседняй хаце, на суседняй вуліцы нехта зусім не пяшчотна прыкладае сваю руку да іншага чалавека. Адразу ўсплываюць думкі пра тое, як за сцяной ты чуеш крыкі, але не ведаеш, як да іх ставіцца.

 

 

За два месяцы адзначана ўжо 61 гарачая кропка гаротнага досведу. Праект выйшаў за межы Беларусі: гісторыі пацяклі з Расіі, Казахстану, Украіны, Грузіі і ЗША. Акрамя таго, стваральніцы праекту кажуць, што ўжо вытрымалі праверку пракуратурай: паступіла скарга ад «свядомага» грамадзяніна, які патрабаваў закрыцця «Мапы». Маўляў, гэта можа садзейнічаць разбурэнню інстытута сям’і ў Беларусі. Як так? Захоўваць цэласнасць сям’і сілай і маўчаннем?

Апошні ў 2016-м выпуск праекту E-quality мы прысвячаем праблеме менавіта гэтага гвалту – нябачнага, зачыненага і здрадніцкага, які чамусьці прыняты ў нашай краіне як частка інстытута сям’і. Відэа, якое мы зрабілі, – гэта спроба зазірнуць у вокны, жаданне данесці, што гэта нашая агульная справа. Мы замарозілі момант бытавога гвалту ў тэхніцы Mannequin Challenge, а каб было наогул усё трушна – знялі на айфон.

З Новым годам! Жадаем, каб заглянула сонца ў кожнае аконца.

 

 

Відэа by Наташа Зінкевіч і Караліна Палякова

 


КОММЕНТАРИИ (1)

Варенька
Варенька | 28.12.2016 19:54

Дзякуй!

7 0 +7