Eco-logic

  • 07.12.2016
  • Автор: 34mag
  • 8684

Мы ведаем, што ты ведаеш пра глабальнае пацяпленне і выміранне рэдкіх відаў жывёл. І мы ведаем, што падобнай інфы часам бывае зашмат, яе складана пераварыць і незразумела, што з ёй рабіць. Але экалагічныя праблемы – гэта не толькі пра выратаванне тыграў і парніковы эфект, гэта яшчэ і пра тое, што зусім побач і тычыцца кожнага нават у Беларусі, дзе тыграў няма. Менавіта таму мы вырашылі расказаць пра беларускі эка-рух: хто, навошта, як, чаму гэта важна і для цябе, да каго звяртацца, калі хочаш дапамагчы роднай старонцы. Хутка траблы стане складана ігнорыць, таму please be kind to the Earth, motherfucker.

 

Калі верыць незабыўнай Вікіпедыі, то з экалогіяй у нас не айс. Ясна, што ва ўсім свеце так, але ж давай пра сваю кашулю. Па-першае, Беларусь мацней за іншых пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, ды так, што ў 1991-м тэрыторыя краіны была аб’яўлена зонай экалагічнага бедства, цяпер сітуацыя палепшылася, але ж... Па-другое, на стан навакольнага асяроддзя дрэнна ўплываюць хімічная, нафтахімічная прамысловасць ды жывёлагадоўля. Таксама не забывай пра праблемы перапрацоўкі адкідаў, наступстваў асушэння балот і ўрбанізацыю. Карацей, справы не з лепшых.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, безумоўна, працуе над усімі гэтымі праблемамі, але без дапамогі грамадскіх і незалежных экалагічных арганізацый даць рады з сітуацыяй цяжка. Што гэта за НДА такія, як у іх усё пачыналася і да чаго яны «дакаціліся»?

 

 

Гісторыя

Пачаткам шляху незалежнага экалагічнага руху Беларусі можна лічыць 1986 год, калі з’явіліся першыя ініцыятывы і арганізацыі (Беларускае аддзяленне Усесаюзнага арніталагічнага таварыства, фонд «Дзецям Чарнобыля», Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля»), якія займаліся праблемамі наступстваў аварыі на ЧАЭС. З 1993 года такія ініцыятывы, як Менскі экалагічны савет, пачынаюць удзельнічаць у працы гарадскіх органаў улады, а буйныя арганізацыі праводзяць адразу тры агульнанацыянальныя сустрэчы пасля дзвюх з каторых, у 2001 годзе, утвараецца Грамадскі каардынацыйны савет пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага свету Беларусі.

З 2001-га беларускае заканадаўства патрабуе дзяржаўную рэгістрацыю грантавых сродкаў фінансавання, што цалкам змяняе карціну. Дзейнасць шэрагу экалагічных арганізацый спыняецца альбо пераходзіць на іншы фармат працы. Вынік: адток значнай колькасці спецыялістаў ды цяжкасці ў пошуках новых удзельнікаў руху.

З інашага боку, далучэнне Беларусі да Орхускай канвенцыі Еўрапейскай Эканамічнай камісіі ААН (аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя) абавязвае дзяржаву далучаць прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый да абмеркавання значных экалагічных пытанняў.

Канец нулявых адзначаны пэўнай кансалідацыяй грамадскіх экалагічных рухаў, але пра ўсё па парадку. Давай знаёміцца з рэвалюцыянерамі эка-руху краіны, некаторых з іх ты, канешне, ужо ведаеш.

 

 

 

 

  Таварыства «Зялёная сетка»

 

 

Коратка: Спалучаюць і вырашаюць

Калі проста, то «Зялёная сетка» – супольнасць экалагічных ініцыятыў, актывістаў ды арганізацый, злучаных ідэяй вырашэння пэўных праблем. Гэта тыя людзі, якія змаглі спалучыць неспалучальнае ды дамагчыся павагі ў вачах Мінпрыроды. Існуючы з 2007 года, сёння «Зялёная сетка» аб’ядноўвае 15 экалагічных грамадскіх ініцыятыў плюс каля 40 індывідуальных удзельнікаў, якія працуюць не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.

Так, іх таварышамі з’яўляецца каманда, якая спалучае горад і вёску, «Экаагратур», раварысты з Менска і Горадні, адукацыйная ўстанова «Эка-Майстэрні» і шмат хто яшчэ.

Нягледзячы на абстрактную фармулёўку місіі: «Дасягненне гармоніі паміж чалавекам і прыродай праз устойлівае развіццё і моцны зялёны рух», – бачныя і больш матэрыяльныя вынікі: кампаніі па захоўванні клімату, абароне гарадскіх насаджэнняў «Гарадскі ляснічы», правядзенне школы экалагічнага актывіста, шматлікіх акцый – «Гадзіна Зямлі», «Зробім», «Дзень без пластыку», выратаванне некаторых тэрыторый краіны ад торфаздабычы. І нельга не ўзгадаць спецыяльныя праекты, самы кранальны з якіх, напэўна, «Чарнобыль у асобах».

 

  Анора Лангар (PR менеджар «Зялёнай сеткі»):

«На жаль, не заўсёды людзі гатовыя сістэмна працаваць над вырашэннем тых ці іншых праблем, з якімі мы сутыкаемся. Многія звяртаюцца да нас і хочуць, каб мы прыехалі і вырашылі ўсе пытанні. Але, вядома ж, у нас не хапае рэсурсаў, у тым ліку чалавечых, мы не можам быць такой “хуткай дапамогай”.

Акрамя таго, пакуль тэма абароны навакольнага асяроддзя знаходзіцца на перыферыі цікавасці беларусаў. Напэўна, таму нам не заўсёды проста знайсці падтрымку сярод людзей і падабраць патрэбныя словы, каб паказаць, наколькі абарона навакольнага асяроддзя ўплывае на іх жыццё.

Але ў любым выпадку мы ў “Зялёнай сетцы” заўсёды кажам, што адзінае, за што цябе будуць памятаць, – гэта твой запал. Таму мы любім сваю працу, а цяжкасці ўспрымаем як новыя магчымасці стаць прафесіяналамі».

 

 

 

 

 

Коратка: Крутая каманда з рэгіёна

АСДЗЯМО – з Гомеля, гэта грамадская асацыяцыя дзяцей і моладзі. Працуюць з 1996 года. Змагаючыся з часам і знешнімі ўмовамі, рэгіянальная супольнасць змагла пратрымацца 20 год, і гэта заслугоўвае павагі.

Экалогія – не асноўная тэма, якой займаецца АСДЗЯМО, іх цікавяць праблемы ВІЧ і СНІДу, міграцыі, працаўладкавання і правоў чалавека. Збіраючы моладзь разам, арганізацыя сіламі той жа моладзі намагаецца праз трэнінгі, семінары і канферэнцыі прасунуць важныя веды ў грамадскасць. За кошт уласных і прыцягнутых сродкаў фінансуюцца моладзевыя праграмы, акцыі, аказваецца дапамога таленавітым дзецям. АСДЗЯМО садзейнічае міжнародным абменам, росту валанцёрскага руху і іншаму. Напэўна, каманда робіць усё, што магчыма, але і ў іх ёсць свае праблемы.

 

  Уладзімір Коўзалеў (кіраўнік грамадскай арганізацыі АСДЗЯМО):

«На дадзены момант мы не маем літаральна даху над галавой, асноўны офіс у нас адсутнічае. Ёсць праблемы і са сродкамі – працуем зараз без фінансавання, спраўляемся цалкам сваімі сіламі. Таксама бачны і спад актыўнасці насельніцтва, калі раней на нашыя акцыі прыходзіла 200 чалавек, то зараз добра калі 70-80. Канешне, усё выправіцца. Як-ніяк, мы маем досвед поспеху за плячыма. Так, на базе АСДЗЯМО ёсць свая прыборная лабараторыя, з якой мы аб’ездзілі ўсю Гомельскую вобласць з праверкамі вады на наяўнасць нітратаў. Зараз маем планы праверыць і ўсе пітныя крыніцы. Аднойчы з дапамогай гэтай лабараторыі змаглі дапамагчы людзям з Салігорска. Мясцовыя жыхары былі ў супрацьстаянні з уладай па пытанні якасці вады ў горадзе. Выклікалі нас, мы праверылі і выявілі парушэнні. Гарвыканкам выбачыўся і паабяцаў выправіць сітуацыю. Гэта наша невялічкая перамога, але яна не адзіная».

 

 

 

 

 

Коратка: Мележ быў бы задаволены

З ініцыятывы некалькіх чалавек да грамадскага аб’яднання, ад невялічкіх экспедыцый да членства ў Міжнароднай групе па захоўванні балот – IMCG, ад першых спроб інфармавання да фестываляў і ўласнага фільма. Грамадскае аб’яднанне БАГНА – каманда, якая выступае ў абарону водна-балотных рэсурсаў і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый краіны.

Развіўшыся з ініцыятывы «Без балот? Не!», БАГНА ў сучасным фармаце дзейнічае з 2013 года, курыруючы кампанію «За ахову беларускіх балот», якую падтрымліваюць 90 грамадскіх арганізацый і болей за 19 тысяч чалавек з Беларусі. За сваю нядоўгую гісторыю каманда атрымала павагу не толькі сярод мясцовых і «сваіх», але і займела голас на ўзроўні міністэрстваў і іншых дзяржаўных структур. Крута ж, ну.

З іншых плюсаў у экалагічную карму: папулярызацыя значнасці і каштоўнасці балот, стварэнне дакументальнага фільма «Подых балот», правядзенне фестывалю творчых практык «Багна», арганізацыя кінапаказаў на балоце «Марочна», праект «Гід па балотах», серыі майстар-класаў для дзяцей, Школа дзікай прыроды і нават запуск уласнага інфацэнтра. Яго мэта – эфектыўная падтрымка і інфармаванне людзей па пытаннях экалогіі навакольнага асяроддзя.

 

Канстацін Чыкалаў (намеснік старшыні БАГНА):

«За год да нас прыходзяць каля 100 валанцёраў, болей цяпер не трэба, бо канкрэтна валанцёрскай дзейнасцю БАГНА пакуль не займаецца. Але людзі – гэта вельмі важна. Так, сёлета мы ладзілі прыродаахоўны летнік “Талака”. На працягу пяці дзён валанцёры дапамагалі заказніку ў навядзенні парадку і прыборцы смецця. Акрамя афлайну, распрацоўваюцца і анлайн-праекты, накіраваныя на асвету альбо доступ да інфармацыі. Напрыклад, “Партрэты балот” – гэта спроба візуальна расказаць пра тэрыторыі, якія мы намагаемся захаваць. Школа дзікай прыроды, што праходзіць пры падтрымцы 34mag, уключае курсы лекцый, на якіх мы даём базавыя веды, паказваем, навошта трэба ахоўваць навакольны свет. Яшчэ мы ствараем каталог балот, якія трэба захаваць, нягледзячы на дзяржаўную стратэгію па магчымым асушэнні. Што тычыцца цяжкасцяў, дык яны ёсць. Хацелася, каб да нас прыходзіла больш актыўных людзей, якія заставаліся б разам з намі, распрацоўвалі свае праекты. Увогуле гэта праблема не толькі нашай арганізацыі, усе сутыкаюцца з гэтым у Беларусі. А другі момант – фінансаванне, асаблівай стабільнасці пакуль няма».

 

 

 

 

  Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны»

 

 

Коратка: За птушак і біяразнастайнасць

Птушка 2016 года – гогаль. І калі ты гэтага не ведаў, дык мо і пра «Ахову птушак Бацькаўшчыны» таксама чуў толькі краем вуха. А дарма. Адзін з самых сталых і паспяховых экалагічных рухаў Беларусі афіцыйна пачаў свой шлях у 1998-м. А яшчэ ў 1985 годзе было створана Беларускае аддзяленне Усесаюзнага арніталагічнага таварыства, у 1992 годзе яно фактычна стала Беларускім арніталагічным таварыствам (БАТ). Вельмі хутка, у 1993-м, з’явілася і Заходнебеларускае таварыства аховы птушак (ЗБТАП). Літаральна праз 5 год у Менску адбылася сустрэча паміж дзвюма гэтымі арганізацыямі і прадстаўнікамі RSPB – Каралеўскім таварыствам абароны птушак BirdLife у Вялікабрытаніі, − на якой і было прынята рашэнне аб неабходнасці яднання двух экалагічных рухаў.

Цяпер, намагаючыся аб’яднаць людзей каля праблемы вывучэння і захоўвання птушак ды біяразнастайнасці дзікай прыроды, арганізацыя штогод ладзіць розныя кампаніі і акцыі: зімовы ўлік птушак, зімовыя назіранні, кампанію «Птушка года», конкурсы і адукацыйныя праграмы. Заўважым, што каманда шчыльна працуе як з міжнароднымі арганізацыямі, так і з дзяржаўнымі ўстановамі самага высокага ўзроўню. Манеты ад Нацыянальнага банка, маркі ад Белпошты з выявамі птушак, ролікі на тэлебачанні – толькі вяршыня айсберга.

На першы погляд, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – гэта толькі пра птушак. Але не: за 18 год дзейнасці арганізацыяй былі распрацаваны праекты аднаўлення гідралагічнага рэжыму балота Ельня, план па ўстойлівым кіраванні ахоўваемых прыродных тэрыторый Палесся, мапаванне лясоў высокай прыродаахоўнай каштоўнасці, лагер па ратаванні амфібій, праект па аднаўленні выпрацаваных тарфянікаў і шмат іншага. «Ахова» мае 14 аддзяленняў па ўсёй краіне.

 

  Ганна Трафімчук (намесніца дырэктара па развіцці грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»):

«Мы маем шмат праектаў, якія ладзяцца штогадова, бо ахова прыроды – гэта працяглы працэс. Падзяліць яго можна на два асноўныя кірункі. Першы – прыродаахоўная дзейнасць і маніторынг птушак, які трэба рабіць пастаянна: бачыць, што адбываецца, заўважаць рэзкія скачкі папуляцый і, калі раптам штосьці ідзе не так, прымаць меры. Ёсць планавыя рэчы. Напрыклад, праца з электрасеткамі, каб птушкі не біліся аб правады і не гінулі. Другі кірунак – папулярызацыя. Мы запусцілі школу бёрдвотчынгу, якая вучыць людзей адрозніваць птушак у прыродзе. У 2017-м шмат увагі будзе нададзена чубатаму жаўруку, якога мы выбралі птушкай года».

 

 

 

 

 

Коратка: Добрыя праекты добрым людзям

Працуючы з 2009 года, некамерцыйная няўрадавая ўстанова (так, цяжка гучыць) «Цэнтр экалагічных рашэнняў» намагаецца захаваць навакольны свет праз адукацыю і супрацоўніцтва. Як і «Зялёная сетка», з’явіўся ён шляхам злучэння ў адну каманду групоўкі экалагічных актывістаў і спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Змагаючыся за «добрае і светлае», установа карыстаецца рознымі спосабамі прасоўвання экалогіі ў масы. Але калі ўсё сказанае вышэй гучыць мо і павярхоўна, то праекты, якія распрацаваў Цэнтр экалагічных рашэнняў, даволі матэрыяльныя.

Напрыклад, праект «Водны кантроль», вынік якога – інфармацыя па якасці вады амаль усёй Беларусі. Калі няма куды падзець рэчы альбо хочацца дапамагчы тым, каму гэта вельмі трэба, ёсць праект «Каліласка». Маецца жаданне бясплатна катацца на веліку? Вось табе «Добры ровар».

Таксама ў межах Цэнтра быў зроблены праект «Экастарт», які накіраваны на «зялёную» адукацыю і развіццё грамадскага экалагічнага руху.

На ўзроўні дзяржавы Цэнтр экалагічных рашэнняў можа пахваліцца праектам закону «Аб арганічнай сельскай гаспадарцы», а таксама далучэннем трох рэгіёнаў Беларусі да міжнароднага «Пагаднення мэраў» (аб скарачэнні энергакарыстання і выкідаў вуглякіслага газу ў паветра).

Карацей, калі хочаш назіраць за птушкамі, ахоўваць балота ці проста даведацца больш пра вырашэнне экалагічных праблемаў, ты ўжо ведаеш, што рабіць.

 

 

Тэкст by Сяргей Шаматульскі

 


КОММЕНТАРИИ (3)

Alesia Chumakova | 8.12.2016 10:27

Калі размова зайшла пра развіццё экалагічнага руху ў Беларусі, то варта згадаць грамадскае аб'яднанне "Экапартнёрства". Арганізацыя працуе з 2000 года.
Сярод дасягненняў можна адзначыць распрацоўку стратэгіі па кіраванні адходамі для Мінскай вобласці, усталяванне першага ў Беларусі сухога туалета, распрацоўку дзіцячай гульнi для мабільнікаў Ecokids, штогадовы конкурс сярод школ "Планета без адходаў" і г.д. Наогул, мы сістэмна працуем па розных экалагічных пытаннях ад энергазберажэння да хімічнай бяспекі тавараў.
Больш пра нашу працу можна даваедацца на сайце ecopartnerstvo.by

4 0 +4
Алекс
Алекс | 8.12.2016 02:42

Автомобиль как могильщик человечества
http://streithahn.livejournal.com/161049.html

1 0 +1
.
. | 7.12.2016 16:44

даць рады сітуацыі (у давальным склоне), не?

0 0