Чарнобыль: timeline

34mag сабраў асноўныя даты, звязаныя з Чарнобыльскаю гісторыяй, у адзін timeline.

 

 

Люты 1967 года
Зацвярджаецца пляцоўка для будаўніцтва АЭС з рэактарам РБМК каля вёскі Копачы Кіеўскай вобласці. Агулам разглядаліся 16 пляцовак пад будаўніцтва. Запраектаваная станцыя атрымлівае назву Чарнобыльская.

 

Люты 1970 года
Заснаваны горад Прыпяць. Ён становіцца дзявятым савецкім атамагорадам – горадам-спадарожнікам пры АЭС.

 

14 снежня 1977 года
Падпісваюць акт прыёму ў эксплуатацыю 1-га энергаблоку ЧАЭС. Праз пяць месяцаў 1-шы энергаблок выводзіцца на магутнасць 1000 МВт.

 

28 сакавіка 1984 года
4-ты энергаблок выводзіцца на праектную магутнасць 1000 МВт.

 

 

 
 

 

26 красавіка 1986 года, 01:23
Падчас правядзення праектнага выпрабавання турбагенератара на энергаблоку № 4 адбываецца выбух, які цалкам разбурае рэактар. Будынак энергаблоку і дах машыннай залы часткова абрынаюцца, у розных памяшканнях і на даху пачынаецца пажар. Дым і газы падымаюцца на вышыню большую за 1 км, падхопліваючы з сабой уранавае паліва і прадукты распаду з актыўнай зоны: у атмасферу трапляе 190 т радыеактыўных рэчываў (амаль поўны спектр радыенуклідаў) і 8 з 140 т радыеактыўнага паліва рэактара. Цяжкія часціцы выпадаюць блізу станцыі, а лёгкія радыеактыўныя рэчывы плыні ветру адносяць у паўночна-заходнім кірунку.

Пазней міжнародная экспертыза прычынаў аварыі прыходзіць да высновы, што нерэгламентаваныя дзеянні ды памылкі аператараў наклаліся на недахопы канструкцыі рэактара, што і прывяло да фатальных наступстваў. Асабліва адзначаюць нізкую культуру бяспекі на атамных станцыях і ўва ўсёй ядравай галіне СССР.

 

27 красавіка 1986 года
Пачынаецца эвакуацыя насельніцтва – цягам некалькіх гадзінаў папоўдні ўсе жыхары Прыпяці (амаль 50 тыс. чалавек) пакідаюць горад назаўжды.

 

1 траўня 1986 года
У найбліжэйшых да эпіцэнтру гарадах, напрыклад, Гомлі ды Кіеве, як і па ўсім Савецкім Саюзе, праходзяць шматлюдныя святочныя дэманстрацыі. Надвор’е на поўдні Беларусі дастаткова цёплае, каб хадзіць у сукенках.

 

2 траўня 1986 года
Пачынаецца эвакуацыя насельніцтва спачатку з 10-кіламетровай зоны, а праз два дні – з 30-кіламетровай зоны. Цягам 1986 года з беларускага сектару зоны адчужэння, якая «ўяўляе з сябе кампактную тэрыторыю плошчай 1,7 тыс. км²», эвакуявалі 24,7 тыс. жыхароў са 107 найбольш пацярпелых населеных пунктаў. Тады ж тутэйшыя землі вывелі з гаспадарчага карыстання.

 

 

 
 

 

Травень 1986 года
Стартуе будоўля саркафагу вакол аварыйнага рэактара (аб’ект «Сховішча»), а таксама адмысловыя мерапрыемствы для дэзактывацыі населеных пунктаў і тэхнікі ў зоне адчужэння, якія ўключаюць у сябе санітарную апрацоўку будынкаў і вуліц, выдаленне верхняга пласта глебы і пахаванне заражанага абсталявання.

 

14 траўня 1986 года
Кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў выступае на цэнтральным тэлебачанні з афіцыйнаю заявай аб аварыі.

 

Лістапад 1986 года
Аб’ект «Сховішча» ўводзяць у эксплуатацыю.

 

 

1987 год
У снежні зацвярджаецца акт прыёмкі ў эксплуатацыю 3-га энергаблоку ЧАЭС пасля рамонтна-аднаўленчых працаў (у лістападзе 86-га ажыццявілі пасляаварыйны пуск энергаблоку № 2).

Адбываюцца першыя засяленні эвакуяваных жыхароў Прыпяці ў пабудаваным адмыслова для іх горадзе Славуціч.

 

 

 

 

1988 год
Распараджэннем Савету Міністраў БССР на 142,8 тыс. га забруджаных земляў Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў, якія ўключаюць у сябе беларускі сектар 30-кіламетровай зоны Чарнобыльскай АЭС, ствараюць Палескі дзяржаўны экалагічны запаведнік. Пазней назва і плошча прыродаахоўнай установы змяняюцца. Сёння гэта Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік з агульнаю плошчай 216 га, дзе сканцэнтравана каля траціны радыеактыўнага цэзію, больш за 70 % стронцыю і 97 % плутонію – асноўных элементаў, што выпалі на тэрыторыі Беларусі. Асноўныя задачы функцыянавання запаведніку – кантроль за змяненнем радыяцыйнай абстаноўкі, навуковая і доследна-эксперыментальная дзейнасць.

 

1990 год
У Менску ствараюць «Белрад» – незалежны недзяржаўны інстытут, мэта дзейнасці якога – радыяцыйны маніторынг жыхароў Чарнобыльскай зоны і прадуктаў іхнага харчавання, а таксама правядзенне навуковых даследаванняў.

 

1991 год
У выніку моцнага пажару ў машынным зале спыняюць 2-гі энергаблок. Аднак працэс забароны выкарыстання Чарнобыльскай АЭС падаўжаецца яшчэ на дзесяцігоддзе – толькі 15 снежня 2000 года канчаткова спыняюць рэактар 3-га энергаблоку і генерацыю электраэнергіі. На момант закрыцця на ЧАЭС працуюць больш за 9 тыс. чалавек.

 

1992 год
Ствараецца Адміністрацыя зонаў адчужэння і адсялення, адказная за кантроль стану забруджаных тэрыторыяў. Гэтая ж установа да сёння ажыццяўляе нагляд за допускам грамадзянаў у пакінутыя вёскі падчас Радаўніцы, а таксама за абмежаванаю гаспадарчаю дзейнасцю, звязанаю з падтрыманнем у належным стане аб’ектаў інфраструктуры.

У Гомлі адкрываюць Інфармацыйны цэнтр здароўя – адную з першых установаў, сканцэнтраваных на распаўсюдзе інфармацыі сярод насельніцтва і аказанні псіхалагічнай дапамогі. Гэта адзін са шматлікіх праектаў, накіраваных на пераадоленне наступстваў трагедыі, якія рэалізоўваліся ў Беларусі пры фінансавай дапамозе замежных партнёраў.

 

 

 
 

 

1996 год
У Менску праходзіць сёмы штогадовы «Чарнобыльскі шлях», у выніку разагнаны сіламі АМАПу. Гісторыкі залічваюць шматлюднае шэсце да шэрагу мітынгаў «Менскай вясны».

 

1998 год
На базе дзяржаўнага камітэту БССР у праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС ствараюць «Камчарнобыль» – камітэт у праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры МНС РБ. У 2006-ым, пасля чарговай рэарганізацыі, ён атрымае статус дэпартаменту.

 

1999 год
Арыштаваны прафесар і кіраўнік Гомельскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Юрый Бандажэўскі, які займаецца даследаваннямі на тэму ўплыву на здароўе чалавека малых дозаў радыяцыі (напрыклад, унутранага апраменьвання, якое атрымліваюць людзі пры паступленні радыенуклідаў праз ежу і ваду). Абвінавачанага ў атрыманні хабараў Бандажэўскага міжнародная супольнасць прызнае вязнем сумлення. Выпушчаны паводле амністыі ў 2005-ым, цяпер прафесар жыве і працуе па-за межамі Беларусі.

Зацвярджаюцца рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання цэзію-137 і стронцыю-90 у сельскагаспадарчай сыравіне і кармах, паводле якіх прадукцыю лічаць забруджанай радыенуклідамі або дапушчальнай да выкарыстання.

 

2003 год
Ствараецца расійска-беларускі інфармацыйны цэнтр з аддзяленнямі ў Маскве і Менску – галоўны ідэалагічны бастыён ў г.зв. Саюзнай дзяржаве, адказны за распрацоўку стратэгіяў «вядзення інфармацыйнай дзейнасці, звязанай з ліквідацыяй наступстваў трагедыі на ЧАЭС».

 

 

 

 

 

2007 год
Пачынаецца ўзвядзенне ізаляцыйнага арачнага збудавання над разбураным 4-ым энергаблокам ЧАЭС – «Сховішча-2». З прычыны недахопу фінансавання тэрміны здачы аб’екта адсоўваюць на канец 2017 года.

 

Сакавік 2007 года
Выходзіць першая серыя камп’ютарнай гульні S.T.A.L.K.E.R. – «Цень Чарнобылю».

 

2008 год
Улады Беларусі зацвярджаюць пляцоўку каля Астраўца для будаўніцтва АЭС.

 

2012 год
Прынятыя папраўкі ў закон «Аб прававым рэжыме тэрыторыяў, якія падпалі пад радыеактыўнае забруджанне ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Сярод іншага, удакладняюцца крытэры для вызначэння зонаў радыеактыўнага забруджання ды новыя палажэнні, што датычаць «умоваў ажыццяўлення відаў дзейнасці на гэтых землях». Калі па-простаму, усё больш тэрыторыяў фармальна ўжо не прызнаюцца забруджанымі.

 

2013 год
Агульная колькасць ліквідатараў з усяго СССР ацэньваецца на 600 тыс. чалавек. Лічыцца, што ў першапачатковых работах для ліквідацыі наступстваў аварыі ў 1986–1987 гг. бралі ўдзел 350 тыс. чалавек. Але з 1 студзеня 2013-га пасведчанне ліквідатара, выдадзенае яшчэ ў савецкі час, у Беларусі страчвае сваю моц. Прыкладна 100 тыс. чалавек атрымліваюць новы статус «пацярпелага», але фактычна ліквідатараў пазбавілі амаль усіх ільготаў яшчэ ў 2009 годзе, калі прынялі закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС».

 

 

 

 

2015 год
У выніку натуральных працэсаў распаду радыенуклідаў і ўжывання ахоўных захадаў статус радыяцыйна небяспечных земляў здымаецца з 17,5 тыс. га, аднак землі, прыдатныя для ўвядзення ў сельгаскарыстанне, склалі менш за траціну ад гэтай лічбы.

 

2016 год
Спіс населеных пунктаў і аб’ектаў, што размяшчаюцца ў зонах радыеактыўнага забруджання, у залежнасці ад змены радыяцыйнай абстаноўкі, Савет Міністраў РБ пераглядае не менш як раз на пяць гадоў. Гэтак, згодна з пастановаю ад 11 студзеня 2016 года, забруджанымі не былі зноў прызнаныя 203 населеныя пункты і 20 аб’ектаў. Колькасць жыхароў забруджаных тэрыторыяў застаецца на ўзроўні 12 % усяго насельніцтва краіны.

 

26 красавіка ў Менску праходзіць традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». На дэманстрацыю выходзіць не больш за 1000 чалавек. Хутчэй за ўсё, у гэтую лічбу ўвайшлі таксама назіральнікі «ў цывільным» ды працаўнікі ДАІ.

 

2060 год
Вялікая частка беларускай тэрыторыі аказалася забруджаная радыеактыўнымі выпадамі, з якіх найбольш небяспечныя для чалавека былі: у ранні перыяд (1–1,5 месяца) ёд-131 (перыяд паўраспаду 8 сутак), а ў аддалены перыяд – радыенукліды цэзію-137 і цэзію-134 (перыяды паўраспаду 30 гадоў і 2,4 года адпаведна), стронцыю-90 (перыяд паўраспаду 28–29 гадоў). У 2016 годзе колькасць цэзію-137 зменшылася ўдвая. Аднак з цягам часу ўзрастае ўтрыманне ў глебе амерыцыю-241, прадукту распаду плутонію-241 (перыяды паўраспаду Pu-241 – 14,4 года, Am-241 – 432,2 года). Будучы альфа-выпраменьвальнікам, амерыцый-241 нашмат больш таксічны за плутоній-241 (бэта-выпраменьвальнік). За 20 гадоў пасля аварыі адбылося двухразовае ўзрастанне яго актыўнасці ў глебе, канцэнтрацыя ў аб’ектах навакольнага асяроддзя будзе расці прыкладна да 2060 г.

 

 

Фото: pripyat-city.ru


КОММЕНТАРИИ (1)

Вася
Вася | 16.12.2016 11:45

"Травень 1986 года
Стартуе будоўля саркафагу вакол аварыйнага рэактара (аб’ект «Сховішча»)..."
А фота "Сховішча-2".

2 0 +2