Аўдыядакументалкі ў афлайне

  • 13.12.2016
  • Автор: 34mag
  • 8023

Нам заўжды цікава даведвацца пра новыя медыятрэнды, эксперыментаваць з фарматамі, таму мы актыўна даследуем тэму аўдыядакументалак і ствараем іх самі. Настаў час расказаць пра гэта ў афлайне. 16 снежня а 19-й чакаем цябе на ўтульных канапах бара «Хуліган». Гартай падрабязнасці!

 

«Іншыя гісторыі» мы пачалі як адукацыйны праект у чэрвені 2016-га. Тады мы запрасілі лепшых аўдыямэйкераў Стакгольма, якія ствараюць дакументалкі для моладзевага канала грамадскага радыё Швецыі Sveriges Radio P3. Цягам двух навучальных сесій эксперты пракачвалі ўдзельніц курса па прыродзе гука, аўдыяльнай драматургіі, расказвалі, як з агромністага пазла гісторый стварыць суцэльнаметалічны каркас апавядання.

Далей журналісткі распаўзліся па полі, каб сабраць свае ўласныя гісторыі. І цяпер яны пачалі вяртацца... Дакументалка ад Алены Касянчук пра ўтапічнае грамадства «Беларускай Вясёлкі», аўдыягісторыя ад Тані Немчанінавай пра дзяўчыну, якая ў 20 год перажыла рак, – на наш погляд, каб перадаць унутраны стан героя, лепшага фармату не прыдумаеш. На падыходзе – трэці аўдыяльны інсайт.

У гэтую пятніцу, 16 снежня, мы запрашаем цябе ў дасведчаныя сцены бара «Хуліган», каб паразмаўляць пра карыснасць аўдыядакументальнага фармату, падзяліцца ведамі, якія мы атрымалі ад шведскіх сяброў, ды і ўвогуле павідацца з табой, наш(-а) чытач(-ка), у рэале. На сустрэчу таксама прыйдуць удзельніцы праекту, раскажуць пра свае «лыжкі перцу і банкі мёду» пры стварэнні дакументалак, яшчэ мы паслухаем самыя смачныя ўрыўкі, зладзім дыскусію, а пасля – танцы і лёгкі аперытыў да іх.

Далучайся!

 

 

Праграма вечара:

19:00 – 20:00 Прэзентацыя праекту і дакументальных падкастаў
20:00 – 21:00 Дыскусія пра фармат аўдыядакументалак і пасоўныя да іх гісторыі
21:00 – 22:00 Танцы

 

 

Падзея на Facebook