19906 1

Зроблена чалавекам

Байцы з каманды Meridian’28, якія аб’ездзілі ўсю Беларусь у пошуках закінутых архітэктурных каштоўнасцяў, фартыфікацый і крутых прыродных аб’ектаў, распавялі, куды рушыць па самыя нечаканыя кадры і адчуванні. Калі ты думаў, што з закрыццём крэйдавых кар’ераў беларускія прыродныя цуды скончыліся, – гэты гайд для цябе.


Даламітавы кар’ер «Гралева»
п. Руба, Віцебскі раён, Віцебская вобласць

Пад Віцебскам, у пасёлку Руба, знаходзіцца самае буйное ў Беларусі радовішча даламіту. З яго будуюць, яго выкарыстоўваюць як угнаенне, а ў восемдзесят шостым пасля аварыі ім нават засыпалі чацвёрты Чарнобыльскі энергаблок. Ажно з трыццатых гадоў у «Гралева» ідзе здабыццё, і таму за гэты час тут утварыліся сапраўдныя горы, серпанціны і каньёны, пра якія, аднак, не ведаюць нават віцебчукі.

Паднапружся і выязджай з горада з самае раніцы, каб зацаніць «подых кар’ера» – малочны туман, які стаіць над даламітавымі вяршынямі на світанку. Адчуваеш сябе ці то альпіністам, ці то валацугам у пустыні, бо межаў кар’ера не відаць. Затое добра бачна, як гойсаюць па ландшафце БелАЗы, што адвозяць выкапні, – спрачаемся, ты будзеш уражаны хуткасцямі гэтых аграмадзінаў?

Падрабязней тут

 

 

Салігорскія тэрыконы
в. Чэпелі, в. Півашы, в. Чыжэвічы, Салігорскі раён, Менская вобласць

Марсіянскія ландшафты і сапраўдная пустэча чакаюць цябе пад Салігорскам. У 1949-м тут знайшлі адно з самых вялікіх у свеце радовішчаў калійных соляў – Старобінскае – і праз чатырнаццаць гадоў запусцілі калійны камбінат. 

Акрамя таго, што радовішча дазваляе краіне зарабіць крыху экспартнай валюты, за столькі гадоў распрацоўкі тут з’явіліся шыкоўныя тэрыконы – адвалы з пустых парод. Гэта не проста кучы, а сапраўдныя горы вышынёй 120 метраў (а гэта 44-павярховы хмарачос), белыя і срэбна-шэрыя на фоне рудога пяску і тэхнічных вадасховішчаў. На падыходах да камбіната зямля растрэскалася ад перадозу калійных угнаенняў: калі глядзець толькі пад ногі, то пачынаеш падвісаць – дзе я і як патрапіў у пустэльню?

Лепшага месца для абнулення прыдумаць немагчыма.

Падрабязней тут

 

 

Баластавы кар’ер «Радашковічы»
в. Пралескі, Маладзечанскі раён, Менская вобласць

Калі ад’едзеш пяць кіламетраў ад Радашковічаў, то ў вёсцы Пралескі патрапіш на вялікі кар’ер, дзе здабываюць пясок і друз для будавання чыгуначных шляхоў. Акрамя клёвага перападу вышынь, якія ў сінявокай можна па пальцах пералічыць, тут варта прасачыць за тым, як працуе здабывальная вытворчасць. Паколькі лепшая кропка назірання – з вышыні, выглядае ўсё як на макеце: вось малюткі-экскаватары награбаюць баласт (мешаніну пяску, друзу і галькі), вось давозяць на сарціровачную станцыю, дзе парода падзяляецца на фракцыі – каменне асобна, сыпучае асобна, вось нагружаюцца вагоны і адвозяць пароды на базу. Калі вырашыш падабрацца бліжэй, не расслабляйся: грукат стаіць неверагодны і па калена можна ўлезці ў бруд. Затое ў цэнтры падзеяў цябе чакае ўзнагарода – ледавіковы кангламерат, які сотні тысяч гадоў таму прыпёр да нас ледавік са Скандынавіі. Калі ты не любец геалагічнай гісторыі, то проста шукай велічэзную глыбу з пяску і камянёў у форме сумнага чувака, які сядзіць і тупіць удалячынь.

Эксперты кажуць, што старадаўняму кангламерату фартанула, што яго не размалацілі каўшамі, – а таму не забудзься паглядзець на гэтага лёсіка, пакуль ён яшчэ цэлы. Калі будзеш лазіць па кар’еры, спрабуй зліцца з асяроддзем – пабочным туды ўваход забаронены, хаця трапіць вельмі лёгка.

Падрабязней тут

 

 

Закінутыя баржы на возеры Сяргееўскім
п. Праўдзінскі, Пухавіцкі раён, Менская вобласць

Адчуць сябе героем антыўтопіі можна на возеры Сяргееўскім. У 80-я тут здабывалі сапрапель (карысныя гразі), але пасля закінулі радовішча – засталіся толькі баржы ды бетонныя пляцоўкі, на якіх размяшчаліся механізмы. Выглядае гэта сапраўды па-прыпяцку – закінутыя лябёдкі, паўзатопленыя баржы, цішыня. Вабнае месца, каб пабыць аднаму і падумаць пра жыццё, тым больш што вакол – некранутая прырода.

Сапрапель, якой яшчэ шмат засталося на дне возера, гэта суперкарыснае ўгнаенне і народны сродак ад хворых суставаў, таму можаш пару разоў даць нырца ды прывезці слоік гаючай жыжы бабулі – яна ацэніць!

Падрабязней тут

 

 

Акведукі Вілейска-Менскай воднай сістэмы
Вілейка – Радашковічы – Заслаўе

Для таго, каб паглядзець на акведукі, больш не трэба браць квіток да Італіі, – мы знайшлі беларускі адказ рымскім інжынерам, трэба толькі ад’ехаць з дзясятак кіламетраў ад Менска, у напрамку Вілейкі. Менавіта адтуль у сталіцу гоняць ваду: без канала Вілейска-Менскай воднай сістэмы мы не маглі б шпацыраваць па беразе шырокай Свіслачы, а перабіваліся б тусоўкамі каля метровай бруднай ручаіны. Паколькі вада ў Свіслач цячэ ажно 62 кіламетры і ўзбіраецца з раўніны на Менскае ўзвышша, сістэма падачы даволі складаная – два штучныя вадасховішчы, шэсць магутных пампоўняў і дзясяткі акведукаў.

Пытанне аб тым, каб даць сталіцы вады, паўстала ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, калі горад рос, прамысловасці патрэбна была вада для працы, а веснавыя разлівы рэк у паводку не давалі нармалёва забудоўваць цэнтр. Таму ў 1955-м выкапалі Менскае мора і Чыжоўскае вадасховішча. У пачатку 60-х пачалі думаць, адкуль узяць вады для Свіслачы, а праз сем год узгаднілі праект з перагонам воднай масы з Віліі, радасна вырубілі лес, які займаў больш за палову будучага Вілейскага вадасховішча, перанеслі ці адбудавалі нанова 500 жылых дамоў, вывезлі сотні кубаметраў зямлі. Апантаная праца вялася з двух бакоў, насустрач адзін аднаму, хуткасці былі неверагодныя, і ў 1973-м Вілейскае вадасховішча было гатова, а праз тры гады здалі і канал.

Хапай ровар і пракаціся ўздоўж канала. Зразумела, што калі ты не поўнасцю адсаджаны і ў твайго ровара няма кітайскага рухавіка http://34travel.by/post/vokrug-belarusi-na-velosipedakh-s-motorami, праехаць 60 км будзе складана, а таму паглядзі хаця б галоўныя споты. Напрыклад, першую насосную станцыю каля Вілейскага вадасховішча, акведукі, па якіх над каналам цякуць іншыя рэкі, каб не забруджваць сток, насосную станцыю №2, дзе вада па трубах падымаецца на 90 метраў угару, утульнае Удранскае вадасховішча і, канешне ж, запруду каля дома Купалы ў Вязынцы.

Падрабязней тут

 

Санаторый «Іслач», зона адчужэння
в. Іслачоўка, Валожынскі раён, Мінская вобласць

Калі гавораць пра Чарнобыльскую катастрофу, заўсёды ўзгадваюць саркафаг чацвёртага блока, Прыпяць ці адселеныя вёскі на поўдні Беларусі. Аднак радыеактыўныя рэчывы лакальна забрудзілі і паўночна-заходнія часткі краіны. Нават пад Менскам ёсць маленькая «зона адчужэння» – менавіта там, у Валожынскім раёне, знаходзіцца вялікі закінуты санаторый «Лясное». І калі дабрацца да Прыпяці даволі складана, то ўсяго ў 60 кіламетрах ад Менска ты можаш адчуць сябе сталкерам і зацаніць, як прырода адваёўвае сваю прастору.

 

Пачынай агляд з корпуса сталоўкі, дзе захаваліся цікавыя сацрэалістычныя дэкарацыі, прайдзіся па параднай лесвіцы, на вокнах якой яшчэ вісяць фіранкі, заходзь у нумары, з якіх неверагодны від на раку Іслач. Можаш залезці на вежу санаторыя, каб паглядзець на Налібоцкую пушчу і буслоў на флюгеры. У пакоях захавалася яшчэ шмат артэфактаў з 80-х, асабістых рэчаў і нават сякой-такой мэблі. Праз некалькі хвілін хады ад санаторыя можаш зацаніць рэшткі маёнтка Тышкевічаў «Вялае» – двухпавярховы палац па швейцарскім праекце. На жаль, акрамя сценаў нічога не захавалася, але атмасфера даволі таямнічая – самае тое, каб трохі паказытаць нервы.

Падрабязней тут

 

 

Аўтар Nasta Eroha
Фота by Meridian’28


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)

zlo04-02-2017, 10:53

Верстка что-то не очень
Фотки маленькие
Аяй-яй

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.