19128 3

Закінутая Беларусь. Частка трэцяя

Гэтым разам слаўная калабарацыя Meridian’28 і 34mag знайшла дакладную копію варшаўскіх Лазенак пад Іўем, сабрала тры выбітныя ўзоры неаготыкі, а таксама адкапала апошнюю надзею паўстання Каліноўскага. Фінальны гайд па закінутай Беларусі запрашае цябе на паўднёвы захад краіны. 


Гарадзеншчына

Палац Чацвярцінскіх
г.п. Жалудок, Шчучынскі раён

Кінааматары пазнаюць палац злёту: менавіта тут здымалі першы беларускі хорар – «Масакру». Шмат кіношных дэкарацый засталося і сёння: плітка з фанеры, папера замест шпалер, намаляваныя сляды ад пажару на фасадзе. Яшчэ больш захавалася з савецкіх часоў – пасля прыходу бальшавікоў палац аддалі ваенным, бо побач базавалася зенітна-ракетная частка: у ім жылі і адпачывалі ваякі. Напрыклад, тут ёсць кінаклуб з будкай, а таксама багата зоркавай сімволікі.

Першапачаткова ж палац задумваўся як месца для прыёму гасцей сям’і Чацвярцінскіх. Пабудавалі яго ў 1908 у цэнтры вялікага парку – тыповы мадэрн, праект знакамітага італьянца Марконі. Каб адчуць увесь размах, кіруйся наўпрост праз галоўны ўваход – у цэнтры будоўлі захаваліся аўтэнтычныя лесвіцы і плітка, дзверы і ўпрыгожванні над дзвярной каробкай. На падлозе ў туалетным пакоі, ваннай і чорнай лесвіцы ляжыць плітка часоў Чацвярцінскіх; калі яе перавярнуць, пабачыш зорку Давіда – лога габрэйскай рамеснай майстэрні.

Каб адчуць сябе ў цэнтры малюнкаў Рэнэ Магрыт, абавязкова падыміся на паддашак – там цябе чакаюць дзверы «ў нікуды», якія проста стаяць пасярод пустога пакоя.

Падрабязней тут

 

 

 

Палац Умястоўскіх
в. Жэмыслаўль, Іўеўскі раён

Кожны, хто хоць раз ганяў у Варшаву не толькі па закупы, але і па культурную праграму, можа адчуць тут магутны флэшбэк: палац Умястоўскіх, які ціха разбураецца каля паўзакінутай вёскі Жэмыслаўль, – гэта поўны клон каралеўскіх Лазенак, аднаго з самых маляўнічых архітэктурных комплексаў Вавы. Праект польскіх магнатаў Умястоўскіх быў настолькі амбіцыйны, што будавалі яго ажно 72 гады – пачынаючы з 1805-га. Разлікі рабіў той жа Марконі, які прыдумаў праект палаца ў Жалудку.

Прызначэнне палаца ўвесь час мянялася: першапачаткова ён планаваўся як радавое гняздо шляхетнай сям’і, пасля быў перададзены Віленскаму ўніверсітэту (аб гэтым сведчыць надпіс на мураваным слупе – «навуковы маёнтак»), у Першую сусветную тут размяшчаўся санаторый для нямецкіх ваенных, за савецкім часам – адміністрацыйны цэнтр калгаса і сельсавет. Больш за ўсё маёнтак пацярпеў ад пажару ў 2012 годзе, калі згарэў дах і палова перакрыццяў. Зараз будынак у аварыйным стане, але гэта не замінае залезці ўнутр і прагуляцца па пакоях, правесці рукой па арыгінальных дубовых панэлях і дзвярах, зрабіць пару шыкоўных кадраў з балкона – від на раку сапраўды файны.

Вакол маёнтка знойдзеш безліч гаспадарчых пабудоў, якія няблага захаваліся, а таксама невялічкую гідраэлектрастанцыю з маляўнічай сажалкай. Захапі бутэлечку чырвонага, каб распіць яе на беразе Гаўі – мясціны тут вельмі прыемныя для вока.

Падрабязней тут

 

 

Слонімская сінагога
г. Слонім

Па адрасе Савецкая, 1, што ў самым цэнтры Слоніма, знойдзеш адну з самых старых у Беларусі сінагог – ажно 1642 года! Да Другой сусветнай яна была цэнтрам габрэйскага жыцця горада, але пасля вайны амаль нікога з былых наведнікаў не засталося. Да таго ж удзельнікаў любой рэлігійнай тусоўкі няхіла пераследавалі, і ахвотных рызыкаваць не было – будынак аддалі пад склад мэблевай крамы. У пачатку 2000-х сінагогу вярнулі габрэйскай суполцы, але грошай на рэстаўрацыю ў іх не знайшлося да гэтага дня.

Цэнтр прыцягнення сінагогі – арон кадзеш – шафа, у якой захоўваліся скруткі Торы. Шафа выглядае па-багатаму нават зараз, калі ад усёй прыгажосці мала што засталося. Крыху вышэй месцілася менора, якая пастаянна гарэла, а таксама скрыжалі з дзесяццю запаветамі, зробленыя ляпнінай. Даследчыкі ўпэўненыя, што такі падыход да ляпніны не паўтараецца ні ў адным беларускім храме – гэта адмысловая слонімская фішка. Зазірні на столь бімы (падвышэння, з якога равін чытаў Тору) – такіх роспісаў ты яшчэ не бачыў!

Падрабязней тут

 

 

Берасцейшчына

Палац Радзівілаў
в. Паланечка, Баранавіцкі раён

Палац, які належаў прадстаўнікам самага багатага роду ВКЛ, у XVII стагоддзі нагадваў асобны мікракосм: парадны двор з маёнткам, французскі і англійскі паркі, капліца, аранжарэя, водная сістэма з шасці сажалак, доўгая пад’язная алея, гаспадарчы двор і нават млын. Сам двухпавярховы палац выглядаў даволі проста і функцыянальна звонку, але ўнутры наведнікі звычайна хадзілі з разяўленым ротам. Асабліва крута выглядалі люстэркавыя сцены вялікай залы, шыкоўная шафы з каштоўных гатункаў дрэва ў бібліятэчнай зале, калекцыя глобусаў і гравюр, а таксама аркі з карэльскай бярозы ў спальні князя Канстанціна, аднаго з уладароў лакацыі. 

Зараз ад гэтай прыгажосці засталіся толькі ўспаміны гісторыкаў: апошнія дзесяцігоддзі палац займала школа-інтэрнат, а таму ўсё, што можна было пахерыць, знішчана, разрабавана і перафарбавана. Пару гадоў таму палац выкупіла прыватная кантора, каб аднавіць небараку, але праца пакуль не пачалася. Прыязджай у Паланечку, каб не толькі прайсціся па маёнтку і ўзгадаць часы былой славы, але і атрымаць асалоду ад прыроды – усё ж шляхцічы ўмелі добра падбіраць месцы для хат.

Падрабязней тут

 

 

Капліца-склеп Ажэшак
в. Заказель, Драгічынскі раён

Адна з самых старых неагатычных і дакладна самая чароўная пабудова краіны знаходзіцца ў вёсцы Заказелле, якая належала роду Ажэшак – менавіта з яго паходзіла хрэстаматыйная пісьменніца Эліза Ажэшка. Капліцу-склеп пабудавалі ў 1849 годзе. Зараз вакол яе разбіты дагледжаны парк, ёсць нават каваныя ліхтары.

Знайдзі гербы роду Ажэшак на фасадзе, а таксама зазірні ўнутр (хаця б праз рашотку): столю ўпрыгожвае ажурная ляпніна, якая выглядае як багатыя карункі, а вокны забраныя вытанчанай коўкай. Можна спусціцца ў склеп пад капліцай і адчуць сябе кіраўніком паўстання 1863 года – гісторыкі лічаць, што менавіта тут хаваўся адзін з галоўных паплечнікаў Каліноўскага Рамуальд Траўгут.

Падрабязней тут

 

 

Сядзіба Бохвіцаў
в. Паўлінава, Баранавіцкі раён

Ладную неагатычную сядзібу заклалі ў 1906 годзе – некалькі пакаленняў Бохвіцаў ганарыліся сваім радавым гняздом, якое стаяла ў цэнтры глухога лесу, на беразе штучнага возера. За савецкім часам тут быў ваенны шпіталь, што пакінула сур’ёзны адбітак на інтэр’еры. Але і зараз прыемна прайсціся па залітых сонцам залах, палюбавацца фігурыстымі гатычнымі вокнамі і завостранымі дзвярамі. Глядзі пад ногі – пару дзесяцігоддзяў сюды збягалі школьнікі з піянерлагера «Чабарок», які месціцца побач, а таму можна лёгка спатыкнуцца аб сляды іх жыццядзейнасці.

Падрабязней тут

 

 

Сядзіба Рэйтанаў
в. Грушаўка, Ляхавіцкі раён

Драўляная сядзіба належала прадстаўнікам старажытнага польскага роду Рэйтанаў, і першы шляхетны дом тут быў закладзены ў камені яшчэ ў XVI стагоддзі. У канцы XIX стагоддзя ў Грушаўцы гаспадарыў пан Юзаф. Праз хліпкае здароўе лекары забаранілі яму жыць у каменным доме, а таму на былым мураваным фундаменце ўзвялі сучасную версію панскага маёнтка – са звышякаснага брусу. Печкі з галандскай кафлі, роспісы, разьба – адгалоскі былой раскошы захаваліся і зараз.

Наведайся ў закінутую сядзібу, каб памедытаваць, гледзячы, як пыл кружляе ў промнях, што прасочваюцца ў дзіркі, адшукай неагатычную каплічку ў двары сядзібы, а таксама пасябруй з козамі, якіх выгульваюць у былым парку мясцовыя бабулі.

Падрабязней тут

 

Аўтар Nasta Eroha
Фота by Meridian’28


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.