Закінутая Беларусь. Частка першая
Супольна з удзельнікамі банды Meridian’28 вызначаемся, куды рвануць, калі захацелася палазіць па аварыйных будынках ці проста рэлакснуць у цішы. Гэтым разам адкрываем забытыя споты Віцебскай i Менскай абласцей.
Віцебшчына
Сядзіба Рудніцкіх
в. Дзедзіна, Міёрскі раён
Закінутую зараз сядзібу шляхетнага роду Рудніцкіх пабудавалі ў 1820 годзе на замову суддзі Аляксандра Рудніцкага. Па гісторыі маёнтка можна было б зняць нармалёвы блокбастар: другім уладальнікам месца стаў Зігмунт Рудніцкі, які хуценька прапіў спадчыну і аддаў сядзібу за даўгі сям’і Вішнявецкіх. Перад самым пачаткам Другой сусветнай сваячніца Зігмунта, Алена Яблонская, выкупае маёнтак, каб перадаць яго Вінніцкаму ўніверсітэту. Падчас нямецкай акупацыі Зігі вяртаецца ў Дзедзіна, немцы прызначаюць яго старастам, але за надта добры і мяккі характар амаль адразу ж расстрэльваюць. Пасля вайны сядзіба пераходзіць да калгаса «Ленінскі шлях». У нашы часы на ўзнаўленне і рэстаўрацыю грошай няма, а таму маёнтак выстаўляюць на таргі – праўда, ахвотных яго выкупіць пакуль не знаходзіцца.
Прагуляйся па рэштках парка, які быў насаджаны акурат перад будынкам, паспрабуй уявіць, як выглядала лесвіца на другі паверх, калі з яе скатваўся бухі Зігі, зацані паследкі савецкага мінулага – напрыклад, ляпніну з чырвонымі зоркамі. Будзь асцярожны – маёнтак ніхто асабліва не даглядае, а таму частка перамычак паміж паверхамі разбурылася і ніколі не ведаеш, калі ў наступным пакоі не будзе падлогі.
Падрабязней тут
Касцёл святой Веранікі
в. Селішча, Ушацкі раён
Знайсці гэты спот вельмі лёгка – касцёл настолькі высокі, што яго відаць здалёк з любой навакольнай вёскі. Гэта тыповае позняе барока: магутныя сцены, пяць алтароў і калоны – нават закінуты, без даху, касцёл святой Веранікі выглядае магутна. Пабудавалі яго ў 1726 годзе пры бернардынскім манастыры, а падчас Другой сусветнай нармалёва размалацілі бамбёжкамі – будынак застаўся без вежы і кавалка столі. Перад тым як залазіць унутр, раім добра агледзецца і памацаць наваколле рукамі – часам цэгла проста падае зверху без усялякага папярэджання.
З паўночнага боку касцёла знаходзяцца руіны манастыра. Калі не баішся запэцкаць свае белыя Converse, раім асабліва зацаніць калодзеж у сутарэнні – месцічы ўпэўненыя, што там магчыма нават днём сустрэць прывідаў. Трапіць у сутарэнне можна звонку, але лягчэй пралезці з-за алтара.
Падрабязней тут
Белая царква
в. Белая царква, Чашніцкі раён
Белую царкву (якая афіцыйна называецца Троіцкай) бачна здалёк – яна стаіць на ўзвышшы на беразе возера. Месца сапраўды казырнае: у пачатку XVI стагоддзя першую цагліну на будоўлі тут заклаў знакаміты дзеяч ВКЛ Багдан Сапега. Праўда, ужо ў наступным стагоддзі царкву разбурылі, каб адбудаваць у стылі ранняга барока. Дарэчы, тут ёсць нагода для гонару: даследчык Раальд Раманаў лічыць, што гэта адзіны будынак у свеце ў стылі ранняга барока, які захаваўся ў сваім першапачатковым выглядзе.
Вежа царквы выкарыстоўвалася для абароны – апроч вышыні і стратэгічнай лакацыі, пра гэта сведчыць таўшчыня сценаў (не менш за два метры). Гэтыя прымочкі не выратавалі бажніцу ад разбурэння ў 1930-х, затое дапамаглі выконваць функцыю зернясховішча пры Саветах.
Раней на вежы трэніраваліся альпіністы, а зараз сюды прыходзяць вернікі – у двары ёсць новы крыж, а ўнутры на сценах знойдзеш папяровыя абразы. Каб атрымаць максімум ад трыпу, не забудзься на плаўкі – суседняе Белае возера вельмі чыстае і вабіць прыемным зялёным беражком.
Падрабязней тут
Царква ў вёсцы Свяча
в. Свяча, Бешанковіцкі раён
Невялікая царква з чырвонай цэглы сапраўды нагадвае па форме свечку. Сёлета царкве 120 гадоў. Акрамя прыемнай архітэктуры, якую можна разгледзець, калі паднапружыць уяўленне, тут яшчэ і неверагодна чыста. Бачна, што за руінамі даглядаюць – трава скошаная і ніводнай паўтарахі з-пад «Крыніцы». Падымі галаву, каб знайсці дом апошніх насельнікаў Свячы – пары буслоў.
Падрабязней тут
Меншчына
Сядзіба Слатвінскіх
в. Раванічы, Чэрвеньскі раён
Памарыць пра былыя шляхетныя часы можна ў родавым гняздзе Слатвінскіх у Чэрвеньскім раёне – закінутым палацава-паркавым комплексе ў вёсцы Раванічы.
Слатвінскія хадзілі ва ўлюбёнчыках вялікага князя літоўскага і караля польскага Стэфана Баторыя. Таму жытло Слатвінскія будавалі з размахам – пачынаючы з XVIII стагоддзя. У 1799-м на тэрыторыі сядзібы з’явіўся касцёл святога Антонія, які амбітна планавалі прыстасаваць пад пахавальню. На пачатку XIX стагоддзя сядзібе зайздросцілі ўсе суседзі: акрамя вялікага дома, у Слатвінскіх была свая пякарня, піваварня, кузня і нават сырніца з малочніцай. У другой палове таго ж стагоддзя Людвіг Слатвінскі, маршалак Менскай губерні, пачаў будаваць палац, рэшткі якога – адзінае, што захавалася ў Раванічах.
Зараз сядзіба выглядае даволі самотна і ўнутры будынку рабіць асабліва няма чаго – тым больш, што падлога амаль паўсюль правалілася. Аднак, калі прадрацца праз зараслі адзічэлага парку, можна зацаніць ладную сажалку і складаную сістэму штучных вадаёмаў, якой асабліва ганарыліся Слатвінскія. Дарэчы, у парку сядзібы растуць адзіныя ў Беларусі экзэмпляры белага дуба і серабрыстага клёна, а ў некалькіх хвілінах хады ад комплексу знойдзеш спіртзавод Слатвінскіх, што функцыянуе і сёння.
Падрабязней тут
Троіцкі касцёл
в. Беніца, Смаргонскі раён
На цэнтральнай плошчы невялікай вёскі Беніца пад Маладзечнам знаходзіцца магутны каталіцкі храм у стылі позняга барока. Менавіта тут Міхал Клеафас Агінскі хрысціў сваіх дзяцей. Гісторыя касцёла даволі драматычная: яго адбудавалі ў 1701 годзе і перадалі бернардынцам, наступныя паўтара стагоддзя пры ім дзейнічала школка, у сярэдзіне XIX яго вырашылі зачыніць, а праз тры дзесяцігоддзі нават і разабраць. Пасля бедны касцёл перабудавалі ў царкву, а ў 1919 зноў вярнулі каталікам. Зразумела, што падчас гэтай дурной актыўнасці выгляд забудовы змяніўся, алё ўсё адно выглядае будынак дастаткова прывабна, унутры нават захаваліся надмагільныя пліты і сякія-такія ўпрыгожванні.
Па хісткіх прыступках можна залезці на вежу і пасядзець на паддашку – лепшага месца, каб зацаніць навакольны пейзаж і паслухаць вецер, прыдумаць немагчыма. Самы цікавы момант гэтага трыпу чакае цябе ў сутарэнні – там знаходзяцца пахавальні Швыкоўскіх і Кацелаў. Не так даўно іх разрабавалі, а таму зараз па ўсёй падлозе валяюцца косткі двухсотгадовай даўніны. Калі ў школе ты не нагуляўся з гіпсавымі чарапамі – у Беніцы табе спадабаецца.
Падрабязней тут
Палац Манюшкі
г.п. Смілавічы, Чэрвеньскі раён
На тэрыторыі сельгаскаледжа ў гарадскім пасёлку Смілавічы цябе чакае сапраўдны зрыў даху: за рагом трохпавярховага корпуса, у парку знойдзеш шыкоўны палац у стылі псеўдаготыкі. Асабліва вылучаецца замкавая вежа з абароннымі зубцамі і стылізаваныя валюты на фасадзе – выглядае гэта зусім не па-беларуску. Да таго ж маёнтак узведзены дзедам Станіслава Манюшкі. Забудова пачалася ў XIX стагоддзі на месцы былога замка. Дзед кампазітара не быў уладальнікам палаца, а займаўся яго справамі як арандатар, але змог падкапіць грошай і выкупіў месца ў гаспадароў.
Пасля будоўлю падхапілі Аляксандр Манюшка і наступны ўладальнік комплексу Лявон Ваньковіч. Новую частку, якая выглядала як мікс неаготыкі і мадэрну, спалучылі са старой у 1900 годзе – у пераходзе паміж будынкамі былі неверагодна вялікія вокны, а сама прастора выкарыстоўвалася як аранжарэя. Паглядзі на пераходы паміж пакоямі і ўяві, як у бальнай зале штотыдзень ладзіліся танцы і більярд, а ў новай частцы палаца захоўвалася вялікая калекцыя жывапісу і старажытных рукапісаў.
Падчас рэканструкцыі 1973-га, калі палац рыхтавалі да таго, каб ён стаў корпусам каледжа, да ўвахода прыбудавалі пад’езд у хрушчоўскім стылі. Некалькі гадоў таму дзе-нідзе ўставілі шклопакеты – каб выглядала па-багатаму. Зараз унутры таксама ідзе рэканструкцыя, але трапіць можна спакойна.
Падрабязней тут
Аўтар Nasta Eroha
Фота by Meridian’28
Пакуль няма ніводнага каментара