20363 0

Закінутая Беларусь. Частка другая.

Гэтым разам кантрыбутары праекта Meridian’28 распавядаюць пра закінутыя споты Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Бажніцы вышынёй з дзесяціпавярховік, сядзібы з дзікамі, няскораныя бастыёны і іншыя месцы прыцягнення для твайго лепшага асенняга трыпу. 

 

Гомельшчына

Сядзіба Гарватаў
г. Нароўля

Адна з самых багатых сядзібаў Палесся XIX стагоддзя чакае цябе ў Нароўлі. Вялікі дом у стылі класіцызму быў сапраўднай перлінай невялікага правінцыйнага горада. У комплекс уваходзіў не толькі шыкоўны фальварак, але і пейзажны парк – усяго ў тры разы меншы, чым сучасны парк Горкага. У той час у трэндзе быў культ прыроды і раскрыццё магчымасцяў ландшафту, а таму кожная сцежка дасканала распланаваная – імітавалася жыццё пасярод лесу. Зараз ад усяго гэтага застаўся толькі паўразбураны фантан з масіўнымі бетоннымі лаўкамі ды невялікі раўчук у паўночнай частцы парку, а таксама выхад да ракі.

У сярэдзіне 1860-х уладальнік сядзібы Данііл Гарват паехаў з Нароўлі ў новы дом у Кіеўскай губерні. Перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй сядзібу рэмантавалі, але пасля рэвалюцыі справа заглухла. Наступныя гады ў біяграфіі сядзібы – суцэльны тлен: спачатку тут зрабілі школу, у час Другой сусветнай праз бамбёжкі лакацыя страціла ўвесь свой багаты дэкор, пасля вайны зноў была варварская рэканструкцыя пад школу, якая дашчэнту знішчыла ўсе гістарычныя элементы. Аварыя на ЧАЭС паставіла кропку ў гэтай гісторыі: з Нароўлі звалілі ўсе, хто мог.

Зараз комплекс агароджаны рэдкім плотам, які ніяк не замінае залезці ўнутр і прайсціся па залах. Па параднай лесвіцы падымайся адразу на другі паверх, у банкетны пакой. З правага боку тут размяшчаўся «чырвоны» салон з мудрагелістай падлогай, якую склалі з розных гатункаў дрэва – выглядала гэта ўсё як усходні дыван. З іншага боку месціўся «блакітны» салон: сцены былі абабітыя атласам нябеснага колеру, а на столі намаляваныя залатыя зоркі. Гаспадары сядзібы любілі змяшчаць на сценах розныя надпісы, якія выглядалі як сапраўдныя карціны. Так, у блакітнай зале можна было прачытаць: «Дзіўна, што пад тваімі стопамі не растуць кветкі. Ты рай, ты травень, ты вясна». Цяперашнія наведнікі сядзібы таксама пруцца ад надпісаў на сценах, але яны ўжо не такія пазітыўныя – «няма ў жыцці шчасця».

Аднак сядзіба прыхавала некалькі сюрпрызаў для самых уважлівых: у сутарэнні ўсходняга крыла захаваліся часткі падлогі XIX стагоддзя, а вакол багата цікавых будынкаў, яшчэ вольных ад мясцовых жыхароў з чарлам: вінакурны завод, капліца, брама, а таксама альтанка-маяк.

Падрабязней тут

 

 

Сядзіба Герардаў
в. Дзям’янкі, Добрушскі раён

Адно з самых таямнічых месцаў cінявокай знаходзіцца ў Добрушскім раёне, у сядзібе генерал-губернатара Фінляндыі Мікалая Герарда, які гаспадарыў на гэтых землях да рэвалюцыі. Тут, пасярод адселенай пасля Чарнобыля вёскі, стаіць закалочаны цагляны палацык у псеўдарускім стылі, яшчэ і з равом наўкруг. Кажуць, што там жыве прывід дачкі Герарда, якая скончыла жыццё самагубствам праз няшчаснае каханне.

Маёнтак займае высокі ўзгорак, вакол якога выкапаны роў – трапіць у дом можна па праваленым цагляным мосце з цікавай кладкай і чатырма аркамі. Вакол палаца разбіты 7 гектараў двух'яруснага парку з багатай калекцыяй рэдкіх дрэваў, яны добра захаваліся і зараз. Вокны будынка закладзены цэглай, а таму – хапай ліхтарык і наперад! Адна з сапраўдных разынак месца – каваная жалезная лесвіца, па якой можна трапіць на паддашак.

Сядзіба Герардаў знаходзіцца ў зоне адчужэння, дабрацца туды можна толькі са спецыяльным пропускам, бо на адзінай дарозе з Добруша стаіць міліцэйскі КПП, які разварочвае «нелегалаў». Дарэчы, не раім совацца ў палацык аднаму ці ноччу – паколькі месцы закінутыя, там гаспадарыць цэлая калонія дзікіх кабаноў.

Падрабязней тут

 

 

Магілёўшчына

 


Касцёл святога Антонія
в. Княжыцы, Магілёўскі раён

У паўзакінутай вёсачцы Княжыцы цудам захаваўся каменны касцёл XVIII стагоддзя, які стварае цікавы кантраст са спакойным сельскім наваколлем. Першая бажніца на гэтым месцы была збудаваная з дрэва яшчэ ў 1681 годзе, пасля яе ўзвялі ў камені. Падчас паўстання Каліноўскага касцёл зачынілі і вырашылі перарабіць пад праваслаўную царкву, наляпілі тры псеўдакупалы – і на гэтым запал згас. Пятнаццаць год таму касцёл хацелі адрэстаўраваць, але далей за ўзвядзенне будаўнічых рыштаванняў справа не прасунулася. Яны і зараз там – паступова разбураюцца разам з касцёлам.

Унутры бажніца захавалася даволі добра, а праз вышыню ў 15 метраў (а гэта вышэй за пяціпавярховік!) і адсутнасць слупоў касцёл выглядае вельмі лёгка. Ідэальнае месца, каб прытармазіць і прыслухацца да сябе.

Падрабязней тут

 

 

Свята-Траецкая царква
в. Самацевічы, Касцюковіцкі раён

На мапе Беларусі дастаткова «чорных плям», што ўтварыліся пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Радыёактыўнае воблака накрыла траціну Магілёўскай вобласці, якая стала зонай адчужэння. Туды трапіла і вёска Самацевічы, дзе нарадзіўся паэт Аркадзь Куляшоў. Да высялення яна налічвала тры тысячы жыхароў, ганарылася добрай бальнічкай, мела некалькі магазаў, садок і нават кафэху. Зараз усё гэта закапана ва ўзгоркі, каб спыніць выпраменьванне. Выстаялі толькі некалькі будынкаў, сярод якіх Свята-Траецкая царква.

Царква, якая колісь знаходзілася ў цэнтры буйной вёскі, вельмі вялікая для нашых краёў – вышынёй з 10-павярховік. Яна пабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1842 годзе. Праўда, зараз бажніца поўнасцю разрабаваная – марадзёры знялі нават падлогу. Чэкні пахавальні, абыдзі царкву вакол – на фасадзе захаваліся цікавыя надпісы на царкоўнаславянскай. Тэарэтычна трапіць сюды можна толькі са спецыяльным пропускам, але фактычна, калі ты згубішся, нават ДАІшнікі падкажуць, як хутчэй дабрацца.

Падрабязней тут

 

 

Сядзіба графскага роду Талстых
в. Грудзінаўка, Быхаўскі раён

Адно з самых прыгожых месцаў гайду – графскі дом Талстых. І хаця Леў Мікалаевіч так да яго і не даехаў, табе зазірнуць туды варта. Цябе чакае ладны двухпавярховы палац з купалам, калонамі, параднай лесвіцай і адкрытай тэрасай з відам на парк.

Паблукай як след па 10-гектаравым парку, знайдзі тут сібірскі кедр, які расце ўжо больш за сто гадоў. Пасля прайдзіся па палацы – яшчэ нядаўна тут месцілася сярэдняя школа і санаторый для дзяцей, хворых на рэўматызм, а таму сцены пафарбаваны на 2/3 зялёным і можна знайсці сапраўдны саўковы гардэроб з нумаркамі, якія абсалютна не спалучаюцца з архітэктурай шляхетнага дому.

Падрабязней тут

 

 

Быхаўскі замак
г. Быхаў

З сядзібы Талстых гані наўпрост у Быхаў – там ціха дажывае свой век закінуты феадальны палац пачатку XVII стагоддзя. Будаваў яго гетман ВКЛ Карл Хадкевіч, начны жах шведаў і абаронца Еўропы ад навалы Асманскай імперыі. У 1621 Быхаў пераходзіць да Льва Сапегі, а таму канцлер вырашае прапампаваць жытло і замуціць бастыённую фартыфікацыю. Так у палацы з’яўляецца 800-метровы вал, роў і бастыёны, якія надзейна абараняюць Быхаў. А абараняцца ёсць ад каго: побач неспакойныя ўкраінскія казакі, паўстанне Хмяльніцкага, руска-польская і паўночная войны.

Пасля Быхаў далучаюць да Расійскай імперыі, і крэпасць застаецца на ўскрайку жыцця – магутныя муры рушацца, а ў XIX стагоддзі комплекс і ўвогуле перабудоўваюць у турму. Далей кар’ера замка ідзе па нахільнай: тут месціцца вайсковая казарма і фабрыка. Зараз палац знаходзіцца ў незайздросным стане – некалькі разоў руіны гарэлі, але гэта нікога не абыходзіць.

Цяпер у лакацыі можна даведацца, чым жыве быхаўская шпана, а таксама зацаніць неверагодны від на Дняпро.

Падрабязней тут

 


аўтар Nasta Eroha
Фота by Meridian’28


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.