23805 1

З Менску прэч

Хібы і перавагі жыцця ў беларускай глыбінцы. Мы сабралі гісторыі маладых беларусаў, якія адмыслова ці праз збег абставінаў перабраліся з Менску ў Горадню, Лунінец, Ліду і Светлагорск.

 

Дар'я, 23 гады, рэжысёрка.

Жыве ў Горадні.

– Так атрымалася, што я выйшла замуж за чалавека, які не захацеў пераязджаць у Менск, і я, як верная жонка, пераехала да яго ў Горадню. Усе смяюцца, калі распавядаю, таму што звычайна ўсё адбываецца наадварот.

Спачатку было цяжка. Пасля мегаполіса жыць у горадзе, дзе за 15 хвілін можна даехаць практычна з любой часткі да цэнтру, – гэта, вядома, удар. Яшчэ цяжкавата было перажыць разлуку з бацькамі і сябрамі. Я вельмі цяжка іду на кантакт з новымі людзьмі, а каб з кім-небудзь пасябраваць, трэба яшчэ больш часу. Застацца зусім адной у незнаёмым горадзе – вось самае цяжкае для мяне.

А яшчэ сумую па шырокіх праспектах! У Горадні наогул, здаецца, няма праспектаў. Але затое тут ёсць Нёман. Ён усё кампенсуе. Вельмі любім усёй сям’ёй, уключаючы сабаку, шпацыраваць уздоўж Нёмана, ісці ў прыгожы стары цэнтр горада.

«У Горадні вельмі мала скошаных бардзюраў. Таму з дзіцячым вазком цяжка. Менск у гэтым плане – проста ідэальны, у ім усё для людзей»

Ну і, вядома ж, відавочны плюс – блізкасць Літвы і Польшчы. Гэты плюс пакуль не выкарыстаны цалкам, бо з маленькім дзіцём асабліва не паездзіш, але вось сябры стала вандруюць і прывозяць шмат чаго карыснага ды патрэбнага.

А яшчэ тут самыя ветлівыя людзі. Гэта здзіўляе і цешыць. Я перасоўваюся пераважна маршруткамі, дык вось тут кожны, калі заходзіць, – вітаецца з кіроўцам, а калі выходзіць – дзякуе і развітваецца. Так прыемна чуць!

Адзіны мінус, які вельмі засмучае, – не зусім прапрацаваная інфраструктура для матуль. У Горадні вельмі мала скошаных бардзюраў. Таму з дзіцячым вазком цяжка. Менск у гэтым плане – проста ідэальны, у ім усё для людзей.

 

 

Зміцер, 25 год, інжынер.

Жыве ў Лунінцы.

– Я сам з маленькага горада. Пасля ўнівера размеркаваўся ў Менск. Заробак мяне не надта задавальняў, і я вырашыў трошкі змяніць род дзейнасці пасля размеркавання. Я перастаў належаць да офісных работнікаў і пачаў ездзіць па камандзіроўках. І хоць у мяне ёсць ложка-месца ў менскім інтэрнаце, так што жыві не хачу, але вось ужо амаль год бываю ў Менску хіба пару дзён на год. І вяртацца пакуль не планую.

Калі я ўпершыню ехаў у невялікі горад, думаў, што там будзе хоць трошкі лепш, чым у маім родным. Як жа я памыляўся! Прыехаў у Лунінец і зразумеў, што ў такой срацы я яшчэ не бываў. Ні крам нармалёвых, ні выгод чалавечых. Горад панылы, брудны і шэры. Але пасля стала неяк нармальна. Я не асаблівы аматар клубаў і ўсякіх боўлінгаў, па разўлякухах менскіх я не сумую ні грама. Не хапае хіба «Макдональдса». У Менску ў мяне ў свой час з’явілася звычка заязджаць па раніцах на «Мак» і браць з сабой латэ. Сумую па гэтай справе. Па сябрах тугі няма, таму што ўсе яны знаходзяцца ў межах 400 км ад мяне, а значыць, пры жаданні я магу сесці ў машыну і спакойна паехаць да любога з іх. Ёсць і іншыя мінусы, але ўсе яны перакрываюцца велізарным плюсам: тут не патрэбныя вялікія грошы для жыцця. Так, я сквапны! Гэта значыць, атрымліваючы Br 6 млн. у Мінску, я журыўся і думаў, як дажыць да наступнага заробку. Тут жа, атрымліваючы аналагічную суму, можна адчуваць сябе каралём.

«Ды і чуткі тут перапаўняюць размовы. Як у тым выразе: “У адным канцы горада чыхнеш – у іншым ужо кажуць, што абасраўся”»

Дарэчы, пра мясцовых. Ёсць пэўная розніца паміж людзьмі ў кожным горадзе. Як у прафесійных пытаннях, так і ў пытаннях простых чалавечых зносін. На мой погляд, чым меншы горад, тым важнейшымі адчуваюць сябе людзі. У маленькім горадзе ледзь не кожны – кароль. Ды і чуткі тут перапаўняюць размовы. Як у тым выразе: «У адным канцы горада чыхнеш, у іншым ужо кажуць, што абасраўся». Затое людзі больш сумленныя. І менш лаяльныя. То-бок, калі ты під*р, то на вуліцы табе вечарам з’яўляцца не варта.Як правесці вечар у маленькім глухім гарадку? Для сябе я выбраў чытанне. Запарыў кубак кавы, выйшаў на балкон ці тэрасу – і чытаеш. Рамантыка.

Я лічу, што без розніцы, дзе жыць. Заўсёды можна знайсці дзень-два, каб прыехаць у Менск, Кіеў, Варшаву або якую Вільню, каб прабавіць там час.

Так што пры наяўнасці нармальнага заробку варта задумацца пра тое, каб жыць у маленькім горадзе. Асабліва з сям’ёй: заўсёды ведаеш, дзе твае дзеці, што нічога не здарыцца з імі і што дзіця не вырасце наркаманам або під*рам. Спакайней неяк.

 

 

Арсен, 26 год, фізік.

Жыве ў Лідзе.

– Я нарадзіўся і жыў у Менску. Хаця цяжка Шабаны назваць Менскам, і я шчыра іх не люблю. Гэта ўвогуле траўма для дзіцяці-эстэта, які марыў пра зоры і космас. У мяне была кватэра ў Шабанах і пасля сканчэння вучобы была добрая магчымасць застацца ў Менску ды працаваць па спецыяльнасці (я – фізік). Але Менск мне надакучыў. Так, уявіце. Увесь гэты рух, падзеі і адчуванне прыналежнасці да чагосьці вялікага і значнага – ілюзія. Большасць людзей тут жыве па такім жа раскладзе, як і ў маленькіх гарадах. Навошта яны ўвогуле тут застаюцца? Яны што, не могуць жыць па раскладзе дом-праца-дом, часам баруха-дом, у любым іншым горадзе? Мне надакучыла і, скарыстаўшыся прапановай паехаць на працу ў Ліду, я пагнаў.

Кватэру прадаў і набыў тут домік. Зараз магу спакойна глядзець на зоры. Бо разам з домам набыў і тэлескоп. Так вось я рэалізаваў мару дзяцінства.

«Кватэру прадаў і набыў домік. Зараз магу спакойна глядзець на зоры. Бо разам з домам набыў і тэлескоп»

Пасля працы еду дамоў, там мяне чакае каханая, два сабакі ды прыблудная котка. Мы шмат шпацыруем па лесе, бадзяемся, знаходзім для сябе ўсё новыя і новыя месцы ды жывем у сапраўднай гармоніі. Злавіць яе ў Менску я не мог.

Часам ганяем у Польшчу, я раблю левыя замовы і ўсё такое. Наяўнасць інтэрнэту дазваляе адчуваць сябе ў віры падзей незалежна ад месцазнаходжання. Ёсць такое, што тут людзі не такія прасунутыя, як у Менску, гэта мяне першы час страшна выводзіла, але я неяк звыкся. Тут ёсць іншая свабода, ты адчуваеш сябе ці то Хэмінгуэем, ці то проста філосафам, думкі якога маюць неабмежаваную прастору. Магчыма, такое жыццё проста па мне.

 

 

Яўгенія і Дзяніс Краўзе, абодвум – па 27 год, прадпрымальнікі.

Жывуць у Светлагорску.

– Мы з Дзянісам са Светлагорску, вучыліся ў паралельных класах, паступілі ў Менск і ўжо на 5-м курсе разам з сябрамі адкрылі невялікую краму парфумерыі, дзесьці праз пару месяцаў вырашылі адкрыць яшчэ адну. Мы падумалі, што ідэальным месцам будзе наш родны гарадок. План быў такі: прыехаць, залатвіць усе арганізацыйныя пытанні, расказаць, навучыць і перадаць краму ў валоданне маме ды задаволенымі з’ехаць назад у Менск.

Але ўсё атрымалася зусім інакш. Так выйшла, што мы разышліся ў поглядах вядзення бізнэсу з нашымі партнёрамі і сталі перад выбарам: ці варта працягваць? Ці гэта справа ўсяго нашага жыцця? Ды і навалілася яшчэ куча ўсякага. І мы затрымаліся.Спачатку было вельмі складана. Мы заўсёды лічылі сябе людзьмі вялікага горада. Нам падабаўся рух і тое, як ён запальвае на дзейнасць. Бо складана стаяць на месцы, калі ўсё вакол круціцца.

Першыя паўгода былі самымі цяжкімі. У нас заўсёды было шмат ідэй, але для іх рэалізацыі ды працы патрэбны вялікі горад. Цяжка, калі амбіцыі зашкальваюць, а ты знаходзішся ў горадзе, дзе нікому нічога не трэба, хоць ты і ўсяляк спрабуеш знайсці магчымасці самарэалізавацца. На той момант нам здавалася, што гэта крок назад.

Але важна не зацыклівацца на тым, чаго ў цябе няма ў дадзены момант, а сфакусавацца на тым, што зараз знаходзіцца вакол цябе! Для нас гэта была прырода і нашыя сабакі. Так і нарадзіўся наш Hunting Pony. Мы пачалі ствараць аксесуары для любімых звяратак і адпраўляць іх па ўсім свеце, дзякуй інтэрнэту за такія магчымасці!

«Цяжка, калі амбіцыі зашкальваюць, а ты знаходзішся ў горадзе, дзе нікому нічога не трэба»

Мы жывем не ў самім горадзе, а ў прыватным сектары, наш дом стаіць каля прыгожага лесу. Можа быць, гэта смешна гучыць, але па-сапраўднаму мы палюбілі прыроду дзякуючы нашым сабакам, у нас іх дзве, вельмі шустрыя і прыгучыя джэк-расэлы. Калі мы жылі ў Менску, нашыя прагулкі з сабакамі зводзіліся да паходу на вуліцу папісяць і пакакаць, абысці некалькі разоў вакол дзевяціпавярховіка і вярнуцца дадому. І толькі на выходныя вырываліся пагуляць з імі ў парк. Сёння прагулкі – не проста выгуляць пушысцікаў, а сапраўдны рытуал. Кожны дзень мы адпраўляемся ў наша маленькае лясное падарожжа. Прырода сілкуе, напаўняе сіламі і энергіяй, натхняе, хочацца марыць пра нешта вялікае, ствараць. Гэта час пагаварыць на важныя тэмы. Наш гарадок знаходзіцца на Бярэзіне, і мы часта ездзім да вады з тэрмасам – пасядзець на беразе і папіць гарбаты. Няўжо не выдатна? Гэтае месца адкрыла ў нас нешта новае.

Цяпер мы дакладна ведаем, што хочам жыць за горадам побач з прыродай, і не ўяўляем сабе жыцця без нашых паходаў у лес, на луг ці без паездак на пляж. Без абедаў пад вішняй і вечароў на ганку. Без летняга душа на двары!

Па сутнасці, не важна, дзе ты жывеш. Важна, хто ты, чаго хочаш ад жыцця, якая ў цябе мэта. І калі ты сапраўды жадаеш чагосьці дамагчыся, дык зробіш гэта ў любым месцы.

 

Фота з архіваў герояў, ілюстрацыя – Sheeborshee

Аўтар: Volga Garapuchyk


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)

Міхал16-01-2018, 21:30

Вось гэта сапраўды цікавы артыкул!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.