17878 0

Яўгенія Пачэпка

Валанцёрка грамадскага аб’яднання «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» Яўгенія Пачэпка – пра асабістую адказнасць за агульную будучыню і грамадскую актыўнасць Віцебска.

 

Чым займаюцца: Развіццё і раскрыццё творчага патэнцыялу моладзі, прасоўванне здаровага ладу жыцця, прышчапленне спартыўнай культуры, усебаковая адукацыя.

Дата заснавання: 2000 год.

Структура: У Беларусі – каля 200 зарэгістраваных удзельнікаў; у Віцебску – каля 40 чалавек (без уліку валанцёраў).

Факты: Грамадскае аб’яднанне «ХСДМ» – удзельнік Cусветнага Альянсу YMCA, аднаго з самых першых грамадскіх аб’яднанняў свету, створанага ў 1844 г. Сёння Альянс – найбуйнейшая асацыяцыя моладзі ў свеце, прадстаўленая ў 110 краінах свету, ахоплівае каля 58 млн удзельнікаў.

Кантакты:

 
Сайт  |  FB   |  VK

 

З кім гутарым: Яўгенія Пачэпка, 25 год. Старшыня Віцебскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA – Віцебск). Мае юрыдычную адукацыю.


Гісторыя Яўгеніі

– Калі я вучылася ў 10-м класе, я пачала час ад часу прагульваць школу, бо зразумела, што мне нецікава. У адзін з такіх разоў я, лічы, выпадкова трапіла на двухдзённы семінар па адукацыі мультыплікатараў (то бок будучых трэнераў), які праводзіла «Хрысціянская садружнасць дарослых і і маладых» – арганізацыя, у якой я цяпер працую як валанцёр. Пасля яшчэ былі семінары, сустрэчы, трэнінгі ды іншыя рэчы, якія прынята называць «нефармальнай адукацыяй». Галоўнае, што вабіла мяне ў тыя часы, – гэта ўсведамленне таго, што такога няма ў школе, і, як высветлілася пазней, такога не будзе і ва ўніверы. Я проста не ўспрымала свой універсітэт (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава) як месца, у якім можна нешта рабіць. 2015 год стаў для мяне вызначальным, бо я нарэшце зразумела: горад, яго культуру і яго падзеі ты ствараеш уласнаруч. І калі асабіста ты не будзеш нічога рабіць – у горадзе стане проста нецікава жыць.

«Гэты год стаў для мяне вызначальным, бо я нарэшце зразумела: горад, яго культуру і яго падзеі ты ствараеш уласнаруч»

Сваю дзейнасць у «ХСДМ» я пачала літаральна з тае пары, як пачала хадзіць да іх на падзеі. Спачатку я праводзіла семінары па прафілактыцы ВІЧ/СНІД і па другіх напрамках здаровага ладу жыцця. Некаторы час я нават вяла трэнінгі пра пазітыўнае мысленне. Пасля я ўжо сама стала трэнерам і вучыла людзей, як цікава выкладаць і адукоўваць моладзь.

 

 


Што такое YMCA – Віцебск?

– «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» – непалітычнае, некамерцыйнае і нерэлігійнае грамадскае аб’яднанне, зарэгістраванае ў Беларусі з 2000 года, а зараз прадстаўлена ў сямі беларускіх гарадах. Гэта частка сусветнай арганізацыі YMCA. У Беларусі нашая аўдыторыя – старэйшыя школьнікі і моладзь. Мы робім для іх семінары, у нас ёсць невялічкая творчая студыя, мы працуем таксама з дзеткамі з асаблівасцямі развіцця. Я займаю пасаду старшыні меней за год і мае асноўныя абавязкі – менеджарская праца, забеспячэнне ўмоваў працы і далейшага развіцця арганізацыі.

Як я казала, YMCA – сусветная арганізацыя. У Віцебскага аддзялення доўгі час партнёраў за мяжой не было, але ў мінулым годзе мы літаральна выпадкова пачалі працаваць са Швейцарскай арганізацыяй і ўжо год як практыкуем узаемныя паездкі, супольныя сустрэчы і абмен досведам.

Натуральна, быць у Беларусі грамадскай арганізацыяй і паспяхова, бесперашкодна працаваць як мінімум складана. Заўсёды, калі нашыя замежныя партнёры запытваюць, чаму мы робім нейкія рэчы пэўным чынам, мы адказваем: «Гэта Беларусь». Але я ўсё роўна прытрымліваюся той пазіцыі, што пры вялікім жаданні і настойлівасці ты зможаш зрабіць усё што заўгодна і дамовіцца з кім хочаш. Я лічу, што ў Віцебску з гэтым усё нават лепей, чым па астатняй краіне: у нас ёсць шмат прыкладаў таго, як можна ўдала працаваць з дзяржавай.

 

 

Чым займаюцца ва YMCA – Віцебск?

– На пачатку кожнага навучальнага года да нас на заняткі прыходзіць чалавек па 30-40, у траўні іх застаецца ўсяго некалькі, але ў іх – увесь патэнцыял. Мы ведаем, што гэта тыя, каго можна адукоўваць далей, яны з намі, хутчэй за ўсё, застануцца надоўга.

У «ХСДМ» шмат напрамкаў дзейнасці (у Віцебску адзіная падобная да іх арганізацыя – «Чырвоны крыж» – 34mag). Адзін з іх, найбольш паспяховы і важны асабіста для мяне, які доўжыцца ўжо больш за дзесяць год, – семінары ў галіне здаровага ладу жыцця для школьнікаў. Можа здавацца, што гэта нецікава для іх, але рэч у тым, як расказваць. Я называю гэта «галасаванне нагамі»: калі штосьці слухачам нецікава, ніхто і не прыйдзе. А раз школьнікі ходзяць – значыць, мы робім патрэбную справу. Тыя семінары (і тэарэтычныя, і практычны заняткі) дазваляюць не толькі раскрыць тэмы ЗЛЖ, але і проста распавесці пра фармаванне асобы, індывідуальнасці, паказаць, які ёсць свет па-за межамі школы.

Яшчэ адзін праект, ім я таксама ганаруся, – дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Мы даведаліся, што ў Беларусі існуюць суполкі людзей з праблемамі зроку, якія граюць у футбол, але ім патрэбныя асаблівыя мячы, даволі дарагія, што дапамагаюць арыентавацца на полі па гуках. Гэты праект перамог на Social Weekend у Віцебску, пасля чаго мы пачалі распрацоўваць вызначаны напрамак. Мы праводзілі супольныя трэніроўкі з нашымі валанцёрамі, у планах нават і чэмпіянаты.

«Я называю гэта “галасаванне нагамі”: калі штосьці слухачам нецікава, ніхто і не прыйдзе»

Таксама зараз я займаюся праектам «Навука па-за сабой», які мы ладзім супольна з менскім моладзевым адукацыйным цэнтрам «Фіяльта». Праект скіраваны на тое, каб паднесці людзям займальныя і карысныя навуковыя веды простай мовай. Галоўнае, што такія лекцыі цікавыя для шырокага кола людзей. У Віцебску ёсць мерапрыемствы, скіраваныя на моладзь, ёсць і тыя, мэтавая аўдыторыя якіх – сталыя людзі. І здаецца, што адукацыя асоб сярэдняга ўзросту нібыта правісае. Хаця на сённяшні момант прайшло толькі дзве лекцыі, мне прыемна, што я бачу там шмат новых і самых розных людзей, якія ў тым ліку актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях.

Таксама некаторыя ведаюць мяне як арганізатарку Cinema Perpetuum Mobile у Віцебску. У свой час мне проста стала цікава прывезці ў свой горад добрае кіно. І гэтым летам мы цэлы тыдзень круцілі леташнюю праграму, а потым зладзілі яшчэ шэраг невялічкіх паказаў. Хутка ў Віцебску адбудзецца прэзентацыя анімацыйнай праграмы, магчыма ў межах фестывалю нямога кіно і эксперыментальнай музыкі «Кіна-палёт».

 

 

 

Планы і мары

– У YMCA – Віцебск ёсць мара займець нарэшце сваю пастаянную прастору, нейкі дом, бо гэта дало б нам неверагодныя магчымасці для ажыццяўлення планаў. Таксама хочацца, як і ўсім, напэўна, не сысці ў камерцыю, але зрабіць так, каб некаторыя мерапрыемствы ці праекты акупалі сябе, каб заставаліся нейкія грошы на паляпшэнне ўмоваў, на далейшае развіццё нашай ініцыятывы.

Калі я спрабую глядзець на культуру і на гарадскую прастору ўвогуле, дык выразна бачу: зараз культурнае жыццё развіваюць не нейкія арганізацыі, не НДА, дзяржава альбо бізнэс, а асобы – проста людзі. І гэта крута, няхай пакуль такіх людзей у Віцебску і не так шмат. Доказ таго, што дастаткова моцна любіць сваю справу, сапраўды жадаць нешта рабіць, быць настойлівым і ўпартым – і атрымаць тое, чаго прагнеш.

 


Аўтар Vika Fomina

Фота by Марына Катлярова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.