24968 0

Воля Турло

Наша сённяшняя актывістка – прэс-сакратар і валанцёр Adukacyja.info Воля Турло – распавядае пра праект і сваё дачыненне да яго, асаблівасці характару дзяржуніверсітэтаў, праблемы беларускамоўнасці і справу, якую варта рабіць не за грошы.

 

Чым займаюцца: папулярызацыяй адукацыі праз усё жыццё.

Дата заснавання: 2006 год.

Структура: 7 чалавек + каля 20 валанцёраў.

Факты: Adukacyja.info – адна з самых вядомых адукацыйных платформаў Беларусі. У 2015 годзе стала чэмпіёнам грамадскай супольнасці як лепшы сайт НДА.

Кантакты:

 
Сайт  |  FB   |  VK

З кім гутарым: Воля Турло, 22 гады. З’яўляецца прэс-сакратаром і валанцёркай грамадскай ініцыятывы Adukacyja.info. Вучылася ў БДЭУ, прайшла праз расчараванні ў дзяржаўнай адукацыі і доўгія пошукі свайго асабістага прызначэння. Займаецца музыкай і марыць ведаць нямецкую мову.

 


Гісторыя Волі

– Я нарадзілася ў горадзе Вілейка недалёка ад Менска. Мае школьныя гады былі шчыльна звязаныя з творчасцю: я грала на некалькіх музычных інструментах, цікавілася журналістыкай, філалогіяй; з усім гэтым неяк не склалася. У 11 класе да мяне чамусьці прыйшоў нездаровы перфекцыянізм. Я падумала, што не хачу быць музыкам, калі не стану ў гэтым геніям, і вырашыла, што лепей шукаць сябе ў іншай сферы. Такім чынам, я апынулася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Менавіта ў той час да мяне прыйшла нейкая разгубленасць і расчараванасць у тым, што адбываецца навакол, і неразуменне таго, навошта я пайшла сюды вучыцца.

Праз гэта я пачала шукаць іншыя сферы для развіцця: была валанцёркай у розных арганізацыях, ініцыятывах, удзельнічала ў міжнародных праектах, трэнінгах і семінарах – карацей, спрабавала знайсці месца, дзе мне будзе найбольш камфортна. Так я патрапіла на міжнародную экалагічную школу ў Малдове. Толькі там зразумела, што экалогія – гэта маё. Пачала супрацоўнічаць з Цэнтрам экалагічных рашэнняў, зладзіла свой праект, тым жа летам удзельнічала ў АДУФэсце – злёце беларускіх выпускнікоў, сэнс якога ў камунікацыі і абмене ўласным досведам. Было вельмі крута. Але ж хутка прыйшоў верасень, і зноў пачалася самота. Тады я напісала шэф-рэдактару Adukacyja.info Людміле Асіпенка, што хачу далучыцца да іх каманды, і ў хуткім часе атрымала адказ, што прынятая. Неяк так усё і пачалося.

 

 



Што такое Adukacyja.info

– Першапачаткова Adukacyja.info быў сайтам Моладзевага Інфармацыйнага Цэнтра, якім займалася Таццяна Аляксеева. Праз год да яе далучылася Кацярына Барушка, якая пазней пераняла каардынацыю. Праз хуткі час сышла і Кацярына, галоўным рэдактарам стала Людміла Асіпенка. Менавіта тады была зроблена першая абвестка пра набор валанцёраў. І вось гэтая новая каманда, пад кіраўніцтвам Люды, вывела рэсурс на новы ўзровень. За час свайго існавання сайт змяніў тры дызайны, цяперашні выгляд быў прыняты ў 2015 годзе.

Спачатку асноўнай дзейнасцю нашай каманды былі пераклады навінаў і распаўсюд інфармацыі пра магчымасці атрымання адукацыі, але зараз мы развіваем не толькі сайт: у апошнія гады распачатыя серыі самастойных афлайн-праектаў (Веды-паці, АДУфэст, АДУэкспедыцыя), якія выявіліся вельмі эфектыўнай формай збору аднадумцаў,
апантаных адной ідэяй.

«Зараз мы развіваем не толькі сайт: у апошнія гады распачатыя серыі самастойных афлайн-праектаў, якія выявіліся вельмі эфектыўнай формай збору аднадумцаў»

Так, АДУфэст мы прыдумалі ў 2013 годзе. Веды-паці – гэта нефармальна-навучальныя мерапрыемствы, прысвечаныя адукацыі і культуры асобных краін. АДУ-экспедыцыя ўяўляе сабой вандроўкі па іншых гарадах і мястэчках Беларусі, падчас якіх каманда Adukacyja.info ладзіць прэзентацыі і адукацыйныя сустрэчы для мясцовай моладзі. Акрамя таго, мы маем уласную сістэму міні-грантаў, з дапамогай якой падтрымліваем розныя цікавыя ініцыятывы і праекты. АДУмарафон – адзін з гэтага шэрагу.

Увогуле мы стараемся бачыць сваіх чытачоў, сустракацца з імі па-за межамі інтэрнэту. Наша аўдыторыя – гэта школьнікі старэйшых класаў, студэнты і маладыя спецыялісты. Варта адзначыць, што другія з’яўляюцца найбольш актыўнай часткай аўдыторыі. У іх ёсць час, каб зрабіць што-небудзь, кудысьці з’ездзіць. Што датычыцца маладых спецыялістаў, прыкладам якіх з’яўляюся і я, то ў асноўным гэта тыя, хто скончыў універсітэт, але не хоча спыняць свайго развіцця, жадае атрымаць яшчэ які-небудзь досвед.

У рэшце рэшт, наш чытач, як мы гэта бачым па статыстыцы сайта і суполак у сацыяльных сетках, – чалавек ад 18 да 35 год, актыўны і скіраваны на пазнавальную дзейнасць.

 

 


 

Мэты і цяжкасці «адукацыі»

– Наша галоўная мэта і мара, да якой мы імкнемся, – скласці ў Беларусі адукаванае грамадства, супольнасць людзей, якая будзе намагацца нешта вырашаць і працаваць на карысць сваёй краіны. Дзеля гэтага і ладзяцца нашы мерапрыемствы, развіваецца сайт, што працуе як праваднік паміж моладдзю і магчымасцямі сусвету. І калі людзі знаходзяць сябе з дапамогай Adukacyja.info, то гэта вялікая радасць для нашай каманды. І вялікі матыватар.

Ведаеце, грошы ж не самамэта зараз. У мяне, напрыклад, ёсць асноўная праца, на ёй я зарабляю, а Adukacyja.info – гэта зусім іншая справа, сюды людзі прыходзяць не па
грошы.

Вельмі часта адбываецца так: мы робім набор валанцёраў, людзі прыходзяць, але ж і знікаюць так жа хутка. Зразумела, мы ніколі стоадсоткава не разлічваем на тое, што новы чалавек застанецца ў камандзе. Тут існуе праблема адказнасці – вось у чым сэнс. Але, думаю, такое стаўленне да працы існуе паўсюль, наша ініцыятыва зусім не выключэнне.

«АДУ-экспедыцыя ўяўляе сабой вандроўкі па гарадах і мястэчках Беларусі»

Таксама магу сказаць і пра беларускую мову. Мы ганарымся ёй і робім наш сайт па-беларуску. Праз гэта вельмі часта сустракаемся з тым, што некаторыя людзі яе проста не разумеюць, звяртаюцца да нас з пытаннямі кшталту «А чаму так?». На некаторыя сайты прыходзіцца высылаць прэс-рэлізы на дзвюх мовах, што з’яўляецца маім асабістым болем. Але ж як інакш? Шматлікія сацыяльныя суполкі проста не публікуюць прапанаваны ім кантэнт толькі таму, што ён напісаны па-беларуску.Нам бы вельмі хацелася супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, але пакуль не атрымліваецца. Літаральна тыдзень таму я дасылала абвестку пра наш фэст нават не на галоўныя сайты ўніверсітэтаў, а проста ў іх розныя суполкі «УКантакце». Мяне дадалі ў «чорны спіс». Я лічу, што гэта шмат аб чым гаворыць.

Універсітэты самі не ідуць з намі на кантакт. Калі мы запрашаем некаторых выкладчыкаў на нашы мерапрыемствы і адукацыйныя праекты ці намагаемся знайсці хоць нейкія кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі, то, часцей за ўсё, сустракаемся з ігнараваннем. Але ёсць і добрыя прыклады: з дапамогай валанцёраў, якія навучаюцца ў пэўных дзяржаўных установах, калісьці ладзілі прэзентацыі нашай каманды ва ўніверсітэтах, але гэта ўсё роўна ініцыятыва знізу.

 

 

 


Пра будучыню праекта

– Планы ў «Адукацыі» вялікія. У 2016-м гэта, па-першае, развіццё сайта, напаўненне яго цікавым і карысным кантэнтам. Таксама мы плануем ладзіць невялічкія адукацыйныя сустрэчы, трэнінгі і семінары. Ёсць спробы стварыць сетку выпускнікоў, для таго каб яны маглі на асабістым досведзе паказаць, што ўсё магчыма, асабліва калі гэта датычыцца самаразвіцця. Каб яны мелі магчымасць даваць кансультацыі тым, хто яшчэ думае, карыстацца той альбо іншай адукацыйнай праграмай ці не.

«Я бачу: усё, што робіць наша ініцыятыва, набліжае Беларусь да дзяржавы думаючых, адукаваных і інтэлігентных людзей»

Што да мяне, то я планую працаваць далей. Ведаеце, мяне трымаюць людзі, і мне вельмі падабаецца тое, што я раблю. Бо калі мая праца прыносіць карысць і мне кажуць «Дзякуй!», то, відавочна, усё не проста так.

Я бачу: усё, што робіць наша ініцыятыва, набліжае Беларусь да дзяржавы думаючых, адукаваных і інтэлігентных людзей.

 

 


Тэкст by Сяргей Шаматульскі

Фота by Kate Ignashevich


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.