25569 0

Вольга Бізікава

Старшыня Віцебскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Воля Бізікава распавядае, што ўяўляе сабой Чырвоны Крыж, акрамя цётачак, якія збіраюць грошы, і як менавіта яны дапамагаюць людзям.

 

Чым займаюцца: Псіхалагічнай і матэрыяльнай дапамогай усім, хто мае ў гэтым патрэбу. Таксама ладзяць адукацыйныя і культурніцкія праекты.

Факты: Дзейнасць Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа пачынаецца з 1921 года.

Структура: Старшыня і валанцёры

Кантакты:

 
Сайт  |  VK

 

З кім гутарым: Воля Бізікава, 28 гадоў. Старшыня Віцебскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Скончыла гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава.

 


Гісторыя Волі і тых, з кім яна працуе

– Да таго як я прыйшла сюды працаваць, маё ўяўленне пра дзейнасць Чырвонага Крыжа было такім жа, як і ў многіх: жанчыны, якія збіраюць ахвяраванні.

Падчас вучобы ва ўніверы я і ведаць не ведала, што такое валанцёрства, і збіралася звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Аднойчы мой бацька сказаў, што яму праца ў Чырвоным Крыжы здаецца добрай і цікавай. Ён і сам не мог адказаць, адкуль такая думка ўзялася. Але я чамусьці вырашыла паспрабаваць.

Калі я працавала першы месяц, да мяне за вопраткай прыйшоў мужчына. Я да гэтага шмат чула пра яго. Дакладней, пра тое, што ён адкусіў вуха свайму брату. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але мне было дзіўна і крыху страшнавата, улічваючы, што ў кабінеце мы знаходзіліся адныя. Але абышлося.

Людзі па дапамогу звяртаюцца розныя. Многія гісторыі так чапляюць, што іх немагчыма не прапусціць праз сябе. Праз некаторы час я пачала трохі фільтраваць і не прымаць усё блізка да сэрца.

«Я да гэтага шмат чула пра яго, дакладней, пра тое, што ён адкусіў вуха свайму брату»

Але вось гэтымі днямі прыходзіла жанчына. Яна адсядзела 6 гадоў за замах на жыццё.Выйшла, уладкавалася на працу, 70% з.п. аддае дзяржаве, таму што, калі яе пасадзілі, дзяцей забралі ў дзіцячы дом, і зараз яна павінна пакрыць выдаткі на іх атрыманне. Гэта значыць, на рукі ёй даюць 900 тыс BR. Зараз яна часова жыве ў сястры. Першы час ёй здавалася, што ўсе на яе глядзяць і ведаюць, што яна толькі з турмы. Яна распавядала, як па амністыі выпускалі забойцаў, а яна адседзела ўвесь тэрмін. Бачна, што яна хоча вярнуцца да жыцця і ўсё для гэтага робіць.

Нягледзячы на тое, што ёй патрэбна дапамога, яна сама гатовая аказваць яе іншым. У яе ёсць яшчэ адна сястра ў Латвіі, якая дасылае ёй вопратку. Сыходзячы, яна сказала: «Давайце я вам прынясу тое, што нам малое. Мы ўсё адно насіць не будзем». Вось што крута: чалавек прыйшоў па дапамогу і, нягледзячы на складаныя абставіны, задумаўся, чым ён сам можа дапамагчы.

 

 


Гісторыя Чырвонага Крыжа

– Заснавальнік Чырвонага Крыжа – швейцарскі пісьменнік і журналіст Анры Дзюнан. У 1859-м ён стаў сведкам бітвы пры Сальферына. Яго ўразіла відовішча сотняў забітых і параненых, і ён запрасіў жыхароў бліжэйшых вёсак дапамагчы. Людзі рабілі што маглі: запісвалі лісты паміраючых, аказвалі медыцынскую дапамогу. Пазней, дзякуючы намаганням Анры, быў заснаваны Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ў 1864 годзе прынятая першая Жэнеўская канвенцыя аб паляпшэннi лёсу параненых у сухапутнай вайне. У 1901 годзе ён стаў першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пачало сваю працу ў 1921 годзе. Мы не з'яўляемся дзяржаўнай арганізацыяй і, хоць арыентаваныя на дзяржаву, усе рашэнні прымаем самастойна. Нам не могуць сказаць, што вось гэтым дапамагаць трэба, а тыя абыдуцца. Дакладней, сказаць, вядома, могуць, але мы не станем слухаць. Адныя з галоўных прынцыпаў – бесстароннасць і гуманнасць. Дапамагаць трэба ўсім, хто мае патрэбу ў гэтым, а не тым, хто падабаецца асабіста.

 

 

Штодзённыя актыўнасці

– Да мяне ў год звяртаецца каля 400 чалавек: камусьці патрэбна адзенне, камусьці дапамога псіхолага, па-рознаму бывае. Мы нікому не адмаўляем. Нават калі да нас звяртаюцца з пытаннямі, якія мы вырашыць не можам, скіроўваем у патрэбную арганізацыю, даем кантакты. Самі не шукаем людзей, гэта лішняе: вельмі добра працуе сарафаннае радыё.

Акрамя грошай, якія нам усё ж даводзіцца збіраць на аплату паслуг сядзелак, якія клапоцяцца пра цяжкахворых і на правядзенне мерапрыемстваў, ёсць і іншыя напрамкі
дзейнасці.

Як я ўжо згадвала, мы дапамагаем тым, хто жыве ў беднасці (людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя, малазабяспечаныя, уцекачы), не толькі ежай, але і адзеннем. Вопратку нам прыносяць людзі, гэта не гуманітарная дапамога, з якой, дарэчы, таксама даволі часта асацыюецца Крыж. Мне, напрыклад, раз у месяц тэлефануе незнаёмая жанчына і выдае адзін і той жа тэкст: «Алё, гэта Чырвоны Крыж? Гуманітарка ё?» Пару разоў, пакуль яна не паспела кінуць трубку, мне ўдалося адказаць, што няма і не будзе. Віцебскі Чырвоны Крыж не займаецца гуманітарнай дапамогай. Наколькі я ведаю, не так і весела ўсё гэта раздаваць. Многія думаюць, што ты лепшае сабе прыбраў.

«Да мяне ў год звяртаецца каля 400 чалавек: камусьці патрэбна адзенне, камусьці дапамога псіхолага»

Калі мае «кліенты» прыходзяць, яны часта дзівяцца і не могуць зразумець, як жа такія добрыя рэчы аддалі. Цяпер у мяне ў кабінеце назапасілася шмат цюкоў, якія чакаюць новых гаспадароў. Але і ў выпадках з дапамогай бываюць неспадзяванкі. Важна, каб людзі ўсвядомілі, што мы не сметнік, і, калі нешта аддаеш, трэба спытаць у сябе: «Ці апрану я гэта, нават калі апынуся ў цяжкім становішчы?»

Яшчэ мы навучаем навыкам першай дапамогі. Гэтым летам арганізавалі майстар-клас для дзетак. Было крута. Па-першае, у нас была сапраўдная кроў (грым), па-другое, манекен, на якім можна было трэніравацца. Дадому дзеці сышлі забінтаваныя, з ранамі і з жаданнем пабачыць выраз твараў бацькоў.

 

 

 


Пра праекты і неабыякавых людзей

– У нас ёсць рэспубліканская праграма, а астатняе можам прыдумляць самі. Адзін з прынцыпаў арганізацыі – еднасць. Гэта значыць, што ўсе мы працуем адно з адным. Ёсць праекты па абмене вопытам з прадстаўнікамі розных аддзяленняў краіны, а таксама замежнымі калегамі.

З аддзелам культуры раёна сёлета мы правялі акцыю «Добрыя справы – добрыя людзі» ў пасёлку Кастрычніцкім да Дня абароны дзяцей. Са мной паехаў сябар, мы купілі два мяхі цукерак, узялі паперу і канцылярскія штукі. Нацягнулі вяроўкі. Дзецям, якія праходзілі міма, прапаноўвалі напісаць на лісце апошнюю добрую справу, якую яны зрабілі. Яны ўцягнуліся і ўжо забыліся пра цукеркі, якімі мы іх частавалі наўзамен. У асноўным пісалі аб дапамозе маці, бабулі, пра тое, што пачаставалі бяздомнага ката. У мінулым годзе, напрыклад, сумесна з прасторай vitebsk4me, праводзілі акцыю да Дня міру, было клёва.

Віцебская раённая арганізацыя дапамагла стварыць «Ініцыятыўныя групы пажылых людзей» у Ноўцы і Задуброўі. Там жанчыны ад 56 да 80 з гакам гадоў самі зрабілі музей старадаўніх прадметаў побыту ў Доме культуры, пачалі вучыць дзяцей з асаблівасцямі развіцця вязаць. Клаўдзія, адна з удзельніц, пляце з бісеру такое, што толькі «ваў» вырываецца. Мы купілі ім камп'ютар, каб яны навучаліся карыстацца інтэрнэтам.

«Чалавек прыйшоў па дапамогу і, нягледзячы на складаныя абставіны, задумаўся, чым ён сам можа дапамагчы»

У нас у дзяржаве прынята, што на людзей уздзейнічаюць зверху. А мне б хацелася, каб парывы ішлі знізу. Бо эфект большы, калі людзі неабыякавыя і самі хочуць нешта рабіць. Напэўна, ёсць тыя, хто хоча стаць валанцёрам, але не ведае, з чаго пачаць. Мы гатовыя дапамагчы. І будзем радыя зрабіць гэта. У нас ёсць вопыт, і мы хочам ім дзяліцца. Зараз у Чырвоным Крыжы стала працаваць больш моладзі, магчыма, гэта дапаможа змяніць меркаванне аб арганізацыі. Я хачу, каб людзі перасталі думаць, што ўсё, што мы робім, – гэта просім грошай.

Я люблю сваю працу і бачу яе плён. Ведаю: хай маленькая, але дапамога камусьці прымусіць задумацца іншых. Хтосьці дапамог табе, а ты падумай, што зможаш зрабіць для іншага. Я за тое, каб усе арганізацыі працавалі разам. Бо ўсе мы вырашаем адну праблему, як бы пафасна гэта ні гучала, – палягчаем чалавечыя пакуты.

 

 

 

Тэкст і фота by Таня Аліпчыкава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.