26761 1

Віктар Дарковіч

З нелюбімай працы трэба звальваць, тады жыць стане лепей. Наш герой на ўласным прыкладзе гэта даказвае. 32-гадовы інжынер з Баранавічаў кардынальна змяніў сваё жыццё: бацька трох малых дзяўчатак і закончаны аптыміст Віктар Дарковіч кінуў завод ды адкрыў майстэрню для стварэння драўляных цацак, здольных рабіць наш свет крыху дабрэйшым і ярчэйшым.

 

Чым займаюцца: Вырабляюць цацкі ды ўпрыгажэнні з дрэва, частка з якіх прадаецца праз дабрачынныя аўкцыёны.

Дата заснавання: 2014.

Структура: 2 чалавекі
.

Факты: мядзведзь, якога зрабіў Віктар, − культурны сімвал амбасады Францыі ў Беларусі.

Кантакты:

VK

 

 

Гісторыя Віктара

– Маё дзяцінства, як у дзяцей усіх вайскоўцаў, прайшло «на колах», у пераездах разам з бацькамі па Вугоршчыне, Расіі ды Беларусі. Але ў выніку я прызямліўся там, дзе нарадзіўся, – у Баранавічах. Далей, як кажуць, усё паводле спісу: школа, вышка ў Менску, вяртанне дадому з дыпломам інжынера радыётэхнічных сістэмаў і праца на мясцовым авіярамонтным заводзе.

У тыя гады мне здавалася, што матэматыка – гэта маё ўсё. Бывала, рашаў задачы нават у сне. Памятаю, у школьныя гады за перамогу ў «сораўскай» алімпіядзе па матэматыцы выйграў зімовую пуцёўку ў лагер «Зубрёнок» – і легальна прапусціў цэлы месяц школы.

Калі ўладкоўваўся на завод – думаў пра тое, пра што думае большасць маладых бацькоў сямейства: як хутчэй стаць на ногі ды пачаць зарабляць, каб было дастаткова на сябе і сваю маладую сям’ю. На тым заводзе я шмат чаго меў: 10-гадовы стаж, першую прафесійную катэгорыю, заробак – вышэйшы за сярэдні па горадзе. Здавалася б, сядзі ды радуйся жыццю.

 

 

 

Крызіс сярэдняга веку

– Да 30 гадоў я жыў як сярэдні добрапрыстойны сем’янін-грамадзянін: дом – праца – увечары кароткія забавы з дзецьмі ды тэлевізар. Але такое задаволенае і стабільнае жыццё мне надакучыла, захацелася нешта змяніць. Псіхолагі кажуць пра крызіс сярэдняга веку – я не ведаю, верыць у яго ці не, але калі першае, дык у мяне гэты крызіс выліўся ў цалкам новае жыццё.

Першае, што я зрабіў, – набыў і асвоіў ровар. Цяпер перамяшчаюся па горадзе выключна на двух колах і нягледзячы ні на якія сусветныя катаклізмы штодня накручваю мінімум 20 км.

Але да галоўнай справы жыцця мяне падштурхнулі дзеці. З жонкаю Аленай у нас падрасталі дзве дачкі, якім патрэбныя былі развівальныя цацкі. Вядома ж, усяго, што мроілася і хацелася малым, сусветная індустрыя цацак даць не магла. Тады мне давялося зрабіць гэта самому.

«Да 30 гадоў я жыў як сярэдні добрапрыстойны сем’янін-грамадзянін: дом – праца – увечары кароткія забавы з дзецьмі ды тэлевізар»

Пачаў з простага: з рознакаляровых кубікаў. Але выявілася, што выпілаваць звычайнаю пілой з драўлянага бруска 27 ідэальна роўных брусочкаў, якія складаліся б у ідэальна роўны куб, без прагалаў між кантамі – задача зусім не простая. Дагэтуль ўсе мае практыкаванні з дрэвам абмяжоўвалася выключна школьнымі ўрокамі працы ды нарыхтоўкаю дроваў у вёсцы, таму ў выніку тыя кубікі каштавалі мне шмат сапсаваных нерваў і матэрыялаў.

Але досыць хутка, каб спаталяць усе жаданні дачушак, я навучыўся вырабляць з дрэва літаральна ўсё: кінакамеру, швейную машынку, мабільны агарод, мазаікі-пазлы. За год у маіх дзетак назбіралася некалькі скрыняў татавага handmade. Сёння гэта іхная абсалютная ўласнасць, цацкі не прадаюцца і не мяняюцца.

Рашэнне камерцыялізаваць сваё хобі, каб ім цалкам забяспечваць сябе ды сям’ю, нараджалася пакутліва, я доўга не мог наважыцца. Потым неяк у адзін момант падумаў: калі не цяпер, дык ніколі. Тут трэба сказаць вялікі дзякуй жонцы за падтрымку на ўсіх этапах маіх ваганняў.

На родным заводзе да маёй заявы звольніцца, каб увесь час прысвяціць вырабленню цацак, паставіліся на дзіва талерантна: маўляў, ідзі паспрабуй, а, як што, вяртайся. Найцяжэй было з бацькамі, якія за ўсімі маймі сумненнямі ды ператварэннямі назіралі няўцямнымі вачыма, да апошняга спадзеючыся, што я «вазьмуся за розум» і вярнуся на завод.

Не ведаю, ці наважыўся б я пакінуць стабільную працу з някепскім заробкам сёння, маючы ўжо трох малых. Цяпер цяжкае жыццё пачалося, і раіць усім і кожнаму смела крочыць маім шляхам я не буду. Чалавек сам вырашае, наколькі ён рызыкоўны і наколькі яму важна займацца сваёй улюбёнаю справай. Я рызыкнуў і даў сабе шанец. І цяпер гэта дае мне неверагодную моц.

 

 

Ідэі

– Я не лічу сябе мастаком. Я – рамеснік. Эскізы да маіх вырабаў падглядаю ў інтэрнэце. Вядома ж, магу нешта змяніць або развіць нейкія ідэі. Вось прыдумаў зрабіць вядомую гульню «Крыжыкі-нулікі» з драўлянымі фішкамі, на якія жонка мне шые палатняныя торбачкі.

Шмат ідэяў выпадкова падказвае самое жыццё і трэнды. Адная знаёмая мастачка вельмі любіла трымаць у руках розныя мае драўляныя абрэзкі, доўга мацала іх, прыкладала да шчакі. Я кажу: «Давай зраблю табе з іх завушніцы, каб ты з імі ніколі не расставалася і ў любы момант магла дакрануцца». Гэтак я пачаў рабіць аксесуары з бярозавай кары, з іншых абрэзкаў.

Увогуле я імкнуся да цалкам безадкіднай вытворчасці: пілавінне выкарыстоўваю для сушкі новых дошак, а, калі яго назбіраецца зашмат, аддаю бацькам паліць у печы. А з дробных абрэзкаў прыдумаў вырабляць не толькі завушніцы, але і сімпатычныя фігуркі звяроў. З іх можна складаць устойлівыя піраміды і гэткім чынам выхоўваць у дзяцей засяроджанасць ды акуратнасць.

«Чалавек сам вырашае, наколькі ён рызыкоўны і наколькі яму важна займацца сваёй улюбёнаю справай»

Найбольш даспадобы мне рабіць мазаікі-пазлы. Самы вялікі атрымаўся дракон: ажно на 18 дэталяў. А самую вялікую замову на puzzle я атрымаў ад французскай амбасады ў Беларусі: 100 мядзведзікаў, гэтак званыя «мішкі дружбы», расфарбаваныя напалову ў колеры беларускага і французскага сцягоў. Пасля даведаўся, што гэты мядзведзік, якога французы назвалі ў гонар мяне Вікторам, стаўся культурным сімвалам іхнай амбасады.

На жаль, сёння мае мазаікі трохі страчваюць папулярнасць, бо задарагія для людзей. Таму часцей даводзіцца рабіць тое, што менш даспадобы, але прыносіць грошы. Напрыклад, фанерныя фігуры для расфарбоўкі.

 

 

Праца з дрэвам як медытацыя

– У дзяцінстве я быў такі сабе трохі хуліган. У школе, дзе вучыўся пасля старэйшага брата, настаўнікі любілі паўтараць бацькам, што Дарковіч-старэйшы быў спакайнейшы. Мае жанчыны (жонка і трое дачок – 34mag) і мая праца мяне змяняюць. Я раблюся больш пяшчотны, мяккі, талерантны пад іхным уплывам. А дрэва ўвогуле на ўсіх дзее заспакаяльна. Калі я працую, нібыта запускаецца нейкі медытацыйны працэс.

Пладовыя пароды дрэваў я люблю больш за ўсё і найбольш у іх веру: яны з пачатку раслі з удзелам чалавека, прыносілі яму карысць, гэта закладзенае ў іх генах. Гэта складаная для апрацоўкі драўніна, яна мае няпросты характар, затое і самы прыгожы, заўжды непаўторны малюнак. Таму ссохлыя яблыні, грушы, слівы з бабулінага саду адразу трапляюць на мой працоўны стол.

«Пасля даведаўся, што гэты мядзведзік, якога французы назвалі ў мой гонар Вікторам, стаўся культурным сімвалам іхнай амбасады»

Але пры ўсім пры тым я залішне не ідэалізую драўляных цацак. Асабліва пасля выпадку, калі напярэдадні Новага года мае дочкі напісалі калектыўны ліст Дзеду Марозу з просьбаю прынесці новыя цацкі, але толькі не драўляныя. Сапраўды, трэба, каб у дзяцей былі розныя. Няхай і пластмасавыя будуць таксама, калі яны падабаюцца. Але драўляныя мусяць быць абавязкова. Яны яркія, цёплыя, прыемныя навобмацак – кожная па-свойму, у залежнасці ад пароды дрэва. А дзеці ж усё-ўсё спазнаюць праз тактыльнае ўспрыманне.

 

 

 

Праца і праблемы

– За першы год свайго рамесніцтва я напрацаваў на 0, за гэты час з сямейнай скарбонкі мы з жонкай нічога не пацягнулі, але нічога туды і не паклалі. Спісваю ўсё на пачатак і на цяжкі мінулы год у нашай эканоміцы. Летась у Менску закрыліся адразу дзве крамы, якія гандлявалі маймі цацкамі. Дзяржаўнай падтрымкі рамеснікаў таксама хадзі шукай. За сімвалічны падатак – 1 базавая на год – ужо дзякуй. Праўда, ёсць прадчуванне, што гэтая «маліна» ненадоўга.

Замоваў пакуль стае, працы дастаткова – і добра. Я працаголік і без справы не магу сядзець ні хвілі. Калі хоць бы раз за дзень не панюхаю стружкі – пачуваюся неспакойна. Прапаноўваю такі рэцэпт усім, хто чагосьці чакае: не зацягваць паясоў, а закасваць рукавы.

Нягледзячы на складаны час, мой «Derevograd» за ўвесь год цэнаў не ўздымаў. А які сэнс, калі ўсе збяднелі? Вядома, мне хацелася б, каб было больш багацейшых людзей, якія маглі б дазволіць сабе тое, што я раблю. Але, калі гэта станецца зусім немагчыма, давядзецца вярнуцца на завод.

«Калі я працую, нібыта запускаецца нейкі медытацыйны працэс»

За гадзіну маёй працы (эскіз, выпілоўка, шліфоўка, расфарбоўка) я бяру ўсяго 40 тысяч, плюс кошт матэрыялаў – атрымліваецца цана мастацкага вырабу. Але шмат для якіх людзей гэта ўжо задорага. Таму нядаўна я пачаў рабіць эканом-серыю, без канчатковай шліфоўкі ды расфарбоўкі. Цацкі эканом-класу выглядаюць не так дыхтоўна, але прыкметна таннейшыя і сёння набіраюць папулярнасць.

Зрабіўшыся рамеснікам, я добра зразумеў, што такое менавіта зарабляць грошы, а не атрымліваць заробак. Тут адказнасць і самааддача нашмат большыя. Але мая галоўная матывацыя: я займаюся тым, што мне падабаецца. І, калі я бачу круглыя вочы людзей, якія дзівяцца на мае вырабы і кажуць: «Дзякуй за чараўніцтва!», для мяне гэта найлепшая падтрымка!

 

 

Планы на будучыню

– Некалькі гадоў таму я зацікавіўся яшчэ і сацыяльнымі праектамі. Неяк убачыў на tut.by навіну пра тое, што моцна хворай дзяўчынцы патрэбная дапамога, і вырашыў выставіць на дабрачынны аўкцыён свайго драўлянага зайца 3D-фармату. Зайца купілі, дзіця атрымала грошы, а я – порцыю самазадавальнення. З тых часоў імкнуся не прапускаць ніводнага дабрачыннага аўкцыёну дзеля падтрымкі цяжкахворых дзетак. На апошні Новы год ажурны калядны падсвечнік на 9 свечак, якія мы разам зрабілі з адною мастачкай, сабраў на аўкцыёне каля 2 млн рублёў для яшчэ аднаго маленькага хворага чалавека.

Па-мойму, гэта нармалёвае чалавечае жаданне – дапамагаць камусьці, каму па жыцці пашанцавала крыху меней, чымся табе. Ён не горшы за цябе, у цябе ёсць магчымасць яму дапамагчы, дык чаму не? Калі хтосьці гэтага не разумее, я не здолею патлумачыць лепш.

«Прапаноўваю такі рэцэпт усім, хто чагосьці чакае: не зацягваць паясоў, а закасваць рукавы»

А, калі разгарэўся канфлікт паміж Расіяй і Украінаю, я прыдумаў тых самых «мішак дружбы». Гэта простыя puzzle-мядзведзікі, усяго з дзвюх дэталяў: адная пафарбаваная ў расійскі трыкалор, другая – ва ўкраінскі жоўта-блакіт. Гэта тое, што я мог зрабіць дзеля вяртання міру. Бо нонсэнс, калі ў сучасным свеце сярод братоў ліецца кроў. Хоць кожная вайна – глупства. Я не цешуся ілюзіямі, што маіх мядзведзікаў убачаць тыя, ад каго залежыць гэтая вайна, ці што мае цацкі неяк паўплываюць на іх. Але я веру ў закон захавання энергіі. І ў тое, што закладзеная ў мае вырабы добрая энергія дзесьці застанецца і выявіцца ў гэтым свеце.

 

Тэкст by Алесь Гізун
Фота by Зміцер Макарэвіч


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Другие Барановичи 19-04-2016, 22:59

о, приятно видеть статью Алеся про Виктора!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.