26660 0

Віцебск

Віцебск – сапраўднае беларускае месца моцы і адна з галоўных крыніц культурнага жыцця радзімы. У новым гайдзе мы сабралі ўсе адметныя споты, цэрквы, музеі, архітэктурныя перліны, а таксама кафэ, бары, клубы і месцы для начоўкі. Палюбі Віцебск так, як любім яго мы.

 

Віцебск – горад на трох рэчках і пяці ландшафтных ярусах. Таму любая архітэктурная свечка, пастаўленая ў слушным месцы, глядзіцца тут нечуваным шэдэўрам. Сюды едуць па дух старога брык-стайлу, бязлюддзе пешаходнай вуліцы, парачку клубаў з недарагімі канцэртамі і пажоўклыя вочы старых віцебчукоў на карцінах Пэна. 

Латышы, палякі, беларусы, габрэі, рускія тысячу год пяклі гэты горад-пірог. Ён бараніў усходнія межы Полацкага княства, Вялікай Літвы і Рэчы Паспалітай, таму 16 разоў выпальваўся, але ў пазнаку сваёй ролі атрымаў прыгожы і пагрозлівы герб.

У часы Расійскай імперыі тут вучылася першая жанчына – доктар філасофіі, а спадарыня Драўніцкая першай у свеце скокнула з парашутам (сілы белфемінізму маглі б абвесціць Віцебск сваёй сталіцай). Інтэлектуальную тканіну горада знясіліў сталінскі тэрор, а гады Другой сусветнай у пень вынішчылі тутэйшы соцыум. У сваім новым адраджэнні горад падняў сцяг у пачатку ХХ ст. з профілямі Шагала і Малевіча на ім і ўзяўся за лепку новага брэнда. Трэцяя рэч, якую варта ведаць, акрамя ярусаў і «пірага», гэта тое, што Віцебск – горад мастакоў. 

 

Дабрацца сюды прасцей, чым падаецца. Да Магілёва 180, да Гомеля 340, да Горадні 550, да Берасця 660, да сталіцы – 300 кіламетраў камфортных дарог. З Менска да Віцебска з шостай раніцы да гадзіны ночы выходзяць дзевяць наўпростых цягнікоў. Ехаць давядзецца ад 3,5 гадзінаў удзень да 6 і нават 9,5 гадзінаў, калі цягнік начны. Кошт у € 6,2 ці не самы нізкі ў Еўропе за такую адлегласць, ды яшчэ ў купэ з бялізнай. У дапамогу – абноўлены сайт Беларускай чыгункі. Калі ёсць выбар, то раім былыя «фірмовыя» цягнікі №№704Б і 052Б.
Аўтобусы і маршруткі выпраўляюцца з менскага Цэнтральнага аўтавакзала, ідуць 4-5 гадзін у залежнасці ад таго, куды заязджаюць па маршруце. Кошты – € 6-10. Таксама кожную гадзіну са сталіцы і зваротна адпраўляюцца прыватныя мікрааўтобусы. Гэтыя едуць без прыпынкаў і, здараецца, далятаюць за 3 гадзіны.

 

 

Пад «Славянскі базар» Віцебск набудаваў гатэляў, але па беларускай завядзёнцы гэта збольшага не бюджэт-катэгорыя. Гасцініца «Прафсаюзная» (Праўды, 8а) не дапаможа са сняданкам, але прапаноўвае набор посуду і тэхнікі ў нумары. Знаходзіцца ў самым цэнтры горада (ад € 31 за суткі ў 2-мясцовым нумары).

Аматары эксперыментаў могуць засяліцца ў «Дзвіну» (Ільінскага, 41/18) – гатэль у будынку сталінскага ампіру з самым першым у горадзе ліфтам. Крутых рамонтаў не чакайце, каштоўнае тут – выгляд з вакна на Дзвіну і гістарычны цэнтр Віцебска (тычыцца не ўсіх нумароў, таму звярніце ўвагу пры браніраванні). Кошт – € 31.

Калі лянота далёка ісці ад вакзала, то ў прыпынку ад яго стаіць гатэль «Губернскі» (€ 26 – 1-месны, € 36 – 2-месны нумар).

У завулку пешаходнага цэнтра месціцца «Хостэл X.O.» (Суворава, 10/2). Звычайныя ўмовы для месца фармату «прыехаў-пераночыў-паехаў», пакоі змяшчаюць ад 2 да 12 чалавек. Перавагі – зацішны дворык, побач кавярні і самы цэнтр. € 5 за койку ў пакоі на 12 месцаў, € 20 – за нумар з двума ложкамі.

Самыя вядомыя віцебскія гатэлі – «Эрыдан» (€ 50 за нумар на дваіх), «Лучоса» http://www.luchesa.by/ (€ 34) і «Віцебск» http://hotel-vitebsk.by/ (€ 27).

Кватэры на суткі ў горадзе здаюцца сотнямі. Вам у дапамогу «Из рук в руки», OLX.BY, Kvartirant.by, KvartiraNaSutki.by.

 

 

Цэнтр Віцебска з асноўным наборам цікавостак можна абысці пешшу, транспарт не спатрэбіцца. Праграма-стандарт пачынаецца са шпацыру на плошчы Тысячагоддзя. Тут глядзім рэканструкцыю храма Звеставання – першага мураванага будынка ў Віцебску. Дакрануцца да 900-гадовых камянёў можна там, дзе няма тынкоўкі. Усё вышэй – рэканструкцыя 1998 года. Побач з храмам – камень у гонар 2000-годдзя хрысціянства. На ім зблізку разглядаем незвычайны герб Віцебска: профіль Спаса, то-бок галавы Хрыста, з мячом пад ім «чырвоным што ся мае разумець крывавым». У 2009-м афіцыйны знак горада ўміратворылі.

Кіруемся па прыгожым высокім беразе Дзвіны да тэатра імя Якуба Коласа, адкуль пачынаецца доўгая пешаходная зона. Ільвы на Пушкінскім мосце нагадваюць, што рэканструкцыю фінансавала фабрыка Marko, а драпежнікі скокнулі сюды з яе лагатыпа. За мостам справа стаяў дом, дзе жыў Лазар Лагін.

Высокая лесвіца павядзе ўверх да самага вялікага віцебскага храма – Успенскага сабора, але лепей збочыць направа, на вуліцу Талстога, з яе забудовай канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. На месцы «Мікалаеўскага хутарка» раней быў дом лекара Карла фон Гюбенталя. Скульптар-аматар, ён прыдумаў выкарыстоўваць гіпс у медыцынскіх мэтах, але на двары ішоў 1812-ы і вынаходніцтва закінулі на сорак гадоў.

На Ратушнай плошчы аглядаем уласна Ратушу з гадзіннікам (Леніна, 36) – аўтэнтычны будынак XVIII стагоддзя. Тут жа Уваскрасенская Рынкавая царква, шыкоўны прыклад віленскага барока. Насупраць знаходзіцца гонар кожнага віцьбіча – конны помнік вялікаму князю Альгерду.

Гістарычная вуліца Узгорская цяпер носіць назву Суворава. Нарожны будынак №3, які лёгка пазнаць па шпілі «з булавой», абвешаны мемарыяльнымі шыльдамі. Тут раней знаходзіўся Віцебскі мастацкі тэхнікум. Сярод іншых да Другой сусветнай вайны ў ім атрымліваў мастацкую адукацыю Васіль Быкаў. Будучы пісьменнік спачатку вучыўся на жывапісным аддзяленні, а потым Быкава (і некаторых яго аднакурснікаў) перавялі на скульптурнае загадам дырэктара. Майстэрні месціліся ў падвале, іх вокны і зараз можна разглядзець. Як і шыльду Васілю Быкаву – яна крайняя справа.

Назва вуліцы Крылова мясцовымі атаясамляецца з прозвішчам рускага байкапісца, але насамрэч пайменаваная ў гонар камісара. Яна адзіная захавала ўвесь старасвецкі ансамбль. Таму ў 2012 годзе Аляксандр Міта здымаў тут мастацкі фільм «Шагал-Малевіч». На будынку №2 вісіць дошка Міколе Каспяровічу, аднаму з пачынальнікаў краязнаўства на Беларусі. У доме адваката Валковіча (Крылова, 10) у часы Расійскай імперыі збіраліся тутэйшыя масоны, а насупраць, у будынку №7, як і ў ХІХ ст., месціцца праваслаўнае духоўнае вучылішча.

Вуліца сканчваецца рэканструкцыяй велічнага Успенскага сабора. На момант далучэння Віцебска да Расійскай імперыі тут не мелася праваслаўных храмаў. Новым адміністратарам не было дзе маліца, таму самы вялікі з уніяцкіх сабораў хуценька адпісалі новым гасцям. Храм узарвалі ў 1936-м, аднавілі ў 2000-х. А вось былы базыльянскі кляштар за храмам (Путна, 2) – аўтэнтыка з XVIII ст. Дарэчы, 5 лютага 1898 года ў ім адбыўся першы на беларускіх землях кінасеанс.

Шырокі ходнік у парку ўздоўж Дзвіны прывядзе ў сквер 1812 года. Тут самае цікавае – класіцыстычны будынак былой шляхецкай сядзібы і палаца губернатараў (Савецкая, 18). Французскі імператар Напалеон правёў у ім два тыдні: прывітаў парад з гаўбца, адсвяткаваў свае народзіны і прыняў найгоршае ў жыцці рашэнне – ісці на Маскву.

У цэнтры парка – помнік у памяць пра бітву пад Віцебскам улетку 1812 года. Гранітная стэла пашкоджана, але не вандаламі, а бамбардзіроўкамі Другой сусветнай. Замыкае сквер Віцебская музычная вучэльня з помнікам Івану Салерцінскаму і арт-цэнтр Марка Шагала (не блытаць з Домам-музеем, які праз рэчку).

Аматарам паглыбленай праграмы раім пагуляць па раёне Задзвіння, то-бок за Дзвіной ад гістарычнага цэнтра. Тут глядзім саляныя склады XVIII ст. (Чайкоўскага, 3), прыжыццёвы помнік беларускаму і польскаму касманаўтам Пятру Клімуку і Міраславу Гермашэўскаму (у скверы насупраць Дзімітрава, 32), былыя габрэйскія кварталы з чырвонымі стогадовымі камяніцамі: вуліцы Красіна, Рэвалюцыйная, Пакроўская, Савецкай Арміі. На скрыжаванні апошніх трох – помнік віцебскаму мастаку №1 Марку Шагалу. Непадалёк стаіць віцебскі піўзавод, пра які яшчэ Маякоўскі адгукаўся, там жа разліваюць свежае піва на вынас (Чайкоўскага, 25а).

Цікава пазнаёміцца з неаготыкай касцёла Святой Барбары (Ленінградская, 27). Абыдзіце яго вакол, каб адчуць сапраўдную прафесійнасць рэстаўрацыі пачатку 1990-х. Камяні ў падмурку храма – нагробкі са знішчаных за савецкім часам каталіцкіх могілак.

Асобная кропка для паломніцтва – віцебскі «Баўхаўз», былы будынак Вышэйшай народнай мастацкай вучэльні і майстэрняў УНОВІС (Праўды, 5а). У 1920-х тут сабраліся лепшыя постаці рускага авангарду з Малевічам, Лісіцкім, Ермалаевай уключна. Зараз у будынку ідзе рэканструкцыя.

Фатографы-пачаткоўцы любяць атмасферу двароў па вул. Кастрычніцкай, 13, Савецкай Арміі, перспектыву Энгельса, неатынкванае зацішша вуліцы Мічурына, індастрыял за віцебскім амфітэатрам і галоўнай пірамідай «Марка-сіці». А таксама графіці-партрэты знакамітасцяў ад тусоўкі HoodGraff, творы Продка і УРА.

 

Маленькі Дом-музей Марка Шагала – тут мастак правёў дзяцінства і юнацтва (Пакроўская, 11). Абавязкова бярыце мясцовую экскурсію! У арт-цэнтры Марка Шагала (Савецкая 25), які стаіць за Дзвіной, экспануюцца працы майстра альбо блізкія па духу.

У Ратушы, дзе месціцца Віцебскі абласны краязнаўчы музей (Леніна, 36), ёсць магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыямі па гісторыі горада: археалогія, скарбы, прырода, вайна. На вежы – аглядная пляцоўка. Мастацкі музей (Леніна, 32) – лепшы ў горадзе для індывідуальнага наведвання, са зборам беларускага і рускага жывапісу, калекцыяй Юдаля Пэна – першага настаўніка Марка Шагала – і выставамі мэтраў віцебскай мастацкай школы. 

Для пашырэння ведаў па Віцебшчыне гадоў Другой сусветнай вайны ідзем у Музей Міная Шмырова (Чэхава, 4). Вежа «Духаўскага кругліка» ля амфітэатра накрывае падмуркі старажытнага Ніжняга замка, збудаванага за часамі князя Альгерда. Там жа экспазіцыя па гісторыі «Славянскага базару», можна замовіць экскурсію па амфітэатры. 

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва мае вялікую залу на плошчы Перамогі (Белабародава, 5). Тут рэгулярна адбываюцца выставы, кінапаказы, прэзентацыі – сачыце за афішай. Зусім новая кропка канцэнтрацыі «сучарту» ў Віцебску – прастора на Талстога, 7. Стары будынак у цэнтры горада нагадвае эксперымент, памяшканні выдаюцца творцам і ініцыятывам для рэалізацыі іх ідэй. Сёння пляцоўка знаходзіцца на самым піку маладога мастацтва ў горадзе і непадрыхтаванага наведніка можа прыгаломшыць.

У горадзе два стацыянарныя тэатры. І яны – гонар Віцебска. Нацыянальны акадэмічны імя Якуба Коласа – must see, калі прыехалі ў сезон, таму глядзіце афішу. Тэатр «Лялька» маленькі, квіткі дастаць няпроста, але, наведаўшы, не пашкадуеце.

Па сувеніры ідзіце ў крамку «Фэст» (Суворава, 5) і салон «Вольга» (Суворава, 9). Асабліва раім прыватную галерэю «Сцяна» – месца адкрыта мастакамі ў былых майстэрнях на першым паверсе (Леніна, 16). Калі вы прыйшлі з сур’ёзным намерам падтрымаць віцебскае мастацтва, то вам зробяць добры экскурс па аўтарах і творах, якія там можна прыдбаць.

 

 

Самы вялікі ў Беларусі «МакДональдс» – віцебскі. Стаіць ён на ўездзе ў горад з боку Оршы, Масквы, Магілёва (Церашковай, 1). Бліжэй да цэнтра знаходзяцца «Пчолы», якія ў дамакдакаўскую эру былі авангардам віцебскага фастфуда. Адна з іх, цёмная і шматлюдная, месціцца ў ГЦ «Беларусь» (Белабародава, 3), другая, светлая і напаўпустая, у офісным цэнтры (пр-т Маскоўскі, 31а). У другой і кава смачней, і шаўрма багацей.

Папулярнае месца ў гістарычным цэнтры – піцэрыя «Даміно» (Суворава, 7/8). Тут немудрагеліста, але і неагідна, ёсць летні намёт і прывабныя нізкія кошты. Яшчэ адно «Даміно» стаіць непадалёк ад вакзала (Зяньковай, 12/5), але там кульгаюць на абедзве нагі і атмасфера, і абслугоўванне.

У працоўны дзень з 9:00 да 17:00 насупраць цэнтральнага «Даміно» працуе культавая «Пяльменная». Тут маюць гонар абслугоўваць службістаў з навакольных установаў, таму трымаюць нядрэнны ўзровень і невысокі кошт.

Таксама недарагім і смачным у працоўны дзень будзе абед у кафэ «Задзвінне» ў былым будынку саляных складоў (Чайкоўскага, 5, другі паверх)

Шэраг фастфудаў месціцца ў гандлёвых цэнтрах. У «Марка-сіці», альбо па-народнаму – у «пірамідзе», ёсць невялікі фуд-корт (Леніна, 26а). Больш нараканняў, чым станоўчых водгукаў, але моладзь абвесціла яго тусовачным цэнтрам, шчыльна асадзіла, і ў цішы тут кніжку не пачытаеш. Даступныя піца, ролы, салаткі, сандвічы, піва, кава-гарбата, дэсерты. 

Для тых, хто заязджае ў Віцебск з боку Лепеля, Лагойска, Менска, можа прыдасца «Піт-Стоп» у ГЦ «Карона» (Бешанковіцкае шасэ, 3-1). Працуе з 9.00 да 23.00, у Віцебску гэта больш прыстойнае месца, чым у сталіцы на Кальварыйскай.

На выездзе па аршанска-магілёўскім кірунку ў вялізным «Еўраопце» нядаўна адкрылася Pizza Smile (Маскоўскі пр-т, 130-1). Установа новая, імкнецца трымаць узровень. Сучасны «стрыманы» інтэр’ер, вельмі вялікая зала, ёсць дзіцячае меню.

 

Кошты ў большасці ўстановаў троху ніжэйшыя за менскія, аднак на вялікую розніцу не разлічвайце.

«Васількі» (плошча Перамогі, пр-т Маскоўскі, 9-1). У адрозненне ад сталіцы, віцебскія «Васількі» лічацца больш статуснай рэстарацыяй са спакойнай атмасферай і мілым інтэр’ерам.

Побач з «Васількамі» знаходзіцца «Журавінка» (пр-т Маскоўскі, 7). Да яе ёсць прэтэнзіі па абслугоўванні, напружвае жывы шансон па вечарах, але для вялікіх кампаній тут трымаюць доўгія сталы на другім узроўні.

У кафэ «Тифлис» (Чапаева, 7) гатуе грузінская сям’я. Сябры, якія родам з Тбілісі, кажуць, што як дома. Раім зазірнуць!

Кітайскай экзотыкі можна адхапіць у рэстаране «Золотой дракон» побач з Успенскім саборам (Крылова, 10). Месца, па мясцовых мерках, зусім не таннае.

Непадалёк ад яго знаходзіцца «Эйлат» (Суворава, 16/3), што пазіцыянуе сабе як кафэ габрэйскай і ўсходняй кухні.

Рэстаран, які спецыялізуецца толькі на беларускіх стравах, — «Лямус» (пр-т Перамогі, 1). Пры ім маецца ўласны бровар. І гэта, вядома, плюс.

Па ўсходнюю экзотыку можна пайсці ў кафэ «Талыш» (Зеленагурская, 10). Азербайджанскі стол і смачны шашлык гатуюць менавіта тут.

У гістарычным сэрцы побач з Ратушай месціцца «Витебский трактир» (Суворава, 2). Жывапісныя скляпенні ХІХ ст., піўная карта, смачная ежа і дрэнная кава. Месца старое, папулярнае, але і нятаннае.

Калі ёсць жаданне падсілкавацца там, дзе гэта рэгулярна рабілі кіркоравы і баскавы ў час «Славянскага базару», то вам у кафэ «Маэстро». Яно месціцца ў адміністрацыйным будынку амфітэатра (Фрунзэ, 13а). Тут, дарэчы, недарагі бізнэс-ланч. Паводле чутак, менавіта тут ласаваўся дранікамі і гарэлкай Міця Тарпішчаў падчас здымак легендарнага відэа.

Смачнае аўтарскае меню і, бадай, лепшыя сушы ў Віцебску – гэта кафэ «Квартал». Кіруе працэсам кухар-прызёр «Залатога кіцеля» Сяргей Купчанка. Кошты прымальныя, толькі знаходзіцца кафэ не ў цэнтры (Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 25).

Пасядзець з кавай ці пакалупаць дэсерцік, каб разнастаіць шпацыр па Віцебску, можна ў «Бісквіце» (Крылова, 3). Таксама побач знаходзяцца «Кофейня» (Суворава, 2), а за амфітэатрам – кававы бар «Кекс» (Фрунзэ, 15). (Дарэчы, у Віцебску шмат што любяць называць барам, ёсць нават аўта-бар – там прадаюцца запчасткі.) Ёсць у горадзе і мабільная кавярня, але характэрны аўтамабільчык прасцей сустрэць на гарадскіх івэнтах. На вынас віцьбічы шануюць торцікі з цукерні «Арена Дессертино» (Леніна, 57/4).

 

Аднойчы на міжнародным прыёме ў віцебскім выканкаме чыноўнікі здзівіліся просьбе нямецкага калегі завесьці яго ў нейкі музычны паддашак, пра які ніхто з афіцыялаў не ведаў. Бітлз-клуб «Чердачок» – культавае месца не толькі беларускага маштабу. Гэта клуб у класічным разуменні, дзе тусоўка збіраецца пад пэўныя даты і падзеі: джазавыя і рок-канцэрты, выставы, хэнд-мэйд кірмашы, начныя праграмы з жывым гукам і кавер-бэндамі. Прастора месціцца пад дахам помніка архітэктуры (Кастрычніцкая, 12) і не мае працоўных гадзін, таму сачыце за афішай. Па вёсцы дужа не разносьце, але на «Чердачок» прынята хадзіць са сваім. Калі ўжо такое дазволілі, то трымайце культуру і не цягніце ў клуб паўтаралітровае смецце.

Самы вялікі начны клуб у Беларусі «Энергія» (Соф’і Панковай, 2) закрываецца 27 чэрвеня, то-бок у цябе яшчэ ёсць шанс зачэкініцца. Ад яго ж стваральнікаў маем клубы «Планета» (Будаўнікоў, 3), «Кантынент» (Будаўнікоў, 1), «Пасаж» (Леніна, 33). Дух гэтых месцаў далёкі ад заходніх клубных экзэмпляраў, але для агульнай эрудыцыі вам лепей ведаць пра начныя ўстановы горада. Без ведання ж наступнай пляцоўкі ў Віцебск лепей не ехаць наогул.

З новых месцаў варта згадаць dj-бар Friend Cafe. Пакуль што моднае месца знаходзіцца ў «Марка-сіці» (Леніна, 26а) і працуе да 2-й ночы. Але з часам плануе пераехаць.

Бюджэтна паднакідацца ў горадзе не праблема. Часы, калі ў сэрцы Віцебска цёмны і стары бар «Даўгава» наліваў у крэдыт, а пасля коласаўскіх спектакляў чатыры столікі абсаджвалі сорак чалавек, адышлі ў нябыт. Але горад мае шэраг недарагіх месцаў, а некаторыя і «з гісторыяй», дзе можна пачуць падзабытае: «А ты з якога раёна?»

«Амарыт» месціцца ў цэнтры (1-я Даватара, 1), мае абкатаны кантынгент і давер да мясцовых рэцэптаў, бо сапраўды смачна. І нядорага – смажаныя пяльмешкі, салатка і паўлітра светлага абыдуцца ў 3 €.

Як ні дзіўна гучыць назва для Віцебска, але даволі папулярнае месца – «Лідскія бліны» (Леніна, 22/16). Там чамусьці прынята падбухіваць.Опцыя сама па сабе раскрываецца ўвечары, удзень – бізнэс-ланч і ўсё такое.

Бронза побач з алкаголем – гэта кафэ «Князь Альгерд» (Талстога, 2а). Паводле легенды, старшыня аблвыканкама выдаў дырэктыву адкрыць месца, звязанае з імем вялікага князя. «Віцебскхлебпрам» адкрыў, што змог, – павільён на беразе Віцьбы побач з помнікам даўняму валадару. Прыцемкі па сценах, па тэлеку ідзе расійскі ўгар, прадавачка выстаўляе чатыры пляшкі «Базанта» замест пяці праплачаных – такі набор стэрэатыпаў сфармаваўся пасля паходаў сюды. Дзеля справядлівасці зазначым, што залу часта арандуюць пад святы і наведнікі сыходзяць задаволеныя, бо кухар на такія падзеі стараецца. Мама аўтара гэтых радкоў вынесла з юбілею сяброўкі рэцэпт цёплай салаткі, якой цяпер харчуецца палова родзічаў і суседзяў па летніку.

Побач з помнікам Шагалу стаіць «Карчма на Пакроўцы» (Рэвалюцыйная, 2). Яна змешчаная ў цагляным будынку-экспанаце, але аформленая пад украінскую мазанку. Піва каштуе менш за € 1, боршч – яшчэ менш, маецца магчымасць пазнаёміцца з лепшымі людзьмі раёна.

Месца з 1980-х пры нязменным інтэр’еры – бар «Залатая рыбка» (Чкалава, 5). Паштучныя дранікі, піва за € 1 і нечаканае фірмовае блюда – смажаныя бабы.

«Паяц» (пр-т Маскоўскі, 66/1) – недарагая піцэрыя, дзе абмываўся полк экзаменаў і тапілася ў горычы дывізія няздадзеных залікаў паловы мясцовых студэнтаў. Побач стаіць галоўны шасціпавярховы корпус Віцебскага дзяржуніверсітэта. Гэта не зусім цэнтр, адмыслова сюды ехаць няма сэнсу, але пры нагодзе і, галоўнае, патрэбе можна зазірнуць.

 


Тэкст by Андрэй Ліхаед
Дзякуем за дапамогу калегам з vitebsk4.me!

Фота by Марына Катлярова і Юрый Шэпелеў.


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.